І ў гэты час нешта ўнутры яго зусім выразна й чутна, нібы ў голас, гаварыла: «Ідзі, ідзі... Там чакае цябе вялікая радасьць сустрэчы. У родным месьце, дарма што разбураным, ты залечыш свае раны й адшукаеш сваё шчасьце... Ідзі, ідзі...»
10. НА ПАЖАРЫШЧЫ РОДНАГА МЕНСКУ
Калі Кастусь вяртаўся ў Менск, наводдалі час-ад-часу ўзрывалася зямля. Даносіўся гул цяжкіх гарматаў. Падорыжныя былі ў яўным страху. Найбольш людзей ішло зь Менску. Толькі некалькі сем'яў кіравалася ў бок места. Усе іншыя йшлі на ўсход, уцякаючы ад ваеннае навалы. Было небясьпечна, каб хто ні запытаў, чаго яны сунуцца назад, калі ўсе ўцякаюць ад немцаў. Аднак звычайным уцекачом было ні да гэтых лічаных, што трымаліся іншага кірунку.
Кастусь ў дарозе пасябраваў з аднэю дзяўчынаю й яны разам чуліся неяк бесьпячней. Магло выдавацца, што маладая сям'я шукае сваю хату каля Менску. Надзя мела сёе-тое зь ежы, вось тым яны й падтрымвалі сябе. Яна кіраваліся ў бок Менску ў пошуках сястры й маці ў прыместавай вёсцы за Серабранкай. Калі заціхалі гарматы, яны патроху прасоўваліся на захад. Калі-ж пачыналася кананада, яны разам зь іншымі хаваліся ў лясох абапал дарогі. На другую раніцу яны ізноў выйшлі на дарогу. Па галоўнай дарозе на Магілёў ужо гналі вялікія калёны аўтамашын і матацыклетак зь нямецкімі вайскоўцамі. Немцы не зьвярталі ўвагі на цывільных падарожных. Так прыйшло зразуменьне, што яны ўжо знаходзяцца на акупаванай зямлі. Гарматны гул адсоўваўся далей на ўсход.
- Цяпер, калі фронт мінуў нас і пасунуўся далей на ўсход, значыцца, што Менск ужо ўзяты й туды можна сьмялей кіравацца, - сказаў Кастусь Надзі. Аднак ён ня выказаў той палёгкі, якая абняла ягоную душу ад усьведамленьня, што мінула небясьпека, якая пагражала яму, як уцекачу з этапу. Цяпер ён цешыўся свабодай, якая так нечакана прыйшла. «Канец усім страхам, - думаў Кастусь. - Нарэшце, я вольны й ня трэба баяцца людзей, што дзень і ноч асочвалі цябе й даносілі ў тую ўстанову, што наводзіла жах на ўсіх і ўся. Нарэшце, я вольны чалавек. Праўда, кіруюся ў родны Менск, акупаваны ворагам. Але спадзяюся, што гэты вораг ня будзе такім бязьлітасным да чалавечай годнасьці. Урэшце-ж, яны таксама людзі, хоць нам і чужыя...»
Так разважаючы, Кастусь зрабіўся негаваркім. Надзя заўважыла перамену ў настроі Кастуся, ды не прыдавала гэтаму значэньня. Яна сама думала пра хуткую сустрэчу з сваёю раднёю, зь якой разлучылася год назад, калі пашла вучыцца на фэльчарскія курсы ў месьце Чэрвені. Цяпер ёй ня было іншага шляху, як ісьці шукаць сваіх родных, каб разам вырашыць, што рабіць далей. Кожны зь іх думаў цяпер пра свае турботы ды клопаты. Кастусь пачаў больш думаць пра сваіх бацькоў. «Дзе яны цяпер, што робяць у тым ваенным агні, што ахапіў, відаць, і іх хату?» - ён не згадваў свайго адзінага малодшага брата Сяргея, што загінуў у далёкім выгнаньні ў Сібіры яшчэ задоўга да вайны. Галава круцілася ад сьвідруючай думкі аб лёсе ягоных родных.
