Ужо вечар быў блізка, сонца пабарвовела. У канторы Ягорыча Валодзька не застаў, у бухгалтэрыі сказалі: толькі што паехаў на абед. Валодзька здзівіўся: «Які абед увечары?» — але не стаў удакладняць, ведаючы, што вясковыя людзі часам на любую яду кажуць — абед. Затое спытаў, дзе Ягорыч жыве; вёску Валодзька збольшага ведаў: тут была бальніца, размінуцца з якою ў дзяцінстве не заўсёды выпадала. Яму сказалі: «У Доктаркі»,— і Валодзька абрадаваўся, што пачынае свой візіт удала. Доктаркаю называлі старую Дарку, у якой колісь кватаравала доктарка Рыта Іосіфаўна — на шчацэ ў яе пад вокам была маленькая радзімка і з яе тырчаў кусцік валасоў; доктарка была далікатная, ветлівая, з лагодным голасам, і ўколы рабіла небалючыя, да яе ішлі людзі па дапамогу і ўначы. Ужо даўно паехала адсюль Рыта Іосіфаўна, але Дарку і цяпер называюць — Доктаркаю, балазе словы сугучныя, трэба мала што мяняць.
Каля Дарчынай хаты стаяла высокая бяроза, на ёй колісь вяліся буслы, а цяпер чарнела на верхавіне адна ступіца з кола — і спіцы, і галлё струхлелі, асыпаліся. Буслы абралі сабе новы «фундамент», сучасны, энтээраўскі — апору высакавольтнай лініі.
Валодзька адчыніў весніцы, і рыпнулі яны, здалося, гэтак, як і пятнаццаць гадоў назад. На ганку сядзеў мужчына. Ветрык матляў на галаве даўгія рэдкія валасы, яны рассыпаліся — бліскала, як дно міскі, лысіна; у руках мужчына трымаў даўжэзную палку, шкрэбаў па ёй асколачкам шкла.
— Ці дазволіце? — спытаў Валодзька, перш чым павітацца.
— Зайшоў, а пасля просіш дазволу,— усміхнуўся мужчына, кінуўшы на Валодзьку кароткі пагляд.— Хаця... карэспандэнты — народ смелы.
— Я не карэспандэнт.
— Не можа быць.
— А чаму «не можа быць»?
— Ды ў цябе, салдат, на лбе напісана, што ты карэспандэнт.— Мужчына перастаў шкрэбаць шкельцам, упяў на Валодзьку позірк.
— Усё-ткі вы памыліліся! Хаця...— Валодзька адчуў, што з мужчынам размаўляць лёгка, ніякага недаверу між імі ці насцярожанасці няма.— Салдат не салдат, а з пяром я справу маю, дакладней, меў. А цяпер хачу вашаму калгасу карысць прынесці,— Валодзька вырашыў не цягнуць ката за хвост, адразу расказаць пра ўсё старшыні (ён зразумеў, хто перад ім).
— Пісарчукоў у нас сваіх хапае! Зямлю араць няма каму. Рэсурсу няма!
— Я — на любую работу,— з надрывам сказаў Валодзька, адчуваючы, што ў яго не хопіць сілы на доўгія дэбаты.
— Сядай, салдат. Хто такі, скуль?
Валодзька расказаў, імкнучыся гаварыць як карацей, але пераскокваў з аднаго эпізода на другі — і ўвесь аповяд яго заняў хвілін дваццаць.
Ягорыч пакруціў галавою, падтуліў ніжнюю губу пад верхнюю, дужа выпусціў з грудзей паветра.
— Швах твае справы, Уладзімір Іванавіч!..
У Валодзькі пахаладзела ў грудзях.
Ягорыч прыжмурыў левае вока — выверыў, ці роўная палка ў яго руках.
— Вілашнік раблю,— нечакана сказаў ён зусім не суровым, як толькі што, а дзіцяча-непасрэдным голасам.— Боршч у абед стаў вымаць з печы, і вілашнік крохнуў. Мая гаспадыня кажа, «туды яму і дарога», дарэвалюцыйны яшчэ вілашнік.
