Адразу-ж, як апынуліся за брамай, яго павялі ў адзін з пакояў і распачалі допыт, запаўненьне анкеты й нават закід абвінавачаньня.
- Ага, яны сапраўды працуюць з вайсковай спраўнасьцяй. Ужо ўсё ў іх падрыхтавана, - зьдзіўлена падумаў Кастусь, калі пачуў прапанову падпісаць абвінаваўчы акт. На стале ляжала прапанаваная імі стандартная блянка з ужо ўпіс�нымі ягонымі данымі ды артыкуламі абвінавачаньня.
- Вы абвінавачваецеся ў контррэвалюцыйнай прапагандзе ды ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі, паводле артыкулаў 72 і 76 Крымінальнага Кодэксу БССР, - прагаварыў старшы канваер даўно завучаны й абрыдлы казённы стандартны сказ тонам з прэтэнзіяй на аўтарытэтнасьць і безапэляцыйнасьць, быццам віна ўжо на гэтулькі даведзеная, што разьбірацца далей няма патрэбы. Застаецца толькі подпісам фармальна падцьвердзіць даведзенае й безсумніўнае.
- Я ні ў чым не вінаваты, ніякай контррэвалюцыйнай дзейнасьцяй не займаўся, - рашуча сказаў Кастусь, - і таму падпісаць гэтага не магу.
Ён быў даўно ўжо добра абазнаны з гэтымі прымітыўнымі, загадзя гатовымі мэтадамі допыту, калі сьледчаму ходзіць, абы вырваць подпіс пад актам абвінавачанага ды ўпросьціць справу.
Ён ведаў, што слабейшыя істоты, якія без супраціву падпісваюць сабе розныя абвінавачаньні, ад гэтага толькі трацілі, бо ўжо пэўна атрымлівалі вялікшыя тэрміны зьняволеньня, як асобы, віна якіх быццам падмацавана нават іхнымі прызнаньнямі й подпісамі.
- Дзеля таго, што вы адразу пачынаеце трымаць сябе адмоўна, тым горш для вас! - пагрозьліва прагаварыў сьледчы, уставіўшы свой пільны пагляд на Кастуся. Кастусь вытрымаў яго на сабе й рашуча заявіў:
- Няхай сабе будзе й горш, аднак давядзеце мне, калі, дзе і як я займаўся контррэвалюцыяй. Я ўвесь час трымаўся вельмі ляяльна й нічым не парушыў абавязкі савецкага грамадзяніна. Іншая справа, што цяпер, у гэтакі час, вы ўважаеце мяне небясьпечным і я падлягаю паводле ўказу быць ізаляваным. І якая гэта ня была-б памылка з вашага боку адносна мяне, - гэта я магу зразумець. Але вы гэтак і скажыце.
- Мы вас узялі за палітычныя злачынствы, зробленыя вамі, а не за падазрэньне. Ваш абавязак цяпер разброіцца й дапамагчы нам выкрыць усіх злачынцаў, што ў змове разам з вамі. Гэта палепшыць і ваш лёс.
- Таварыш сьледчы... - пачаў мову звыклым у саветах словам Кастусь, але ў момант быў абрэзаны сьледчым, які скарыстаў нагоду, каб паказаць сапраўднае мейсца арыштованага.
- Я вам не таварыш, вы арыштаваны злачынец - я вам не магу быць таварышам, хіба толькі грамадзянінам...
- Грамадзянін сьледчы... - пачаў зноў Кастусь, зусім не зьбянтэжаны моцным націскам сьледчага, бо на сваім вяку бачыў і ня гэткіх напорыстых, - я паўтараю, што ніякіх злачынстваў я не рабіў і ні ў якія змовы ні зь кім ня ўступаў, таму й падпісаць гэткі недарэчны й недатычны мяне абвінаваўчы акт не магу й не падпішу.
