— Дзе ж мы кожны дзень ходзім, ажно пазаўчора былі,— сказаў Ляшчэвіч міралюбна, бо ў жончыным голасе ён не ўлавіў незадаволенасці, проста ёй праз тое, што не кожны дзень успамінала пра свякроў, так здавалася.
— Давай сходзім... Малако, кефір ёсць.
— Трэба на Камароўку зайсці купіць яблык і інжыру... казала маці, ён паказаны пры тромбафлебіце.
— Дарагі, мабыць?
— Дзесяць рублёў кілаграм нібыта. З Грузіі прывозяць.
— Дарагавата,— сказала жонка, не пярэчачы, аднак, што трэба купіць.
— Маці грошы дала.
Калі яны ўтраіх выйшлі з-пад вялізнага панцыра Камароўскага рынку, жонка нечакана прапанавала:
— Давайце на таксі.
— А які сэнс спяшацца? — запярэчыў Ляшчэвіч.— Надвор’е добрае, сонца... Можна і на тралейбусе.
— І я хачу на таксі! — заныў, тузануў бацьку за руку сын.
— Ты яшчэ не зарабіў грошы, каб раскатвацца! — сказаў строгім голасам Ляшчэвіч. Ну і моду паймеў гэты малы: што ні заманецца — хачу, хоць у лоб страляй. Ляшчэвіч прыпамінаў сваё дзяцінства: прадраныя на каленях штаны, на нагах чаравікі, на стале не заўсёды кавалак хлеба знойдзеш; цукеркі-падушачкі — як свята; цацак ніхто, лічы, не купляў, майстравалі самі: лыжы, канькі, аўтаматы, машыны, каляскі. І бач, нічога, выдзюжыў, за жыццё чапляецца кіпцямі.
Ён разумеў, што час не той, усё змянілася і дзяцей акружае іншы свет, але патураць ім, не даваць зразумець, што ёсць і абмежаванні, словы «нельга», «не трэба», «не варта» — значыць, расціць спажыўца, хлюпіка, бязвольнага чалавека. Наколькі мог, Ляшчэвіч супраціўляўся сынавым прыхамацям, няраз спрачаўся з жонкаю, якая расла ва ўмовах лепшых, чым ён, і, здаецца, не заўсёды разумела яго.
Маці чакала іх, хадзіла па першым паверсе ў шкляным холе, дзе было поўна наведнікаў. Яна памкнулася неяк нялоўка, аж хіснулася, і пацалавала нявестку, тады ўнука.
Яны селі на абабітую цыратай мяккую лаўку.
— Ну, як ты, мама? — спытаў Ляшчэвіч.
Маці была ў сінім вылінялым халаце, і твар у яе быў бляклаваты, з сінім адценнем. Яна хавала вочы, была як вінаватая — не прывыкла назаляць іншым, надаваць ім клопату, забіраць час, а тут во звалілася на галаву... сыну хай сабе, сын не папікне — чужым людзям, нявестцы, гэтым знаёмым сыну дактарам.
— Ай!..— махнула яна рукою, мабыць, расчаравалася ў мінскіх дактарах, спадзявалася на іх, а яны нічым яе не ўразілі, нічога новага ёй не прапанавалі, не параілі.— Уколы даюць, парафінам ногі грэюць...
— Не ўсё адразу. Падлечаць! — падбадзёрваў Ляшчэвіч маці. І сын уважліва глядзеў на яе, акурат не верыў, што перад ім сапраўдная, яго родная бабуля. Ён падышоў і абхінуўся на яе плячо, мабыць, угледзеў на твары нешта такое, што варта жалю. Ён быў вельмі чуйным да ўнутранага болю блізкіх яму людзей. Ляшчэвіч гэта заўважыў.
— Прывязі-ка мне гэты во... бінт, што на нагу...
— Эластычны?
— Ага, ага! — абрадавалася маці, што сын акурат успомніў тое, што патрэбна.
— Добра. Я спытаю ў аптэцы.— Сам Ляшчэвіч, можа, не заўсёды здагадваўся, што трэба маці ў бальніцу, і калі яна яму падказвала, радаваўся.
