Купала глядзеў на пелярыну. Яна ляжала, чырвоная, на сінім дыване пад нагамі Ганны - здавалася, плыве па сіняй рацэ, на беразе якой Ганна сядзела, падабраўшы падол сукенкі, каб не замачыць, і ён успомніў маці, якая сядзела вось так, падабраўшы падол сукенкі, над ракой, толькі ён забыўся праз іх частыя сямейныя пераезды, дзе: у Вязынцы, Сеніцы, Селішчы?.. - і была маці падобнай да Лёлі, багіні прыгажосці, якой яе ўяўляў ён, маленькі Ясь, і думаў, што калі вырасце і ажэніцца, дык ці з маці, ці з Лёляй, і сказаў пра гэта маці, крыкнуў цераз раку, бо на другім беразе быў: "Калі вырасту, я ці з табой ажанюся, ці з Лёляй!" - на што маці засмяялася, а тут да ног яе падплыло нешта чырванаватае, не разабраць было, што, можа, толькі што знятая, не выскрабаная скура барана, якую маці, нагнуўшыся, паспрабавала вылавіць, бо ніякая скура ў гаспадарцы не лішняя, але не ўтрымалася і сарвалася з берага пад скуру галавой, ніяк не магла, перапудзіўшыся, з галавы тую скуру сцягнуць, нарэшце вынырнула, закрычала, захлынаючыся: "Я-я-яська!.. Я-я-ясь!.." - і ён кінуўся ў раку, вада ў якой здалася яму чамусьці такою ж, як кроў, чырвонай, не відаць дна - вада Айчыны.
- Вы сказалі, што мужчына - гэта жанчына і Айчына, - нахіліўся з гаўбца, раптам адчуўшы жаданне зляцець з яго, Купала. - Мне няма чаго дадаць.
Ганна павяла плячамі, Берыя ўсё ж падняўся на гэты жэст, падаў пелярыну. Сеў, наліў у бакалы віна. Купалу зверху здалося, што сабе белага, а Ганне чырвонага. З адной бутэлькі.
- Гэта адказ. Наўрад ці яму спадабаецца, але гэта адказ. - І падняў бакал. - Вып’ем!.. Як там у вас, на вышыні?..
Купала схадзіў па свой кілішак, Ганна таксама бакал падняла, спытала напружана, відаць было, што ў фінале гэтай рэстаранна-тэатральнай пастаноўкі яна не чакала нічога добрага: "За што?.."
Берыя сабраўся нешта сказаць, без тоста грузіны не п’юць, але перадумаў. Змаўчаў і паглядзеў на Купалу.
Купала зразумеў, што тост чакаюць ад яго. І нічога, зусім нічога ў галаву не прыходзіла. Мітусліва ўспамінаў Грузію - колькі там гэтых тостаў наслухаўся! І хоць бы адзін.
- У мяне знаёмая ў Грузіі. Эліко... - пачаў ён, не ведаючы, чым скончыць. - Мы з ёй... З боку выглядала, што ў нас раман, а да яе сватацца прыехалі. Не мае сваты. І жаніх, між іншым, мегрэл, калі ў застоллі сядзелі, легенду распавёў.
Усё ж успомнілася. Хай не тост, але нешта грузінскае.
- Жыла ў гарах прыгажуня. Прышоў да яе сватацца джыгіт. І ў гэты ж час яшчэ адзін. Сталі спрачацца: каму першаму сватацца? Пачалі біцца - і забілі адзін аднаго. І сталі праз гэта біцца іх родныя, крэўныя - і пазабівалі адзін аднаго. І пазабівалі праз гэта адзін аднаго ўсе жыхары іх паселішчаў. Застаўся жывы толькі адзін сівы, мудры горац, які й пакінуў свету гэтую легенду…
Давайце вып’ем за...
Берыя падняўся - і Купала змоўк.
- За дружбу народаў! - сказаў Берыя, хоць Купала чакаў, што скажа: за мудрага горца! Сам ён збіраўся менавіта так сказаць.
- За рускіх, - чокнуўся Берыя з Ганнай, - за беларусаў, за грузінаў. Ва ўсіх народаў шмат мудрых легендаў, і я абяцаў вам распавесці, калі дазволіце, легенду пра горнага арла. Таксама грузінскую. Яна не зусім супадае з тым, што кажа пра сямейства арліных арніталогія, але я не доктар біялагічных навук. Дык вось, калі арол пачынае старэць, ён кіпцюрамі сваімі, якія стачыліся за доўгія гады, ужо не можа схапіць здабычу. Дзюба ягоная з узростам загінаецца, і не ўдаецца яму, як раней, адным ударам забіць ворага. Крылы ягоныя абрастаюць, як імхом, старэчымі пер’ямі, робяцца цяжкімі і не даюць яму высока ўзняцца, каб далёка бачыць. Што ж рабіць горнаму арлу? Паддацца старасці, здацца смерці? Скласці крылы і кінуцца са скалы? Нейкі птах гэтак і зрабіў бы, але не горны арол. Ён узлятае на вяршыню скалы і дзяўбе, дзяўбе гэтак, што іскры ляцяць, цвёрды, як жалеза, камень, пакуль старая дзюба не раструшчыцца. Дачакаўшыся, калі вырасце новая, ён вырывае ёю свае сточаныя кіпцюры. Нанава выраслымі кіпцюрамі арол выдзірае старое, сцяжэлае пер’е на крылах - і зноў высока ўзлятае, зноў далёка бачыць. З вострых кіпцюроў ягоных зноў не вырвацца здабычы, ад жалезнай дзюбы ягонай не ўратавацца ворагу!.. Дык вып’ем за... - вышэй падняў Берыя келіх, пастаяў з ім, высока ўзнятым, і паставіў на стол. - Зрэшты, Іван Дамінікавіч, выпівайце за каго ці за што хочаце. Зараз Лангіноз адчыніць рэстаран - і можаце зверху глядзець. На ўсё і на ўсіх. Калі захочаце некага забіць, скажыце Лангінозу. Ён заб’е і засмажыць. А калі не захочаце, можаце пра гэта не казаць, бо не паверу. - І ён падсунуў келіх да Ганны, якая нервова, пакуль Берыя легенду распавядаў, выпіла свой. - Ты застаешся?
