Дзе не было раней яе… Пастукаў,
Спыталі: "Ганя, мы яго чакалі?"
"Не, - адказала Ганя. - Не яго".
"Ты ўжо сама не ведаеш, каго
Чакаеш…" - за дзвярыма прабурчалі.
І запрасілі: "Вы заходзьце ў хатку.
На Ганю не зважайце, бо вар’ятка".
Я на парог ступіў. Вялі з парога
Дзве лесвіцы. Уніз і ўверх вялі.
А больш у хатцы не было нічога.
"Так, не зважайце, - быццам з-пад зямлі
Сказала Ганя. - Бо стралой параню
Я сэрца ваша, а душу згублю,
Калі вы закахаецеся ў Ганю.
Не пакахайце! Я не вас люблю".
"Таго, каго ты любіш, ці забілі,
Або яшчэ не нарадзіўся той…" -
Сказаў старэчы Голас, і ў пустой
Хаціне пад Вавукамі завылі,
Нібы зімой галодныя ваўкі,
Завеі, сцюжы, ветры, скразнякі,
І так узвыў галодны голас Гані,
Як з голаду ваўчыца вые ўранні
Ва ўсе нябёсы і зямныя далі:
"Нікога ва ўсім свеце не кахалі
Так, як сябе кахаю я сама
Каханнем тым, што не мінае марна,
І як высока, як самаахвярна
Мяне кахае той, каго няма!"
"Я ж вам казаў - вар’ятка", - мовіў Голас.