Перад уваходам у Менск на дарозе стаялі нямецкія жаўнеры. Трэба было прайці праз іхні кантроль. Але ці прывыкаць Кастусю да гэтага. Ён сьмела падаўся да маладых, у шэра-зялёнай форме канваераў, якія на ўсіх паглядалі з усьмехам. Адзін з жаўнераў зьняў з Кастусёвай галавы шапку і, убачыўшы пастрыжаную галаву, адно ўсьміхнуўся, відаць падумаў, што Кастусь з салдатаў. Аднак прапусьціў, нічога не сказаўшы. Пераступіўшы за мяжу кантролю, Кастусь пайшоў у места. «Маглі падумаць, што жаўнер варожай ім арміі, але нічога, у палон не бяруць, дазваляюць вяртацца ў места. Чалавек усюды мусіць спагадаць іншаму чалавеку, бо ўсе ад Бога... Вось-жа людзі ўсюды застаюцца людзьмі, калі імі не валодае чалавеканенавісьніцкая ідэялёгія».
Неўзабаве Кастусю прышлося разьвітацца з сваёй спадарожніцай, бо яна пайшла праз Серабранку да свае вёскі, а ён падаўся праз места па вуліцы Валадарскага, затым праз Пляц Волі ды Нізкі рынак, далей па Старавіленскай вуліцы да Сэмінарскага завулка. Ужо тут ён пабачыў на ўзгорку пажарышча. Толькі высокі комін застаўся на мейсцы тога дому, які ён пакінуў колькі дзён таму, калі яго забралі ў лёхі Менскае турмы.
На самым перакрыжаваньні вуліц Кастусь спыніўся й убачыў, што ўвесь правы бок вуліцы, як сягнуць вокам, ляжаў у руіне. Ніводнага дому на тым баку не захавалася. Яшчэ й цяпер дзе-ні-дзе дымелі рэшткі будынкаў. «Але дзе-ж бацькі?» - сьвідравала голаў думка. Недалёка прайходзіў нейкі чалавек. Кастусь яго запыніў і голасна запытаўся, ці ня ведае што-небудзь пра лёс людзей, што жылі ў гэтым згарэлым доме на ўзвышшы. Той ледзь пасьпеў паціснуць плячыма, што не, ня ведае, як з-пад яблыні на прысядзібнай зямлі пачуўся гэтак знаёмы Кастусю голас.
- Косьця!
Кастусь зірнуў у бок голасу, і аж затрымцеў ад раптоўнай радасьці.
- Мама! - толькі пасьпеў прамовіць і пабег пад тую яблыньку.
- Вы жывыя і, бачу, здаровыя. Дзякуй Богу! А дзе-ж бацька? - і ён пачаў абдымаць маці.
Бацька сядзеў наводдалі на дошцы, пакладзенай на каменныя апоры. Ад узрушэньня ня здолеў рушыцца да сына. Так і сядзеў, калі да яго падыйшоў Кастусь. Кастусь падхапіў яго пад пахі ды прыўзьняў над зямлёю шэпчучы: «Дзякуй Богу, дзякуй Богу, што мінула вас гэтая ліхаманка. Важна, што жывыя, а па хаце не бядуйце, знойдзем другую. Цяпер у месьце шмат пакінутых кватэраў. Людзі паўцякалі ў чым стаяць. Як я цешуся, што вы жывыя...»
Маці тым часам паднесла сыну сухар з вадою. Гэта тое, чым яны жывуць пасьля пажару. Агонь так хутка ахапіў іх хату, што не прышлося шмат зь яе вынесьці. Ды ня было ў старых сілы выносіць рэчы ці кнігі. Маці колькі кніжак са стала захапіла, якія Кастусь перад арыштам чытаў вечарамі, ды вынесла іх у гарод. Ды яшчэ вынесла мяшэчак сухароў, што трымала на ўсялякі выпадак яшчэ перад вайною, бо людзі ўсё казалі, што вайна не за гарамі. А цяпер тыя сухары, як знаходка, жыцьцё ад голаду ратуюць. Маці пачала апавядаць пра здарэньні апошніх дзён. Кастусь уважліва слухаў і аглядаў навакольле. Бацькі гэтак і засталіся пасьля пажару сядзець на пажарышчы. Куды было дзявацца, калі ўсё скрозь гарэла...
Трымала старых пры сваёй, хоць і спаленай хаце, яшчэ й тое, што можа сын вернецца нейкім цудам і знойдзе іх на гэтым наседжаным месцы. Дзеля таго, што дзень пачаў хіліцца бліжэй вечару, Кастусь наважыўся таксама праседзець тут ноч. Ён выйшаў глянуць на вуліцу. Каля плоту былой сэмінарыі стаяў пакінуты грузавічок. Прайшоўшы каля яго, Кастусь заўважыў, што на ягонай плятформе ляжала адарваная нага ў жаночай панчосе. Пад нагамі валяліся скруткі тэлефоннага дроту, а між імі абарваныя з слупоў электрычныя правады. Хадзіць было небясьпечна, каб не наступіць на нешта небясьпечнае. Пасьля кароткай праходкі, Кастусь вярнуўся да бацькоў.
