Таксі — гэта добра. Але ж грошай няма. Зршты, даедзем да месца. Бацька заплаціць, вырашыў Косця. І вось шыкоўная белая машына, з адкрытым верхам.. — такую Косця бачыў адно ў замежных фільмах, імчыць па шырокіх вуліцах. Вакол таўшчэразныя пальмы, высозныя дамы. Падкацілі да прыгожага катэджа, таксіст нешта сказаў па-іспанску.
— Айн мамент! — Косця выкуліўся з машыны, пакінуўшы чамадан, каб вадзіцель не сумняваўся: кліент вернецца.
Прыгожая металічная брама. На ёй было напісана лацінскімі літарамі: Стэфан Варонін. Справа чырванелася кнопка званка. Косця націснуў кнопку раз, другі, трэці, але ніхто не выходзіў. Ён азірнуўся і ўбачыў, што па вуліцы імкліва набліжаецца статак кароў ці то быкоў. Таксіст нешта крычаў яму, але Косця стаяў, як у здранцвенні: ногі не слухаліся яго, быццам прыраслі да асфальту. За статкам ён згледзеў Сырадоева і Бравусава, адзін у цёмна-зялёнай фінагентаўскай фуражцы, другі — у чырвонай міліцэйскай. Абое з бізунамі ў руках. Косця ўбачыў. што да яго імчыць вялізны раз'ятраны бык. Ён ірвануўся з усіх сіл і пераскочыў цераз агароджу. Але зачапіўся калашыною за востры, як дзіда, штыр, распаласаваў штаны, падрапаў калена. Да таго ж, упаў Косця на клумбу, дзе расллі нейкія калючыя кветкі, мусіць, ружы. Косця да крыві падрапаў рукі. Вылаяўся ад злосці і роспачы. Таксіст гучна засігналіў. Косця… прачнуўся.
Ляжаў у цішы. Чуючы, як тахкае за грудзінаю сэрца. Увушшу нібы засеў рэзкі гук клаксона. У роце ўсё сасмягла. Басанож пратэпаў на кухню, засіліў карэц вады, прагна выпіў. Калі зноў умасціўся на ложку, падала голас Аксеня:
— Не спіш, Косця? Нешта ты крычаў у сне. Стагнаў, мацюкаўся.
Косця прыўзняўся на ложку і расказаў жонцы ўбачаны сон. Яна выслухала, пазяхнула, прамовіла:
— Каб жа не твая глотка лужоная… Сабралі б грошай. Мог бы з'ездзіць. А то і ў дваіх бы … Цяпер жа можна. Не трэба ніякіх там харакатарыстык. Плаці грошы, афармляй візу ці купляй турыстычную пуцёўку і едзь. Хоць бы свет пабачылі. Як людзі жывуць. Дык жа свету белага не бачыш праз гарэлку.
— Ксеня, ну ты ж сама разумееш… Не ва ўсім я вінаваты. Так у нас жыццё склалася… А з паляваннем падвялі. Падманулі. Ну, не лезці ж мне жывым у магілу.
— Косця, мілы. Я пра ета не кажу. Не бяры так усё да галавы.
Аксеня паднялася, пратэпала па хаце, лягла з ім побач.Яе вельмі ўразілі словы: “ Не лезці ж мне жывым у магілу”. Яна прасунула цёплую руку пад Косцеву галаву, прыхінулся ўсім целам. Косця адчуў знаёмы і родны пах жончыных валасоў, грудзей, пачаў асцярожна гладзіць, чуючы заскарузлай даланёю мяккасць і гладкасць скуры вышэй каленяў. Рука саўганулася яшчэ вышэй, пяшчтна дакрнулася да тугога круглага жывата, у якім так і не змагло зарадзіцца новае жыццё.
Жонка прыхінулася шчыльней, цмокнула яго ў шчаку. Косця адчуў даўно нязведаную хвалю пяшчоты да Аксені, вельмі захацелася блізкасці. Але ягоны дзетародны член не зварухнуўся. Не падняў галаву, быццам не мог прачнуцца. Тады Крсця пачаў горача, прагна цалаваць жонку з надзеяй разбудзіць Яго. Але гэта не ўдалося. Шурпатыя жончыны рукі, спрацаваныя рукі даяркі, слізганулі ў трусы — і Аксеня спрабавала пабудзіць Яго, вярнуць былую сілу… Але і ёй гэта не ўдалося. Аксеня сумна ўздыхнула:
— Адпіў ты. Косцічак, сваю мужчынскую стлу.
