Сырадоеў, мабыць, ужо не пачуў гэтых слоў. Ён скурчыўся, застагнаў і асеў долу.
Косця кінуўся бегчы, пятляючы, нібы заяц, між дрэў. Азірнуўся — на аўтобусным прыпынку і на дарозе нікога не было. Ён выбег на сцежку, якая праставала праз сад на Хатыніцкі бальшак. Бег, пакуль не пачаў задыхацца. Звярнуў у сад, стары, яшчэ панскі, сям-там раслі і маладыя дрэўцы. Косця прыхінуўся плячамі да старой крывой яблыні. У святле поўні ейны голы ствол здаваўся матава-белым, як валавяны. Аддыхаўся, супакоіўся, выцягнуў пляшку віна — узрадаваўся, што не згубілася. Дрыжачай рукою адкаркаваў, паднёс да вуснаў. Сяк-так прыладзіўся, каўтнуў раз, другі. Перадыхнуў, агледзеўся — нідзе нікога, прыслухаўся — ні гуку. Дапіў віно. Шпурнуў пустую бутэльку, яна ўпала тарчком. У месячным святле шкляное горлачка паблісквала, як руля стрэльбы.
У Косцевай душы пачыналася бура. Куды бегчы? Можа, павярнуць дамоў? Ніхто не бачыў, як ён страляў. А раптам Сырадоеў выжыве, выдасць яго. Дык усе і так зразумеюць, зробяць экспертызу: з двухстволкі нядаўна стралялі, калібр падыходзіць. Пачнецца следства, суд і... вышка. Прыплюсуюць браканьерства. Не, дамоў вяртацца не выпадала. Хіба што развітацца з Ксеняй, павініцца за грахі, што руку падымаў на яе па п’яні. Пачне галасіць на ўсю вёску. Ісці да маці? І ёй пакуты прынясе. Вось каб дакументы меў, даляры, катануў бы ў Аргенціну да бацькі. І таму лішнія клопаты. Куды дзяваць сына-алкаша? Ну, з гарэлкай можна завязаць. І працаваць Косця ўмее. Але не бачыць яму Аргенціны, як сваіх вушэй.
Ён стаяў, абняўшы старую яблыню, усё мацней чуў у нагах вялікую стому і слабасць, сэрца цяжка тахкала за грудзінаю. Холад дабіраўся да ўзмакрэлай спіны — успацеў, калі бег ад вёскі. Косця перазарадзіў стрэльбу, заклаў два набоі — руля клацнула, заціснуўшы патроны, нібы ўзрадавалася новай порцыі смяротнага грузу. “Мне хопіць аднаго, — варухнулася думка. — А другі, можа, для Бравусава? Каб рук болей нікому не ламаў. Не, хай жыв”. Чуў ад Ксені, што Марына Сахута знайшла з ім шчасце. Усплыло ў памяці, як частаваў Бравусаў малога Косціка цукеркамі. Калі стаў дарослым, Косця зразумеў, што ўчастковы ездзіць да іх не так сабе. Аднойчы ён падгледзеў, як маці цалавалася з Бравусавым. Заляцанні ўчастковага не падабаліся Косцю, але маці пра гэта ён ніколі не сказаў ні слова.
І ўсё ж Косця пасунуўся ў бок Хатынічаў. Спярша крочыў па дарозе — тут пасля Чарнобыля паклалі асфальт, а потым павярнуў улева, да фермы. Але і туды заходзіць яму не хацелася. Стаяць ці сядзець не мог, нават карцела легчы. Ён узгадаў, што за фермаю на лузе, каля Бургаўцовага кургана, стаіць стог сена. Каля Хатынічаў траву не касілі: лічылася, што там павышаная радыяцыя, хоць кароў пасвілі, бо трава была высокая, густая. Каровы ахвотна скублі яе. Малако ад гэтых рагуляў змешвалі з прадукцыяй іншай фермы, што за Белаю Гарой. Неяк па вясне матка паказвала яму Бургаўцоў курган — яго макаўка тырчала на спрэс залітай вадою пойме Бесядзі.