Цяпер у ім загаварыла зноў тая адпорнасьць і чалавечая годнасьць, якая ўжо калісьці выявілася ў стойкім трыманьні перад сьледчымі ў 1933 годзе, калі ён ні сябе, ні нікога іншага не запэцкаў у сваіх паказаньнях, як гэтага не вымагалі розныя на зьмену сьледчыя. І гэта ў той час, калі на яго аж колькі слабых духам маладых людзей нахлусілі аб нейкім уяўным удзеле ў нейкіх уяўных, толькі ў мазгох сьледчых існуючых арганізацыях, што нібыта ставілі за мэту скінуць савецкую ўладу ў Беларусі. І далі-ж гэтыя паказаньні якраз хлопцы, якіх ён хіба толькі здалёку ведаў, а часьцей дык і зусім ня ведаў.
Не, нездарма ў ягоных жылах, відаць, цякла кроў продкаў, калісьці знаных у сьвеце асілкаў-люцічаў. Нездарма ён пераняў ад свае маці нязломны, цьвёрды й адпорны характар, а ад бацькі ясны розум, што асьвятляў ня толькі ягоную душу, але высьпельваў прыгожы, чысты, пасьлядоўны й неадступны ад мэты характар ды рабіў яго загартаваным духова да ўсіх перагасаў лёсу, пры якім, паводле словаў паэты, -
Як дарэмнымі былі калісьці ўсе натугі сьледчых выцягнуць ад яго якія-небудзь прызнаньні ці вымусіць подпіс пад загадзя складзенымі імі матэрыяламі, гэтак дарма й цяпер стараўся сьледчы дамагчыся патрэбнага яму для хуткага афармленьня матэрыялу прызнаньня ці подпісу пад абвінаваўчым актам.
- Не! Не! - наадрэз адмаўляўся Кастусь.
- Падумайце, вы-ж малады яшчэ, нашто вам псаваць вашую будучыню, - лісьліва падсядаў сьледчы, прапануючы сыгарэтку.
- Дзякуй, не куру... - адмовіўся Кастусь і гэтае «не» прагучэла разам з тым катэгарычным запярэчаньнем усіх намераў сьледчага.
Нарэшце сьледчы страціў надзею вырваць адразу патрэбныя прызнаньні й распачаў запаўняць чарговы фармуляр, голасна чытаючы пытаньні й запісваючы адказы Кастуся.
Калі дайшло да пытаньня, ці быў ужо суджаны ці арыштованы ў мінулым, Кастусь не палічыў патрэбным хавацца, бо ўсё адно дазнаюцца пазьней, калі пачнуць зьлічаць весткі аб ім. Ды ён думаў, што яно ўжо й цяпер вядома, хоць сьледчы нічым гэтага не выяўляў дагэтуль.
- Так, быў асуджаны «асобай нарадай» пры Калегіі ГПУ СССР у Маскве ў 1933 годзе на тры гады працоўна-выхаваўчых лягероў і адбыў пакараньне ў гадох 1933-1935 у сібірскім лягеры, а пазьней у Байкалаамурскім.
- А за што? - як-бы зьдзіўлена й неспадзявана запытаў сьледчы. - Паводле якіх артыкулаў крымінальнага Кодэксу?
- 58, пункты 10 і 11, гэта значыць 72 і 76 паводле крымінальнага Кодэксу БССР, - спакойна адказаў Кастусь, шкадуючы за прызнаньне, бо вычуў, што наразе сьледчаму гэта яшчэ ня было вядома.
А яшчэ больш шкадаваў-бы Кастусь, каб ведаў, што за пару дзён пасьля гэтага допыту, ужо й самога будынку НКВД у Менску ня будзе, што ў агні пажару пагараць усе аграмадныя архівы НКВД, а сама армія апрычнікаў разбяжыцца на ўсе бакі. Ім ужо й цяпер не да зьбіраньня даведак пра кожную асобу. Ім толькі залежыла хутчэй апрацаваць заведзеную даўно форму допытаў і далей даць справе ход, каго растраляць, а каго дэпартаваць, калі дазволіць час, у глыб Савецкага Саюзу, дзе прымусовае працы хопіць кожнаму.
