— На ўсякія такія мудраванні патрэбны, відаць, здольнасці.
— Лагічна мысліш... Я це нарысую. Здольнасці большыя, чым творчыя. Трэба, гаварыў адзін, бачыць каналы, у якія закідваць вудачку, каб выцягваць рыбак удачы і поспеху.
— Я тут зусім кепскі рыбак! — шчыра, і не толькі з горыччу, але і з гонарам сказаў Валодзька.
— Вучыся! Ламай сябе, сваю вясковую псіхалогію... Я це нарысую. Дарэчы, ты бачыў мой фільм «Дарогі-алеі»?
— Пра выпускнікоў медвучылішча? Бачыў.
— Ну як?
— Глядзяцца белыя халацікі, толькі сцэна, у якой дзяўчаты, узяўшыся за рукі, бягуць насустрач парывам ветру, на мой погляд, банальная.
— Слухай... Я це нарысую. Напішы пра яго водгук у газету. Здаецца, табе не супрацьпаказана крытычнае пяро.
— Раскрытыкаваць? — затаіў усмешку Валодзька.
— Ну, дзеля гэтага я цябе не прасіў бы! І так з кукішамі ў кішэні многія каля мяне ходзяць. Я це нарысую так... Распішы, каб усе ахнулі! Шэдэўр!
Валодзька адчуваў, што Эдзік зацягвае і зацягвае яго ў гнілую багну сваіх выкрунтасаў, пошлых інтрыг; яму рабілася не па сабе, сціналася душа, і, каб даць ёй палёгку, ён больш не спрачаўся з Эдзікам, моўчкі слухаў, ківаў галавою, а думаў пра іншае, ужо пра сваё: як будзе пісаць сцэнарый, як сустрэнуцца з Мішам Пруцікавым.
Яны выйшлі з рэстарана. Да іх тут жа падбег той шэры, як воўк, таўсты «інтэлігентны» сабака, які, відаць, увесь час дзяжурыў тут, каля рэстарана; у сабачых вачах сядзела такая галодная туга, быццам і праўда цэлы тыдзень у яго не было ў роце расіны. Эдзік тупнуў нагою: «У-у, звяруга!»
Развіталіся яны суха, хоць Эдзік доўга і не выпускаў Валодзькавай рукі: «Я це нарысую, стары... Сцэнарый — твой! Дару! Я це нарысую...»
Дамоў ісці не хацелася, хоць ужо цямнела, і Валодзька пайшоў уніз, да Свіслачы: рэчка, вада заўсёды яго лагодзілі. На праспекце не было такой мітусні, шуму, гулу, як удзень: некалі трэба адпачываць і гораду, канечне, не глуха, мёртва засынаць, тыя нешматлікія машыны, адзінокія пешаходы, ляск таварнякоў праз усю ноч няхай будуць яму ціхамірным сном.
Раней такога не было, гэта апошнім часам Валодзька заўважыў, што яго не цягне дамоў пасля работы; нават дачка не выклікае таго жадання хутчэй бегчы, якое было яшчэ год назад. І часта ён бязмэтна блукаў па вуліцах, сядзеў на лаўцы ў скверы, зімою (калі холадна) заходзіў у фае кінатэатраў, студэнцкія інтэрнаты. Там ён губляўся сярод людзей, забываўся на жонку, адтавала душа, сплывала з яе жуда, і ён цёплымі вачыма глядзеў на свет, на аранжавыя ў святле ліхтароў ліпы, блакітны роўны снег, на бліскучыя лужыны з абернутымі ў іх дамамі, і нават на жанчын, сярод якіх, ведаў, не сумняваўся, ёсць і такія капрызулі, як яго жонка, і капрызлівасць — не самае горшае водгулле іх мінулага жыцця.
