Падбадзёраны ўдачай з утоеным вайсковым білетам, ён спадзяваўся, што шукаць ня будуць. А ў самога аж ёкнула ў душы, бо ўраз прыгадалася яму цэлая паліца кніжак старых выданьняў і прыхованых на кухні высока пад самай стольлю, пад пажоўклай, укрытай густым пылам паперай, да якое ён сам ужо колькі гадоў не дакранаўся. Гэта там перахоўвалася шмат кніжак, набытых праз гады студэнцкага жыцьця, калі ён сьпяшаўся купіць кожнае беларускае выданьне, як-бы баючыся, што неўзабаве яго ня будзе - забароняць. А яно гэтак і было ад 1930 году. Не пасьпее кніга выйсьці, як у «Зьвязьдзе» або ў якой іншай газэце яе ўжо вінавацяць у нацыянал-дэмакратычным ухіле. Гэта значыла, што будзе яна неўзабаве забароненая. Справа толькі ў часе - пакуль бюракратычны апарат Наркамасьветы або Глаўліту выдасьць загад аб забароне. І кожны, сьведамы нацыянальных інтарэсаў з пачуцьцём болю за разбурэньне роднае культуры, сьпяшаўся купіць гэтую кнігу. Купіць, пакуль яшчэ яе не зьнялі з гандлёвых паліцаў ды як забароненую ня выкінулі на ўтыль-паперу.
Гэтак было з усімі акадэмічнымі выданьнямі калішняга Інстытуту Беларускае Культуры, пазьнейшай Акадэміі Навук Беларусі, або з творамі беларускіх пісьменьнікаў, якіх што два-тры гады арыштоўвалі групамі й кнігі якіх пасьля хутка зьнікалі з прадажы.
Кастусь не прапускаў ніякае нагоды, калі заводзілася якая капейка ці то ад свае студэнцкае стыпэндыі, ці то ад першых сваіх невялічкіх ганарараў, і абавязкава заўсёды з гораду да хаты прыносіў партфэль набіты даверху кнігамі.
А тады, калі лепшы беларускі літаратурна-мастацкі часопіс «Узвышша» разносіўся ў друку, як кулацка-буржуазны, але яшчэ разам з тым льга было на складзе танна купіць цэлыя камплекты яго за ўсе мінулыя гады, Кастусь не прапусьціў нагоды набыць яго. Аднаго разу заплаціўшы ў канторы за патрэбныя кнігі, пайшоў з квітанцыяй на склад.
Старэнькі вартаўнік адчыніў яму дзьверы ў якуюсь хлева-падобную будыніну ды прапанаваў падбіраць кнігі самому, - яму старому не да гэтага. Перад вачыма ляжала вялікая гара розных выданьняў без ніякага ладу й парадку. Відаць, ссыпалі гэта сюды, каб перадаць па часе на зьнішчэньне. Забалела ў Кастуся сэрца па гэтых здабытках роднае культуры. Узяўшы вялізарны мяшок, ён адабраў сабе спачатку поўныя камплекты. Тады набраў яшчэ боль і панёс мех дахаты.
- Няхай перахоўваецца, - думае сам, - на асалоду аматарам прыгожае літаратуры ў прышласьці. Нашчадкі будуць удзячныя за перахаваньне. Гэта-ж непаўторныя здабыткі нашае культуры, багацьці нашае нацыянальнае душы, россып дум лепшых сыноў нашага народу, ягонага цьвету.
Таму пазьней пазайздросьціць Кастусёвай калекцыі кніжак з беларусаведы маглі нават дзе-якія дзяржаўныя бібліятэкі, якія ў часы пагрому на беларускую культуру, у часе дзеяньня строгіх прадпісаньняў аб забароненых кнігах, панішчылі бальшыню сваіх кніжных багацьцяў.
У гады выгнаньня з бацькаўшчыны Кастусёў кнігазбор перахоўваўся ў ягоных старых бацькоў, невядомых афіцыйным колам асобаў. Таму пад пластом пылу й пад пажоўклай паперай праляжалі ў бясьпецы гэтыя цікавыя беларускія кніжкі.
Аднак на гэты раз агентам НКВД было ні да гэтага. Пацікавіліся яшчэ толькі, ці няма якіх трацкістаўскіх кніжак, але атрымаўшы адмоўны адказ, яны адразу перайшлі да фармальнае працэдуры. Перш прапанавалі суседцы з-за сьцяны прыйсьці за панятую й падпісаць пратакол вобыску. А тады загадалі Кастусю зьбірацца йсьці зь імі.
Тут толькі Кастусь успомніў, што яны мусяць паказаць афіцыйны ордар на арышт, ды запытаў іх пра гэта.
- Нічога, зьбірайцеся, хутка вернецеся. А калі ўжо так хочаце гэтага, дык калі ласка.
І яны, ня выпускаючы са сваіх рук, паказалі яму якісь цэталь паперы. Толькі й пасьпеў заўважыць друкаваны назоў, - «Ордер на Арест», а ніжэй чарнілам упісанае ягонае прозьвішча й імя, але гэтак нявыразна, што ледзь-ледзь можна было дадумацца, што гэта датычыць яго. Што да адрасу, то не пасьпеў ён угледзець сярод якіхсьці там знакаў.