Ён абышоў ферму злева, далей ад вёскі. Тут рос малады, густы, як шчотка, хвойнік, быў неглыбокі, разложысты раўчук. Вясною тут бурліла талая вада, улетку раскашавала густая, як воўна, трава. Некалі стары Арцём, Аксенін бацька, расказаў Косцю, як у сорак трэцім параіў чырвонаармейцам — папрасілі яго партызаны,— дзе лаўчэй перайсці Бесядзь, прапаўзці па лузе, па гэтым раўчуку абыйсці Хатынічы, прабрацца ў тыл, у Галнае балота. Там салдаты акапаліся за нізкімі альховымі кустамі. Немцы ўмацавалі вёску, бо яна прыкрывала Саковіцкі бальшак, па якім адступалі іншыя вайсковыя злучэнні. І вось на золку з крыкамі “Ура!” асноўныя сілы фарсіравалі Бесядзь і рынуліся ў атаку. Тады й секанулі кулямёты з тылу. Манеўр у абход вырашыў лёс той аперацыі. Збярог дзесяткі савецкіх воінаў.
Даўно няма чырвонаармаецаў, няма савецкіх воінаў. Разваліўся Савецкі Саюз. А дзе ж падзеліся савецкія людзі? І ён, Косця Варонін, быў савецкім чалавекам, перадавіком, пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. А цяпер ён — браканьер і забойца. Забойца лася, забойца чалавека. Былога франтавіка. Былога фінагента, загадчыка фермы, старшыні сельсавета, дэпутата. Паважанага ў вёсцы чалавека. Але ж ён падмануў Косцю, не стрымаў слова. Выціскаў з людзей сокі, спаганяў бязлітасна нядоімкі. А хіба іншы не спаганяў бы? Было б тое самае. А можа, з яшчэ большай лютасцю. У вайну ацалеў. Паранены быў. А я застрэліў яго, як сабаку. Хто мне даў на гэта права? Ніхто мне такога права не даваў. Я помсціў за крыўду…
Але чым болей разважаў Косця, тым крыўда ягоная неяк менела, нібы ўсыхала, раставала. Быццам Поўня высвеціла яе па-новаму. Вось цяпер у Косці няма выбару. І гэта высвеціла Поўня сваім жахлівым мутна-белым мёртвым святлом. Здавацца уладам — вышка, лішнія пакуты, пакуль вынесуць прысуд. Дык лепей самому ўсё вырашыць. Косця быў у шокавым стане, і ўсё ж разумеў: у яго ёсць толькі два варыянты — або ісці ў міліцыю і пасля суда — на той свет, або развітацца з жыццём сёння без лішніх пакут. Жыццё для яго страціла сэнс.
Тым часам ён дацягнуўся да стажка сена. Зайшоў з тарцовага боку, ад Бесядзі, найбольш асветленага поўняй. Выскуб зляжалага сена, адчуў пах чабору ці то рамонкаў, зняў з пляча стрэльбу, прымасціў яе з правага боку, нібы асцерагаўся нейкага нападу, ці збіраўся паляваць на зайцоў, якія часцяком прыбягаюць да стагоў сена. Сеў, выцягнуў стомленыя ногі, заплюшчыў вочы. Прыслухаўся — нідзе ні гуку. Быццам ўсё ў прыродзе здранцвела пад мёртва-жоўтым месяцовым святлом. Але раптам вуха ўлавіла далёкі сабачы брэх — мусіць, у Хатынічах якатаў малы сабачка. Ад Бесядзі пачуліся іншыя гукі, нейкі прыглушаны шум. Дакладна Косця не мог вызначыць: ці шуміць дзесьці на перакаце вада, ці шуміць у ягоных вушах, бо адчуваў, што галава цяжкая, патыліца нібы налілася свінцом. Адчуў, што галава пачынае кружыцца, здавалася, ён падымецца і адразу ўпадзе. Паварушыўся, пакруціў галавой, сена зашамацела, у нос патыхнула водарам лугавых зёлак. А яшчэ падалося, што сена дыхае летняю цеплынёю.
