Зала была пустая. Вечарам у рэстаране ў цэнтры Масквы - нікога.
Ён не баяўся. Дакладней, ён баяўся, ці ва ўсякім разе разумеў, што яму страшна, бо ўздрыгвала цыгарка між пальцамі, але там, дзе звычайна адчуваўся страх, злева пад сэрцам, страху не адчувалася. Гэта было дзіўна, баяцца і страху не адчуваць, але гэта было так - і ён, вярнуўшыся да стала, наліў яшчэ кілішак.
- Падаваць? - адчыніў дзверы і ступіў у кабінет грузін у двухбортным, зацёплым, як для лета, гарнітуры. - Маё імя Лангіноз, я дырэктар. - І кінуў некаму за спіну. - Падаваць!
Дзверы расхінуліся насцеж - і два грузіны ў кухарскіх апратках падкацілі да стала вазок. На вазку ўнізе стаялі белыя і чырвоныя місы з садавіной і зелянінай, а зверху на вялізным срэбным падносе ляжаў засмажаны баран.
- Калі ласка, - падышоў да стала Лангіноз. - Лаўрэнцій Паўлавіч прасіў сказаць, што калі баран вам не спадабаецца, вам пададуць кухара. Засмажанага. - І кіўнуў на аднаго з кухараў. - Вось гэтага. Ён галоўны. Зваць Мікалай. Прозвішча Кікнадзе.
Кухары паставілі місы па краях стала, барана на падносе паклалі ў цэнтры. Кікнадзе, галоўны кухар, спрытна адрэзаў барану галаву, паклаў на талерку. Лангіноз пажадаў смачна есці - і ўсе трое выйшлі.
Купала выпіў наліты кілішак. Закусваць не стаў. Наліўшы яшчэ, глядзеў на адрэзаную галаву.
- Можна глядзець на гэта, як на метафару, - сказаў нехта з залы, і рэха пракацілася па пустым рэстаране. - Як на тое, што з кожным можа быць. І ніхто з нас, ні вы, ні я не выключэнне… А можна, як на звычай. На даўні звычай падаваць галаву барана самаму ганароваму госцю.
Купала прайшоў на гаўбец. У зале сядзеў Берыя. Народны камісар дзяржаўнай бяспекі СССР. Адзін за сталом, на якім стаяла бутэлька віна і два бакалы.
- Каб бачыць далей і болей, трэба стаяць вышэй, - падняў Берыя руку ўгору. - Я люблю стаяць там, дзе зараз вы. Гэта не так высока, але ўсё ж. Тут п’юць, ядуць, танцуюць, а я зверху пазіраю. І ведаеце: іншым разам спакойна. Людзі, думаю, як людзі, якімі яшчэ ім быць?.. А іншым разам, ведаеце, нянавісць… Без усялякай прычыны, проста сядзіць нехта і чмякае, сёрбае, свіння такая, сёрбае і чмякае, чмякае. Вось так, над сталом, - нахіліўся і пачмякаў Берыя, узяў і адкінуў, як бы выцершы рот, сурвэтку. - Проста свіння!.. І я не вытрымліваю. Хоць па характары мяккі чалавек. Гуманны. Як па сённяшнім часе, дык нават занадта. Не верыце? А дарма… - Ён зняў, працёр насоўкай і зноў начапіў пенснэ. - Зрэшты, ніхто не верыць. Нават тыя, хто, дзякуючы мне, жывы. Вось як вы. Хоць вы жывы, дзякуючы не столькі мне, колькі Хацкевічу. Памятаеце Хацкевіча?.. Ну як жа. Другі сакратар, ваш нацыянальны кадр. Ён, калі ў Грузіі гасцяваў, шмат мне пра вас распавядаў. Хваліў. "Гэта, - казаў, - як ваш Табідзе…" Ну, наш Галактыён, як мы яго без прозвішча ў Грузіі называем, таксама народны… І таксама выпівае. Інакш як напішаш такое:
І закідваў локаць па-жаночы
Снег каля расстайнага маста…
Вы ж выпіваеце?.. Выпіваеце, я ведаю. Налівайце, там у вас, на вышыні, ёсць што наліць.
Насоўка ў Берыі была карычневая з чырвонымі кантамі, і ён, працёршы пенснэ, расправіў яе і акуратна склаў.
