Крытыка наша звычайна практыкуе рэцэнзіі чатырох тыпаў: «добра!», «дрэнна!», «пра што?», «як?» i ix камбінацыі. Але калі ў дарослай крытыцы мы сустракаем часам рэцэнзію тыпу «як?» (эстэтычны аналіз) i нават тыпу «дрэнна!», то ў «дзіцячай» папулярнасцю карыстаюцца выключна рэцэнзіі «пра што?» i «добра!». Таму, калі гаварыць пра большую ўвагу крытыкі да дзіцячай літаратуры, трэба, відаць, найперш мець на ўвазе артыкулы i абавязкова гадавыя артыкулы агляднага характару (цікава чыталіся, напрыклад, артыкулы пра дзіцячую драматургію, артыкул Варлена Бечыка пра дзіцячую паэзію). Не трэба, каб такіх артыкулаў было шмат, але трэба, каб яны былі i былі змястоўнымі, тое ж самае можна сказаць i пра рэцэнзіі.
...А яшчэ трэба даць маленькаму беларускаму чытачу арыгінальныя казкі беларускіх пісьменнікаў. Узбагаціць жанравы набытак беларускай дзіцячай i недзіцячай літаратуры.
ГЛЫТОК ЖЫЦЦЯ
Свет быў загадкавы, зіхатлівы i прывабны, быццам падарунак. Ён пачынаўся з ранку i менавіта тады над Басяй з'яўлялася сонца. Дзень мог цягнуцца бясконца, але мог i нечакана ператварацца ў адно імгненне. Вось ноч — гэта ўжо нешта ўстойлівае, нязменнае: заўсёды напаўзала на Ордаць у свой час з адной-адзінай мэтай — каб скончыць дзень. Ноччу не пабяжыш на рэчку вудзіць рыбу, не пойдзеш з сястрой у лес па грыбы, a ўсе сябры моцна спяць. Ён не любіў ноч яшчэ з дзяцінства, можа, недзе падсвядома цемра палохала яго, прыцягвала i адштурхоўвала. Праўда, вершы ён потым пісаў больш уначы, але толькі пра дзень i жыў днём таксама.
Анатоль Сербантовіч нарадзіўся 13 мая 1841 года ў вёсцы Ордаць Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Нарадзіўся слабы i хваравіты, хваробы завярцелі яго ў сваім шэра-аднастайным карагодзе i ўжо не адпускалі на працягу ўсяго жыцця.
А праз нейкі месяц пачалася вайна. Прыйшлі немцы, пацягнуліся доўгія дні акупацыі. Верагоднасць выжыць для такіх вось немаўлят звузілася неймаверна, нават для фізічна больш-менш здаровых, нават за лініяй фронту. А тут...
Ля вёскі забілі немца. Жыхары Ордаці ратуюцца ад расправы ў лесе, капаюць акопчыкі i жывуць там некалькі дзён. Лес блакіруецца i затым прачэсваецца. Сербантовічам пашанцавала: акоп быў закрытым, старанна замаскіраваным, а фашысты ў пошуках партызанскага атрада спяшаліся. Смерць прайшла недзе побач.
Дарослых вяскоўцаў пад выглядам звычайных штодзённых работ адпраўляюць на лінію фронту капаць акопы. Для груднога дзіцяці жыць тады азначала мець маці. Па дарозе на фронт адна з жанчын раптам кінулася з натоўпу праз кусты да блізкага балотца. Аўтаматная чарга, яшчэ некалькі. Канвой, на шчасце, не спыняецца. Ноччу яна вярнулася да сына.
За хатай было выкапана невялічкае сховішча, куды жанчыны перабіраліся, заўважыўшы на вуліцы немцаў. Аднойчы салдаты з'явіліся нечакана, маці паспела толькі стаць за вугал печы. Калі ў хату зайшлі немцы, яны ўбачылі ў самаробнай калысцы маленькага хлопчыка, які працягваў рукі ў напрамку печы i клікаў: «Ма-ма»... На шчасце, акупанты ў той раз проста шукалі ежу.