Колькі разоў яму навязвалася думка завесці сабе жанчыну, як кажуць, «на старане», добрую, памяркоўную, спагадлівую, і ў ласцы ды пяшчоце з ёю тапіць усе жыццёвыя няўдачы. Але настойліва адганяў гэтую думку: не тое што баяўся кінуць лішнюю жменю гразі ў і так ужо ўскаламучаны сямейны калодзеж, а проста не хацеў на душу сваю садзіць яшчэ адну пякучую больку. Развядуцца, тады іншы каленкор. Тады ён, канечне, улічыць свае пралікі ў жаніцьбе. Вонкавая прыгажосць жанчыны, ці толькі яго аднаго яна абпальвала? Часта чуеш: прыгожая жанчына — сапсаваная жанчына, сапсавана іменна фальшам, мужчынскім. І з такою — няхай мужык хоць ангел! — жыцця не будзе. Ёй насілі і яе на руках насілі, а тут трэба самой насіць дзяцей, сумкі, цяжар хатніх клопатаў. Як яны баяцца гэтага, як уцякаюць, пераступаючы нават крайнюю мяжу жорсткасці. Валодзьку проста скалануў адзін выпадак, яго расказаў на кінастудыі Эдзік тады, калі здымалі фільм. Валодзька не хацеў гэты выпадак успамінаць, намагаўся выкрасліць яго з памяці назаўсёды, але ён часта, хваравіта-ўражліва паўставаў перад ім проці яго волі. Адна маладзенькая сімпатычная навучэнка медвучылішча зацяжарала. Адразу аборт нешта перашкодзіла ёй зрабіць, пасля было позна. Хадзіла, уціскалася так, што ні сяброўкі, ні на рабоце не маглі заўважыць. Прыйшоў тэрмін раджаць. Уначы пачалося... Яна ў інтэрнаце ў пакоі, пад коўдраю. Сяброўкі пачулі стогн: «Што з табою, Света?» — «Так, нешта жывот баліць... Мабыць, халвы аб’елася».— «Можа, святло ўключыць, «хуткую» выклікаць?» — «Не трэба...» Праз нейкі час зноў стогны, воханне, дзіўнае пакрэхтванне. Уключылі святло. Дык яна ўжо нарадзіла, уся ў крыві і амаль непрытомная, торкае голкаю немаўлю ў галоўку — цемечка шукае... І гэта — будучы медык, прадстаўнік самай гуманнай прафесіі!
Душэўная непрытульнасць упершыню зарадзіла ў Валодзькі думку, што горад, мабыць, не прыняў яго ў сваю імклівую плынь, не растварыў яго ў ёй дарэшты. Ён і тырчыць, як вітка на быстраку — усім відаць яе горасная адзінота, і тое, што яна, нахіленая, уся дрыжыць-хістаецца. Але ж чаму тады і вёска, як падумае пра яе, не выклікае ў душы вялікай радасці, трапятання. Хіба што на хвіліну? У горадзе выратоўваюць вуліцы, натоўпы. А ў вёсцы куды дзенешся? Забярэшся, як мядзведзь, у глушэчу, у маліннік і будзеш там сядзець?
Гэтая раздвоенасць пачуцця паласавала Валодзькаву душу. Абмінуўшы помнік Янку Купалу, клумбы з бела-фіялетавымі талерачкамі астраў, ён выйшаў да Свіслачы. На бетонным бар’еры набярэжнай сядзелі белыя чайкі з шызымі крыламі і чырвонымі кручкаватымі дзюбамі; яны зусім блізка падпусцілі яго да сябе, былі спакойныя, надзьмутыя, мабыць, абначыліся тут, насупраць скверыка. Каля моста на чорнай вадзе плавала чарада дзікіх качак. На мосце стаялі дзяўчаткі-школьніцы, шчыпалі булачку і кідалі качкам. Тыя з кэрханнем, адна перад адною шырокімі дзюбамі лавілі на вадзе кавалачкі булкі. «У маім дзяцінстве было б неверагодным дзівам карміць з рук дзікіх качак»,— падумаў Валодзька. Успомніўшы дзяцінства, траву і птушак, сярод якіх яно кулялася, бегала, скакала, ён адчуў, што ўхапіў нітачку радасці, і зразумеў: трэба ісці за ёю, куды яна прывядзе.
