Другая частка сапраўды глядзелася — «выцягваў» артыст, які іграў ролю лазеншчыка, аднаго з тых забулдыжных хлопцаў: што ні рэпліка — то гумар (і ў зале — смех), што ні рух — дык натуральны. «А можа, усё-ткі справа не ў п’есе, а ў артыстах? — падумаў Ляшчэвіч.— Як і не ў праблемах, а ў людзях». Спектакль прымусіў разважаць, і Ляшчэвіч ужо не так перажываў, што пайшоў на яго.
Пакуль стаяў у чарзе ў гардэроб, жонка званіла дахаты,— бачыў ён: нешта не тое, набірае і набірае нумар. Падышла заклапочаная.
— Заняты і заняты тэлефон...
— Можа, трубку няправільна палажыў ці хто звоніць? — Ляшчэвіч адчуў, як пахаладзела ўсяродку, па нагах пракацілася млявасць.
— Доўга ж...
Ляшчэвіч не помніў, як апраналіся, як выйшлі на вуліцу,— усе думкі пра сына: «Што там?»
— Давай возьмем таксі! — сказала жонка, убачыўшы, што набліжаецца свабоднае таксі — наверсе свяціўся размаляваны «шашачкамі» шкляны плафончык. Яна замахала рукою, але таксі не спынілася. Па выкліку? Але чаму тады сігнал — што незанятае? Чорт ведае што робіцца! Запамінаць нумар ды зноў пісаць скаргу, на гэты раз у таксапарк? Дзякуй богу, тэлефонная будка не ездзіць, стаіць на месцы. Ляшчэвіч кінуўся да яе, набраў нумар.
— Алё, Славік? Ты што, размаўляў з некім?
— Цёця Лена званіла... Гаварыла, што бабуля прыязджае ў наступную пятніцу. Тата, я хачу да цябе...— Сын хліпаў носам, голас дрыжаў.— Я ба-а-а-аюся...
— Мы ўжо едзем, сын, пачакай крышку.
— Мне ўжо надакучыла чакаць... мне страшна,— румзаў малы.
— Ну яшчэ крышку пацярпі, добра? — Павесіў трубку.— Канечне, столькі быць аднаму... гэта калі б яшчэ днём,— сказаў ён жонцы і, глыбока ўздыхнуўшы, з натугаю выпер з лёгкіх паветра.
— Трэба хоць шакаладку яму купіць за смеласць,— сказала ўзрадавана жонка.
— Дзе цяпер купіш? Усё зачынена.
— А вунь кафэ.
Свяціўся той павільёнчык, у які Ляшчэвіч апошнім часам хадзіў абедаць. Ніколі б не падумаў, што ён так позна працуе. Колькі дзівосаў адкрываеш вакол сябе і колькі іх існуе невядомых, бо з імі не сутыкаешся.
— Давай хутчэй.
Жонка зайшла ў кафэ, але хутка адтуль вылецела спахмурнелая: шакаладак не было.
— Не бяды,— супакоіў Ляшчэвіч.— Ён і так нацярпеўся, навошта яму яшчэ шкоду рабіць.
— Не зразумела.
— Здаўна лічыцца, што цукеркі, шакалад — дзецям добрыя падарункі, а на самай справе — зычачы дабра, наносіш шкоду здароўю. Лішніца салодкага — чаго толькі не парушае ў кволым дзіцячым арганізме... Нядаўна пра гэта перадачу глядзеў.
— Мне няма калі сядзець перад тэлевізарам! — папракнула жонка, адхіліўшы мужаў аргумент, і толькі таму, што раззлавалася, не купіўшы шакаладкі.
...Сын быў заплаканы, вочы стомленыя, сумныя, твар бледны. Ён кінуўся да Ляшчэвіча, абхапіў яго за ногі, быццам не бачыў сто гадоў.
— Вы больш не пойдзеце, не? — дапытваўся ён і аддана глядзеў у вочы — хоць плач.
— Не пойдзем,— паабяцаў Ляшчэвіч, адчуваючы, што гаворыць не дзеля таго, каб суцешыць сына; не хлусіць ён, цяпер сапраўды не хутка пойдзе ў тэатр. І не толькі з-за сына, а таму, што ў яго не будзе патрэбы туды ісці: тая нішка ў душы, прызначаная на тэатральныя эмоцыі, запоўнена, і запоўнена надоўга. Што можа яе ачысціць, вызваліць месца новым уражанням — Ляшчэвіч не ведаў, як і не ведаў ён, што заўтра ёй, душы, захочацца, куды скіруе яна свае жаданні і намеры. Нідзе ні ў чым яна не знайшла прарыву, каб цягнуць у сябе, як у магутнае сопла, усе інтарэсы, думкі, пачуцці. Адно перабівае другое, раздрабняецца, расплятаецца на сотні накірункаў. Вось і новы клопат — прыязджае маці. Гэта і ёсць галоўны клопат, астатняе — дробязь, дробязь, дробязь... як непазбежнае запаўненне існасці.
Назаўтра ён не знаходзіў сабе месца, не ведаў, што рабіць, за што ўзяцца. Хацеў пазваніць Бірукову-старэйшаму, але падумаў: навошта тлуміць чалавеку галаву ў выхадны дзень, пазвоніць лепш у панядзелак ці аўторак на працу. Урэшце жонка, бачачы яго непрыкаянасць, сказала: «Схадзі ты ў лазню, не горш, чым твая сауна з басейнам... з венічкам выпарышся хоць». Яна сабрала яму ў сумку ручнік, вяхотку, мыла, старую фетравую шляпу, якую надзявала сама ў парылку, і Ляшчэвіч, адчуўшы палёгку, пайшоў у лазню.
Мароз быў невялікі, але падкручвала завея, дзьмуў вецер, і трывожыла Ляшчэвіча, што для лазні не лепшае гэта надвор’е. Прахопіць скразнячком — горла ці вуха забаліць, качайся ў ложку, сядзі на бюлетэні, з афармленнем якога заўсёды столькі марокі.
Каля лазні — жоўтага двухпавярховага будынка, частка сцяны якога заўсёды сырая, з яе лёгенька курыцца ў мароз пара,— стаялі ў рад легкавыя аўтамашыны, у некаторых снег заляпіў вокны — як бяльмо на воку.
«Многа народу ў лазні, мабыць...» — падумаў Ляшчэвіч.
Ён купіў у касе білет — звычайны, як і ў магазіне, чэк, на ўваходзе інтэлігентны лысаваты высокі стары ў белым халаце надарваў яго. Ляшчэвіч перш думаў, а цяпер убачыў, што народу ў лазні сапраўды шмат — столькі, здаецца, колькі і хадзіў, дык не было. Чарга, запрудзіўшы прылазнік, спускалася па лесвіцы з другога паверха аж на першы.