- Дык вось ёсць людзі, якія не паглыбляюцца ў веданне Бога, а толькі любяць яго. І я таксама яго толькі любіў, калі на камені жыў.
- Як жыў на камені? - спытаў камендант Крамля, на якога, у адрозненне ад Леніна, аповеды святых не наганялі суму. - Хата на камені стаяла?
- Ніякай хаты. Проста камень - і я на ім. Так Бог жыць сказаў, каб я яго ўведаў. І было ў мяне толькі тое, што на сабе меў. Болей анічога мне і не трэба было. Але аднойчы падыходзіць да каменя Ганна. Не гэтая! - махнуў святы Серафім у бок святой Ганны. - Дачка званара, якая нарадзілася ў той дзень, калі я са званіцы зваліўся. Кажа: "Бог не даў табе забіцца, каб ты мог са мной злучыцца". Нібы яна гэта ведае. І падае руку: "Пайшлі на званарню!" А мне голас: "Калі пакінеш камень, цябе, як камень, пакіне Бог!" Я Ганне: "Будзь са мной тут", - дык яна: "Не! Толькі на званарні! Каб кахаліся мы з табой высока, каб пад самымі званамі!" І прыспешвае, няўсцерп ёй, калоціцца ўся: "Хутчэй! Хутчэй! Хутчэй!" Мне таксама няўсцерп, але як камень пакінуць, Бога аслухацца? І я ўзваліў камень на плечы, панёс на званіцу! Яго і тузін такіх, як я, не паднялі б, калі б не каханне, а тут я адзін - во якую сілу каханне дае! Іду я, прыступкі пад нагамі трашчаць, праз адну ламаюцца, лесвіцы канца няма, званы недзе ў нябёсах гойдаюцца, і нарэшце я пад імі - і мы з Ганнай на камені. І нам мякчэй, чым на пярыне…
Кахаць - гэта камень жыцця твайго ў неба ўзносіць. Не кожнаму яго падняць.
Не помню, колькі мы на званіцы прабылі, але ж не пражывеш увесь век пад аблокамі. На зямлю трэба вяртацца. З тым, з чым на неба прыйшоў. А прыйшоў я з каменем. Паспрабаваў яго падняць - не магу. Ці сам ён цяжэйшы стаў, ці сіл маіх маладых не стала. Ганна кажа: "Ён цябе мацней за мяне трымае. Нібы ён табе бацька, а ты яму сын. Але ж твайму сыну не з каменя, з мяне нарадзіцца". І стары званар, бацька яе знізу крычыць: "Кінь камень у зямлю - і камень народзіць камень!" Тут Ганна, адкуль толькі сілы ўзяла, камень падхапіла, са званіцы скінула, ён прабіў зямлю да самага яе чэрава, але нічога не нарадзіў. А дачка званара нарадзіла хлопчыка, якога маім іменем, Прохарам, я ў свеце Прохарам быў, назвала, і які ў сем гадоў са званіцы зваліўся і забіўся.
Памаўчаўшы, святы Серафім, самаўзрушаны сваімі ўспамінамі, аднаму сабе наліў віна, выпіў.
- Такая біяграфія.
Усе з хвіліну памаўчалі.
- Да маёй падобная, - нечакана сказаў генерал КГБ Шырокаў, - таксама сам сабе наліўшы. - Нонсэнс, але падобная. Толькі ў мяне камень іншы. - І выпіўшы, паглядзеў на Леніна. - Маўзалейны.
Ленін падхапіўся, засунуў левую руку ў кішэнь камізэлькі, а правай замахаў, як з трыбуны выступаючы.
- Так! Нонсэнс! Усё, што вы кажаце, нонсэнс! Які камень я мусіў з гары скінуць? Той, з якім на гару ўзышоў? Камень пралетарскай рэвалюцыі! І кім бы я быў? Што б я меў пад гарой? Элізабэт д’Эрбанвіль? Францужанку, з якой прылёг на камені? Каб усе пыталіся: "А хто гэты ляжыць з Элізабэт?"
Так, я кахаў яе! Гэтак, як больш нікога! Па-сапраўднаму. Таму і называў яе ў каханні сапраўдным іменем, а не Інэсай Арманд. І бываў я з ёй высока. І на лесвіцы ў небе, і на званіцы пад званамі. Зведаў, што гэта такое. Але заўсёды, калі спускаўся ўніз, здавалася, што званы звоняць па мне.
