- Расстраляць! - істэрычна крыкнуў нехта каля лесвіцы, і зала падхапіла: "Расстраляць!.. Горкага расстраляць!.. Коган расстраляць!.. Куйбышава!.. Тухачэўскага!.. Прэзідыум!.. Расстраляць усіх!.." - і ніхто не пачуў у ляманце разгублены голас Горкага: "Ён жа народны паэт, лаўрэат Сталінскай прэміі…" - а нябожчык у кіцелі пракурора голас Горкага пачуў.
- Так, - падняўшы руку, вярнуў цішыню ў залу пракурор. - Ён народны паэт, нацыянальны кадр, але паглядзіце, як мясцовы нацыяналізм зліваецца з карычневай чумой. Калмыкі, чачэнцы, інгушы, балкарцы, крымскія татары пайшлі ў паслугачы да фашыстаў! А пасля яны яшчэ крыўдаваць будуць, што мы іх дэпартавалі. У Кіеве ўкраінскія нацыяналісты сустрэлі немцаў хлебам-соллю! А пасля яшчэ яны прэтэнзіі прад’яўляць будуць, што мы ў іх Крым забралі. Наш Крым! У Мінску фашысты назвалі вуліцу іменем… - запаволіўся нябожчык у кіцелі пракурора. - іменем каго б вы думалі фашысты ў Мінску вуліцу назвалі, таварыш Коган?..
Таварыш Коган падхапілася, счырванелая, і раптоўна збялела. Купала здзівіўся, што нябожчыкі гэтак чырванець і бялець могуць, але голасу колішняя грамадзянская жонка Куйбышава не страціла: "Я прызнаю сваю памылку, таварышы! У той час, калі партыя, калі таварыш Сталін заклікае да барацьбы з мясцовым нацыяналізмам, які зліваецца з фашызмам, калі наш народ патрабуе бязлітаснага суда над здраднікамі, мы павінны не шкадаваць не толькі іх, але й нашых бацькоў, братоў і сясцёр, саміх сябе не шкадаваць, і я лічу, што расстраляць за гэта мала! Кара для паслугачоў фашыстаў мусіць быць такая, каб яны ўсё жыццё і ўсю смерць пра гэта помнілі, і я прапаную… - прыпынілася таварыш Коган, не прыдумаўшы, відаць, што прапанаваць замест расстрэлу... - прапаную..."
"Хто ў каго Крым забраў?.." - з неразуменнем у голасе спытаў, пакуль таварыш Коган абдумвала сваю прапанову, нехта ў канцы залы, а тут ускочыў Кашкадамаў, пырснуў слінямі:
- Раскрыжаваць!.. Мы аднаго такога, калі яшчэ я старшынёй таварыства ваяўнічых бязбожнікаў быў, раскрыжавалі, дык навек!
Па зале прабег шумок. Ці як марская хваля пракацілася, ці як пра-ляцелі птушкі.
- Што навек?.. Каго навек?.. - спытаў ад лесвіцы палкоўнік Несцярэнка, а таварыш Коган, убачыўшы, што нябожчык у кіцелі пракурора зірнуў на Кашкадамава ўхвальна, крыкнула коратка, як адным ударам цвік увагнала: "На крыж!"
І чырвоны рубінчык на медальёне, які сціскаў у руцэ Купала, гэтак апёк далонь, нібы ў яе распалены цвік увагналі.
"Ай да Коган!.." - зноў пляснуў сябе па каленях Куйбышаў, але гэтым разам не сказаў, што дарма яе ў Самары кінуў. Мусібыць, вырашыў, што кінуў не дарма.
- А гэта па-бальшавіцку будзе? - асцярожна спытаў Тухачэўскі, які зусім не выглядаў на чырвонага маршала, што 20 год таму збіраўся распаліць сусветны пажар, жалезнай рукой загнаць чалавецтва да шчасця, а пазіраў на нябожчыка ў кіцелі пракурора лісліва, знізу ўверх, гатовы зняць і паслаць яму пад ногі свае маршальскія галіфэ. - Расстраляць - гэта я разумею. Гэта па-бальшавіцку. А раскрыжаваць…
"Чаго ён, чаго Куйбышаў, чаго Коган, чаго і каго ўсе яны, - намагаўся зразумець Купала, - баяцца? Яны ж мёртвыя! Хто і што з імі можа зрабіць? Хіба Бог… А Бога ім чаго баяцца, калі атэісты? Дык каго? Чаго?.."
- Яны ідыёты, а не атэісты, - шапнуў яму на вуха Маякоўскі. - Я праз тое і застрэліўся, што яны ідыёты.
