...Калі Ляшчэвіч прыйшоў на працу, думкі яго афарбаваліся ў чорны колер: ён пакутаваў, не мог адрынуць дакору — што здаўся Марускову, што выканаў яго загад. Дурань! Слімак! Цюхцяй! Ён бэсціў сябе бязлітасна брыдкімі словамі і той жа час разумеў, што іначай не мог зрабіць. Не меў бы маці, бацькі, сястры, не было б сям’і — пайшоў бы на ўсё, але стаяў бы на сваім; а так ёсць каму перажываць, ёсць у яго і адказнасць перад сынам: трэба расціць, некалі трэба сыну гаварыць, пісаць, хто яго бацька. Вось маці хворая сёння прыязджае... Здарыся што-небудзь з ім, хіба ён скажа ёй, паскардзіцца? Ніколі! Ён шкадаваў людзей, спачуваў ім і не хацеў прыносіць ім пакуты, перажыванні.
Стоячы перад кульманам, ён думаў, як вырвацца і сустрэць маці. Вясковай жанчыне ў незнаёмым вялікім горадзе цяжка арыентавацца. Адпрасіцца ў Марускова? А раптам не адпусціць? Тады ўжо і няма іншых варыянтаў пайсці раней з работы? Хоць такая прычына, што ён не паглядзіць ні на што. Калі не маці, то хто і што важней?
Але яму, можна сказаць, пашанцавала. Зайшла кадравічка і сказала, што ў тры гадзіны прафвучоба і яму, Ляшчэвічу, на ёй трэба быць. Якраз добра, Палац шашак і шахмат, дзе намячалася вучоба, у тым баку, блізка каля вакзала.
Часу хапала, і Ляшчэвіч з «дыпламатам» у руцэ пайшоў да Палаца пехатою. Мароз адлёг. Паветра было чыстае, мяккае. Хоць бы ветрык калыхнуў галінку. Штыкеціны ўвенчвалі высокія стугаркі снегу. Усё неяк сцішылася, быццам наталялася асалодаю цяпла. І галкі, пасеўшы на аснежаныя галіны явару, соладка драмалі, схаваўшы дзюбы ў глыбокае пер’е валлякоў.
Ляшчэвіч пасядзеў толькі адну лекцыю. Аўтобусы магілёўскага напрамку прыбывалі на вакзал «Усходні», і ён паехаў туды. З нізкага неба сіратліва падалі рэдкія сняжынкі. Як цяпло, так адразу і снег. Горад ужо запаліў ліхтары, у іх святле мільтусіліся сняжынкі, як быццам толькі там яны і ляцелі.
Ляшчэвіч стаяў на пероне, жмурачыся, углядаўся ў маршрутныя «візіткі» аўтобусаў. З-за павароту паказаўся чырвоны «Ікарус» з белымі замураванымі вокнамі. У Ляшчэвіча ёкнула сэрца. У першым акне аўтобуса нехта пачаў праціраць дзірачку. «Маці! Яна непакоіцца, ці сустракаю яе...» Ляшчэвіч не памыліўся: да дзіркі прынікла мацерына вока, ад кончыка носа збоку растала мясцінка.
Ляшчэвіч падышоў да расчыненых дзвярэй. Маці асцярожна ступала на прыступку адной нагою, тады другой. Была яна ў рабой штучнай футры-зімовіне, валёнках, абвязаная пуховай арэнбургскай хустаю. Ён падаў маці руку, падхапіў з яе рук сумку — цяжкую, як падняць. Маці стала браць у яго «дыпламат» і спахапілася:
— Вой, вязёнкі забыла!..— Няўклюдна пакараскалася зноў у аўтобус, замінаючы людзям.
На таксі выстраілася чарга — раней не было, вырасла за гэты час, пакуль Ляшчэвіч чакаў свой аўтобус, і ён пашкадаваў, што не заняў чаргі.
Стаялі доўга, пасоўваліся марудна. У таксістаў якраз была перасменка (у шэсць гадзін) — высадзіць каторы пасажыра і не бярэ нікога, міргае: «Я сваё, шэф, адбарабаніў!» Той-сёй лез без чаргі. Прыскочыў малады дзяцюк, у джынсіках, лёгкай балоневай куртачцы, радасны, узбуджаны: «Жонка сына нарадзіла! Чатыры трыста! Дазвольце мне...» — «Гэта ж не забіраць...» — прабурчала цётка ў сялянскім кажусе, яна стаяла з боку чаргі.
