Сярод шчасьлівае дзесяткі быў і Кастусь. Яму пашчасьціла падбегчы першым і трапіць у лік абраных. Ён ішоў усьлед за правадніком па дарозе ў адваротным кірунку да руху й думаў толькі аб тым, як ён зараз нап'ецца тае жыватворнае вільгаці, што цяпер кожнаму становіць найпершы ідэал і мяжу першапачатных жаданьняў. Канваер ішоў ўперадзе й нават, здавалася, зусім не аглядаўся на людзей. Аднак ніхто не адважыўся загубіцца ў натоўпе падарожных людзей. Думка аб вадзе не дапускала мрояў аб уцёках. Сама думка аб волі ў гэты момант магла здацца нязбытнай.
Калі дайшлі да невялікага каменнага мосьціка праз зьвілістую й балоцістую рачулку ўнізе, пачалі спускацца з насыпу да вады. У Кастусёвага суседа знайшлася конаўка. Ён напіўся сам і даў яе Кастусю. Кастусь зачарпнуў ёю вады й прыпаў да яе губамі. Вада аж булькала, льлючыся ў горла. Кастусь азірнуўся на іншых. Усе бяз вынятку яшчэ пілі. Бальшыня проста ляжала на беразе тварам да рэчышча й нагбом сёрбала з паверхні плыні. Канваер адвярнуўся тварам да кустоў і задумна ўглядаўся ў даль па той бок ракі, дзе разьцягнуліся, як вокам сягнуць, шырокія прасторы зялёных, роўных паплавоў. На даляглядзе чарнеліся паміж зяленіва саламяныя стрэхі сялянскіх сялібаў. Кастусь павярнуўся тварам да дарогі. Там паранейшаму рухаўся ўсё той-жа бясконцы людзкі натоўп. Людзі запаўнялі дарогу на ўсход на зьмену тым, якія мінулі гэтыя мясьціны раней. Рух ані ня зьменшыўся ўначы. Падобна было, што якраз тады ён набыў найбольшага размаху. Відаць, начны перапынак у бамбардаваньні быў скарыстаны мянчанамі для масавага выхаду зь небясьпечнага места. Кожны стараўся быць далей ад ізноў чаканай калатні, каб не апынуцца пад бомбамі ўдзень. Усё новыя й новыя грамады людзей тварылі суцэльны людзкі затор на дарогах. Кожны пакідаў за сабою жудасны абраз дымнага слупа, што стаяў над вогнішчам Менску. З гэтым дымам у агні зьнікалі ня толькі скарбы й набытак шматгадовай працы, але й падзеі пражытага. Як жывы напамін аб толькі-што ўчыненым непапраўным няшчасьці, гэты слуп дыму гнаў людзей у сьвет з родных хатаў на нязнаныя выпрабаваньні. Ён стаяў страшным відовішчам у зьбянтэжаных вачох кожнага выгнанца зь беларускае сталіцы.
Усё гэта раптоўна пранеслася ў галаве Кастуся й на момант прыцягнула й ягоную ўвагу да гэтага злашчаснага слупа дыму над родным местам. Але таксама ліхаманкава хутка думка адразу-ж падказала, што цяпер, як ніколі, ёсьць добрая нагода зьнікнуць з вачэй аховы ў натоўпе падарожных. Кастусь яшчэ раз зірнуў на канваера. Той паранейшаму стаяў адвярнуўшыся, нібы сьведама даваў нагоду зьняволеным шукаць ратунку. Усе яшчэ ўсё пілі, або стараліся перадыхнуць, каб ізноў прыпасьці да гэтае, гэтак жыцьцядайнае цяпер, вады.
