- Вось чаму абруселыя немкі і колішнія маларосы гэтак Расію любяць?.. - раптам спытаў Горкі Маякоўскага. - Яно й з гісторыі відаць, і сам я не раз заўважаў…
Маякоўскі не зразумеў: "Вы гэта, Аляксей Максімавіч, да чаго? Я не абруселы немец і не колішні маларос, а люблю..." І Кіраў, які сядзеў паперадзе, хмыкнуў, пачуўшы яго: "Ага. Таму й застрэліўся. А вы чаму, - павярнуўся ён да Купалы, зарэзацца спрабавалі? Гэтак Расію любіце?.."
Куйбышаў сабе па каленях пляснуў.
"Я не понимаю, что здесь любить, - казала Купалу, ад’язджаючы з Мінску, абруселая немка Гіпіус. - Приехала - не понимала, и уезжаю - не понимаю".
Што ў Расіі любіць, яна разумела. "Если кончена моя Россия - я умираю".
Шмат хто вярнуўся ў савецкую Расію з эміграцыі. Меражкоўскі і Гіпіус не вярнуліся.
"Не любіць Расію не значыць яе ненавідзець", - казаў Купалу, развітваючыся, Меражкоўскі, і гэта было блізка да таго, што адчуваў Купала, калі пісаў: "У твой ланцуг былі, о Русь, Уплецены з усіх бакоў Украйна, Польшча, Беларусь..." - і думаў, што ланцуг парваны.
Вясной 21-га, у сакавіку, вярнуўшыся з Масквы, з партыйнага з’езду, раптам завітаў да яго Аляксандр Чарвякоў, якога ведаў Купала яшчэ па Смаленску і якога, захапіўшы Мінск, бальшавікі паставілі начальнікам над усёй Беларуссю. Узнёслы, узрушаны: "Давайце з’ездзім да мяне ў Дукору!"
Ледзь дабраліся да ягонай вёскі па вясновай гразі, а ён той гразі як бы й не заўважаў. Горача даводзіў: "Вы ў сумневах, я ведаю. Нядаўна Уласаву казалі, перад тым казалі Лёсіку: не будзе з бальшавікамі ў нас ніякай Беларусі! Дык вось будзе! І яшчэ якая! На з’ездзе ў Маскве па нацыянальным пытанні Сталін выступаў… Я запісаў, - дастаў ён з-пад прыадпоратага падклада шапкі, нібы тое, што сказаў на партыйным з’ездзе Сталін, хаваць ад некага трэба, складзеную паперыну. - Слова ў слова, слухайце."
Чарвякоў паветра ў грудзі набраў, як спяваць сабраўся, урачыстасць на сябе напусціў. "Я имею записку о том, что мы, коммунисты, будто бы насаждаем белорусскую национальность искусственно. Это неверно, потому что существует белорусская нация, у которой имеется свой язык, отличный от русского, ввиду чего поднять культуру белорусского народа можно лишь на родном его языке. Такие же речи раздавались лет пять тому назад об Украине, об украинской нации. А недавно еще говорилось, что украинская республика и украинская нация - выдумка немцев. Между тем ясно, что украинская нация существует, и развитие ее культуры составляет обязанность коммунистов. Нельзя идти против истории. Ясно, что если в городах Украины до сих пор еще преобладают русские элементы, то с течением времени эти города будут неизбежно украинизированы. Лет сорок тому назад Рига представляла собой немецкий город, но так как города растут за счет деревень, а деревня является хранительницей национальности, то теперь Рига - чисто латышский город. Лет пятьдесят тому назад все города Венгрии имели немецкий характер, теперь они мадьяризированы. То же самое будет с Белоруссией…"
- Вы разумееце? - горача нахіліўся Чарвякоў да Купалы. - Сталін - нацыянал! І набірае сілу. Пабачыце, будзе першым у партыі. І будзе не адзін цэнтр, Масква, а Тбілісі, Мінск, Кіеў… Мы паразмаўлялі, ён сам падышоў, кажа: толькі вам кадры патрэбныя, каб Маскву ўраўнаважыць. Вяртаць трэба тых, хто ў эміграцыю з’ехаў, вы гэтым займіцеся…
- І вы паверылі? - спытаў Купала, калі ўжо выпівалі ў Дукоры, у бацькоўскай хаце Чарвякова, які адказаў: "Паверыў. І вы паверце. Інакш…" І дастаў, нібы жартуючы, пісталет.
