— Хораша пайшоў, — сказаў Шульман. — Бо не абы за што, а за праўду.
Засевіч пачакаў, пакуль, як раіў яму Броўка, каньяк сагрэецца ў горле і аддасць увесь свой непаўторны смак, але ніякай асаблівай смакаты не дачакаўся і спытаў не чакана для сябе самога:
— Скажыце, Аскар…
— Барысавіч…
— Аскар Барысавіч, а чаму вас Аскарам завуць?
— О! — узняў палец Шульман. — Усе пытаюцца, усім цікава… Мая маці любіла музыку савецкага кампазітара Аскара Фельцмана, таму так і назвала. — І навёў, як пісталет, палец на Засевіча. — А ваша маці якога кампа зітара любіла? Я маю на ўвазе музыку.
— Семяняку.
Пад навед зеным на яго пальцам Засевічу стала няўтульна, ён пасунуўся з крэслам па паркеце ўбок — і Шульман палец апусціў.
— Семяняку? Не чуў пра такога… А як яго зваць?
У філармоніі працуе, а пра Семяняку не чуў… Мог бы чуць, хоць і прыезджы. Вунь колькі ўжо гадоў як прыехаў… Пра што ж яны гавораць у філармоніі?
— Юры.
— Але ж вы не Юры…
— Сяргей.
— Ведаю, што Сяргей. А чаму не Юры?.. І чаму ваша маці любіла Семяняку, а не Фельцмана?
— Фельцман у Маскве. А Семяняка тут.
— Дык і Ханок тут. Чаму яна Ханка не любіла? Ханка ведае…
— Ханок тут. Але яна любіла Семяняку, а не Ханка. Чаму яна павінна была Ханка любіць?
— Ханка Эдуардам завуць, — зноў узняў палец Шульман. — Вы б маглі быць Эдуардам. Эдуард Засевіч — гэта нармальна. — І ў другі раз навёў на Засевіча палец, як пісталет. — А па бацьку як?
Засевіч не стаў адсоўвацца, лак на паркеце драпаць. Няхай страляе…
— Рыгоравіч.
— Во, тым больш.
— Што тым больш?
— Тое, што Засевіч Эдуард Рыгоравіч. Нармальна.
— А Сяргей Рыгоравіч Засевіч — ненармальна?
— Не, чаму… І Сяргей нармальна. Але вы маглі быць Эдуардам. Ды яшчэ Рыгоравічам. — Шульман апусціў «пісталет» і ўзяўся за пляшку. — Ці руку не мяняем?
— Што значыць руку не мяняем?
— Хто пачаў, той і далей налівае.
— Мне ўсё адно.
— Да гэтага нельга ставіцца абыякава, галава пасля будзе балець, — перадаў Шульман пляшку Засевічу. — Налівайце. Гэта закон: руку не мяняць.
— Закон дык закон, — разліў Засевіч. — За што? Шульман узяў кілішак, падняўся.