І хоць Кастусь марудзіў з пастановай уцякаць ці не, нейкая невядомая, інстыктыўная сіла штурхнула яго хутка ўзьняцца на насып. Тут ён заўважыў на сабе сьвідруючы, зьдзіўлены пагляд аднае маладое жанчыны з падарожных. Каб неяк разважыць ейную спасьцярогу, Кастусь запыніўся й ціха запытаўся ў яе, куды вядзе гэтая дарога. Гэта было неасьцярожнае запытаньне, бо яно толькі больш спужала яе. Ейныя вочы бліснулі спалохана, і яна ад перапуду анямела й не ўстане была што-колечы сказаць. Кастусь ня стаў чакаць адказу. Пачуцьцё самааховы падказала яму хуценька загубіцца сярод падарожных. Ён зрабіў колькі крокаў падбегам і хутка выбраўся наперад сярод выгнанцаў. Далей ён ішоў ужо вольным чалавекам у тым-жа кірунку, куды ішлі іншыя. Дарма, што калацілася, ледзь ня выскакваючы з грудзей, сэрца, аднак твар ня выдаваў адзнакі гэтага ўзрушаньня.
Праз колькі часу пачуў стрэлы. Абярнуўшыся, ён пабачыў, як далёка ўжо ад яго канваер штосьці крычыць і час ад часу страляе ўверх з нагана ды размахвае ім над галовамі людзей. «Відаць, не далічваецца чалавека, - ураз прабегла думка ў Кастусёвай сьведамасьці. - Ліха тваёй галаве. Лічы, ня лічы, нічога цяпер табе не дапаможа. Стрэлам зьбеглага ня вернеш, пішы - прапала».
І ён яшчэ шпарчэй падаўся ўперад, што-раз апераджаючы сваіх падарожных суседзяў. Сьпярша Кастусь быў поўны пачуцьця няпэўнасьці адносна раптоўна здабытай волі. Неяк было нязвычна пачуваць сябе вольным, так адразу, раптоўна. Кастусь ішоў і ўсё неяк боязна аглядаўся па бакох. Яго сьведамасьць муляла тое, што ў кішэні ляжала копія дакуманту аб зробленым вобыску. Такая копія давалася звычайна зьняволеным, і яна цяпер была ў яго бадай-што адзіным сьведчаньнем нядаўняга арышту. Адылі, гэта быў адзіны й сваеасаблівы дакумант - пасьведчаньне асобы. Ніякага-ж пашпарту пры ім ня было - пашпарт недзе ляжаў там, на турэмным панадворку, у сьмецьці. Таму можа цяпер хоць гэты шматок паперы будзе доказам асобы. У такі благі час, калі кожнага бездакумантнага могуць палічыць за нямецкага шпіёна, магчыма лепш мець хоць гэтую фількаву грамату: усё-ж даводзіць, што носьбіт яе - ніякі ні чужынец, а свой небарака, савецкі чалавек.
«А раптам здарыцца які-небудзь кантроль, праверка дакумантаў, а ў мяне акрамя гэтае цыдулькі ніякіх іншых папераў, - спасьцеражліва кальнула думка Кастуся. - Адразу падумаюць, што ўцёк. Буду цьвердзіць, што адпусьцілі. Але хто дасьць веры ў гэтай завірусе? Пасьля трэба будзе яшчэ даводзіць, за што быў зьняволены. Ну, пэўна-ж, трасцу ім у бакі, ня прызнаўся-б, што палітычны. Казаў-бы, што за спазьненьне на працу на паўгадзіны па дэкрэту ЦК партыі й ураду. Але ці паверылі-б, віламі пісана. Не, лепш адразу пазбыцца гэтага клопату. Трэба зьнішчыць гэты дакумант, каб аб арышце ўсе канцы ў ваду схаваліся».
За гэтым роздумам Кастусь ня даў асаблівае ўвагі, як проста насустрач перад вачыма ўсё вышэй і вышэй над сінімі грэбнямі лясоў падымалася сонца, і вакол усё ажывала. Кастусь зьвярнуў у прыдарожны лясок, выцягнуў зь кішэні тую небясьпечную паперку, падраў на дробныя шматкі й раскідаў пад кусты. Пасьля з аблягчэньнем, нібы скінуўшы вялікі цяжар з плячэй, адыйшоўся ў малады сасоньнік і прысеў адпачываць на ўзгаркаватым, сухім курганчыку. Вакол сядзелі й ляжалі падарожныя. Кастусь незаўважна паддаўся пераможнай дрымоце. Усяму целу сталася гэтак лёгка, што Кастусю здалося, быццам ён узьняўся й паляцеў у нябесную высь. Там перад ім лунала ў вышыні празрыстая постаць ягонае маці. Яна выцягвала да яго рукі, ён памыкаўся дайсьці да іх, але яны ізноў адлучаліся ад яго. Маці вабіла яго за сабою й вачыма маўкліва клікала далей, туды, дзе нібыта быў ягоны бацька. Твар старога то паказваўся, то зьнікаў. На ім рысаваўся вялікі жаль і гэткі нясьцерпны боль, што Кастусю рабілася балюча журботна. Колькі разоў ён ні памыкаўся наблізіцца да постаці маці, яна кожны раз расплывалася ў прасторы, а бацькавы вочы з далячыні даносілі тужлівы дакор за адзіноту, на якую асуджаў іх злы лёс.
