Такая ж газета з некралогам "Памяці Янкі Купалы" засталася на тумбачцы ў 414-м нумары.
Трызна была прызначаная на тры гадзіны, але ён вырашыў выйсці раней, прагуляцца па Маскве - калі яшчэ давядзецца?.."
Чакай, чаму некралог у "Известиях", а не ў "Правде"? Скуль я гэта помню? Ні скуль не магу помніць, бо не ведаў і не ведаю. Але той, хто дыктуе, ведае. І не было такога, каб памыліўся.
"Дзень быў па-летняму ўтульны. Ён любіў такія ўтульныя летнія дні, калі сонца не пякло, а лашчыла, і паветра, прахалодна-празрыстае, пераламля-лася, як крынічная вада ў крышталёвай шклянцы, і ўсё наўкол іскрылася, і ясным было ўсё да донца.
Колькі ў яго такіх дзён было?.. Палова? Траціна?.. Дзе там!.. На той зямлі, на якой пражыў ён свае шэсцьдзесят гадоў, не надта сонечна. Так што ясных дзён выпала ў жыцці няшмат. А па смерці такі першы выпаў. І добра, што серада.
Ён не задумваўся над тым, чаму добра, што серада - проста з усіх назваў дзён тыдня яму найбольш падабалася гэтая. І ён крочыў скрозь ясны дзень, скрозь сераду, і радаваўся, не задумваючыся, з чаго, чаму?..
Пры жыцці гэтак радавацца рэдка яму ўдавалася, бо амаль заўсёды з радасці ўзнікала вострае адчуванне імгненнасці, матыльковай мімалётнасці жыцця, а праз тое страх, што яшчэ адзін матыльковы ўзмах - і ўсё скончыцца. Страх смерці. А тут вось яна, смерць, у табе, ты ў ёй - і няма чаго баяцца".
Трохі рана пра смерць у ім, трошкі рана, ён яшчэ з жыццём у сабе не разабраўся… Прыспешваю. Можа, таму, што стаміўся?..
Віктар адкінуўся на спінку крэсла, паглядзеў на стол, убачыў, колькі спісаў паперы, і, зразумеўшы, што піша раман, адчуў голад. Па тэксце голад, па тэксце - колькі яго наперадзе! Але ж і не снедаў, і не абедаў. У хаце, каб з’есці, нічога. Падумаў пра кавярню ў Доме літаратара і ўспомніў, што там вечарына.
Было каля шасці вечара. Прыехаў ён а дзявятай раніцы. Значыць, прасядзеў за сталом, не заўважаючы часу, амаль паўсутак. Дзякуй, Божа!..
Склаў паперы, хуценька пагаліўся, сабраўся. Падышоў да дзвярэй - яны не былі замкнёныя. Марат мог увайсці, штурхнуўшы іх. Нехта б так і зрабіў. Але не Марат.
Пад праводку дзвярнога званка была засунутая паперка. "Жыццё - дакументальны жанр. Заўтра ўвечары самалёт. А там - як Бог дасць".
"Марат!.. Ёрш тваю дваццаць, Марат!.." - кінуўся Віктар да тэлефона, падключыў, набраў нумар калішняй маратавай жонкі: "Зоя! Дзе Марат?" - "А ён мне не брат, не сват…" - "Ён з’ехаў? Куды?" - "А куды ўсе жыды…"
Рыфмуе. Вершы піша. Курва! І як Марат з ёй ажаніўся? Трэба было спачатку дзверы адчыніць! Паглядзець трэба было, Марат, ёрш тваю дваццаць!..
XXIX
- Купала пісаў пра Леніна… - усхліпвала, лятаючы на вянку пад самай столлю рытуальнай залы, Спагада. - Вось паслухайце: "Ленін на сэрцы шчаслівым, Леніна ў сэрцы заветы, Ясныя думак парывы Песняй імкнуцца над светам…" - а таварыш Коган, якая яшчэ гадзіну таму заступалася за Купалу, цяпер разам са старшынёй таварыства аматараў крэмацыі таварышам Кашкадамавым патрабавала яго раскрыжаваць, кулачкамі сатрасала: "Гэта ён пра сябе, пра ордэн свой напісаў, а не пра Леніна!.." І дачытала верш, не даплаканы Спагадай: "Вочы мне з часам самкнуцца, Жвір мяне ўхутае цвёрды, Жыць між людзей застануцца Песня і Леніна ордэн!"