- Правільна гэта будзе! - цвёрда сказаў Кашкадамаў. - Нашы ворагі ўзнялі яго на абраз, а мы яго на крыж! Правільна, таварыш... таварыш Ляплеўскі?..
"Во!.. Намеснік Вышынскага! Нейкі не падобны…" - шапнуў Купалу Куйбышаў, а Кашкадамаў не сядаў, чакаў, і зала чакала, што скажа таварыш Ляплеўскі, намеснік пракурора СССР, які дасюль па-беларуску прамаўляў, а цяпер спытаў па-руску, ці Купала пачуў па-руску, ён ніяк не мог улавіць, з чаго і як такія перакіды здараюцца: "А почему у вас, товарищ Купала, нет ни одного масштабного произведения о товарище Ленине? Вот у товарища Маяковского есть, а у вас нет. По какой причине?.."
- Па той, што не напісаў! - нечакана для самога сябе весела адказаў Купала, і Куйбышаў трэці раз пляснуў сябе па каленях.
Перад прэзідыумам узвілася, проста ластаўкай узляцела і таксама паруску зашчабятала таварыш Коган.
- Это не ответ, и нечему тут, товарищ Куйбышев, аплодировать! Советский поэт не может, не имеет права не написать масштабное произведение о товарище Ленине, потому что...
Пакуль яна шчабятала, тлумачачы колішняму мужу і сакратару Ленінградскага абкама партыі, чаму савецкі паэт не можа не напісаць пра Леніна, Купала ўспомніў, як два гады таму, калі ў Маскве была дэкада беларускага мастацтва і яны з Ганнай сустрэліся ў другі раз, у яго таксама пыталіся, чаму ён не напісаў паэму пра правадыра?.. І як Ганна даймала з п’есай для яе, у якой яна магла б сыграць каханку д’ябла ці каханку Бога… І як жанчына, якая яе чула, спытала, уражаная: "Табе ўсё адно?.."
Было гэта ў музеі Леніна ў Горках, куды яны заехалі, калі Ганна запрасіла Купалу да сябе на лецішча: "Там нас ніхто не знойдзе!.."
26
На дзяржаўнай дачы Грачына гарэла святло, у падворку стаялі машыны. Пяць. Адна ўрадавая, "ЗІЛ-117", дзве міліцэйскія і дзве невядома якія, у якіх сядзелі незнаёмыя людзі.
- Што тут робіцца? - занепакоілася Ганна. - Гэта не бацькавы машыны. І ахова не ягоная, - падбегла яна да дзвярэй, каля якіх стаялі два таварышы ў цывільным. - Што тут такое?
Адзін з таварышаў, у дублёнцы, лысаваты, падобны да маладога Хрушчова, ступіў ёй насустрач, нібы не пусціць у дом хацеў, другі, у паліто і пыжыкавай шапцы, яго спыніў.
- Нічога такога, Ганна Васільеўна… У вашага бацькі госць. Зараз мы спытаем, ці можна вам?
- Які госць? Як гэта ці можна мне? Гэта не Крэмль! Гэта наш дом, я тут жыву!
Пра Крэмль таварыш у паліто, пэўна, не зразумеў, пацепнуў плячыма: маўляў, пры чым тут Крэмль? - але перапытваць не стаў, кінуў лысаватаму ў дублёнцы, які на такім марозе красаваўся без шапкі: "Ідзі скажы, што дачка з…"
Ён паглядзеў на Віктара і не сказаў, з кім. Відаць было, што ён ведае, хто перад ім, але не ведае, як таго, хто перад ім, назваць, а Віктар падумаў: "Так і буду з… "
- Зараз спытаем, ці можна, - паўтарыў таварыш у пыжыкавай шапцы такім голасам, якім звычайна прабачаюцца, бо яму, мусібыць, стала няёмка перад Віктарам, а Ганна крыкнула: "Ды пайшлі вы!" - і ламанулася за лысаватым у дзверы. - "Тата!.. Ты дома, тата? Чаму мяне да цябе не пускаюць?"
Па тым, як яна ламанулася, як закрычала, ніяк нельга было падумаць, што ўзнервавалася яна праз тое, што ў яе забяруць кватэру на Малой Броннай. Яна вырашыла, што забіраюць бацьку.
"А гэта ж было… Было… - перадалася яе нервовасць Віктару. - І зусім нядаўна. Вось так прыязджалі і забіралі. Толькі не на ўрадавых машынах. Хаця, калі паслухаць палкоўніка Рутневіча, дык гэбэшныя машыны і ёсць урадавыя. Але ўсё ж не такія ўрадавыя, як пры Сталіну. Не такія. Ці гэткія самыя, толькі выглядаюць інакш?"