— На якім плячы ў цябе гузак? Магамед шморгнуў носам.
— На правым.
— А ў мяне на левым…
— І што?..
— Нічога. У мяне на левым, у цябе на правым…
— І што?
— Я ж кажу: нічога…
Мар’ян ступіў з падваконніка на пругкую пустату — з пустаты зноў на падваконнік. Магамед глядзеў на яго, нечага чакаючы, і Мар’ян павярнуўся да дэсантніка.
— Слухай, як цябе…
— Ніяк. Засакрэчаны.
— Ніяк дык ніяк… А суседа майго зваць Магамедам. Магамед падаў руку дэсантніку:
— Магамед.
Дэсантнік павітаўся з Магамедам неяк сарамліва… Ніякавата, мусібыць, знаёмячыся, паціскаць руку і ніяк сябе не называць.
— Яму можна з намі? — спытаў Мар’ян. — Ну, калі ў яго таксама гузак?
— Яму не з намі, калі на правым, — уздыхнуў дэсантнік, нібы спачуваючы Магамеду, у якога гузак не там, дзе трэба. — Вось калі б на левым…
— Якая розніца, калі гузак?
— Ёсць розніца.
— Якая? Гузак у мяне — гузак у яго.
— Розніца не ў гузаку.
— А ў чым?
— У месцы, якое ён займае. Так уладкавана.
— Што ўладкавана?
— Сам лад. Жыццё.
«Дык пераладкуй», — хацеў прапанаваць дэсантніку Мар’ян, але не прапанаваў, падумаўшы, што наўрад ці дэсантнік, няхай ён нават і ў балетках, мае паўнамоцтвы на пераўладкаванне жыцця.
— Не пашэнціла мне, — сказаў Магамед, зноў запаль ваючы. — Ды я нікуды і не збіраўся. Ні направа, ні на лева… — Прыкурыўшы, ён трымаў запалку, пакуль яна не дагарэла. — Жыццё, як запалка. Вось было — і дзе падзелася?.. Ні агню, ні дыму. — Магамед кінуў дапа лак і пацёр, паслініўшы, пальцы. — Толькі пячэ пры кончыку.
— Пайшлі! — нецярпліва торгнуў парашутныя стро пы дэсантнік. — Нам а дзевятай трэба ў штабе быць. А шлях не блізкі.
Мар’ян стаў абедзвюма нагамі на пустату. Дзіўнае ўсё ж адчуванне, але аднекуль знаёмае… І не з дзяцінства, не з хады па багне, не… Тады адкуль?
Ён зрабіў крок, з левай нагі ледзь не зляцеў тапак…
— Ты б, можа, без тапкаў, — параіў Магамед. — А то згубіш.
Мар’ян асцярожна, па адным, зняў тапкі, падаў суседу: