– Самагон ёсць? – папытаў, нават не павітаўшыся, участковы.
Мірон разгубіўся яшчэ больш, нават злёгку задрыжэлі губы, таму адказаў не адразу, а толькі перавёўшы дых і сабраўшыся з думкамі і сіламі:
– Адкуль, Ягоравіч?
– Хлусіш.
– Дык каб жа ў мяне быў той самагон, як ты кажаш, я б хіба быў такі пануры?
– Быццам і праўда. Але ты п’еш умела. Так што паказвай, паказвай, дзе ён схаваны, пракляты. Чуў, пачалася аперацяя «SОS»? Самагон аддай сам. Не, то кепска, іншы раз трэба газеты чытаць.
– Праскочыла міма...
– Але тут, у цябе, спадзяюся, міма я не праскочу. Ці не так? Ну дык дзе самагон?
– Шукай, Ягоравіч. Паказвай ордэр на вобыск, і – уперад. А я пагляджу, як знойдзеш. Ордэр ёсць?
– Я табе пакажу такі ордэр, што ты ... нічога бачыць не захочаш. Ордэр яму паказвай. Буду я за ім ездзіць у раён. Ты ведаеш, Мірон, колькі мне каштуе адна паездка туды? Не, то і ведаць не трэба.– Ён выцягнуў з-пад мундзіра спідометр, паклаў яго на далонь і, трымаючы фантастычнае прыстасаванне для палахлівых на далоні, асцярожна, нетаропка паруліў да хлеўчука. – Туды, туды паказвае... Адчыняй дзверы, Мірон.
– Адчынены.
– Гэта добра. Так, так... – пераступіўшы нізенькі парожак, участковы апынуўся ў хлеўчуку і адразу ж глянуў у кут перад сенам і ўбачыў куфайку...–Калі верыць майму прыбору, а гэта не абы-якая рэч, то самагон вось тут, пад куфайкай. Прыбор рэагуе толькі на самагон. Сам пакажаш ці мяне прымусіш калупацца ў бочцы з зернем, Мірон?
Мірон здаўся. Участковы яшчэ доўга сядзеў у яго за сталом, апахмяляўся, баіў байкі, а потым чамусьці дастаў з кішэні свісток і працягнуў яго гаспадару хаты:
– Свіснуць хочаш?
Мірон , пачуўшы такое ад участковага, ледзьве не зваліўся з лавы, на якой сядзеў.
– Паўтараю пытанне: свіснуць хочаш?
– Пытання не разумею,– сабраўшыся з духам, вымавіў Мірон. – Я што, дзіцёнак? Ці міліцыянер? Не першы і не другі. Так што, Ягоравіч, прабачце – не па адрасу.
– Разумна: не па адрасу,– пагадзіўся участковы. – А ты, свісток, малайчына: сёння сваю справу зрабіў, адпачні ў маёй глыбокай кішэні. Можа так быць, што і заўтра спатрэбішся. Не магу ж я сёння ведаць, што з маёй галавой будзе заўтра. Яшчэ раз выказваю свайму свістку падзяку: дзякуй, свістуля. Маеш права адпачыць. Ну, мне пара.
Мірон праводзіў участковага задумлівым позіркам і ніяк не мог зразумець, чаму ён дзякаваў свайму свістку, за якія такія заслугі?
Паспрабуй тут разбярыся...
У той час, калі ўчастковы вяртаўся дахаты ад Мірона і мумкаў сабе пад нос нейкую мелодыю, дырэктар і новы настаўнік хадзілі па вёсцы і шукалі хату, дзе б мог спыніцца апошні. Трэба паспяшацца – верасень на носе, і ў настаўніка, акрамя ложка, павінен быць стол, на якім бы ён рыхтаваўся да ўрокаў, правяраў сшыткі і які б яго карміў. Але пакуль усюды хадакі атрымалі ад варот паварот, і што заўважыў Саксонаў, людзі неяк насцярожана пікіравалі вачыма Шэпелева, стараліся размаўляць коратка і нялюба, каб хутчэй зачыніць дзверы. А Манька, самая, бадай, вясёлая вясковая кабета, перш, чым пусціць гасцей на падворак, загнала курэй у хлеў, толькі тады бразнула вочапам на брамцы, прасунула лахматую галаву і запрасіла зайсці:
– Калі ненадоўга...
А пачуўшы ад дырэктара пра мэты візіту, развяла рукамі:
– Я, людзі добрыя, і ў галодныя часы кватарантаў не трымала. Не прывучаная. Не люблю, калі нехта ў мяне пад нагамі блытаецца, яй-богу. Як хочаце, так і думайце. Калі я адна ў хаце... ну, сваіх я не лічу, то што хачу, тое і раблю. І пукнуць магу. А так – чужое...
Саксонаў адчуваў сябе няёмка, і каб не марнаваць час, папрасіў прабачэння ў Манькі, і неўзабаве яны апынуліся зноў на вуліцы і меркавалі, куды пайсці, куды падацца. Якраз у гэты момант каля іх прачыкільгаў дзед Цыганок. Павітаўся, для чаго адбіў лёгкі паклон і змахнуў з галавы зашмальцаваны картуз:
– Гонар маю вітаць сярэднюю адукацыю! Ну, і куды ж шлях трымаем, калі не сакрэт?
Хітрун стары, га! Ведае ж, што «сярэдняя адукацыя» шукае жытло, але каб зачапіцца каля настаўнікаў, пачаў здалёк. І пачуў тое, на што і спадзяваўся.
– Не бяруць на кватэру вось Івана Валянцінавіча,– Саксонаў кіўнуў на маладога настаўніка.– Хоць у школе вугал яму адбудоўвай. Разумею, што гэта несур’ёзна, але іншага выйсця пакуль не бачу. Памагай, дзед!
– Тут, браткі, дзед вам не памагаты, – стары паправіў картуз на галаве. – А чаму не бяруць?
– Самім цікава.