— Нічога страшнага, мы зараз паложам яго спаць, не будзем яму гаварыць...— шэптам сказала жонка, каб не пачуў сын, які гуляў у калідоры кардоннай мазаікай, складваў з яе малюнкі жывёл.
— Ты звар’яцела, ці што? — не ўтрываў, павысіў голас Ляшчэвіч: часам жонка проста дзівіла бязглуздасцю сваіх заяў, якія яна рабіла ўсур’ёз і безапеляцыйна.— А раптам ён прачнецца?
— Не прачнецца! Славік, хадзі, сынок, спацькі! — Яна пайшла да ложка сцяліць сыну пасцель.
— Не хачу, мама, яшчэ рана, я казку не глядзеў...
— А ты ляжаш і будзеш глядзець.
Яна ўлажыла сына, і ён, падпёршы рукамі шчочкі, глядзеў на тэлевізар. Гэты жончын намер выводзіў Ляшчэвіча з сябе: цяжка ўявіць, што пачнецца, калі дзіця, прачнуўшыся, убачыць, што няма бацькоў. Ды з ім можа прыключыцца чортведама што: і псіхіка парушыцца, і голы ды босы выскачыць на вуліцу.
— Ведаеш, Каця, або яму трэба сказаць, што мы пойдзем, або некаму з нас не ісці,— сказаў Ляшчэвіч цвёрдым голасам, бо не сумняваўся, што слушна гаворыць.
— Я суседку папярэджу... Яна будзе наглядаць.
— Ды што суседка! Яна праз мінуту думаць забудзе пра твайго сына. Не будзе ж яна сядзець каля яго і каравуліць.
— Тады ты не ідзі...
Ляшчэвіч адчуваў, што разгараецца спрэчка, што здавацца трэба яму. Жонка не саступіць — жаночая ўпартасць! Ды і натуру такую мае: ніколі не робіць паварот, каб зноў з самага пачатку перабраць па звёнцу ланцужок сваіх довадаў. Але як яму здавацца, калі спрачаліся цяпер не вакол нейкай эфемернай ідэі, а вакол ісціны яўнай: сын яшчэ малы, каб пакідаць яго аднаго. І ён ужо каторы раз падумаў, што, як добра было б, колькі праблем знялося б, калі б жыла ў іх, як у некаторых маладых сем’ях, бабуля, скажам, маці яго ці жончына. Тады і пасля работы не трэба было б, захакаўшыся, бегчы забіраць сына, і свежая страва заўсёды стаяла б на пліце, і парадак у кватэры быў бы, і ў выхадныя не сядзеў бы як прывязаны дома... Адным словам, вольніца! Яго маці во прыедзе падлячыцца, можа, пагаварыць з ёю, каб пажыла з год у яго. Але не, не згодзіцца яна: там, у вёсцы, куры, свінні, карова, бацька адзін не справіцца дый не захоча — ад суму памерці можна. Жончыны бацькі маладзейшыя, яшчэ працуюць; праўда, жыве з імі бабуля, але ёй за восемдзесят і яе самую трэба глядзець — толькі лішні клопат. Хоць трэсні — нянькі няма. А гады ідуць — лепшыя, маладыя, калі і можна нешта зрабіць, убачыць, паспытаць, адчуць асалоду; аглянешся — як кажуць, «ужо не да глупстваў». Адно спадзяванне і застаецца — чакаць: а раптам прыйдзе час, і тое, да чаго ты рыхтаваўся, імкнуўся, адкрыецца табе ва ўсёй паўнаце, шчодрасці і неабмежаванасці?
— Я не пайшоў у басейн, а цяпер і ў тэатр не ісці? Ну, раз так! — Ляшчэвіч рашуча падышоў да сына.— Славічак, мы з мамай зараз ідзём у тэатр... ты пабудзеш адзін.
— Гэта ў такое, што мы глядзелі... «Воўк і сямёра казлянят»?
— Ага, такое... толькі дарослае.
— Навошта ты сказаў яму? — падскочыла жонка, твар яе пабялеў.— Ідыёт жа ты!
— Правільна, татачка, што ты мяне папярэдзіў... Малайчына! — як дарослы малога, сур’ёзна пахваліў Ляшчэвіча сын.
Жонка заікнулася, зіркала то на мужа, то на сына.
— Я вось навяду будзільнік, калі зазвоніць — уключыш тэлевізар. Паглядзіш казку — выключыш.— Ляшчэвіч не хацеў, каб доўга працаваў тэлевізар — пабойваўся, што ад перагрэву, чаго добрага, загарыцца — колькі выпадкаў!
— Добра, тата,— з удзячнасцю і ліслівай згодаю сказаў сын, перавярнуўшыся на спіну. Як яны ўсё разумеюць, дзеці! Мы, дарослыя, проста самаўпэўненыя, таму і не заўважаем, не хочам заўважаць, каб не прыніжаць сябе, што дзеці ў псіхалагічных тонкасцях калі не пераўзыходзяць нас, то на роўных з намі.
— А то бывае, што тэлевізар доўга ідзе і загараецца. І дзеці тады хаваюцца пад стол ці пад канапу... і-і згараюць.
— Што ты плявузгаеш, толькі палохаеш малога? — зноў прарэзаўся голас у жонкі.
— Кацярына, калі ласка, адыдзі,— папрасіў Ляшчэвіч, улагоджаны сынавым разуменнем.
— Як згараюць? — У вачах у сына ўспыхнула цікавасць, звычайная, дзіцячая, але, мабыць, не толькі цікавасць, яшчэ падмешваўся і страх. Дзеці баяцца часта ад няведання, падумаў Ляшчэвіч, ім трэба растлумачваць, інакш страх напластуецца ў падсвядомасці, адкуль яго потым і ў сталым узросце не заўсёды ўдаецца выбіць.
— Ну, агонь, пажар — па тэлевізары ж бачыў... Але хавацца нікуды не трэба. Трэба выскачыць на калідор ці на вуліцу і закрычаць.
— А я пазваню пажарным, яны прыедуць і затушаць,— сын гаварыў спакойна, разважліва, не разумеючы, канечне, як усё зменіцца і што зробіцца з ім, калі раптам шугане, затрашчыць, загудзе полымя, папаўзе дым.
— Лепш няхай дарослыя пазвоняць, а ты хуценька бяжы ім сказаць,— Ляшчэвіч хацеў проста ўбіць сыну ў галаву, што трэба яму рабіць на выпадак пажару ці іншай бяды. Бо пакідаць малога аднаго, няхай і на тры гадзіны,— усё ж такі рызыка.
— Добра, тата...— паабяцаў сын адданым голасам, і Ляшчэвіч не сумняваўся, што, калі трэба, той зробіць іменна так.
Але на душы, і калі ехалі ў тралейбусе, і потым ужо ў тэатры, калі, чакаючы пачатку спектакля, сядзелі за столікам і пілі каву, было трывожна, ва ўсякім разе ў Ляшчэвіча. А можа, проста на яго твары выразней, чым на жончыным, фіксуюцца душэўныя пачуцці?
Спектакль расчараваў, прынамсі, яго першая частка. Ніякага напружання, набор банальнасцей, за якімі ні сэрца, ні болю, ні пачуццяў. Калі не перажыў сам, не выпакутаваў душою, не кранеш і другога, падумаў Ляшчэвіч. Жонцы пастаноўка якраз падабалася. Зрэдчас яны перашэптваліся, спрачаліся, пакуль на іх не засыкалі суседзі. У канцы першай часткі на сцэну выйшлі два новыя героі — забулдыжныя, ультрамодныя хлопцы з магнітафонамі ў руках. Завязалася інтрыжка, і Ляшчэвіч, які ўжо быў намерыўся ісці дахаты, вырашыў дасядзець да канца.
У перапынку ўсе кінуліся ў буфет, а ён спусціўся з другога паверха ўніз, дзе пры ўваходзе вісеў тэлефон, і пазваніў сыну. Дзіўна, але ў сына быў вясёлы голас — падобна, ён не сумаваў. «Што ты робіш?» — спытаў Ляшчэвіч. «Гуляю... гляджу тэлевізар»,— адказаў сын. Павесіўшы трубку, трохі паспакайнелы, Ляшчэвіч пайшоў у буфет. «Як Славік?» — спытала жонка. Яна ўжо сядзела за сталом і піла каву з маленькага чорнага кубачка. «Вясёлы!» Жонка апусціла хуценька вочы, мабыць, зразумела сваю памылку.