- Не хочаце?.. Ці пабойваецеся?.. Не рабіце выгляд, нібы Хацкевіча не ведаеце! Яго не расстралялі як ворага народа. Напісалі, што расстралялі, а насамрэч забілі выпадкова. Не за нацыяналізм. Ды ён і не быў нацыяналістам. У вас, у беларусах, увогуле гэтага мала. Так, хіба пагаварыць. Хоць у чалавеку гэта вызначальная сіла - нацыянальнае пачуццё. Такое ж моцнае, як каханне. Увогуле, што такое чалавек, калі ён мужчына? Мужчына - гэта жанчына і Айчына. У вашых вершах шмат пра гэта, вы разумееце… А вось Хацкевіч зразумець баяўся. Я пытаю: а ведаеш, што мяне за нацыяналізм ледзь не зрабілі брытанскім шпіёнам? Што я Закаўказскую федэрацыю хацеў стварыць, ледзьве не ўгаварыў Сталіна?.. Не, кажа, не ведаю. І глядзіць спалохана. Вось як зараз вы… Думаеце: як гэта таварыш Берыя, які разам з таварышам Сталіным вынішчае ўсялякую нацдэмаўшчыну, можа быць нацыяналістам? Пастку таварыш Берыя ставіць, не йначай…
Купала не думаў пра тое, чаму раптам Берыя стаў строіць з сябе нацыяналіста? У краіне, дзе, прачнуўшыся ранкам, ніхто не ведаў, ці ляжа ў свой ложак вечарам, кожны з сябе некага строіў, ніхто не быў самім сабой. Кожнаму здавалася, што ў іншага, не такога, які ён ёсць, шанец выжыць большы.
А вось пра пастку Купала думаў. І адчуваў, што патрапіў у яе так, што наўрад ці ўдасца вырвацца. Хіба толькі па-звярынаму лапу сабе адгрызці.
- Ты маленькі, дробнабуржуазны нацыяналіст! - раптам рэзка падняўся Берыя. - І мысліш дробнабуржуазна, па-маленькаму! Вось так... - склаў ён два пальцы ў дзюбку, паказваючы, як дробязна, па-маленькаму мысліць Купала. Пастаяў гэтак, гледзячы ўверх і любуючыся эфектам. Сеў, засмяяўся двума кароткімі смяшкамі. - Гэта не я кажу вам, гэта Сталін мне так казаў, калі з Тбілісі ў Маскву паклікаў. А трэба, сказаў, калі некім быць, няхай сабе нацыяналістам, дык вялікім. А як ім быць, як ім стаць?.. Вы не думалі… гэта я ўжо да вас, Іван Дамінікавіч. што такое вялікі палітык, палкаводзец, паэт? Чым вымяраецца веліч? Самім палітыкам, палкаводцам? Самім паэтам, ягоным талентам? Вядома, не без таго, але ведаеце, колькі таленавітых у якім-небудзь Ліхтэнштэйне? - з цяжкасцю вымавіў Берыя назву маленькага еўрапейскага княства, і Купала падумаў, што назву Манака, княства, не большага за Ліхтэнштэйн, вымавіць яму было б лягчэй. - Дзяржавай, Іван Дамінікавіч, веліч вымяраецца! Краінай, якая стаіць, якая высіцца за палітыкам, палкаводцам, паэтам! Вось адкуль веліч! Параўнайце: што такое Купала, за якім Беларусь, і што такое Купала, за якім Савецкі Саюз?.. Вы падыходзіце для Савецкага Саюза, вы яму адпавядаеце, таму мы вас і цягнем! Перад вамі гара, узыходзьце! На ёй кедры, дубы, над ёй сокалы, арлы - я вам потым, калі дазволіце, легенду пра арла распавяду… А вы ў беларускія кусты, у хмызняк, дзе ўсялякая драбяза пасецца. Нацыянальныя мышы ды тхары. Толькі піск ды смурод…
Берыя ўзяўся за бутэльку, віна наліць хацеў, але не наліў. Можа, не прыдумаў, за што выпіць? Не за мышэй жа з тхарамі.
- Сталін папрасіў мяне прыгледзецца да Хацкевіча: можна яго на гару, у Маскву, ці ён тхор? Толькі смярдзець будзе… Мне здалося, што не тхор. І можна падняць… Калі не на гару, дык на пагорак. Але яго забілі. Мы ў горы ездзілі, ён горы захацеў паглядзець. Вярталіся, калі ўжо звечарэла. На Каўказе хутка вечарэе. Вельмі хутка. Вось яшчэ нібыта дзень - і ўжо ноч. Месяц то з хмары, то ў хмару. І зырка так. А ў гэтага Хацкевіча, як і ў мяне, пенснэ было. У месячным святле паблісквала… І раптам стрэлы. 3 ночы, з цемры. А ў машыне жонка мая з намі, сын. Сасо мне пасля гэтага браніраваную машыну прыслаў. Такі самы "Пакард", на якім сам ездзіў. Але тады, у гарах на ваенна-грузінскай дарозе зратавала мяне не браня. У Хацкевіча пенснэ бліснула - у яго і стрэлілі. Пераблыталі мяне з ім. Выйшла, што ён мяне ўратаваў. Беларус грузіна. Хіба не так?.. Выпадкова, але так. І я не тое каб пакляўся, не, проста сказаў сабе... мы, грузіны, мегрэлы, а я яшчэ й мегрэл, удзячныя людзі і ўмеем трымаць слова... дык вось я сказаў сабе, што пры выпадку ўратую некага з беларусаў. І ўспомніў, як Хацкевіч распавядаў пра вас. Вось вы й жывы.