- Мы на чым згуляць можам? Толькі на любові да Беларусі, - разважліва казаў Купалу Міхась Чарот, разам з якім восенню 1925 года выправіліся яны нібыта ў Парыж на выставу мастацтваў, а па дарозе аказалася, што іх вязуць не ў Парыж, а ў Прагу - угаворваць беларускіх эмігрантаў вяртацца ў Савецкую Беларусь. "Вось ты й гуляй на любові", - кінуў ён Чароту…
Але ж з цягніка не кінешся.
Яшчэ двойчы пасля Прагі ездзіў ён за мяжу. У 1927-м і 1935-м. Да вяртання нікога не з’агітаваў - і больш яго ў замежжа не выпраўлялі.
Паэта Міхася Чарота, хоць ён і верна служыў, знішчылі. Як і многіх іншых, хто служыў і не служыў, верна і няверна.
Знішчылі амаль усіх, хто вярнуўся. Не адразу, каго раней, каго пазней, але амаль усіх. А яны былі калі не сябрамі ягонымі, калі не блізкімі людзьмі, дык і не далёкімі…
У тым, што Сталін будзе першым у бальшавіцкай партыі, Чарвякоў не памыліўся. А ва ўсім астатнім… А ў астатнім пісталет яму самому спатрэбіўся. Абвінавачаны ў тым, што падыграе мясцоваму нацыяналізму, пакрывае ворагаў народа, ён застрэліцца ў сваім кабінеце кіраўніка ўсёй Беларусі.
У Празе Купалу было няёмка, няўтульна. Вярнуўшыся, ён запіў. Хоць нікога не агітаваў вяртацца, але быў там, калі агітавалі. Паказваўся: вось, глядзіце, які я ёсць! Народны паэт! І вы такімі будзеце, калі вернецеся.
- Праз мяне таксама шмат хто з эміграцыі вярнуўся, - пасунуўся да Купалы Горкі. - Я не ўгаворваў, не. Але сам у Маскву падаўся - і яны следам. Хадзіў да Сталіна прасіць за іх. Ён абяцаў: "Я разбяруся", - і з імі разбіраліся. З некім адразу, з кімсьці пасля. На людзях не паказацца было. Схаваўся дома, запіў…
Купала схаваўся ў вёсцы, у Акопах. Блукаў па ваколіцах і ўспамінаў, якім шчаслівым тут было лета 1913 года, у якое вярнуўся ён з Пецярбурга! Як глыбока дыхалася, як лёгка пісалася! За месяц - тры паэмы! "Куды ўсё падзелася?.." - жаліўся ён маці. Яна не суцяшала. "Я казала табе…" Толькі аднойчы, калі заплакаў у яе на падоле, на каленях, як маленькі, пагладзіла па галаве: "Я казала табе трымацца палякаў… Ну, паплач… Памятаеш, як ты з Яхімоўшчыны, з бровара прыехаў? Скардзіўся, што бровар, дзе хочаш не хочаш, а выпіваеш, замінае вершы пісаць. І Антон табе сказаў: трэба нешта кідаць. Ці бровар, ці вершы. Тое самае і цяпер: трэба нешта кідаць. Нічога не змянілася, сыне, толькі Антон памёр…"
Так, нічога ў свеце не змяняецца, толькі нехта памірае. Вось і Антона Лявіцкага, пісьменніка Ядвігіна Ш., які любіў яго і якога ён любіў, не стала. Гэта ён, Антон, якому паказаў Купала свае першыя вершы, спытаў: "А чаму ты размаўляеш па-беларуску, а пішаш па-польску?" - "Бо калі размаўляю, проста кажу…" - "Дык і калі пішаш, проста пішы…"
Антона ў Вільні хавалі, ён хацеў з’ездзіць на пахаванне, але ў Вільню палякі яго не пусцілі. Яны ўвогуле пасля таго, як паміж Вільняй і Мінскам паклалася беларуска-польская мяжа, не давалі яму магчымасці пабываць у горадзе, які яму сніўся. Паўліна казала: "Помсцяць за тое, што ты кінуў па-польску пісаць".
Хто іх ведае, тых палякаў… Хутчэй за ўсё яны лічылі яго чырвоным. Ды на іх месцы ён і сам бы чырвоным сябе лічыў.
Гарэлка не суцяшала… Не ведаючы, што рабіць, ён пачаў вінаваціцца. Ва ўсім перад усімі, перад светам і сабой:
І засумуецца патомак,
Калі дазнаецца аб нас,
Што нейкі з нас хоць быў не зломак,
А плечы гнуў у крук не раз.
Не йшоў з адкрытымі вачыма