– Паўтары!– загадаў участковы. – Прашляпіў. Буду больш уважлівым. Ну, ну. Цікава. Адкуль ты яго узяў? І вы, грамадзяне, сачыце. Суклета, чуеш? Паўлавіч! Так, глядзім!
Настаўнік зноў выцягнуў яйка. Участковы лыпаў вачыма, шукаў спагады ў дырэктара і старой, але і яны разводзілі рукамі: нічога не зразумелі і прасілі паўтарыць. Ён паўтарыў разоў колькі фокус, але так спрытна маніпуліраваў рукамі і целам, што зноў ніхто нічога не зразумеў. А Суклета папытала:
– Сынок! Сынок, дык табе ж цаны няма! Ты хоць гэта разумееш? У мяне ж ужо і куры павыводзіліся, то і не буду зоводзіць: мяса я не ем, з маімі зубамі толькі кашу маннную добра жаваць, а яек і ты можаш нарабіць. Прыходзь хоць кожны дзень... і шпурляй яйкі. Я не скнара, мне багата не трэба – дзесяць адразу зможаш зрабіць? Мне тады надоўга хопіць.
Шэпелеў рассмяяўся і нічога не адказаў.
– А вось яшчэ адзін фокус,– паглядзеў настаўнік на вяскоўцаў.
– Ну, ну,– участковы падсеў бліжэй да фокусніка. – Пачынай.
– Пачынаю. У мяне, як вы бачыце, нічога ў руках няма. Так?
– Не сляпыя,– зноў адказаў за ўсіх участковы.
–А зараз?– пасля таго, як павадзіў Шэпелеў па пінжаку, дзе ў яго быў рад вялікіх гузікаў, паказаў металічны рубель.
– Паўтары!
– Калі ласка!– І настаўнік неўзабаве зноў трымаў на далоні рубель.
Як? Адкуль? Усяго, здаецца, пабачылі гэтыя людзі , а вось такіх фокусаў – не, не даводзілася. Калі толькі па тэлевізары. Дык то ж – па тэлевізары, там і абдурыць могуць. А ён жа , фокуснік, вось тут, побач з табой за сталом, з адной бутэлькі горкія кроплі п’юць, з адной талеркі скрылікі сала і агурочкаў нанізваюць на відэлец. І, глядзі ты, не прызнаецца, не выдае сакрэтаў! Асабліва распаліўся участковы, ён аніяк не мог змірыцца з тым, мабыць, што нейкі зялёны настаўнік, смаркач, круціць перад ягоным носам фокусы, а ён, як дурань, толькі лыпае вачыма. Нават падумаў, што як учасковы ён – нуль, слабак слабаком, і праўду ,мусіць, гаварыў адзін яго знаёмы міліцыянер: «Бяруць дурняў на работу, а патрабуюць, як з разумных».
Участковы нікому не прызнаўся, што калі вярнуўся дахаты, то спярша перабіў кошык яек , а потым паадрываў з мундзіра ўсё гузікі – справабаў паўтарыць фокус з рублём, але ў яго нічога не атрымалася. Жонцы казаў:
– Асвою фокус, я увесь райаддзел тады на вушы пастаўлю! Паказчыкамі не вазьму, дык вазьму фокусамі. Чуеш, Анюта? Не хочаш слухаць. А дарэмна. Я вось што табе скажу: з гэтым новенькім настаўнікам я павінен пасябраваць, быць на кароткай назе. Што і будзе зроблена.
На другі дзень пра яйкі і металічны рубель гаманіў увесь Хутар. Паколькі вясковым цэнтрам вуснай інфармацыі была ўсё тая ж крама, дзе людзі не толькі атаварваліся, але і набіраліся патрэбнай ім інфармацыі, то там і адбыўся маленькі сход, на якім стаяла адно пытанне – дзе будзе жыць малады настаўнік? Дзед Цыганок быў найбольш катэгарычны:
–Вазьмі такога , то ён табе бяды наробіць.
–Як гэта?– не разумела Лізка.
– А вельмі проста. Коса глянеш на яго ці блін нясмачны падсунеш, то на слівах не слівы вырастуць, а якія-небудзь воўчыя ягады. Ці, калі ўжо на тое пайшло, куры пачнуць не яйкі несці, а якія-небудзь жалуды. Вось і грызі іх. Як дзік той. Не, мне хай прыплоцяць, а такога кватаранта нізашто не пушчу далей парога. А вы як хочаце!
Памаўчалі. Па праўдзе кажучы, недзе ж трэба жыць настаўніку. Адну ноч ён пераначаваў у Суклеты, але ж пастаянна там жыць не выпадае: жыць з дырэктарам, з начальнікам,-- даруйце!.. Гэта людзі разумелі. І перабіралі кандыдатуры, хто б мог прытуліць настаўніка. Чалавек, па ўсяму бачна, добры, талковы. Але ж – фокуснік. І трэба было яму паказваць-дэманстраваць свае глупствы. Ну, знайшоў бы вугал, тады ўжо і прызнаваўся, што рукі ў яго не такія, як у астатніх. Дык не ж – нецярпелася яму, блазнюк!
У самы разгар спрэчкі ў краму зазірнуў участковы.
– Пра што гамонім?– строга папытаў ён і пацікавіўся ў Лізкі, ці ёсць у яе вось такія гузікі – адзін паказаў ёй.
Крамніца адмоўна крутнула галавой, на што участковы заўважыў:
– Шкада. Завоз у вас, мушу заўважыць, нікудышны.
– Гэта ж міліцэйскія гузікі, навошта яны нам?– здзівілася Лізка.
А дзед Цыганок папытаў – ён заўсёды цікавіўся, калі што-небудзь не разумеў:
– А дзе ты, Ягоравіч, гузікі пагубляў? Ці не фокуснік паадшчыкваў?
І стары хехекнуў.
На што ўчастковы прытупнуў нагой:
– Цыц!
Калі ўчастковы знік, у краме зноў загаманілі пра фокусніка. Карцела ўсё ж паразважаць, хто яго узяў бы на кватэру, і па меркваннях усіх, такіх быццам і не знаходзілася. Сам сабе нашкодзіў калі ж чалавек.