— Як мае бацькі?..
— Як твае лялькі…
— Шкада…
— Чаму?..
— З табой добра…
— А ты са мной была?..
— З табой… А з кім яшчэ?..
— Ну, ці мала з кім… З Лёням… З бацькам…
— А…
— Што «а»?..
— Гэта «траўка» такая, яна падмяняе… Усё ў нас саміх, а яна вызваляе…
— Дык з табой было такое?..
— Не… Мяне п’яны бацька без ніякай «траўкі», на яве, на гэтай самай канапе… Яны праз тое і ў Анголу з’ехалі, я бачыць яго не магла… Павесіцца спрабавала… Каб не дзед…
Брызін сеў на канапе.
— Як гэта наяве? Бацька?..
— Ты чаго ўсхапіўся? — зашукала яго рукамі Капіталіна. — Хіба не чуў пра такое?.. Давай паляжым…
— Холадна, — падняўся Брызін і пачаў выварочваць на правы бок штаны, сцягнутыя з яго Капіталінай з трусамі разам і шкарпэткамі. І штаны, і трусы, і шкарпэткі, і пінжак з кашуляй у генеральнага дырэктара Андрэя Аляксандравіча Брызіна былі новыя, без дзірак.
У прыхожай раптам прыглушана зайгралі гімн Савецкага Саюза.
— Колькі ж часу?.. — пачаў шукаць гадзіннік Брызін, але ўспомніў, што Савецкага Саюза няма. — Што гэ та?..
— Званок такі дзвярны, — прыпаднялася Капіталіна. — Лёня кветкі прынёс, адчыні…
— А ты?..
— Што я?..
— Ты ж голая, апранайся.
— Я і голая магу кветкі ўзяць, — пайшла да дзвя рэй Капіталіна… Брызін пераняў яе, заштурхаў разам з трантамі ў ванну і тады ўжо адчыніў дзверы.
Лёня быў без кветак.
— Я ў бальніцу з’ездзіў… — ціха і вінавата прагаварыў Лёня, не пераступаючы парог. — Самсон Самсонавіч прабачаўся… што да вас не дазваніцца…
На Лёневым твары ўсё было напісана, хоць ён не ведаў, як пра гэта ўсё сказаць.
— Вы самі пазваніце…
— Зараз, зараз… — палез па кішэнях шукаць тэлефон Брызін, але яго хіснула да сцяны, ён прываліўся да яе спінай і асеў на падлогу.
Лёню ў дзвярах і Брызіна на падлозе і застала Капіталіна, мокрай і голай вышаўшы з ваннай з трантамі ў руках.