Як хораша пахне сена, падумаў Косця, мусіць, мая апошняя прыемнасць. Але ж і ў гэтым духмяным сене — смяртэльныя нукліды... Мільганула думка пра Аксеню. Неяк на падпітку Вольчын Пецька-байструк пахваліўся, што ў капе сена сапсаваў Хадорыну Ксеню. Дайшла пагалоска і да Косцевых вушэй. Ён узненавідзеў Пецьку, але што яму зробіш? Біцца з ім? А чаго Ксеня пайшла туды ноччу? Можа, усё адбылося па добрай згодзе. Кабель не ўскоча, калі сучка не захоча. Тады Косця ўпершыню адлупцаваў жонку, з якой дагэтуль жылі ціхамірна. Адной з прычын бяздзетнасці Аксені пачаў лічыць той даўн ейны грэх у капе сена.
Цяпер, седзячы ў стажку, пазіраючы на вялізную Поўню, ранейшыя трывогі і клопаты падаліся Косцю дробязнымі, нікчэмнымі. Ён толькі што пазбавіў жыцця чалавека. Паважанага, заслужанага, былога франтавіка. А цяпер ён, Косця, павінен вырашыць і свой лёс. У адным ён усё мацней пераконваўся: жыць яму не хочацца. У думках падзівіўся жывучасці бацькі, які ў далёкай Аргенціне зноў пусціў карані, звіў сваё гняздо, мае жонку, дзяцей і ўнукаў. А ў Косці ёсць толькі прага напіцца, каб забыцца пра ўсё на свеце. Зрэшты, у яго застаўся адзіны клопат: як пазбавіць сябе жыцця. Адказ і на гэтае пытанне заставаўся адзін: побач пад рукою двухстволка, у якой прытаіліся дзве кулі з тупымі дзюбамі. Яны чакаюць свайго часу.
Раптам Косця пачуў дзіўныя гукі з лесу. Нейкі прыглушаны кліч: угу-ух! угу-гу-гух! Праз нейкі час яму нехта адгукнуўся: угу-ух! Яму зрабілася вусцішна, адчуў, што аж валасы заварушыліся пад шапкаю. “Няўжо гэта мяне кліча нехта? — у Косці заледзянела ўсё ўнутры ад гэтай думкі.— Можа, душа Сырадоева кліча? А можа, у мяне розум бунтуецца? Значыць, пара. Трэба сцягнуць правы бот. Пацалаваць рулю стрэльбы...” Косця яшчэ прыслухаўся і да яго дайшло: перагукваюцца сычы дзесьці за Бабінай гарою. Але цяплей на душы ад гэтай здагадкі не зрабілася. Холад нібы ледзянымі абручамі сціскаў яго цела. Косця падняўся, ускінуў на плячо стрэльбу і пачаў тупаць вакол стога. Зрабіўшы круг, спыняўся, пазіраў на Поўню. Здавалася, быццам вялізны матава-белы рубель застыў на небе, але заместа герба дзяржавы, былой вялікай і магутнай, на ім бледна-шэры сілуэт: акурат нехта трымае некага на руках. Месяцовы сілуэт быццам прыцягваў Косцю: некалі ў маленстве маці казала яму, што гэта брат забіў брата, таму Бог прымусіў забойцу насіць нябожчыка на руках.
Косця Варонін углядаўся ў неба, як ніколі ў жыцці, бо разумеў: гэтая ноч для яго апошняя. І думаў ён пра гэта спакойна, як пра даўно вырашаную справу, даўно зроблены выбар. Зоркі праглядваліся слаба —Поўня забівала іх сваім святлом. Якое вялікае неба, высокае, бязмежнае! Яно дае дождж і снег, улетку на ім часам успыхвае казачна прыгожая вясёлка — Косця ў маленстве любіў пазіраць на вясёлку над Бесяддзю. А што чалавек дае небу? Дым, копаць, смурод. Вось і ён, Косця Варонін, паўсотні гадоў капціў неба. Але ўсё мае свой пачатак і свой канец. Жыццё, каханне, любая справа. Ну што, трэба сцягваць правы бот... Скончылася “Бэсаме, бэсаме муча…” Адмучыўся. Годзе!