— Гэта не ад п'янкі.
— А ад чаго ж?
— Ад працы цяжкой. Ад харчу слабога. З малых гадоў укалываў. То на плугах, то на трактары, то на камбайне. З цёмнанга да цёмнага. А бывала і ноччу араў. Без выхадных. Без водпуску.
— Хіба іншыя трактарысты меней працавалі7 Усім хапала.
— Былі ў мяне тры шчаслівыя гады. Ну, калі ў арміі служыў. Адна была бяда. Вельмі да дзевак хацелася, — усміхнуўся Косця. — І з табой першыя гады… Асабліва першы, мядовы. Ты сама казала: у нас не месяц, а цэлы год мядовы. А потым пачалі бедаваць, што няма ў нас дзіцёнка.
— Праўда, Косцічак. Я ўсё помню. Успаміны пра першы наш год грэюць мяне усю жысць. Ну, не пражывай. Неяк жа выберамся з етай ямы. Яшчэ ж не страыя. Будзем жыць. Каторы ж ета час? — Аксеня пстрыкнула выключальнікам, пад столлю ўспыхнула яркая лямпачка без абажура. — Тры гадзіны. Яшчэ рана. Сянні субота. Можна троху пазней паспаць.
І яна неўзабаве заснулаа А Косця так і пракачаўся да раніцы. Цяжкія думкі варочаліся ў галаве, нібы камяні жорнаў. Да ранейшых горкіх думак, дадалася новая балячка: не змог прылашчыць жонку. Няўжо ўсё? Скончыўся мужык Косця Варонін. Цяпер яго месца ў ложку заняў імпатэнт. Як у тым старым анекдоце, калі жонка скардзілася парторгу, што муж з ёй не спіць, завёў палюбоўніцу, а муж апраўдваўся, шо ён — імпатэнт. “Ты перш-наперш — камуніст”, — даводзіў парторг. Гэты жарт некалі расказаў пасля партсходу Іван Сырадоеў. Тады ўсе рагаталі. І Косця гучна смяяўся.
Як усё памянялася! І парторгаў няма, і Савецкага Саюза няма. А для Косці жыццё лепшым не стала, а наадварот — зрабілася невыносным. І з кожным днём усё горай і горай. А ў яго ж было шмат радасці з Аксеняй. Яны не асцерагаліся непажаданай цяжарнасці — для іх цяжарнасць была жаданай. Не ведаў Косця прэзерватываў,Аксеня не рабіла абортаў. Яны жылі, як хацелі, і колькі хацелася… Цяпер ён здатны адно на пацалункі. Вось табе і “Бэсаме муча..” Не ведаў Косця. што гэтай ноччу цалаваў жонку апошні раз.
Па абедзе ён выбраўся ў краму. Каля яе тоўпіліся падвяселеныя мужчыны. Быў між іх і Сырадоеў, таксама расчырванелы, ён пра нешта апавядаў, размахваючы рукамі. Мужчыны слухалі, рагаталі. Злосць і нянавісць з новай сілай успыхнулі ў Косцевай душы, ажно ўваччу пацямнела. Адчуў, як мацней затахкала сэрца, рукі сутаргава сціскаліся ў кулакі. Косця даў “дзеньдобры”, прайшоў міма. “Прыхапі фауста і на нашу долю, Косця!” — крыкнуў нехта.
Косця купіў два боханы хлеба, пляшку віна і хуценька выкуліўся з крамы. Мужчыны зноў нешта крычалі яму, але ён не азірнуўся, нібыта і не чуў. У яго білася адна думка: “Ты сянні ў мяне парагочаш! Толькі б паспець. Толькі б ніхто не перашкодзіў...”