- Фу!.. - выдыхнула тая і, выпіўшы віно з келіха Берыі, пацепнула белымі плячыма пад чырвонай пелярынай. - Дзякуй, я ўжо нагледзелася. Усіх бы пазабівала! І тых, хто ўнізе, і тых, хто зверху.
Шалёная.
"Шенма сурвілма дамліа Шензе фікрма да севдама Шорс цасвлам, хшірад гакрама Гуліс твалебіт мхедвама, Гуліс твалебіт мхедвама…" - насцеж расчыніліся дзверы, у якія ўляцеў, як горны арол з новымі крыламі, Лангіноз з музыкамі і, пакуль тыя спявалі, як каханая страціла каханага, нібы чаркес стралу, Лангіноз паказваў, як выходзіла ў Берыі з адной бутэлькі і белае, і чырвонае віно наліваць: "Тут перагародка, дзве бутэлькі ў адной. Фокус просты, але, калі не ведаць, уражвае. Ён Сталіну, калі знаёміліся, гэтаксама наліў. Той не ведаў і ўразіўся. У Маскву Берыю ўзяў. А ён мяне паклікаў. Вы таксама можаце каго хочаце паклікаць. Калі няма гаспадара, гэта не забараняецца. Увогуле ўсё можна, калі гаспадара няма. Гуліс твалебіт мхедвама, гуліс твалебіт мхедвама…"
Купала не стаў нікога клікаць. Табідзе ў Маскве не было, а некага іншага... Можна, вядома, некага. Таго ж Асеева, Ціханава... Але ён падумаў: "Мяне б яны паклікалі?.." Стаяў на гаўбцы, папіваў каньяк, падыходзіў да стала, закусваў смачна, кухара Кікнадзе не трэба было засмажваць, глядзеў з гаўбца ўніз, дзе ўсё болела шуму, звону, людзей, жанчын у шыкоўных строях і мужчын у ладна скроеных касцюмах, фрэнчах і кіцелях, якія коратка, так, каб было незаўважна, кідалі, калі прыкурвалі, позіркі наверх, і па тварах іх прабягала то недаўменне, то разгубленасць: хто там, на гаўбцы Берыі, дзе выпадковых не бывае? - і гэтая невядомасць выклікала ў іх адчуванне небяспекі, шмат хто відавочна нерваваўся, вунь тыя два вайскоўцы амаль пад самым гаўбцом, абодва з пятліцамі палкоўнікаў, якія налівалі і выпівалі, налівалі і выпівалі, не закусваючы, пакуль адзін не з’ехаў з крэсла тварам у талерку з кабачкамі, а потым стаў выцірацца сурвэткай, як нядаўна паказваў Берыя, так, што стала гідка, і ўжэрты палкоўнік адчуў гэта, крайком вока ўбачыў позірк Купалы, які свідраваў яго зверху, ускочыў і застыў рукі па шве з кабачковымі семкамі на падбароддзі, з боку ў бок хістаючыся, пакуль хаўруснік не ўзяў яго пад пахі і не пацягнуў у прыбіральню, чапляючыся за ножкі крэслаў, за сталы, устаўленыя, як на карціне, бутэлькамі, чырвонымі і белымі місамі, талеркамі з рыбай, мясам, заваленыя зелянінай і садавінай, і ўсё гэта пад музыку з танцамі, пад "Барыню" і "Лезгінку" пілося, елася, жавалася, жэрлася ў сталіцы краіны, на прасторах якой смерць пажынала людзей, старых і дзяцей, галадаморамі, знішчала іх ссылкамі, лагерамі, генацыдамі - Купалу невыносна захацелася забіць і тых, хто ўнізе, і тых, хто зверху, дзе ён быў адзін…
Чужы чужым - яны знайшлі свайго,
Не свой сваім - яны пайшлі з чужымі,
Не тузайся ні з тымі, ні з другімі.
Як ты адзін - ты больш за аднаго.
У высі птушка,
Рыба ў глыбіні,
Вандроўнік на фантомным небакраі,
Як ты адзін - ты не змарнуеш дні
На тое, каб спазнаць законы зграі.
Як ты адзін - аднойчы ўночы ты,
Угледзеўшы імгненны след каметы,
Уцяміш таямніцу пустаты,