- ЧК, - сказаў Бур. - Купалам як займалася, гэтак і займаецца ЧК.
- І яшчэ Маргер, - уставіў сваё, бо не мог не ўставіць, бо тады ён не быў бы ён, Барада. Але тут жа зрабіў выгляд, нібы гэта не падкол. - Ён жа казаў сёння, хто забіў, чаму? Ці вы не чулі?
Гарымякін, які быў някепскім празаікам, мог бы пісаць дэтэктывы, але збіўся на раманы, у якіх сакратары райкамаў партыі перавыхоўвалі старшыняў райвыканкамаў, зноў калупнуўся ў носе.
- Ён хіба быў там, дзе забівалі? Бачыў забойцаў і можа іх апазнаць? Усё гэта з нечых слоў. А тое, што са слоў, - гэта літаратура. Не дакумент для навуковага даведніка. І не для даведніка я вам магу сказаць, што сын Якуба Коласа казаў мне, а яму казаў бацька ягоны, што якраз Перапёлка, словы якой для Маргера дакумент, і спіхнула Купалу. Ён быў нападпітку, пачаў да яе чапляцца - яна адштурхнула. Выпадкова, вядома, усё выйшла, але. Дык што: пісаць пра гэта ў энцыклапедыі?
- А чаму не? - спытаў Дымовіч. - Калі Колас казаў.
Каралевіч, які не ўмеў хаваць ні таго, што яму весела, ні таго, што сумна, засмяяўся. Бо ў тым, што спытаў Дымовіч, была падначка: Гарымякін любіў расказваць, як хваліў яго Якуб Колас.
- Казаў, - не надта прыязна зірнуў Гарымякін на Дымовіча. - Але фотаздымка не даслаў, на якім Купала чапляецца да Перапёлкі. Ці да Мядзёлкі, пра якую таксама кажуць, што гэта яна Купалу скінула.
Так, такое казалі. І кажуць. І пра Мядзёлку, і пра Перапёлку. Калі Перапёлка распавядала пра смерць Купалы, пра тых, хто яго забіў, Віктар нават падумаў, што яна ўсё выдумляе. Засыпае сцежку, якая магла прывесці да яе, пясочкам прыдуманых успамінаў.
Соф’я Саламонаўна прынесла смажаную рыбу: "Правільна, жанчыну шукайце, жанчыну… Во табе, Віцечка, хвосцік, галаву ты, мусіць, у Маскве з’еў…"
З’еў дык з’еў. Жарцікі Соф’і Саламонаўны - такой бяды. Абы астатнія не чапляліся з гэтым, як Перапёлка з Мядзёлкай да Купалы. І ён сказаў, пакуль налівалі пад рыбу:
- Калі шукаць жанчыну, дык у самым канцы Купалавага жыцця іх было чатыры. І ўсе акторкі. Так што любая ў ягоным лёсе магла якую заўгодна ролю прыдумаць.
Тарасюк, які сядзеў насупраць, глянуў на яго, паківаў.
- Магла. Але мы не французы. Навошта нам шукаць жанчыну, калі чалавек загінуў за ідэю?
Бычык, Дымовіч, Бур з Масляком таксама паківалі: маўляў, так, - а Каралевіч, як толькі Барада наліў яму кілішак, тут жа ўстаў.
- Можаце лічыць, што я француз! Я не разумею, чаму за ідэю лепш загінуць, чым за жанчыну? Па-мойму, наадварот. Прапаную выпіць за ўсіх жанчын Купалы. Хоць іх чатыры, хоць сорак чатыры!.. - І спытаў, выпіўшы: - А хто чацвёртая?
Распавесці ім пра акторку Ганну Трубяцкую? Пра яе дачку, якая таксама Ганна, і бацька якой, можа быць, ці Сталін, ці Купала?.. Каралевічу можна было б расказаць. Стральцу таксама, Барадзе… Гарымякін спытае: дзе дакумент? Без дакумента - літаратура. А калі і літаратура, дык што? Вы ж літаратары.
- У мяне ў Маскве знаёмая была. Мімалётная такая. Таксама, дарэчы, акторка, - падняўся і прайшоў да вакна, каб закурыць, Стралец, які ў кампаніях звычайна больш курыў, чым гаварыў. - Неяк яна сказала, што сябруе з дачкой Купалы. Я падумаў, як Віктар: акторка. Якую заўгодна ролю можа прыдумаць. Калі не дачкі Купалы, дык яе сяброўкі. А яна мяне з ёй пазнаёміла. З той дачкой. Выпадкова, у тэатры. У антракце. Ні пра што такое не размаўлялі, коратка ўсё. Дый не спытаеш: чыя ты?.. Не ведаю, ці дачка, але да маладога Купалы падобная. Калі ўзяць яго фотаздымак і яе, дык можна было б і ў энцыклапедыю.
- Яе Ганнай звалі? - спытаў Віктар, і Стралец глыбока зацягнуўся дымам цыгаркі: "Не помню. Можа, Ганнай. Не назвалася".
Гарымякін узвіўся.
- У якую энцыклапедыю? Не магло ў Купалы быць дзяцей! Проста не магло, спытайце Чужаніна!
Бычык спакойна, як заўсёды, спытаў:
- Чужанін уролагам быў да Купалы прыстаўлены?
Пра паэта Чужаніна, які быў нейкі час сакратаром Купалы, казалі, што ён быў прыстаўлены да яго энкавэдыстамі. Так яно, ці не, але...
- Я казаў Віктару, каб не браў гэтую прэмію, - працягнуў без ніякага пераходу Бычык, і Віктару падумалася: "Ну вось. Скончылася там - пачынаецца тут. І ад гэтых не адмахнешся, як ад тых, каго не хоча бачыць Масляк. Бо свае". - Бо давядзецца, - казаў Бычык, - адрабляць. Савецкая ўлада не тая ўлада, каб нешта даць і забыць. Па сабе ведаю. Дый ты, Алесь, ведаеш, і ты, Генадзь, і Валодзя, і Рыгор, і Валянцін, і Міхась - усе вы. Ніхто не без граху, бо ў такім часе жывем. Грахоўным. Але гэта не апраўданне. І тое, што прапанову сваю ўлада можа гэтак зрабіць, што не адмовішся, таксама не апраўданне. Мы не мусім дапускаць, каб да нас звярталіся з сумнеўнымі прапановамі. Каб ва ўладзе думка ўзнікла, што нешта такое нам можна прапанаваць. А раз узнікла, калі дапусцілі... Тады прапануюць напісаць прывітанне Сталіну. Ці Брэжневу. І можна, вядома, паспрабаваць апраўдацца, што Брэжнеў - не Сталін. Але няма...
Бычык паглядзеў на ўсіх па чарзе, падціснуў вусны, у яго звычка была ў напружаныя моманты вусны падціскаць, і не сказаў, чаго няма? Мусібыць, апраўданняў.
- З Купалам параўнаў Маргера, - з падробнай зайздрасцю ў голасе, можа, для таго, каб зняць напружанне, сказаў Бур. - Мяне дык не, хоць даўней сябруем.
- Ты вершаў пра Сталіна не пісаў, - паспачуваў яму Тарасюк.
Барада тут жа ўставіў:
- Не паспеў. Затое паспеў пра Леніна, - на што Тарасюк рукой махнуў:
- Ды хто з нас пра Леніна не пісаў…