Снег пагусцеў, валіў ужо хлапякамі, шэрымі ў вячэрнім сутонні, і Ляшчэвіч згрэбваў з плячэй маці яго далонню.
— Во які сын! — пахваліла цётка ў кажусе.— А мая дачка мяне нават не сустрэла... А сала ёй цягні во тры хатулі.
Маці дабрадушна засмяялася, спачуваючы ў душы цётцы і радуючыся, што яе сын сустрэў.
Нарэшце яны — першыя. Пад’ехала жоўтае таксі, Ляшчэвіч адчыніў заднія дзверцы, і маці ледзь загнялася ў яго, сам сеў на пярэдняе сядзенне.
— Войкі, галёша скінулася! — гучна сказала маці.— На-ка, Сярожа, адзень...— Яна высунула між пярэдніх сядзенняў нагу.
Заваліла снегам дарогу, і да самага дома таксіст не павёз. Маці ішла ўслед за Ляшчэвічам маленькімі крокамі — баялася пакаўзнуцца. Якая яна тут, у горадзе, зблажэлая і разгубленая, думаў, спачуваючы маці, ён.
Жонка з сынам чакалі іх, сустрэлі каля парога.
— Дзед Мароз ці Баба Яга, хто... да вас прыехаў? — Маці нахілілася да Славіка. Дала яму шакаладку і цацку — пад’ёмны кран.
— Што трэба сказаць? — падказала жонка сыну.
— Дзякуй! — кіўнуў той, павярнуўшыся ад бабулі і разглядаючы пад’ёмны кран.
— Ну, распранайцеся ў нас.— Жонка дапамагла свекрыві зняць футра. Правяла яе ў залу. Маці села на край крэсла з мяккімі падлакотнікамі; сядзела, апёршыся рукамі на калені, акурат баялася прыхінуцца плячыма да спінкі, каб крэсла не перакулілася.
Назаўтра з раніцы, адправіўшы сына ў сад, Ляшчэвіч паехаў на працу, каб папярэдзіць Марускова, што яму трэба пакласці хворую маці ў бальніцу. Марускоў часам быў прыткі на жэсты, асабліва калі ў кабінеце яшчэ з супрацоўнікаў нехта быў. І цяпер ні словам не запярэчыў Ляшчэвічу, і ён з лёгкім настроем паехаў дамоў.
У маці на твары ляжала пячатка не то трывогі, не то разгубленасці, і ён зразумеў, што нешта здарылася.
— Войкі і напужалася я, аж сэрца адвалілася!..— сказала яна адразу.— Расказаць табе? Пайшла ў тувалет... Ну, трэба ж ваду зліць. А як? У Ленкі тузануў за пачопку... і ўсё. А тут няма такога нічога. Бачу пупсік гэты чорны... Я і за яго пакруціла — нічога, а тады неяк цісканула на яго — вада і хлынула... Адале пачала налівацца ў бачок... накрыўка адбіта — я і бачу. Так шуміць вада, так шуміць... Думаю, сапсавала нешта, налье збрэсь і затопіць усю хату... Я і слоік збегала на кухню ўзяла. Як ужо, думаю, стане праз верх пералівацца, буду адчэрпваць. А тады як напужалася, што не спраўлюся, кінулася суседзяў зваць. У адны дзверы званю, у другія — ніхто не адчыняе... Праўда, у самай далёкай кватэры адчыніла жанчына. Я ёю балабоню, а яна спакойна гэтак: «Нічога, цётка... Пашуміць дый перастане».
— Ну, сапраўды як дзіця...
— Ага, дык жа страшна...— Маці адчувала сябе няёмка, саромеючыся, што падвяла сына, паказала, якая яна цёмная і забітая. Ляшчэвіч паводзіўся так, быццам нічога не здарылася, не кпіў з маці, што пабегла па кватэрах, аганьбавала яго. Маўляў, дробязь, і няма чаго надаваць увагі, перажываць.
З учарашняга дворнікі яшчэ не паспелі расчысціць ад снегу тратуары, і Ляшчэвіч з маці ледзьве дзяўбліся па вузенькай утаптанай сцежцы. Маці ў шырокіх валёнках цяжка было ступаць след у след, і яна раз-пораз брала Ляшчэвіча за локаць. Ён знарок ішоў паціху, бачыў, маці зусім слабая, запыхалася і на рэдкіх валасках у яе каля рота павіслі маленькія кропелькі.
— З перасадкаю ехаць? — спытала яна — хвалявалася, ужо думала, дзе тая бальніца.
— Ага.
— Ці далёка? А то я, такая цюпа, пакуль дабяруся...