Калі Кастусь прачнуўся, ён заўважыў, што цень пад ялінкаю значна пакарацеў, а ягоныя ногі купаліся ў зыркім сонечным сьвятле. Ён хуценька прахапіўся, атросься й выйшаў на дарогу. Неўзабаве ён заўважыў высокі зруб, ля якога запыняліся падарожныя. Падаўшыся туды, ён зьнянацку натрапіў на знаёмую дзяўчыну, студэнтку-мэдычку. Кастусь не памятаў нават ейнага імя. Спачатку не прыгадваў, дзе ён зь ёю пазнаўся. Яна-ж вясёлымі вачыма глядзела на яго й яшчэ здалёк прывабна ўсьміхалася. Ён адказаў тым-жа, і яна першая зрабіла крок у ягоны бок, нібы жадаючы зь ім пагутарыць. У ягонай самоце гэта было неспадзяваным дарункам лёсу. Кастусь прыглядзеўся да рысаў ейнага твару й успомніў, што некалі танцаваў зь ёю на вечары ў доме Мэдычных Працаўнікоў у Менску. Ён тады не прыдаваў гэтаму асаблівае вагі. Але ёй ён чамусьці запамятаўся, і цяпер яна не хавала свае радасьці ад спатканьня.
- Кастусь? - ціха, але станоўка назвала яна ягонае імя.
- Дзякуй за памяць, - адказаў спакойна Кастусь. - А мне даруйце, не памятаю, як вас завуць.
- А я вам тады называла маё імя. Мабыць ня цікава было памятаць.
- Відаць, ня буду ведаць.
- Гэта вам кара за кароткую памяць.
- Сапраўды, ня вінаваты, памяць на імёны благая. Помню чалавека з твару праз усё жыцьцё, а вось прозьвішча ня ўспомню.
- А гэта таму, што забагата маеце іх на памяці, дзявочых асабліва.
- Няхай будзе й гэтак. Куды-ж вы кіруецеся?
- А туды, мусіць, куды й вы.
- Адна ў дарозе?
- Не, з бацькам і малым брацікам. Тата, Юрык, хадзеце сюды, - гукнула яна.
Бацька Апанас і малы брат звычайна пазнаёміліся з Кастусём. Доўга не марудзячы бацька ўзяўся за чамаданчыкі й прапанаваў ісьці.
- Гэля, запрашай маладога чалавека ісьці разам. Пойдзем у кірунку Сьмілавіч, на Чэрвень.
- Так, так, пойдзем разам, - і яна кранула Кастусёву руку, каб скіраваць яго ў іхны бок.
- Ну вось я й даведаўся пра ваша імя, Гэля. А некалі, здаецца вы называлі іншае імя... Няпраўда?
- Дык хіба першаму сустрэчнаму кажуць сапраўднае імя?
- А я-ж, вам, як бачыце, сказаў сваё...
Пакрочылі далей. Кастусь азірнуўся на захад. Пабачыў тое самае. Слуп дыму не разплываўся. Кастусь коратка выказаў Гэлі адчуваньне вялікага суму па родным месьце. Далей яны ішлі моўчкі. Сонца сьвяціла проста ў вочы, ад яго жмурыліся, але патроху й весялелі. Гэля дала Кастусю ладны кавалак хлеба з маслам. Пасьля кароткага адпачынку ў лесе, Кастусь пачуў сябе больш бадзёрым. Ісьці было лягчэй. Гаворкі з Гэляй пра ўнівэрсытэт, аб нядаўных спадзяваньнях дзяўчыны на заканчэньне асьветы, скрашвала падарожжа й адрывала Кастуся ад трывожных думак пра невядомасьць. Употай ён быў вельмі рады гэтаю сустрэчаю.