* * *
Уначы Грышка блага спаў, а можа, і зусім не спаў: ляжаў з адкрытымі вачыма ці ў паўсне, усё роўна перад ім стаяў Босы, адданы, шчыры, як ніхто на свеце, самаахвярны, і вочы добрыя, разумныя, як у чалавека. Раніцаю Грышка не сказаў нікому пра свае жаласныя сны; але і другую ноч карціна паўтарылася. Сярод ночы Грышка ўстаў з ложка, падышоў да акна: што за насланнё, ці не з глузду з’ехаў ён з гэтым сабакам? Не, здаецца, не, бо галава ясная, усё разумее, хоць ён і не спіць другую ноч і за акном усё бачыцца яму як ёсць: куст каліны з цяжкімі гронкамі ягад, кожная ягада прасвечваецца месяцам, і ўнутры яе відаць цёмная костачка; пацямнелы ад расы штыкетнік, белая, як стружка, сцежачка па той бок...
І яго раптам апаліла здагадка: абы-як, чэрства, не па-чалавечы ён абышоўся з Босым! І праўда, як сабаку прыкапалі, і ўсё на гэтым. А ён жа, Босы, служыў яму колькі, верай і праўдаю, не здрадзіў ні разу, цярпеў, хоць Грышка часам і несправядлівы да яго быў. Жыццё аднаго разу, лічы, выратаваў Грышку. Алешыну таўстую на Глубцы валіў. Падкляваў яе з усіх бакоў, як той бабёр абгрыз усё роўна. Алешына стаяла-стаяла, а тады неяк хвіцнулася ўбок — Грышка хацеў адскочыць, зачапіўся за ламачыну і ўпаў. Алешына і накрыла яго, добра што адно нагу прыціснула. Мяккая зямля, дык не пераламала нагі, а так бы... Пацеў-пацеў Грышка, крахтаў — алешыны не адсунеш, не бульдозер. Босы падбег, панюхаў алешыну, поўсць на загрыўку ўздыбіў, забурчаў. Падбег да Грышкі, лізнуў яго ў твар. У Грышкі ажно сляза выкацілася. Трохі ачуўшыся, стаў думаць, як выбавіцца з пасткі. Уся бяда, што на жывот ён упаў, не перагнешся надта, каб адгрэбці зямлю каля нагі. Як мог, наколькі яго старыя косці дазволілі, пераламаўся, стаў ногцямі драпаць зямлю. І Босы тады як завішчыць, як заскача — і давай зубамі ды лапамі зямлю рваць. Праз якое паўгадзіны, адчуў Грышка, паслабела нага, ён і выцягнуў яе з-пад алешыны. Паманіў Босага, ашчаперыў дзвюма рукамі ягоную галаву і пацалаваў у брудны нос. Во што было...
Яшчэ нацямку падхапіўся Грышка, пайшоў пад павець. Выбраў пару лаўчэйшых аполкаў, што засталіся ад шалёвін, прайшоўся па іх тапаром. Палажыўшы на вярстак, рубанкам шаргануў — забялеліся. Усталі ў хаце — застукала, забразгала. Лісаветка выйшла карову даіць. Грышка ўжо нарэзаў роўненькіх метровых дошчачак.
— Што надумаўся? — спытала Лісаветка сонным голасам, падсоўваючы пад хустку валасы на патыліцы.
— Не скажу,— буркнуў Грышка, схмурыўшы бровы.— Міша там устаў?
— Ці ж я ведаю! — кінула Лісаветка незадаволена: не спадабалася, што мужык утаіў ад яе, не сказаў, што сабраўся рабіць.— Схадзі паглядзі.
«Што маладых турбаваць?» — падумаў ён. Сеў на вярстак, ногі падагнуў на пярочкі, што злучалі наўскасы ножкі. Закурыў: дым і валасы ў прыцьмеласці раніцы былі белыя, як пакулле,— і тое і другое лёгенька варушылася; і кольцы стружак вецер качаў па двары. «Забава малому» — усміхнуўся сам сабе.
У пуні біліся ў вядро струмені малака, пакрыквала Лісаветка: мабыць, неспакойна (збіла ўчора на пашы рог) стаяла карова, у шчыліны дзвярэй раз-пораз вырывалася пара ад яе дыхання.
Грышка затушыў недакурак, узяў малаток, цвікі.
Міша вынырнуў з-за пуні, у майцы, з цыгарэтаю ў роце: пачуў, што бацька грукае, і прыйшоў.
— Грыбаварню новую? — усміхнуўся Міша.