З бальніцы чалавек заўсёды выносіць смутак. І Ляшчэвіч ішоў на прыпынак зажураны. Снег іскрыўся ад сонца, сляпіў вочы, быў настолькі пругкі, прылізаны, што адчувалася, якая цвёрдая, настылая пад ім зямля. Дарога была, як лёд, слізкая, і калі тралейбус тармазіў, метры чатыры ён слізгаў з нерухомымі коламі. З даху высознага дома мужчына ў шапцы з апушчанымі вушамі скідваў шуфлем снег; спачатку снег спадаў густой барадою, а каля зямлі вецер зносіў ужо драбнюткі пыл. І раптам Ляшчэвічу падумалася, што час гэтак жа зносіць іх дробную гарадскую мітусню, з якой нічога не нараджаецца важкага, каб застацца, каштоўнага, каб радаваць. А што ён мог зрабіць? Ён быў падключаны да яе безліччу нябачных нітак, з якіх не мог выблытацца, як муха не можа выблытацца з павучыны. Але тое, што ён так яскрава ўсвядоміў сваё становішча, зразумеў, што і адкуль яму пагражае, давала яму магутную зброю. Ён ведаў ворага, ведаў яго пазіцыі, цяпер трэба шукаць тактыку, якая б дапамагла яму перасіліць гэтага ворага. Ці зможа? Бо і вораг няпросты, і ён не крэмень, і спадзявання на дапамогу збоку няма. Каму ва ўсім, безаглядна адкрыешся? Ні жонцы, ні маці, ні Шэлеху, ні Саўковай, ні сыну — горкаму дзіцяці...
Ён зіркнуў на жонку, якая сядзела з сынам наперадзе. Яна лушчыла семкі, шалупінне апускала ў раскрытую сумачку на каленях. Яна — яго плячо, але плячо, на якое не абапрэшся, а якому патрэбна падпорка. Сын глядзеў у акно — з цікавасцю. Дзеці — бестурботныя... І як хочацца ім хутчэй стаць дарослымі. Незразумелае гэта імкненне, бо гэта імкненне з ружовага, блакітнага святла ў цемень; тыя спакусы, якія адкрыты дарослым, не вартыя і аднаго дня бясхмарнай дзіцячай летуценнасці.
Жыццё дарослага — вартае спачування. Любому чалавеку, нават, на першы погляд, шчасліваму, спачувай — і не памылішся. А што гаварыць пра нешчаслівага... Гэтая думка прыйшла Ляшчэвічу пасля аднаго выпадку. Тады ён з сынам таксама ехаў — на аўтобусе да бацькоў у вёску ў адпачынак. Дарога была доўгая, стамляла. Цвілі вішні, грушы, вабіла вока маладая зелень, яркія жоўценькія талерачкі дзьмухаўцоў у радасна-густой траве, і Ляшчэвіч ахвотна, нават з вымушанай настойлівасцю выходзіў з аўтобуса на кожным прыпынку.
Вось аўтобус спыніўся на чарговай аўтастанцыі ў крайнім трохкутніку — на выкладзенай цэглаю пляцовачцы.
— Рагачоў. Стаянка аўтобуса пятнаццаць мінут,— аб’явіў вадзіцель у мікрафон: Ляшчэвіч ужо прывык да мяккага, дабрадушнага голасу.
Трымаючы сына за руку і прапускаючы яго паперад сябе, Ляшчэвіч саступіў з крутых падножак аўтобуса і адразу скрозь звычныя вуху станцыйныя гукі пачуў песню. Недзе глыбока ў падсвядомасці як бы мімаходзь мільгнула думка: адпраўляюць прызыўніка ў армію. Мелодыя была бравурная, маршавая, выводзілася высокім голасам.
Тое, што ён убачыў у наступнае імгненне, прымусіла яго здзівіцца і застыць ад нечаканасці: на бетонных прыступках перад уваходам у аўтастанцыю сядзеў сівагаловы чалавек у шэрым пінжаку і спяваў. У гняздзечку між пакладзеных адна на адну ног ляжала чорная шапка з абтрэпаным брыльком, якую чалавек прытрымліваў правай рукою, калі можна назваць рукою бяспалую куцку з адным-адзіным адросткам — жоўты, тонкі, бы цвік, ён нагадаў Ляшчэвічу курыны палец з кіпцюром; гэтым адросткам-кіпцюром чалавек утыкаўся ў шапку — не таму, каб трымаць яе, а проста каб адчуваць, што яна ляжыць у яго на каленях... Чалавек быў сляпы: пустыя, адсутныя белавата-сінія вочы яго стаялі пад ілбом нерухома, як у масцы, вейкі няўцямна міргалі, а з вывернутых балючых ніжніх павек каціліся на шчокі міжвольныя слёзы.