Тым часам сонца пачынала садзіцца. Трэба было думаць пра начлег. Маці расклала на зямлі сухую траву ды заслала яе прасьціною. На такім прымітыўным пасланьні ўсе разам леглі адпачываць. Маці яшчэ доўга расказвала Кастусю пра падзеі апошніх дзён. Яна расказала пра тое, як нямецкія матацыклісты спыніліся на рагу вуліцы й абстрэльвалі адступаючых чырвонаармейцаў па вуліцы Горкага. У колькіх мэтрах ад іх стракаталі кулямёты, праносіліся стрымгалоў машыны з узброенымі ваякамі, ішоў бой, але іх не чапалі. Гэтак і праседзелі, бадай што пад агнём, той дзень і ноч. Пасьля бой заціх, чуліся толькі далёкія адгалоскі гарматных узрываў...
- Трэба шчыра дзякаваць Богу, што ўратаваў вас ад няшчасьця, - сказаў Кастусь. Яго перамагаў сон. Усе заціхла...
11. НА ПРЫСЬВІСЛАЦКАЙ ЛУГАВІНЕ
На золаку Кастусь прачнуўся. Птушынае рознагалосьсе поўніла навакольле. Ён ляжаў і думаў пра свой лёс, пра сьвет, пра жыцьцё. Думаў і пра свае кнігі. Ён іх марудна зьбіраў, ратаваў ад зьнішчэньня, а цяпер усё загінула ў вагні. А былі-ж гэта й «Гісторыя беларускага мастацтва» Шчакаціхіна й акадэмічныя выданьні М.Багдановіча, А.Гаруна, выданьні Інстытуту Беларускай Культуры. Былі творы беларускіх дзеячоў часоў адноснага лібэралізму, калі яшчэ можна было выдаць сёе-тое навуковае без аглядкі на ідэялёгію. Там былі, бадай што ўсе творы ранейшых маладнякоўцаў ды ўзвышэнцаў. Былі рэдкія рукапісы неапублікаваных ды забароненых твораў... Агонь зьнішчыў усё... Але зь лёсам трэба пагадзіцца. Трэба неяк пачынаць жыцьцё спачатку...
З гэтымі думкамі Кастусь падняўся, за ім усталі бацькі. Гэтак ажыла разбураная пажарам мясьціна й пачаліся звычайныя дзённыя турботы. Маці расклала агонь і між двума каменьнямі на жэрдцы павесіла імбрычак з вадой, каб заварыць гарбаты. Бацька тупаў больш для фатыгі каля сухароў. Неўзабаве сямейка пачала сьнедаць. Гаркавая гарбата ды сухары выдаваліся вялікім прысмакам. Наступіла летняя раніца. Паказаліся людзі. Адны шукалі сваіх родных, іншыя ішлі на пошукі чагось пажыўнага. Ля Кастуся спыніўся чалавек з партфэлям. Ён выглядаў разгубленым і галодным. Яго запрасілі на гарбату. Незнаёмы з радасьцю прыняў прапанову. Ён жадліва паглынаў запіваны гарбатай сухар і апавядаў, што ён уцёк з свайго навукова-дасьледчага Інстытуту ў часе бамбардыроўкі места й з тога часу блукаў за местам. Пасьпеў захапіць толькі сваю працу ў партфэлі, і ад тога часу ня быў дома. Ня ведае, ці стаіць той дом, дзе ён жыў на прывакзальнай вуліцы. Людзі казалі, што ўвесь той раён згарэў. Расказаў ён Кастусю, што немцы ўсіх дарослых мужчын зьбіраюць на полі каля Драздоў. У месьце расклеяны абвесткі, што мужчыны ад шаснаццаці гадоў і да 60-летняга веку мусяць ісьці да тога месца. Хто ўхіліцца, таму пагражае сьмерць. Такі загад ваеннае камэндантуры.
- Выглядае, што й мне прыйдзецца ісьці, калі такі загад выдалі, - сказаў Кастусь. - Баюся толькі аднаго, каб не пагналі тых людзей у Нямеччыну, як палонных.
- Як-бы там ня было, але калі загад такі выдалі, значыць трэба ісьці, пакуль ліха перамелецца, - сказала маці, шкадуючы сына.