- Ну, Коган! - у каторы раз пляснуў сябе па каленях Куйбышаў, нібыта зноў пашкадаваўшы, што кінуў у Самары такую жонку, якая на памяць усе, нават беларускія вершы ведае, а яна тут жа павярнулася да яго: "Вам бы, таварыш Куйбышаў, не ў ладкі пляскаць гэтаму нацыяналісту, да якога чамусьці вы блізка прысуседзіліся, а спытаць прыслужніка нашых ворагаў: што ён напісаў, каб стаць ганаровым сябрам крэматорыя таварыша Сталіна?!" - і Куйбышаў, якога колішняя жонка звінаваціла ў блізкасці да ворагаў, трохі, наколькі змог у цеснаце, ад Купалы пасунуўся…
"Ён ужо не чалавек, горад, а таксама, як і ўсе, баіцца", - падумаў Купала, згадаўшы, як падобная да жонкі Куйбышава, толькі светлавалосая сакратарка старшыні беларускага саўнаркама дапытвалася ў яго: "Дык што вы напісалі, каб стаць удзельнікам дэкады беларускага мастацтва ў Маскве?.." - і сама пазначыла ў спісе ўдзельнікаў: "Купала І.Д., аўтар песень".
"Якіх?.." - пацікавіўся ён, бо ніякіх песень да дэкады не пісаў, і сакратарка сказала: "Народных".
Што ж, з паэмай "На куццю" ў Маскву не паедзеш. Толькі з песнямі.
Ён, можа, і не паехаў бы, калі б не Ганна. "Я не ведаю, што яно такое, адно ведаю, што гэтага не трэба ні табе, ні мне, і нават не таму, што небяспечна, проста ні мне, ні табе не трэба, але я невыносна, нясцерпна хачу цябе ўбачыць, няхай нават праз гэта мяне спаляць, як ведзьму, я гатовая за цябе жывой згарэць…" - напісала яна ў лісце, перададзеным праз "даўняга вернага сябра", рэжысёра, якога паслалі з Масквы ў Мінск "кансультантам па падрыхтоўцы да дэкады беларускага мастацтва", і той кансультант, выпіваючы дома ў Купалы, нахіліўся блізка-блізка да вуха: "Вас арыштаваць могуць… А яна гуляе з агнём. Скажыце ёй пра гэта, напішыце…"
Арыштавалі, як толькі ён вярнуўся ў Маскву, "даўняга вернага сябра".
"На вакзале яго чакалі, знайшлі і забралі твой ліст, - казала Ганна, калі яны сустрэліся. - Што ты там напісаў? Будзеш цяпер на Лубянцы з ім у кампаніі!"
"У Мінску няма Лубянкі".
"Лубянка скрозь…"
- Вось вы ў якой кампаніі! - падала Купалу "Спіс пісьменнікаў, удзельнікаў дэкады беларускага мастацтва ў Маскве", сакратарка старшыні саўнаркама. - Сем чалавек. - І даверліва кіўнула на дзверы кабінета начальніка. - Там сказалі, што квота шэсць. Дык адзін лішні. Вы каго б выкраслілі?
"Мусіць, яна ва ўсіх пра гэта пытае?.." - прабег Купала позіркам па спісе, дзе насупраць кожнага прозвішча было пазначана, хто над чым працуе, хто і што стварае. Колас - п’есу "Вайна", Бядуля - аповесць пра рэвалюцыйную барацьбу гішпанскага народа, Лынькоў - раман "Кастрычнік у Беларусі", Броўка і Глебка - лібрэта оперы "Кветка шчасця", Міронаў, пра якога да таго, што пісьменнік, было дададзена, што ён як чалюскінец узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, рыхтуе да дэкады беларускага мастацтва арктычныя апавяданні, - і Купала сказаў: "Я б выкрасліў Купалу І.Д., аўтара народных песень. Бо такога не ведаю".
"Жартуеце, - уздыхнула сакратарка. - А гэта ж Масква!.." І па яе лыпаючых вачах, па ўздыбленых грудзях, па ўсёй ёй чыталася, што з Масквой не да жартаў.
"Масква, наша доля і воля…"
Так, з Масквой было не да жартаў, а Ганна (Купала зноў успомніў Асеева: "Гэтая актрыска шалёная!") прыйшла, хоць яны дамовіліся спаткацца пазней, на балет "Салавей", якім сканчалася дэкада беларускага мастацтва ў Маскве, і, калі ў фінале балета дзве сотні танцораў і танцорак тапталі "Лявоніху", да Ганны падсеў кінарэжысёр Чыаўрэлі, нешта сказаў ёй, кіўнуўшы на ложу, дзе сядзеў Берыя, і Ганна ўскочыла, села, зноў ускочыла, села - з боку можна было падумаць, што яна таксама "Лявоніху" танцуе. Урэшце яна паднялася і сышла, нічога не сказаўшы Купалу, а пад апладысменты танцорам да яго падышоў строгі малады чалавек: "Товарищ Купала, прошу со мной".