Малы заматляў галавой і паказаў пальцам у гушчар.
«Вось так ужо лепей, – сказаў Шпуль. – Давай! Вядзі!»
Згорбіўшыся так, нібы ён зьбіраўся стаць на чатары лапы, хлопчык павёў галавой у бок лесу і за некалькі скачкоў апынуўся за кустамі. Вызірнуў, правяраючы, ці ідзе за ім гэты страшны салдат. Счакаў крыху – і вось ужо яго сьпіна замільгала між дрэваў.
«І чаго я на малога накінуўся, – думаў Лёкса Шпуль, ідучы сьледам за малым па лясной сьцежцы. – Спужаў хлопца. А ён жа свой. Наш… Нейкі я зусім азьвярэлы стаў. А ў мяне ж у самога ў горадзе брат і сястра. Праўду казаў Станя-пекар там, каля Чорнай Скалы. Калі ты, Лёкса, пасьля гэтага жывы застанешся, адразу ня радуйся, рана. Ты яшчэ сам сябе не пазнаеш… Ніколі больш не пазнаеш…»
Так ён казаў, Лёксаў колішні баявы пабрацім, Станя-пекар. І адкуль ведаў? І чаму Станя застаўся там, а ён – тут? Амаль што дома? Прыгадаўшы пекара, Лёкса Шпуль заскрыгатаў зубамі ад горычы і бясьсільля. Такі вясёлы быў Станя, такі разумны. Басурманы яму кішкі выпусьцілі. Накінуліся ўтрох на аднаго, той у высокай шапцы махнуў шабляй і… Калі бой скончыўся, Лёкса пакляўся, што больш ніколі ня будзе есьці пальцам пханую каўбасу…
Хата палясоўшчыка стаяла на ўзгорку. Недалёка ад яе пасьвілася на выгане між трох бярозаў карова, пазіраючы на сьвет вялікім, заплаканым вокам. Проста за хатай пачыналася лагчына, зарослая высокай травой. Палясоўшчык з жонкай закідвалі на гарышча сена. Забрахаў сабака. Палясоўшчык павярнуўся і прыставіў да сьцяны вілы. Недаверліва ўперыўся вачыма ў Лёксу, які запаволіў крок. Малы падбег да бацькі і схаваўся ў яго за сьпінай.
«Добры дзень у хату! – сказаў Лёкса строга. – Памагай бог!»
«Дзякуем, – непрыязна адгукнуўся палясоўшчык, на ўсялякі выпадак падхапіўшы з пня сякеру. – Калі не жартуеш, вядома».
«Ня бойся, дзядзька, – Лёкса падышоў бліжэй і зьняў з пояса біклажку. – Пакладзі сваю штуку, не спатрэбіцца. Я каралеўскі вястун Лёкса Шпуль. Пасланы самымі Яго Вялікасьцю ў сталіцу з важным данясеньнем. Іду ад самай Чорнай Скалы… Як бітва скончылася, так і выправіўся ў дарогу. Так што сам разумееш, дзядзька. Мушу быць у каралеўскім палацы як мага хутчэй. Таму дай мне якога харчу і вады, але найперш вады. Ды пакажы кароткую дарогу».
«Што ж гэта, у Яго Вялікасьці для вестуна каня не знайшлося?» – запытаўся палясоўшчык, не выпускаючы з рук сякеры. І паглядзеў зьдзекліва на босыя ногі нечаканага госьця.
«Быў конь, – сказаў Лёкса Шпуль. – Здох. А боты я на пераправе аддаў. За бохан хлеба, ваду і сала. Мне харчоў на дарогу не выдавалі. Кароль загадаў адразу ж на каня і дамоў, расказаць у палацы, што здарылася… Слухай, дзядзька, няма часу. Калі што, у мяне паўнамоцтвы кароткія. Хто вестуну не садзейнічае – маю права браць усё гвалтам. Ужо ж ты мусіш ведаць, дзядзька. Так што раю мне паверыць і забясьпечыць усім патрэбным».
Палясоўшчык і ягоная жонка змрочна глядзелі, як Лёкса спрабуе ўсьміхнуцца. Вусны ня слухаліся, але ён усё ж расьцягнуў іх, і яны забалелі. Ніхто не адказаў яму ўсьмешкай. Было такое адчуваньне, што яны лічаць гузікі на ягоным мундзіры. Лічаць на ім адамавы галовы.