Раптам над бальшаком пачулася моцнае гудзеньне матору. Аднекуль зьнячэўку вынырнуў самалёт і пранёсься ўздоўж дарогі. Ён хутка зьнік на даляглядзе. Людзі прынялі яго за свайго. Але неўзабаве паказаліся вялікія летакі з даўгімі, як літара П, хвастамі. Яны ляцелі на ўсход. Праз колькі часінаў удалі загрымела выбухамі. Зямля пад нагамі падарожных лёгка хістанулася. Недзе недалёка былі скінутыя чарговыя грузы бомбаў. Незадоўга тая самая чарада самалётаў вярталася назад. На гэты раз яны ляцелі ня так высака й нарабілі вялікага перапалоху. Усе стрымгалоў пачалі разьбягацца з дарогі. Людзі беглі ў поле, пакідаючы на дарозе свае манаткі. Нечакана з чарады самалётаў адарваўся адзін лятак з выразнымі крыжамі на крылах і пачаў страчыць па дарозе кулямётнаю чаргою. Недалёка ад Кастуся павалілася жанчына. Кулямётная строчка ўздымала на дарозе роўны шнурок прыўзьнятага пылу. Кастусь з Гэляю, а за імі бацька з малым Юркам кінуліся подбегам у лясок, што вытыркаўся купкаю ялінак і стракатых сасонак на зялёным абапал полі. Малы калаціўся ад пярэпалоху. Гэля ўхапілася за Кастусёву руку, нібы шукаючы ў ёй паратунку. Яны прытуліліся да смалістага дрэва й гэтак прастоялі нейкі час. Ужо ня чутна было прарэзьлівых гукаў летака, а людзі ўсё яшчэ не вярталіся на дарогу. Калі Кастусь з сваімі знаёмымі выйшаў з прылесься, перад ім было нязвычнае відовішча. На дарозе далей валяліся чамаданы й клумкі. А людзі ўсё яшчэ туляліся полем. На дарозе-ж колькі асобаў стагнала й нема прасіла дапамогі. Прабітая куляю жанчына ўжо аддавала Богу душу. Густая кроў сачылася зь ейнае шыі й цурком зьбягала з грудзей зьнікаючы ў дарожным пыле. Незаплюшчаныя вочы страшнымі зрэнкамі бяздумна ўзіраліся ў даль, а над усім гэтым трызвоніла няспынная капэля птушак і ціха траскучых палявых конікаў.
Невясёлым ішоў Кастусь далей на ўсход. Ён бачыў, як ненажэрны молах вайны нідзе не пакідае бедных людзей. Нават тут, далёка ад якога-небудзь вайсковага аб'екту, ён нагнаў гэтых нявінных уцекачоў. Забітая жанчына ўсё яшчэ стаяла ў ваччу. Хто яна такая, чаму яна адна ішла ў невядомасьць? Магчыма яна вось таксама, як Кастусь, была выгнаная з роднага Менску якімі-небудзь асаблівымі абставінамі і ў дарозе толькі й думала пра сваіх, аб хуткай сустрэчы. Бязьлітасны-ж лёс раптоўна адабраў у яе жыцьцё, і цяпер ніхто з родных ніколі гэтак і не даведаецца, што зь ёю сталася. Пасьцягваюць вакольныя сяляне зь яе вопратку й закапаюць недзе ў невядомай агульнай магіле.
І што чакае кожнага выгнанца ў гэтай дарозе? Сёньня быў толькі першы налёт самалётаў, а хто ведае, колькі іх яшчэ будзе заўтра, пасьлязаўтра? Якім марным выдаваўся цяпер людзкі лёс у гэтым ходаньні вялікім народаў і кантынэнтаў. Эгаістычныя інтарэсы кіруюць правадырамі, а бедныя людзі мусяць цярпець. Было яно гэтак заўсёды й гэтак будзе далей. На гэтым уся гісторыя чалавецтва пабудаваная.