Марудны i ўедлівы бранхіт саступіў месца завезенаму бежанцамі тыфу. Не, нават не саступіў, толькі адышоў часова на другі план. Набліжаўся 12-ты, крызісны дзень хваробы, неабходна было зрабіць падмацоўваючы сэрца ўкол. Маці з сынам на руках ідзе ў суседнюю вёску Гарадзішча, дзе тры хаты былі збольшага ператвораны ў баракі для хворых тыфам. А вечарам знаёмая акушэрка паведаміла ёй, што раніцай немцы хочуць спаліць лазарэт разам з хворымі. Ноччу жанчына з хворым, ледзь жывым сынам пакідае замкнёную знадворку хату праз акно. A назаўтра ў вёсцы знаходзіць маладзіцу, якая да вайны працавала медсястрой: у яе цудам захавалася патрэбная ампула.
Колькі ix было, такіх выпадкаў за доўгую вайну? Наўрад ці ён помніў ix сам, затое памяць маці захавала ix моцна i надоўга, нават на большы тэрмін, чым спатрэбілася сыну.
I ўсё ж свет быў радасны i светлы, нават у галодныя пасляваенныя гады i потым застаўся такім назаўсёды. Былі звычайныя чалавечыя радасці, шматлікія сябры, заняткі: рэчка Бася, у якой тады яшчэ вадзіліся ракі, а на захадзе сонца на паверхні шалела шмат усякай рыбнасці, лес i поле, ягады i грыбы, цёплыя летнія дажджы, a зімою заўсёды жаданы для хлапчукоў снег.
У пяць гадоў ён навучыўся чытаць, i тады сусвет раптам выбухова пашырыўся i вырас, стаў складаным i неабсяжным. Чытаць ён навучыўся простым i не зусім звычайным шляхам. Маці-настаўніца не хацела, каб сын авалодаў навукай яшчэ да школы, тады гэта лічылася шкодным,— маўляў, у першым класе не будзе чаго рабіць. Але ўслых сыну чытала шмат, рыхтуючыся да ўрокаў. Адным вечарам у хату прыйшоў магутны, кранальны сваёй незразумела-простай сілай «Каўказскі палоннік» Талстога. Спачатку хлопчык папрасіў маці прачытаць апавяданне яшчэ раз. Асабліва зачараваў яго абаяльны i мяккі вобраз Дзіны, a паколькі малюнкаў у кнізе не было, ён захацеў, каб яму паказалі хоць само слова. Задаволіўшы сваю цікаўнасць, адышоўся i надоўга змоўк. А потым паклікаў маці i паказаў кнігу, у якой слова «Дзіна» было падкрэслена па ўсім апавяданні. Маці растлумачыла, з якіх літар складаецца гэтае імя, потым прыйшла чарга Жыліна i Кастыліна, а праз некалькі дзён хлопчык упэўнена чытаў увесь твор цалкам.
Вось толькі пісаць пачаў адразу друкаванымі літарамі i ў першым класе доўга не хацеў пераходзіць на звычайны «грамадзянскі» пропіс.
Побач з выхаваннем жыццём было выхаванне кнігай. Чыталася шмат і, зразумела, без усялякай сістэмы, што трапіць над руку. Выпадала ў пятым класе сустрэцца з «Уваскрэсеннем» i «Вайной i мірам» Талстога, a ў сёмым -— з казкамі Афанасьева i Феніморам Куперам. Вершы не любіў i пазбягаў ажно да старэйшых класаў, да Пімена Панчанкі (тыповая сітуацыя для дзяцінства многіх паэтаў). Як i ўсе хлапчукі, нямала чытаў пра вайну. Пашанцавала ў тым, што з кніг трапляла амаль што адна класіка, таму густ не псаваўся, a выхоўваўся.
