І раптам я адчуў ваўчыны голад
І ў горле боль такі, што ледзь стрываў,
Каб не завыць!.. "Дык я яго спаткаў", -
Сказаў скрозь боль.
"Каго?" - спытала Ганя.
"Таго, каго няма".
Стары спытаў: "Каго?.." -
А Ганя закрычала: "Ты яго
Не мог спаткаць, бо не спазнаў кахання,
Не зведаў вышыні, якая ў ім,
Якая з небам, як адно ў адным,
Дзе так высока, што не розніць вока
Пачатак і канец, дзе зліты даль і блізь,
І дзе ідзеш не блізка ці далёка,
А толькі знізу ўверх - і толькі зверху ўніз!"
"Заўсёды і паўсюль, - пачуўся Голас зноў, -
Ёсць даль для чарвякоў і высь для каршуноў
І ці кахаеш ты, ці ненавідзіш,
Калі ідзеш да небасхілу, прыйдзеш
У рэшце рэшт туды, адкуль пайшоў.
Такі твой шлях зямны…"
"Ты можаш выбраць зорны…
Ці белы коршун ты, ці коршун чорны,
Ці чорны коршун ты, ці коршун белы, -
Заваражбіла Ганя і ўзляцела… -
Ступі на лесвіцу!.. "
"Скажы мне, на якую?!."
"Любую выбірай!.."
І я ступіў на тую,
Што ўверх вяла…