- Вось падпішыце пратакол вобыску ды пойдзем, - сказаў старэйшы, - час ня церпіць.
Кастусь хутка прабег вачыма ўжо некалі добра знаёмую яму форму. Там было колькі балонак капіравальнай паперы пад ёю. Дрыжачай рукой зь нявымерным сумам у вачох неяк нязвычна доўга падпісваў ён гэты пратакол адмыслова для гэтай мэты прапанаваным хімічным алаўком.
Адну копію аддалі Кастусю. Мэханічна, нават не прыпамінаючы пасьля, як гэта было, нейкім інстыктыўным рухам паклаў ён яе ў споднюю кішэню свае камізэлькі, ды адразу пачаў зьбірацца ў дарогу. Ён ведаў, што іхныя заспакаеньні, што хутка вернецца - пустыя словы, якія яны гавораць кожнаму арыштаванаму, калі забіраюць яго з дому.
Папярэдняе дасьведчаньне падказвала яму, што вельмі й вельмі няхутка прыдзецца, калі наагул гэта й станецца калі-небудзь, пераступіць зноў гэты парог. Прад ягоным уяўленьнем стаялі даўгія этапныя шляхі, начныя допыты, азьвярэлыя твары канваераў і канцлягерных паганятых, гады прыгоньніцкае нявольніцкае працы дзесьці на далёкай халоднай поўначы.
Ён ведаў, чаго каштуе чалавеку паляжаць колькі месяцаў на каменнай сырой халоднай падлозе камэры папярэдняга ўвязьненьня ў часы сьледзтва.
Таму на гэты раз ён цьвёрда наважыўся ня выйсьці з хаты, дарма што лета, без зімовага ватняга паліто. Ён добра ведаў, якім яно будзе ратункам, калі будзе заступаць і коўдру, і матрац у бясконцыя дні й ночы папярэдняга зьняволеньня, даўгое дарогі на полках таварных вагонаў ды на жорсткіх нарах у лягерных бараках. На гэты раз ён не рабіў ніякіх ілюзыяў адносна прышласьці, ня цешыў сябе магчымай памылкай, што, можа, разьбяруцца й выпусьцяць. Ён ведаў, куды й для чаго яго забіраюць ўначы з ягонае хаты гэтыя людзі.
Тыя былі зьдзіўленыя зь ягонага прадугледжаньня. Старэйшы незнарок усьміхнуўся, калі адчуў, што Кастусь не дае веры іхным уцешлівым словам, аднак перашкаджаць ня сталі.
Узяў Кастусь яшчэ колькі параў бялізны. З сьлязамі на вачох маці сунула яму ў рукі клумачак з сухарамі ды цукрам, як-бы сумысьля прыгатаваным дзеля такога выпадку.
Наапошку маці ня вытрывала й залілася буйнымі сьлязьмі, яна пачала галошаньне на той вясковы лад, які можа ёй даводзілася чуць у маленсьцьве ў роднай вёсцы.
- А, мой-жа сынок, карміцель ты наш, уцеха наша адзіная, куды-ж яны цябе забіраюць ад нас старых, хворых, бездапаможных, чаму-ж яны адрываюць цябе ад нас ды на пагібель вядуць?..
- Мама, ня плач, дарэмна, не ад іх гэта залежыць. Загад загадам. Яны толькі выканаўцы. Гэта з гары ўказ вышаў - ізаляваць... Каб ня шкодзілі. Вось я й трапіў у гэты лік. Нічога ня зробіш. Трэба ператрываць. Можа калі спаткаемся. Цярпі. Трымай сябе, матулька, пакінь плакаць.
Гэта мала ўспакойвала маці. Адчувала ейнае сэрца, што можа назаўсёды забіраюць ад яе іхную адзіную надзею й уцеху, дзеля якое яшчэ можна й варта было ім жыць. Што-ж ім рабіць на сьвеце, калі яго ня будзе зь імі - адно гора ростані, калі й сьлёзаў ня выплачаш.
Перад разьвітаньнем да ейнага галошаньня далучыліся ўсхліпы старога бацькі, які да гэтага сядзеў на сваім тапчане як-бы анямеўшы, нібыта доўга не даходзячы да сэнсу ўсіх гэтых падзеяў.
Нязьмерна глыбокі жаль да сваіх пакіданых бацькоў агарнуў душу Кастуся.
- Чаму ім такі лёс? Яны-ж за сваё жыцьцё нікому нічога благога не зрабілі. А іх цяпер зноў пазбаўляюць апошняга сына.
У гэты момант ён зусім ня думаў пра сябе, не прыгадваў больш сваіх былых выпрабаваньняў. Ягоная існасьць пранялася цяпер нясьцерпным болем за тых, без каго ён - самотны, а без яго - яны нешчасьлівыя.
Пякучы глухі боль за сваіх родных выціснуў усе страхоцьці за сябе самога. Цяпер ён толькі бязустанку прыгаварваў, зьвяртаючыся то да бацькі, то да маці:
- Родненькія, не бядуйце, ня плачце, ня трэба, можа дасьць Бог, усё абернецца добра, і мы яшчэ пабачымся.