Слова на ўсё жыццё ўразіла яго сваёй сілай i ўздзеяннем на людзей. Маленькія сёстры плакалі наўзрыд i шукалі заступніцтва ў маці, калі ён прыдумваў пра ix невялічкія песенькі-смяшынкі. Слёзы — «ён пра мяне напісаў» — зноў слёзы — «няпраўда, я не такая» — выбух слёз, i — «я болей не буду, не пішы». Гэта дзеці, а дарослыя? Той дзед, якога памылкова пазбавілі пенсіі i вярнулі яе пасля ліста Толі ў раённую газету? Дзе тыя шэсць сірот, якія бадзяліся ў пошуках кавалка хлеба па навакольных вёсачках? Такі ж самы ліст у раёнку — i вось яны ў дзіцячым доме, старэйшыя ўжо за партай. I адваротная рэакцыя: сусед, які любіў выпіць за чужыя грошы i таму трапіў у адну з першых баек юнага паэта, перастаў вітацца ўвогуле з усёй сям'ёй Сербантовічаў.
Або-або — ніхто не заставаўся абыякавым, недатыкальным для слова. Дзесьці з гэтых напаўдзіцячых назіранняў i выкрышталізаваліся потым сур'ёзныя i сумленныя адносіны да паэзіі, разуменне яе вартасцей i магчымасці ўскоснага ўздзеяння на свет матэрыяльны, на сутнасныя струны людзей. У школе яму далі мянушку «Броўка», якую ён вельмі не любіў, пры чым далі не вучні, а, як ні дзіўна, настаўнікі, i за гэтую ж не ўсімі зразуметую схільнасць пісаць. А яшчэ за тое, што на ўроках часта спрачаўся з настаўнікамі i калі заўважаў ix памылкі — не змоўчваў, папраўляў.
Вёска фарміравала асобу, тут, у працы, сярод добра знаёмых «суседскіх» людзей было лёгка i проста, адносіны вымяраліся патрэбамі справы i традыцыйнай народнай мараллю, хлусня, крывадушнасць, як i ўвогуле ўсякае зло, пры сваім з'яўленні апыналіся навідавоку, усё ішло сваім спрадвечным парадкам. Ад прыроды жвавы i непаседлівы, ён упэўнена адчуваў сябе ў сяброўскім калектыве, своеасаблівыя законы якога, этыкет успрымаліся як ўсеагульныя, адзіна правільныя. I толькі адна рыса характару перашкаджала поўнасцю адчуць сябе заспакоеным i прыстасаваным да гэтага свету — бескампраміснасць, нежаданне рабіць нават выключэнне з агульнага кодэкса гонару. Вось гэта ўжо ішло аднекуль са свету ідэальнага, у якім адсутнічалі нявырашанасць учынкаў, празмерная ўскладнёнасць i заблытанасць сапраўднага жыцця, адтуль, дзе не дазваляліся памылкі i нічога нікому не даравалася. З аднаго боку, тая ж настаўніца гаворыць лухту i страшэнна блытае тэкст. «Чаму яна няпраўду гаворыць?» З другога боку, у гэтай жанчыны чацвёра дзяцей, двое з ix зусім маленькія, яны растуць без бацькі, вось яна i не паспела прачытаць апавяданне, паспадзявалася на сваю змучаную нялёгкай працай памяць. Можна i прамаўчаць, праўда? «Але чаму яна няпраўду гаворыць?!»
Гэта не жорсткасць, не. I не фанабэрства. Інакш бы яго не любілі так таварышы, інакш бы не аплаквалі так прачулена заўчасную смерць аднавяскоўцы. Бескампраміснасць, прастадушнасць, наіўная блытаніна жыцця з мастацтвам, якая стала рысай характару. Такі сам, такімі лічыў i іншых, пакуль не выяўлялася адваротнае. Сярод людзей, што прыходзілі за дапамогай да хлопца, які ўмеў напісаць у газету, былі i такія, хто гэткім зручным i бяспечным для ix спосабам хацеў адпомсціць ці проста нашкодзіць суседу. А ён сабе падобнага не ўяўляў, затое маці добра ўсё разумела i аберагала сына ад чарговай «дапамогі».
