Валодзька, адчуваючы вільготную свежасць паветра і што спружына ўнутранай напружанасці яшчэ не расслабілася, ішоў лёгка і хутка, і толькі, можа, праз кіламетр цяжар з галавы пераліўся ў ногі; ён запаволіў хаду, радуючыся той яснасці, з якой палезлі ў галаву думкі.
Дзіўна, можа, але не шкадаваў ён, што не даў яму работы Ягорыч, што дарма схадзіў: была ўпэўненасць, і расла яна, не меншала, што нічога ён не страціў, не зачапіўшыся ў калгасе; наадварот, дзесьці з глыбіні падсвядомасці, як крынічка з-пад зямлі, біла задаволенасць: «Правільна, усё правільна! Што шукаць там, дзе нічога для цябе не пакладзена?» Ужо каторы раз толькі за сённяшні дзень ён прыслухоўваўся да сваёй душы, ці адгукнецца, ці заспявае хоць якой струною; не, маўчала душа, быццам памерла яна зусім, згібела, і нічога ён не мог з сабою зрабіць. І сіла волі ў яго ёсць, і розум, а душу нішто не прымусіла пацягнуцца ні да трактара, ні да машыны, ні да інжынернай пасады. Невінаваты, выходзіць, ён, нейкая непадуладная яму ўжо сіла навечна адсекла яго ад вёскі, яе стыхіі. Дзіўна, дзіўна гэта было Валодзьку яшчэ і таму, што ў дзяцінстве ён упіваўся кожным лісцікам, кветачкаю, кожным жучком-павучком ды і цяпер з ахвотаю матычыў бульбу, палоў з маці буракі. Але чаму гэта ўсё не прыцягне яго да сябе так, каб нельга было адарвацца? І што цяпер рабіць? Думаў, сцэнарыі будзе пісаць — не пішуцца! Думаў, жаніцьба з Ленкаю, вяртанне да першага кахання падкажуць выйсце — не падказалі! Не пад-ка-за-лі!!! Ён з такою горыччу выдыхнуў гэтае слова, што схамянуўся — і раптам убачыў сябе сярод высокіх дрымучых ялін, што стаялі ў вышыні нерухома, як здані,— у гэты дзябёлы ельнік перарасло балотца, і цяпер тут ішла дарога. Тугі і белы, як блін, месяц каціўся з галіны на галіну паперадзе Валодзькі. Як ні забаўляўся ён, але на душы ў Валодзькі не дужа весялела. Прашастала мяккімі, як венікі, крыламі вялікая начная птушка, і Валодзьку здалося, што ад цікаўнасці яна аж выцягнула шыю, схіліўшы ўніз круглую вушастую галаву. Ён перасмыкнуў плячыма. У траве пад ялінамі, па сухім лісці, ігліцы нехта прашамацеў — быццам пацягнулі вяроўку. Жаданым гукам у гэтай стоенай вусцішнасці, які расслабляў і падвясельваў, чулася сабачае гаўканне ў тым баку, дзе была Малінаўка і дзе ўжо танцаваў месяц.
«Чорт з ім! Затое не будзе думацца, усё выпрабаваў, усе варыянты прамацаў... Глуха! Няма сюды звароту. Нешта ва мне ўжо зрушылася, адпала, сатлела, а на месцы яго нарадзілася і вырасла новае. І без гэтага новага я ўжо — не я, тут я — дачнік, курортнік, а не работнік...» Чуў, колькі начуўся ў горадзе — некаторыя стогнуць: «Работа цяжкая... Працаваць цяжка...» Так хацелася яму на ўвесь лес, на ўсё поле, на ўвесь свет закрычаць: «Людзі! Радуйцеся, калі ёсць любімая работа, значна цяжэй, калі няма чаго рабіць...» І заўсёды так: у нейкі міг пачынаеш разумець, што тое, на што ўскладваў вялікія надзеі, нічога не вартае і ёсць не што іншае, як дзіцячы наіў, няведанне сябе і жыцця.
Ленка чакала яго, сядзела на лавачцы, галава і грудзі былі ў цяні ад куста бэзу, ногі — у святле месяца. Убачыла яго і пайшла насустрач.
— Што здарылася, Вова? — Яна абняла яго за спіну па таліі.
— Усё нармальна! — не любіў, не ўмеў і не хацеў скардзіцца, усё непрыемнае насіў у сабе. Мабыць, лічыў: а што гаварыць, калі ўсё роўна шчыра ніхто не паспачувае. Слухаць фальшывыя словы — было яму пакутаю.
— Бачу, нейкі ты заклапочаны...— Ленка трывожылася нездарма. Ён адчуваў — не адстане.
— Не ведаю, што рабіць,— сказаў ён рашуча.— Ты паедзеш са мною?
— Куды?
— Назад у Мінск.
— Калі? — Падобна, яна абрадавалася, ва ўсякім разе, на расчараванне нават намёку не было.
— Не ведаю... Паедзеш?
— Хоць на край свету! — Цяпер ужо Ленка не магла схаваць радасці, пацалавала Валодзьку ў шчаку.
Валодзька разгубіўся: яна і праўда не ўяўляе сябе, не можа без яго ці такая легкадумная? Але ўсё роўна было прыемна. І перашкоды ніякай яму не будзе. Збяруцца і паедуць. Але дзе жыць? І праўда, дзе жыць? Калі там жонка размяняе кватэру, двухпакаёўку не так проста...
Невядома, колькі б яшчэ дзён, тыдняў, а можа, і месяцаў вярэдзіў бы сваю душу Валодзька, калі б не тэлеграма ад былой жонкі — толькі два словы: «Размяняла кватэру». Ён незвычайна абрадаваўся ёй: там, у Мінску, у яго ёсць свой куток, няхай зусім маленькі, адзін пакойчык.
* * *
На падсаду ў калгасны сад прывезлі цэлае кузава маладзенькіх яблынь і груш. Ажно з Мсціслаўскага раёна — з гадавальніка. Колькі трэба калгасу, адлічылі, астатнія пачалі прадаваць людзям — грэблі, як перад вайною соль. І Грышка з Мішам пабеглі на пагон, дзе стаяла машына. Саджанцы былі звязаны ў пукі. Карэньчыкі тонкія, густыя, бы махры, і аж белыя, быццам іх цэментам абсыпалі; а верхавіны як тыя мяцёлкі — густыя, і лісце ядранае, яшчэ не пасохла, адно там-сям парудзела. Слаўныя саджанцы!
— Лезь, Міша, на кузава, глядзі там! — падштурхнуў сына Грышка.
— От ты! — заступіў дарогу Ляксей Чубатчышын.— Вечна табе ўгамону няма... Я тож у чарзе стаю — дзесяць, дзевяць, восем, сем... пяць... тры, два, адзін!
— Стой, стой, першым за цябе нідзе не ўрвеш,— засмяяўся Грышка. Пажартавалі мужчыны — здаравей на сэрцы стала.
Падышла чарга, Міша палез на кузава; выбіраў саджанцы, глядзеў, каб і ствол прамейшы быў, і карэньчыкаў гусцей, і пупышак на чаранках як больш ды буйнейшых. Падаваў Грышку, той лічыў, гладзіў пальцамі пяшчотную кару. Узялі дзесяць штучак: сем яблынь і тры грушыны.
— Цяпер садзіць трэба,— сказаў Грышка дарогаю, як ішлі дахаты, неслі на плячах саджанцы. Міша ўсміхнуўся: бацька хацеў праверыць, ці па нутры яму, Мішу, задума новы сад пасадзіць. Таго не ведае, што ў Мішы ў самога такая мара зарадзілася, яшчэ ў той дзень, як старыя яблыні ды грушы карчаваў. І ён выгукнуў бацьку ледзь не ў самае вуха: «Канечне!» Грышка ажно здрыгануўся, але сказаў спакойна:
— Але не проста ў зямлю ўторкнуў, ды няхай сядзіць. Па закону трэба, як дзед і бацька мой садзілі. Яны і сакрэт мне свой перадалі... Як дрэва садзіць, каб яно расло і расло...
Мішу гэтая бацькава турбота здалася не тое што дробязнаю, а проста лішняй, і ён не даў ёй увагі. І дарэмна. Надвечар бацька прыгнаў запрэжанага ў калёсы каня.
— Паехалі ў гліну,— сказаў ён. Калёсы заслаў цэлафанам. Узялі дзве лапаты, тапор. Успомнілася Мішу: і на Глубку яны ехалі тады ўдвух на калёсах, адно каня звалі Белазоры ды самі былі маладзейшыя.
Глінішча было за калгасным садам. Ехалі той дарогаю, якою ўлетку ўсёй сям’ёю ішлі ў маліну. Толькі поле цяпер ужо голае — узаранае, на ім стаялі яшчэ непарыжэлыя, даўгія, бы гумны, сцірты саломы. Удалечыні цямнелася празрыстаю купкаю лазы Глінішча.
— Ленка пісьмо прыслала,— сказаў Грышка, убачыўшы, што ў сына задуменны твар. Паслабіў лейцы і пусціў каня самаходам.
— Што яна піша? — абыякавым голасам спытаў Міша.
— Валодзьку ў газету нейкую ўзялі працаваць, а яна з дзіцём... садзіка пакуль няма.
— Ленка ў хаце доўга не ўседзіць.