Берыя ўстаў, пайшоў па зале. Дакрочыў да дзвярэй, прыадчыніў іх і, пакінуўшы прыадчыненымі, рушыў назад.
- Але часова. Пакуль жывы. Бо ўсё можа памяняцца... Вось зараз нехта падыдзе і штурхне вас у спіну. І вы ўніз на скрут галавы. Мне пад ногі... - спыніўся Берыя. - А я вось так. - выцер ён ногі аб дыван на тым месцы, дзе мог ляжаць са скручанай галавой Купала. - І пайду далей. Да стала з віном. Можа быць, налью віна і вып’ю за вечную, так бы мовіць, памяць, а, можа, і не. Бо нічога вечнага няма. Нічога, апроч аднаго. Вечнай адсутнасці. Уяўляеце? Вы ўніз сторч галавой - і вас няма, няма і няма. Вечна. Гэта ж страшней за смерць. Таму думаць трэба, Іван Дамінікавіч, не пра тое, як у вечным застацца, а як у імгненным пражыць.
Берыя пастаяў яшчэ, гледзячы пад ногі, уздыхнуў і падняў галаву.
- Толькі тут, дзе імгненнае, ёсць у нас магчымасць пра вечнае думаць. Вершы пра вечнае пісаць. Сесці за стол, абняць сябра, выпіць... - зірнуў ён на дзверы. - Сустрэць жанчыну. - І працягнуў без ніякага пераходу. - Я спытаў неяк: "Сасо, што ты ўсё дома сядзіш? У Крамлі ды на лецішчы. Людзей не бачыш…" І прывёў яго сюды. Угаварыў прыйсці. Ён стаяў там, дзе цяпер вы, і глядзеў. Без асаблівай цікавасці. Нават раздражняўся: "Ты для чаго мяне сюды прывёў?.." Злаваць пачаў, але тут адчыніліся дзверы - і ўвайшла яна. З ягоным сынам і... Зрэшты, не важна, з кім яшчэ. Важна, што гэтак увайшла, што... - Берыя вярнуўся да стала, сеў, закінуў нагу на нагу і гукнуў у прыадчыненыя дзверы. - Пакажы, як ты ўвайшла!..
Увайшла Ганна.
- Вось, глядзіце, Сталін тое самае ўбачыў! - казаў Берыя, пакуль Ганна ў белай сукенцы пад чырвонай пелярынаю крочыла цераз залу па сінім дыване. - Белыя плечы пад пелярынаю. Як яна плыве, як уздымаюцца дыханием грудзі, як перакочваюцца, напоўненыя жаданнем, клубы. Яшчэ б!.. Як не жадаць, калі спатоліць тваё жаданне можа той, каго жадае ўвесь свет! Калі ўся зямля жадае, каб ён яе ўзяў, хоць як, ласкай ці гвалтам, а ён можа ўзяць цябе адну, ён сярод усіх цябе выбраў, дык як тут не будзеш жадаць, я так кажу, Ганна?!.
Ён падвысіў голас, і Ганна ўскінула галаву. Ганарліва гэтак ускінула - і ў той жа час не без страху.
- Так, - сказала яна, сядаючы да стала. - Вы ўсё кажаце так. І нават Табідзе слова ў слова цытуеце. "Белыя плечы пад пелярынаю..." - узмахнула яна рукамі да гаўбца, на якім стаяў Купала, і чырвоная пелярына зляцела з яе плячэй, якія бліснулі беллю. - Але пры чым тут гэты чалавек на гаўбцы?
Берыя не падняўся, каб падаць пелярыну. Толькі рух зрабіў, але не падняўся. І Ганна толькі рух зрабіла, але пелярыну не падняла.
- Прычым тут гэты чалавек на гаўбцы? - зрабіў выгляд, нібы задумаўся, Берыя. - Можа, і ні прычым. Вось няхай ён і скажа, а я паслухаю. І падумаю, як падаць галаву барана? Як метафару, ці як пачастунак…