З 1959 года ў шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт» разам ca шматлікімі заметкамі i фельетонамі пачалі друкавацца i вершы юнага паэта: у асноўным байкі i замалёўкі з калгаснага жыцця. Праца ў калгасе грузчыкам (пасля сканчэння сярэдняй школы ў 1958 годзе) не толькі абумовіла тэматыку яго першых больш-менш сталых твораў, але надзіва моцна i своеасабліва пры сваёй невялікай працягласці паўплывала на пафас усёй яго паэзіі.
У сёмым класе Анатоль упершыню зайшоў у рэдакцыю райгазеты. Яму даводзілася бываць на пасяджэннях літаб'яднання, на абласных i рэспубліканскіх семінарах пачынаючых пісьменнікаў. Уразілі сустрэчы ў Магілёве з паэтамі Васілём Матэвушавым i Аляксеем Пысіным. «Разумныя, дужа разумныя»,— захоплена расказваў ён маці. Што мелася на ўвазе пад словам «разумныя», уявіць не цяжка. Мусіць, упершыню сустрэў ён людзей, якія i самі пісалі таленавітыя вершы, i добра разумелі яго юнацкія памкненні, яго пакуль яшчэ не абгрунтаваныя i не пацверджаныя справай творчую задзірыстасць i непрымірымасць. Тады менавіта i акрэслілася думка: пасля заканчэння школы паступаць ва універсітэт, а галоўнай справай жыцця выбраць паэзію. Значна пазней ён напіша:
Але адразу пасля заканчэння школы Сербантовіч ва універсітэт не паступіў. За некалькі месяцаў да ўступных экзаменаў ён трапляе ў бальніцу з цяжкай траўмай галавы. Неаднойчы потым давядзецца яму пакутаваць ад гэтай невылечнай траўмы, неаднойчы прыйдзецца перапыняць важную i тэрмінова неабходную працу, каб звярнуцца да паслуг дактароў. Усё ж ён паспрабаваў тады яшчэ раз паспрачацца з няўмольнасцю лёсу: напаўлегальна выпісваецца з бальніцы i адразу едзе ў Мінск паступаць на аддзяленне журналістыкі універсітэта. Вяртаецца, не прайшоўшы па конкурсе. Год працуе грузчыкам, піша шмат, але на тым жа юнацкім узроўні, калі талент аўтара ў вершах ужо заўважны, a самі вершы — яшчэ не. Змяняецца, праўда, кола тэм, «сатырычнасць» саступае месца сцвярджальнасці:
Адзін з першых сур'ёзных вершаў, праграмны для таго часу, ды i для першых гадоў навучання ва універсітэце.
Паспяховае паступленне наступным (1960) годам у БДУ імя У. I. Леніна прымусіла зірнуць на свае паэтычныя спробы больш уважліва i патрабавальна. Канечне, можна з захапленнем чытаць свае вершы такім жа навічкам-першакурснікам тут, на Паркавай, на ганках інтэрната, i нават з несумненным поспехам, які абышоў, напрыклад, вунь тую танклявую дзяўчынку ў акулярах, якая дэкламавала перад гэтым нешта пра дождж i самотнасць, пра адзіноту i неразуменне, пра хісткасць казачных палацаў (божа літасцівы, у што ператварылі Блока яго пераймальнікі! I гэта — аўтара «На полі Куліковым»!). Канечне, можна ўспамінаць добрыя i чулыя словы Матэвушава, Прыходзькі, Пысіна, Панчанкі нават на колішніх семінарах пачаткоўцаў. Калі разабрацца, то i ў новых сяброў, многія з якіх значна старэйшыя, адслужылі ў арміі, вершы пакуль што не надта моцныя i самастойныя. Але ж не ўсе з ix збіраюцца стаць паэтамі, хапае i проста аматараў. А ёсць такія, якіх ведаюць ужо i за сценамі універсітэта, якія ва ўвесь голас заявілі пра сябе на старонках рэспубліканскага друку (тым, што сам ужо друкаваўся, ганарыўся, але задзірыста не прымаў усур'ёз).