Валодзька злаваўся ў душы: такая сур’ёзная размова, а ён пра вілашнік. Дзівак старшыня!
— Ведаеш, салдат, мне трэба рэсурс,— як ні ў чым не бывала, зноў на строгі тон перайшоў Ягорыч.— Рэсурс моцны, мэтанакіраваны, надзейны! А ты — баласт. Не крыўдуй толькі за гэта слова. Я ў дачыненні да нашых калгасных спраў гавару. Бо ты сам па сабе, канечне ж, нечага варты... Любы чалавек шмат можа зрабіць, калі яго на месца паставіць. Вунь Мішка Пруцікаў! Таксама да мяне прыйшоў, незадаволены жыццём, усім светам. Дзёрзкая натура! А я бачу: рэсурс! Адразу і ўхапіў яго за рогі. Іншыя хлопцы... А з цябе, салдат, толку тут аніякага. Не буду ж я падбіраць усё, што вецер прынясе. Мне трэба калгас на ногі паставіць. Да ручкі дабіты! Дзіўна, скажу табе, мы бярэм у калгасе такія абавязацельствы, як і пасля вайны. Во табе і рух наперад! А кожны ж год рапартавалі... з нагоды і без нагоды: «перавыканалі», «значныя поспехі», «норму — за дзве», «вышэй леташняга»... А дзе ўсё дзявалася? Фікцыя была! З паперы жыта не настрыжэш, салдат. Хіба што старшыні на асабняк, га? — Ягорыч засмяяўся.— Зямельцы гаспадары патрэбны, лекары. Папілі з яе крыві, пацягнулі сокаў гультаі, да анеміі зямлю давялі... лячыць трэба!
Валодзька сумнымі вачыма глядзеў на Ягорыча і дзівіўся: гаворыць, быццам яны сто гадоў знаёмыя, праўду гаворыць, але ўсё роўна нешта ўпарцілася ў душы: непатрэбны ён, не ўразіў ён нічым, каб закрыць вочы на ўсё заганнае ў ім ды ўзяць на працу. Жах! Проста дзіва, жыццё гэтае. Што за людзі? Кожны круціць па-свойму, на свой капыл прымярае чалавечую душу... Ратаваць, ратаваць яе трэба. Сябе ў сабе захаваць.
Выйшла з сенцаў на ганак старая Доктарка, абаперлася дзвюма рукамі на кіёк.
— Ягорыч, ты дужа заняты? Чайнік астывае...
Ледзь пазнаў Валодзька старую Дарку: зусім згорбілася, шчокі запалі, адзін нос тырчыць, як пераспелая дуля.
— Заві і таварышка свайго...— прашамкала яна бяззубым, вялым ротам.
— Дзякуй! — Валодзька ўстаў.— Мне яшчэ далёка ісці, а ўжо сцямнела.
— Я шафёру скажу — падкіне,— сказаў Ягорыч, ляпаючы далонямі па каленях, страсаў дробныя стружкі, пацяруху. Быў ён няўклюдны, цяжкі, як складзены з палявых валуноў.
— Ды, можа, дайду...— няўпэўнена прамовіў Валодзька, нешта трымала яго, не было жадання развітвацца з Ягорычам — відаць, назаўсёды,— але яшчэ мацнейшае было жаданне пабыць аднаму, у адзіноце абдумаць сваё становішча, наколькі можна — разабрацца і разарваць пута безвыходнасці.
Ягорыч моцна паціснуў яму руку, правёў за весніцы і на расстанне моцна ляпнуў па плячы: трымайся! Цёмна-сіні, ясны парасон неба ўжо быў густавата засеяны залатымі зярнятамі зорак. Зусім чорная, як тарфяная куча, стаяла бяроза, і толькі на абрысах яе было відаць, як варушацца ад ветрыку лісты, цьмяна пабліскваюць. Каля балотца, што ўклінілася проста ў вёску, лёгкай белаватай хусцінкаю павіс туман. Пад ёю, крэкаючы, вяла чараду сваіх дзяцей тлустая нізканогая качка, спынялася, і тады качаняты, хуценька перабягаючы, абганялі яе.