Але пацалаваць рулю стрэльбы. Націснуць босаю нагою на курок ён яшчэ не быў гатовы. Згадаў, як мінулаю ноччу цалаваўся з Аксеняй. Падалося, што было гэта даўным-даўно. Тады ён і не думаў, што цалуе жонку апошні раз. Пэўна, і яна пра гэта думаць не магла. Бедная Аксеня, застанешся ты адна, затое вольная. Можа, яшчэ знойдзеш каго і будзеш дажываць свой век. Ёсць у цябе брат, высокі начальнік, мне адмовіўся памагчы, але родную сястру не пакіне без падтрымкі.
Косця тэпаў круга стажка, як у зачараваным коле... Ратам ад лесу пачуўся гучны густы свіст: вуй-вуй- вуй. Ён пазнаў голас жаўны. Можа. тая самая, якая лётала, калі гаварыў з Андрэем Сахутам. І чаму ёй не спіцца? А мо гэта мне здаецца? Калі з глуздаў з'еду, дык мо не расстраляюць? Чокнутых не судзяць? Але што за радасць — жыць у дурдоме? Не, гэта не для мяне. Але чаму жаўна не спіць? Сырадоеў ужо гэтага не чуе. І ніколі не пачуе. І мяне не будзе. А птушкі будуць свістаць. Лёд на Бесядзі будзе трашчаць. Рыбы плаваць. Сонца ўзыходзіць і заходзіць. Не, няма на свеце справядлівасці. І я зрабіў несправядлівасць. За гэта сам сябе і пакараю…
Знайшлі труп Косці Вароніна праз два дні, надвячоркам. Адшукала міліцыя са службовым сабакам.
Івана Сырадоева праводзілі ў апошні шлях сотні людзей — сышліся з усіх вёсак сельсавета. Старшакласнікі мясцовай школы неслі вянкі, на чырвоных падушачкіх баявыя ўзнагароды. Дзень быў хмарны, падалі рэдкія бухматыя сняжынкі, яны траплялі на васкова-жаўтлявы твар нябожчыка і не раставалі.
Над магілаю Косці Вароніна галасілі тры жанчыны: маці, сястра і жонка.
На другі дзень пасля пахавання ўдава Аксеня атрымала ліст з рэдакцыі абласной газеты. У ім паведамлялася, што копію Косцевага ліста адаслалі ў пракуратуру раёна з просьбай перагледзець справу, вызначыць віну кожнага ўдзельніка палявання і адпаведна размеркаваць суму штрафа.
У той жа дзень Ніна, Косцева сястра, атрымала паштовы перавод на сто долараў, яе запрашалі ў раённае аддзяленне ашчаднага банка. Ніна Сцяпанаўна ўглядалася ў бледна-жоўты квадрацік казённай паперы і гарачыя слёзы каціліся з ейных вачэй. Сэрца разрывалася ад жалю: чаму гэты перавод не прыйшоў на тыдзень раней?!
ХVІІ
Набліжаўся Новы год. Няўхільна, неадступна. Ада Сахута чакала яго з вялікім нецярпеннем. У яе было адчуванне, нібы ёй хочацца пачаць жыццё нанава. У душы выспявала пачуццё віны перад Андрэем: не падтрымала ў цяжкую хвіліну, часта дакарала, што нічога не выслужыў у партыі, абразліва называла ўсю ягоную дзейнасць балбатнёй. Яна сама адштурхнула яго ад сябе, прымусіла ехаць у зону. Але ён не зламаўся, выстаяў, пачаў новае ўзыходжанне па кар’ернай лесвіцы. Яе ўсё мацней забірала трывога, што ён знойдзе там сабе іншую жанчыну. Галоўны ляснічы, відны мужчына. Любая свабодная кабета, а то й замужняя кінецца на шыю, абы толькі захацеў.