Дома Косця паклаў боханы на стол, як і нёс у чырвонай сетцы, адкаркаваў віно, каўтнуў некалькі глыткоў, потым ускінуў на плечы двухстволку, паверх кухвайкі ўсцягнуў цёмны плашч, каб схаваць стрэльбу. У кішэню ўкінуў чатыры набоі, кулявыя, як на лася, у другую запхнуў недапітую пляшку, і па загуменні рушыў да крамы. Драўляны будынак яе стаяў нібы на раздарожжы: з левага боку вяла ў краму вуліца, а дакладней, дарога з райцэнтра, паабапал якой стаялі хаты. Вясковая вуліца, нібы перпендыкуляр, упіралася амаль што ў дзверы, а праваруч бегла дарога на Саковічы. Метраў за сто ад крамы бялеўся цагляны будан на аўтобусным прыпынку. Паабапал Саковіцкага гасцінца стаялі старыя тоўстыя вербы, за адной з іх і схаваўся Косця.
У снежні цямнее рана, асабліва калі неба хмарнае, шэрае, тады нават удзень усё вакол шэрае — і дрэвы, і хаты, і дарога. Ля крамы яшчэ чулася гучная, вясёлая гамана, вокны яе ярка свяціліся. Косця прыгнуўшыся, крадком, падбег бліжэй, бо Сырадоеў мог пайсці і па вуліцы, якая ўпіралася ў будынак крамы, а потым павярнуць направа да свайго дома — вялікай новай пяцісценкі. Гэты шлях далейшы, чым па гасцінцы паўз аўтобусны прыпынак.
Сутонне гусцела, як гусцее малако, калі скісае ці збягаецца на агні, але мужчыны яшчэ стаялі. Зырка ўспыхвалі іхнія папяросы — цыгарэтаў у краме на той час не было, таму ўсё дымілі альбо “Беламорам”, альбо сваім самасадам. Гамана радзела, зніклі зыркія кропкі-светлякі папяросаў. Мусіць, самыя зацятыя выпівохі пайшлі дабіраць да кандыцыі, а старэйшыя, меней стойкія, разыходзіліся па хатах. Косця выцягнуў з-пад плашча двухстволку, заклаў набоі, два запасныя муляліся ў кішэні кухвайкі.
Вакол было ціха, адно шумеў пругкі халодны вецер у бязлістых кронах вербаў. Браўся марозік. Ад парываў калючага ветру Косцю засцерагаў тоўсты шурпаты камель дрэва. Раптам ён пачуў крокі, рыпенне снегу. Ад крамы сунуліся тры постаці. Сэрца ёкнула: нават калі між іх Ён, ягоны крыўднік, нічога не атрымаецца, бо можна параніць нявіннага. Мужчыны развіталіся. Двое павярнулі налева, адна постаць сунулася да аўтобуснага прыпынку. Косця наструніўся з галавы да ног: не памыліцца, пераканацца, што гэта Ён.
Постаць набліжалася. Ішоў чалавек нетаропка, накульгваючы. Значыць, Ён! У апошнія гады Іван Сырадоеў пачаў трохі кульгаць, бо шмат давялося пахадзіць па вёсках былому фінагенту. Косця падрыхтаваў стрэльбу, саўгануў наперад шурпаты язычок засцерагальніка. Напружыўся ўвесь, бы струна напятая. Пра сябе, што будзе з ім пасля стрэлу, не думаў. Галоўнае — адпомсціць крыўдніку. Праз хмары выбіўся краёк месяца, а потым вылузнулася ва ўсёй першароднай красе жаўтлява-белая поўня. Пры святле месяца Косця пераканаўся — гэта Сырадоеў. Пачуў, як шуміць, пульсуе ў скронях кроў, мацней прыхінуўся да вярбы, каб яго загадзя не згледзеў крыўднік. Сырадоеў прамінуў вярбу, тады нечакана пачуў:
— Іван Ягоравіч! Пачакай, — нягучна прамовіў Косця і сам не пазнаў свайго голасу. І падалося яму, што крыкнуў на ўсю вёску.
Сырадоеў рэзка, спалохана павярнуўся, памкнуўся быў схавацца за дрэва, але Косця апярэдзіў — бабахнуў стрэл, за ім другі.
— Вось табе за лася. За падман. За ўсё астатняе. Мой прысуд!