З першых студэнцкіх дзён ён зразумеў: універсітэт патрэбны паэту не толькі для таго, каб браць веды i майстэрства, спачатку неабходна сюды нешта прынесці, з нечым прыйсці, як тая дзяўчынка з хісткім казачным палацам, але не з гэтым, а з нечым сваім, напачатку няхай сабе вясковым, знаёмым, але — не жабраком, не пустэльнікам. «Пра сваіх па чарзе расказвалі...» — пачынаецца адзін з універсітэцкіх вершаў паэта. Расказвалі не толькі пра сваіх, яшчэ больш — пра сваё.
Вершы з'яўляюцца хутчэй, чым падставы для ix, пачуццёвая глеба. Менавіта падставы, жыццёвыя назіранні i вывады з сэнсавых пошукаў, а не імгненныя ўражанні — прычыны канкрэтных твораў. Недзе на другім курсе ў Анатоля Сербантовіча ўжо быў рукапісны зборнік вершаў, прачытаць які мелі магчымасць шматлікія сябры i таварышы па вучобе. Аднак складаўся ён у большасці сваёй з вершаў пра працу i пра каханне, часткова напісаных яшчэ да вучобы i потым крыху дапрацаваных, часткова створаных тут, у Мінску, але ў той жа танальнасці. Натуральнасць, першаснасць вершаў пра працу, нават, здаецца, наўмысная шурпатасць i непрыгладжанасць радкоў (яшчэ з абласных семінараў, задзірыстае — «А я ж грузчык, няма калі мудрагеліць!») прыцягвалі ўвагу, падабаліся. Нямала ішло ў друк. Але тыя творы, дзе мелася спроба разважаць пра пачуцці, каханне, крытыкаваліся ва ўсіх рэдакцыях (у тым ліку i ў «Чырвонай змене», там найчасцей бываў паэт), нідзе не прымаліся i ўвогуле выклікалі ўсмешку.
Няма нічога дзіўнага, што малады паэт пісаў пераважна пра свае родныя мясціны; жыццё i памкненні аднавяскоўцаў ніколі не аддзяляліся ад уласных. Увогуле ўражанні дзяцінства, пры ix далейшым пераасэнсаванні, далі творчасці Сербантовіча шмат. Прычым многія з «дарослых» вершаў выконваліся ў такой наіўнай юначай манеры, што наваі ix храналагічная паслядоўнасць выклікае сумненне.
Лірыка кахання, а яе было найбольш у гэтым прыватным зборнічку, дасягала такіх вышыняў правінцыялізму i амурнасці, што проста здзіўляешся. I гэта ў Сербантовіча, аўтара цудоўных вершаў пра каханне, лёгкіх i грацыёзных, празрыстых i кранальных.
З'яўленне шэрагу такіх вершыкаў можна растлумачыць толькі хлапчукоўскім жаданнем выглядаць гэткім старым, усё спазнаўшым вясковым кавалерам.
Каханне выхоўвае культуру пачуццяў. Вершы пра каханне выкрышталізоўваюць духоўны патэнцыял творцы. Таму i прыцягваюць увагу менавіта гэтыя няўдалыя творы, а не вершы працоўнай тэматыкі, якія ў тыя гады характарызавалі асобу паэта. Але пагартайце зборнікі паэта — i вы ix там амаль не знойдзеце. На твары паэта яны не пакінулі заўважнай маршчынкі. А як буяе каханне, якая пачуццёвая настальгія ў творах пра вайну!