Яна падаравала мне гэты медальён перад ад’ездам на Каўказ. Сказала банальна: "На памяць". Я сам выправіў яе падлячыцца. Хто мог ведаць, што выпраўляю ў смерць? У халеру. А пасля вінаваціўся. Бо перад тым мільгалі думкі вызваліцца ад яе. Яна мне і патрэбная, як ніхто, была і, як ніхто, замінала. Таму першае, што я адчуў, была палёгка. Потым ужо віна. І цяжар такі, хоць Фані Каплан ажыві, каб застрэліла. Дарэчы, Элізабэт падобная была да Фані. Магла застрэліць.
Калі ўжо я сам захварэў, жонка мая знайшла медальён. Давай дапытваць: адкуль ён у цябе, чаму? Нібы не ведала. Усё яна ведала і маўчала. Бо разумела: калі стане раўнаваць, калі сямейныя сцэны пачнуцца - развітаемся. А развітвацца яна не хацела. Ды і я не хацеў, Надзя файнай жонкай была. Так мы ўтраіх і жылі. Элізабэт хоць бы што, прывыкла, а Надзя пакутавала. Не францужанка. Але трывала. І толькі калі Элізабэт не стала, раптам адкрыта ўзраўнавала. Я не вытрываў: "Ды што гэта такое?! Рэўнасць да мёртвай?"
А яна давай плакаць. "Ты не ведаеш, бо не можаш ведаць! Не кахаў, бо не можаш кахаць! Таму і раўнаваць не можаш!" Проста захлёбвалася слязьмі, я не ўяўляў, што ў яе столькі слёз, за ўсё жыццё слязінкі з яе не выціснулася.
І мне шкада стала! Яе шкада, сябе шкада, нашага маладога, працяганага па ссылках, па эміграцыях жыцця! Так шкада - хоць самому плач… Тады і сказаў ёй, падмануў яе, разумеючы, што гэтага падману яна ад мяне і чакае, нібы знайшоў медальён у таемным схове гаспадыні дома. У купчыхі Марозавай, якая з рэвалюцыянеркай Арманд, францужанкай Элізабэт д’Эрбанвіль сябравала, і тая ці падаравала, ці прадала купчысе медальён… Надзя не паверыла, але зрабіла выгляд, быццам верыць, і я падумаў: якое падманлівае і якое эгаістычнае гэтае пачуццё: каханне! З усімі жарсцямі вакол яго! Як яно зацямняе розум, адцягвае ад вялікіх ідэй! І яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі разам са Сталінам у маўзалеі ляжаў. Жонка ягоная нібыта застрэлілася, але ўсе казалі, што ён забіў яе, дык я толькі і чуў днём і ўночы: "Уладзімір Ільіч, я Надзю не забіваў!" Што мне да таго: забіваў, не забіваў? Троцкага забіў - не праблема, а жонку - праблема! Якая праблема, калі ў мяне свая Надзя? Вось жа трэба было так, каб і ў мяне, і ў яго! Я нават стаў думаць, што, можа быць, і я сваю забіў? Не куляй, а тым жыццём, якое яна пражыла са мной, хоць магла з некім іншым пражыць іншае. Не забітае. А Сталін сваё: не забіваў, не забіваў!.. Урэшце я не стрываў, напісаў запіску ў ЦК, каб вынеслі яго адсюль. Яго вынеслі, але ўсё падалі так, нібы зрабілі гэта праз палітыку. Маўляў, не месца яму побач з Леніным, бо не сапраўдны ён ленінец. Якраз сапраўдны, калі б не жонка. А ён яшчэ і да маёй, калі я памёр, прычапіўся: мы замест вас, Надзея Канстанцінаўна, можам Леніну новую ўдаву знайсці! Хто ты такі, каб мне новую ўдаву шукаць? Хоць старая, праўду сказаць, залішне сабе дазваляла: "Я выконваю волю Ільіча!" Калі б маю волю выконвала, не скандаліла б праз Элізабэт…
Пачаўшы распавядаць сваю гісторыю кахання палымяна, як з трыбуны, Ленін пад канец сцішэў. Відаць было, як глыбока ўдаўся ён ва ўспаміны і як соладка мучылі яны яго. "А партрэта Элізабэт, калі медальён вам дастаўся, у ім не было? - спытаў ён Ганну, і калі тая паківала, што не, падышоў, працягнуў руку, у якую Ганна паклала медальён, і Ленін сціснуў кулачок. - Яшчэ прыпякае… "
Віктару здалося, што і яму прыпякло.