Счакаўшы, Кастусь схадзіў на рог вуліцы Максіма Горкага й сам прачытаў той загад. Загад выдаваўся вельмі суровым: за непадначаленьне адна толькі кара - сьмерць. «Трэба йсьці, іншага выхаду няма. Нельга адразу быць непаслухмяным, бо з вайсковаю ўладаю жартаваць цяжка», - наважыўся Кастусь ды вярнуўся да бацькоў. Яму было шкода іх, бо ня мелі кватэры, а дапамагчы ім ня было калі. Ён ня ведаў калі вернецца назад, можа гэта й зацягнуцца. Прыдзецца ім самым даваць сабе рады ды шукаць лепшы прытулак. Кастусь абняў маці й пацалаваў яе ў мокры твар.
- Ня доўга цешылася, бо кароткім выпала нашае спатканьне, - сказала маці. - Ну, але дапамажы Божа, каб усё было добра. Каб вярнуўся бяз шкоды. Маці Божая, абараняй майго сына!
І яна ізноў прыціснула да грудзей сына й пацалавала. Бацька наводалі сядзеў панурым. Кастусь разчулена разьвітаўся зь ім і пайшоў на вуліцу. За ім засталіся пагляды заплаканых вачэй бацькоў.
Ня доўга Кастусю прышлося быць вольным чалавекам. На былой Аляксандроўскай вулцы немцы ўжо гналі вялікую калёну такіх зьбіраных з усіх куткоў места мужчын. Яшчэ здалёку нямецкі канваер даў знак Кастусю, каб далучаўся да калёны. Калёна рухалася хутка, але гэта не перашкаджала немцам бясконца гарлапаніць: «Шнэль, шнэль, шнэль!» Людзі й бяз гэтага ледзь ні беглі, бо канваеры паслугоўваліся ўжываньнем прыкладаў сваіх стрэльбаў...
Якое-ж было зьдзіўленьне, калі людзей праз Пярэспу па дарозе ў Дразды падвялі да нізкага рэчышча Сьвіслачы, дзе ў вялікай, як вокам сягнуць лукавіне, на мокрым сподзе сядзелі й ляжалі ўжо тысячы такіх, як яны людзей. Загналі й іх у гэтую масу. Людзі ляжалі хто на чым. Адны прымайстраваліся на коўдрах або нечым іншым, але большасьць сядзела на зямлі ў тым, у чым яны трапілі сюды. Відаць, найгорш прыходзілася людзям ноччу на гэтым балотным тарфяным полі. Аднак, больш уражала тое, што большыня людзей была галодная. Людзей сабралі сюды, але есьці не даюць. Некаторыя прынесьлі ежу з дому, але большасьць аб гэтым не падумала. Нятутэйшым было найгорш, ім ня было ніякае дапамогі. Іншым сваякі прыносілі ежу, але знайсьці свайго чалавека ў такім натоўпе ня было так проста. Трэба было выгукваць прозьвішча іншы раз даволі доўга.
Гэтак здарылася й з маці Кастуся. Ён даведаўся толькі праз гадзіну або дзьве, што ягонае прозьвішча дзесьці выгукаецца. Адшукаў маці зь цяжкасьцю, бо гэта было ня так проста ў такім скапленьні людзей. Маці прынесла збанок зупы й хлеба. Яны ўселіся на грудок, і Кастусь пачаў сілкавацца. Хутка маці трэба было вяртацца дамоў, і ці хочаш, ці ня хочаш, прышлося разьвітацца.
Па некім часе Кастусь прайшоўся праз усю даўжыню тае лугавіны й апынуўся ля ракі. Ніжэй плыла тая самая рака, якую ён любіў зь дзяцінства. Па той бок ракі хадзілі канваеры, пільнуючы інтэрнаваных. Але на гэтым беразе некалькі асоб плюхалася ў вадзе на жоўтым чыстым жвіры. Канваеры, здавалася, не зьвярталі на іх увагі. Кастусь таксама наважыўся апусьціцца ў воду. Нейкі мужчына, відаць, задалёка забрыў на той бок ракі, і канваер выстраліў па ім. Зірнуўшы на канваера, Кастусь хуценька вылез на бераг ды падаўся ад тога небясьпечнага месца. «Ліха ведае, што можа прыйсьці ў голаў таго канваера. Проста можа захацецца паказаць сябе гаспадаром-пераможцам і даць волю свайму жаданьню забіць нейкага «унтэрмэнша». Лепш далей ад бяды. Беражонага Бог беражэ!» - думаў Кастусь...