Аднак гэта стане вядомым Кастусю колькімі днямі пазьней. Цяпер-жа, ня вызвалены яшчэ ад страху й сьведамасьці, што НКВД усё ведае й усё бачыць, ён палічыў небясьпечным таіцца. Ён выклаў перад разгубленымі ад нечаканасьці сьледчымі ўсё сваё мінулае, якое ўжо колькі год гэтак удала ўтайваў ад службоўцаў і ўстановаў ды стандартных апытальнікаў.
Вось чаму сьледчы асабліва старанна стараўся не прамінуць найменшае дэталі й вельмі рупліва запісваў гэтую споведзь. Цяпер ужо ён меў усе падставы разглядаць яго, як асабліва шкоднага злачынца з контррэвалюцыйным мінулым.
- Вось яно што, дык вы ўжо контрык са стажам, - з асаблівым націскам прагаварыў урэшце сьледчы, кончыўшы пісаць, і адчуўшы сябе пераможцам. - Цяпер нам зразумела вашае нежаданьне разброіцца й дапамагчы савецкай уладзе выкрыць чарговую антысавецкую акцыю. Вы заадно зь імі, але мы ўсё ведаем і сваечасова папярэдзілі вашую агідную дывэрсыйную работу. Майце на ўвазе, што ўсе вашы аднадумцы й супрацоўнікі ўжо абясшкоджаныя нашымі органамі й разам з вамі будуць справядліва пакараныя. Ні вам, ні ім цяпер не ўхіліцца ад адказнасьці перад органамі справядлівасьці... Яшчэ раз прапаную вам раскрыцца перад намі й зьмякчыць свой лёс. А іначай... вас чакае... Думаю вы самі ведаеце што... Час не такі, каб з вамі цацкацца. Ад вашага раскаяньня залежыць... Выбірайце... - закончыў сваю завучаную тыраду сьледчы, і ў ягоных вачох бліснуў нядобры аганёк.
- Я выбіраю праўду, - сказаў даволі рэзка, ледзь памятаючы сябе, Кастусь, - і толькі дзеля праўды я не магу, чуеце, не магу напісаць вам няпраўды. Гэтым я нанёс-бы сабе большую рану, чым вы можаце прычыніць мне зьняволеньнем. Ні тады, у 1933 годзе, ні цяпер я ня быў удзельнікам ніякае арганізацыі, і як і тады я ня ўзяў на сябе непраўдзівых паказаньняў, так і цяпер я не магу іх узяць на сябе. Зразумейце, маё сумленьне не дазваляе гэтага.
- Падумаеш, сумленьне! Гнілая інтэлігенцыя! Нічога, пасядзіш, сыйдзе зь цябе гэтая буржуазная гнілота, - загаварыў сьледчы, упяршыню ўжыўшы «ты» да Кастуся. - Вядзі, - загадаў ён малодшаму, што сядзеў наводдалі, не сказаўшы ні слова, і пачаў згортваць разложаныя на стале паперы, відаць, зьбіраўся йсьці за новай ахвярай.
Канваер вывеў Кастуся ў другі пакой. Там яго забралі два іншыя чалавекі, якія адразу прапанавалі Кастусю рашпіліць усе гузікі й скінуць зь сябе вопратку. Голы, ён стаяў спакойна, гледзячы, як яны вельмі спрактыкаванымі рухамі адным махам паадразалі з нагавіцаў і марынаркі, паліто й кашулі, нават сподніх усе гузікі й кручкі. Адзін зь іх загадаў перагнуцца, каб зазірнуць ва ўсе магчымыя ў целе чалавека сховішчы. Пасьля гэтае нядоўгае працэдуры зьняволены атрымаў сваю вопратку. Нагавіцы трэба было ўвесь час трымаць рукою, каб не зваліліся.