Той свет, як і гэты, быў поўны ўспамінамі… Зрэшты, пры траіх жывых і траіх нябожчыках не разабраць было, які гэта свет, ды Віктар і не спрабаваў у тым разбірацца. Слухаючы гісторыі кахання мёртвых, ён узрушана зразумеў, чаму і чым яны жывыя. Глядзеў на святую, глядзеў на грэшную Ганну і бачыў, як яна, грэшная, але падобная да манашкі, узвышаецца ў святой…
- Дык гэта… - устрапянуўся, успомніўшы, дзеля чаго прыйшоў, святы Серафім. - Дакумент які-небудзь, каб не расстралялі…
Ленін пастаяў, пра нешта яшчэ ўспамінаючы, прыжмурана паглядзеў на Шырокава.
- Што вы думаеце як сакратар партарганізацыі маўзалея?.. Хрысціяне ж таксама пачыналі як рэвалюцыянеры. Імі жывымі звяроў кармілі, а яны былі верныя ідэі. Няхай ідэі цемрашальскай, але верныя… Дык вось я думаю, што ў ідэі галоўнае вера ў яе! Як і ў каханні. Верыш - яно ёсць, не верыш - няма. Так?.. - вярнуў ён медальён Ганне. - У што верыш, тое і святое?.. - І ні ад каго не чакаючы, бо сам усё ведаў, ніякага адказу, правадыр сусветнага пралетарыяту загадаў генералу Шырокаву: - Выдайце святым партбілеты, я падпішу! І будзем мець найстарэйшую ў Еўропе партыю! - замахаў ён зноў, як з трыбуны, кулачком. - Заткнем за пояс немцаў з ангельцамі! Дый французаў, у якіх з каханнем лепш выходзіць, чым з рэвалюцыяй… І яму, - кіўнуў Ленін у бок Віктара, - таксама выдайце. А то дэлегат партыйнага з’езда - і не ў партыі!..
Камендант Крамля, начальнік 9-га ўпраўлення КГБ СССР, сакратар партарганізацыі маўзалея генерал-лейтэнант Шырокаў дастаў з кішэні мундзіра тры чырвоныя кніжачкі. Патасаваў іх, як карты, - і адну зноў схаваў у кішэнь.
- Не! - сказаў ён, і Віктар падумаў, што гэта першы савецкі генерал, які ў нечым не згадзіўся з таварышам Леніным. - Няхай спачатку паэму напіша пра…
Ён не паспеў сказаць, пра што?.. "Таварыш Ленін! Дазвольце звярнуцца да таварыша генерала!" - раптам паўстаў над саркафагам, казырнуўшы, чырванатвары, з шэранню на шапцы міліцыянт, мусібыць, паставы каля Вечнага агню, і Віктар не стаў чакаць, калі яго ці арыштуюць, ці выдадуць яму партбілет, кінуўся ў правыя бакавыя дзверы, у якія выходзілі звычайна экскурсанты, і Ганна кінулася за ім, яны выскачылі на Красную плошчу і на яліне, якая была не блакітнай, як усе крамлёўскія яліны, а звычайна зялёнай, лясной, убачылі ўказальнік на Вавукі, каля якога, невядома скуль узяўшыся, нібы за ялінай хаваўся, рэзка затармазіў "Масквічок", нехта крыкнуў ім з машыны: "Сядайце!" - і калі яны селі, убачылі за стырном Віктара Маргера, рускага паэта, які на "Масквічку" гэтым забіўся і які ўсю ноч, везучы іх да Вавукаў, не сказаў, апроч "сядайце", ні слова, і яны таксама нічога яму не казалі, проста не ведалі, што казаць, а калі даехалі раніцай, ён спыніўся каля хаціны, у якой, здавалася, ніхто не жыў, высадзіў іх, развярнуўся і рушыў назад, а яны доўга стаялі і глядзелі яму ўслед, нібы чакаючы, што ён вернецца і растлумачыць, што адбываецца, але ніхто да іх не вярнуўся і нічога не растпумачыў, а калі нарэшце зайшлі яны ў хату, дзе не было нічога, апроч дзвюх лесвіц, адна з якіх вяла ў склеп, другая на дах, і абедзве, ні на чым не трымаючыся, віселі, здавалася, у паветры, а на прыступках іх, раскіданыя, нібы ветрам у хату занесеныя, ляжалі спісаныя аркушы паперы з паэмай, пра якую Віктар не помніў, калі і дзе яе напісаў, і, сеўшы на парог, схапіўшыся рукамі за галаву, прасіў адчайна: "Скажы мне, што гэта я, скажы мне, што гэта не ён, скажы мне, што гэта ты, Ганна!.."
Я ў Крэва ехаў. Да сябе самога.
Была мне звыклай крэўская дарога,
Было спакойна, ціха на душы, -
І раптам хатку я каля шашы
Убачыў недалёка ад Вавукаў,