Ёй карцела паехаць да мужа, але пад канец года было вельмі напружана на рабоце. Ёй заставалася два гады да пенсіі, трэба трымацца аберуч за сваё крэсла. А што потым? Іншы раз у думках яна гатова была паехаць да Андрэя ў райцэнтр, дзе некалі яны сышліся, стварылі сям’ю. І ўсё гэта рабілі па любові. У іх было сапраўднае каханне. Яе бацькі не маглі даць ніякага пасагу, Андрэй пра гэта ніколі не гаварыў, бо ніякіх меркантыльных разлікаў не меў. А вось яна, Ада, разлічвала разам з мужам узляцець высока, дабрацца да сталіцы, што ўрэшце і адбылося. О, як яна радавалася, ганарылася, калі яны атрымалі ў Мінску кватэру!
Ада ганарылася дзецьмі, а яны адчувалі павагу да сваіх бацькоў. А яшчэ прыхаваную зайздрасць аднакласнікаў, а потым інстытуцкіх сяброў. Пасля інстытута Надзя і Дзяніс засталіся ў Мінску. Займелі свае сем’і, сваё жытло. І ўсё гэта дзякуючы клопатам бацькі. А потым здарылася так, што сам бацька змушаны быў кінуць сталіцу, цёплую, утульную кватэру, паехаць у радыяцыйную зону. Якая несправядлівасць! Так думала Ада Браніславаўна. Напачатку яна лаяла мужа, што не змог уладкавацца ў Мінску, але паступова яе злосць, раздражнёнасць праходзілі. А цяпер, як яго прызначылі галоўным ляснічым, яна пачала думаць іначай: можа, і правільна ён зрабіў. І ўсё болей дакарала сябе, а не яго.
Ада хацела сустрэць Новы год са сваёй сям’ёю, каб абавязкова былі дзеці, бо яны засумавалі па бацьку. Яна разумела, што Андрэй даўно не бачыўся з сябрамі, але вырашыла запрасіць толькі сям’ю Махавіковых. З Евай апошнім часам яна зблізілася асабліва, адчувала, што тая ставіцца да яе па-ранейшаму, а мо нават з большай прыязнасцю. Але спачатку Ада параілася з Андрэем, неяк патэлефанавала яму з работы, узрадавалася, што захапіла на месцы. Расказала пра свае справы, пра дзяцей, пацікавілася, як ён сябе пачувае, якія клопаты даймаюць. Яна добра ведала Андрэеву звычку: па тэлефоне ніводнага лішняга слова, ягоныя тэлефонныя размовы нагадвалі тэлеграмы.
— Наконт гасцей не пярэчу. Даўно не бачыліся. Ну што, усё?
— Усё. Чакаем!
— Цалую ўсіх! Да сустрэчы.
Іншым разам Ада магла б пакрыўдзіцца, палічыць гэта за нетактоўнасць: яна патэлефанавала, а муж, якога даўно не бачыла, нецярпліва перапыняе размову. Цяпер жа яна лічыла гэта разумным, бо неўзабаве ўбачацца, тады і нагаворацца, а тэлефонныя размовы падаражэлі, яна, фінансістка, як ніхто іншы, павінна гэта разумець. Затое ўвечары адвяла душу з Евай — амаль паўгадзіны прагаварылі па тэлефоне. Ева ахвотна прыняла запрашэнне, абмеркавалі, хто што згатуе, дамовіліся не ўскладняць жыццё падарункамі, не ламаць над гэтым галаву — жыццё надта ўскладнілася, набыць што-небудзь людскае проста немагчыма.
— Найлепшым падарункам для нас з Андрэем будзеце вы самі, — сказала на развітанне Ада.