А заняткі ў школе тым часам пачаліся. І пасля першага ўрока ў клас забег нечым усхваляваны загадчык фермы Палазкоў, аддыхаўся і тузануў Шэпелева за рукаў:
– Ты фокуснік?
– Я настаўнік,– спакойна адказаў Шэпелеў.
– Так, так. Асноўная твая праца, наколькі я разумею, тут, у школе. Але ж па сумяшчальніцтву, кажуць, фокуснікам працуеш.
– Хто кажа?
– Людзі.
– У вас людзі, гляджу, усё бачаць. Ды Бог ужо з імі. Што вы хацелі?
– Выручы, Валянцінавіч. Век не забуду. На ферме прапалі тры мяхі камбікорму.
Настаўнік хмыкнуў:
– Па гэтаму пытанню звяртайцеся да ўчастковага.
– Звяртаўся. А як жа ты думаеш. Толькі ён адпасаваў мяне да цябе: настаўнік, кажа, назаве табе злодзеяў.
– Участковы пусціў вас па няправільным следзе. Даруйце, але я нават людзей не ведаю ў вашым Хутары, акрамя таго ж участковага і дырэктара школы. Вы ж павінны ведаць, хто тут у вас на што здольны. Адны могуць на гармоніку граць, іншыя печы кладуць, нехта самагон любіць, а нехта – сцібрыць тое, што не там ляжыць.
Палазкоў папярхнуўся, а калі адкашляўся, зноў тузануў настаўніка за рукаў:
– Увесь фокус у тым, што ўкрадзенае якраз і ляжала там, дзе яму і належала ляжаць. Так што маёй віны тут няма. Выручай, настаўнік. Магарыч з мяне.
– Даруйце, але вам дапамагчы я не магу,– Шэпелеў памкнуўся ісці, але Палазкоў зноў прытрымаў яго за рукаў. – Ну што вам трэба ад мяне, фермер?– адмахнуўся настаўнік.
– Прыціснуць іх, гадаў, да пазногця ! Вось што!
– Дык прыціскайце. А я тут пры чым?
– Эх, настаўнік! – Палазкоў зусім, здаецца, расчараваўся ў новым настаўніку, пра якога столькі баек хадзіла па вёсцы, і выйшаў з класа. – А я думаў!.. А ты такі, як і наш участковы...
На ферме ж Палазкоў паклікаў да сябе кармачоў Кандрацьку і Валодзьку, паставіў іх перад сабой на стойцы «смірна» і строга сказаў:
– Ну што ж, дарагія мае, нарэшце вы папаліся! Даскакаліся! Я ж папярэджваў! Вы што, думаеце, я жартаваць буду? Не, ніколі! Ніколі, панове! Вы выведзены на чыстую ваду, і выведзены дзякуючы новаму настаўніку Івану Валянцінавічу, які адразу ж абрысаваў мне злодзеяў, а потым я мог убачыць вас у люстэрку, што вісіць прама ў гардэробе ў школе. Не выкруціцеся! Прызнавайцеся, хто купіў у вас камбікорм? Ну! Хутчэй, хутчэй!
Кандрацька паскроб за вухам, прызнаўся:
– Ды Маньцы збылі, каму ж яшчэ.
– Ага,– шморгнуў носам Валодзька.
– За колькі?
– Мех – бутэлька.
– «Мех – бутэлька». А жывёліна галодная. Вам не шкада яе? Чаму вочы апусцілі? Эх вы, бессаромнікі! Падаю ў суд.
Злодзеі ўзмаліліся, а Кандрацька нават упаў на калені:
– Не губі, таварыш загадчык. У мяне ж сям’я. Дзеці ў мяне.
Як і раней, Палазкоў дараваў. Усё ж – землякі. Але папярэдзіў:
– Апошні раз каб!..