«Забясьпечыць, кажаш? – так і не зірнуўшы Лёксу ў твар, палясоўшчык падышоў да бочкі і паліў сабе на рукі са збана. – Што ж, забясьпечым. А ці ня ведаеш ты, вястун, такога… Такога Міху Лася?»
«Можа, сустракаў калі? – з надзеяй спытала жонка палясоўшчыка і падышла бліжэй. – Ты праходзь у хату, праходзь…»
Лёкса дачакаўся, пакуль палясоўшчык памые рукі, і схапіў збан. Выліў у сябе адзін, другі, не здымаючы стрэльбы з пляча. Вада была халодная, чыстая, такая смачная, што Лёкса ажно прыцмокнуў. Ён выліў яшчэ адзін збан на галаву і зафыркаў, як конь. Напоўніў да краю біклажку і закруціў.
«Не даводзілася, – сказаў ён, ікнуўшы, і паставіў стрэльбу да сьцяны. – Хоць, можа, і сустракаў. Гэта такі малы, галава як гарбуз, і бяльмо на воку? Якога ўсе Цыцыкам клікалі?»
«Не… – заматляла галавой жонка палясоўшчыка. – Міха высокі, ладны, і вочы ў яго прыгожыя. Як горныя каменьчыкі…»
«Высокіх і ладных у нас многа было. А наконт вачэй, цётачка, нічога не скажу. Не ўглядаўся».
«Не даводзілася, і добра, – смурна сказаў палясоўшчык. – Ідзі ў хату, вястун. Я зараз».
Лёкса прамінуў сенцы, прыгнуўся, зайшоў, ногі з прыемнасьцю адчулі прахалоду драўлянай падлогі. Сеў за стол, паглядзеў на сьвятых, адвярнуўся. Успомніў, што шапка-трывуголка ўсё яшчэ на галаве, зьняў, паклаў побач. Яму раптам зрабілася няёмка за свой выгляд – бо каля печкі, нягегла выставіўшы вострыя локці, стаяла дзяўчына ў сіняй сукенцы і замешвала рошчыну. Пабачыўшы Лёксу Шпуля, яна адразу апусьціла вочы, але ён бачыў, што яна назірае за ім употай, назірае з такой прагай, нібы нечага ад яго чакае. Нібы просіць, каб ён загаварыў.
«Дзень добры», – прамовіў Лёкса нейкім не сваім, здушаным голасам.
«Дзень добры», – адгукнулася дзяўчына.
«Я Лёкса Шпуль, – сказаў Лёкса. – А вас… Вас як завуць?»
«Вераніка».
«Прыемна з вамі пазнаёміцца», – сказаў Лёкса і паклаў рукі на стол. Вялікія рукі, як не свае. Нібы адшпіленыя. Дзіўна было яму бачыць дзяўчыну. Забыўся ён, што гэта такое. Нібы яна ў сьне да яго прыйшла. Здаецца, чалавек. А здаецца, і не. Вось жа стварыў бог жанчын. Усім да людзей падобныя. А ня ўсім, ня ўсім. І рухаюцца іначай, і пахнуць, і гавораць. Ён іх заўсёды крыху баяўся. Так, як баяцца халодных, імклівых горных рэчак. І хочацца, і колецца. Набрыдзеш на такую ў сьпякотны дзень – хочацца разьдзецца і скокнуць. А скокнеш, з ног саб’е і пацягне па сьлізкіх камянях, і няма за што ўхапіцца…
«А вы праўда вястун? – спытала Вераніка аднымі вуснамі. – Вы адтуль?»
«Праўда, – сказаў Лёкса Шпуль. – Я першы, хто ўсё раскажа ў палацы».
І ён адчуў, як яго раптам напоўніла гордасьць. Гэтая дачка палясоўшчыка і ў горадзе, мабыць, толькі ў рыначныя дні бывае. А палац хіба што здалёк бачыла. А ён зусім хутка будзе нароўні гаварыць зь міністрамі. А можа, і з самім рэгентам. Нават хутчэй за ўсё з рэгентам. Навіна ж важная. Хоць і жудасная…
«Я чула, як вы з маці размаўлялі, – сказала Вераніка. – Міха – гэта мой брат. А што з тым Цыцыкам? Пра якога вы казалі? У якога галава як гарбуз?»
«Дык раскалолі той гарбуз на дзьве часткі, – ажывіўся Лёкса. – Шабляй заехалі зьверху, да мазгоў ажно дастала. Палова галавы налева, палова направа. Сам бачыў…»