Ніколі габрэйскі народ ня меў ворага больш бязьлітаснага, больш брутальнага, больш рашучага ці больш магутнага.
Амэрыканскі амбасадар у Польшчы Гібсан, аднак, паведамляў у Вашынгтон пра адсутнасьць доказаў масавага забойства габрэяў ці існаваньня арганізаванага антысэміцкага руху. Гібсан вызначаў прычыны антысэмітызму як сацыяльныя й эканамічныя, а не рэлігійныя. Ва ўсходніх гарадох варожасьць да габрэяў была выкліканая распаўсюджаным меркаваньнем пра іхную супрацу з бальшавікамі й напады на польскае войска. Гібсан нават прапаноўваў Дзярждэпартамэнту не выдаваць замежных пашпартоў для паездкі ў Польшчу агітатарам любога кшталту — габрэйскага ці хрысьціянскага.
Гэта была дыпляматычная перапіска, не вядомая грамадзкасьці. Зьбіраць дабрачынныя ахвяраваньні для Польшчы станавілася праблематычна. Тады Гувэр параіў прэм’ерміністру Падарэўскаму папрасіць амэрыканскага прэзыдэнта прыслаць незалежную камісію.
Камісія ўсклала віну на абодва бакі. Адзначыўшы распаўсюджаныя між палякаў антысэміцкія забабоны, узмоцненыя пасьляваеннай сытуацыяй, камісія не знайшла доказаў дзяржаўнага антысэмітызму. У справаздачы адзначалася, што, «калі б гвалт чыніўся не мясцовымі бандамі альбо непадкантрольнымі атрадамі, колькасьць ахвяраў ішла б на тысячы замест прыкладна дзьвюхсот»[21].
Камісіі дзеля праверкі скаргаў БНР польскі ўрад не ствараў.
Нягледзячы на неспрыяльную для беларускага насельніцтва палітыку Варшавы, мірнае жыцьцё й свая зямля хутка зробяць амэрыканскую дапамогу ў Заходняй Беларусі непатрэбнай. Яшчэ ў 1919 годзе інспэктар АРА Гершэл Ўокер так апісваў сытуацыю ў раёне Глыбокага — Дзісны:
Сяляне, пераважна беларусы, засталіся й сталі нават больш заможныя. Яны набылі больш зямлі, ураджайнасьць была добрая, хаця значна зьменшылася пагалоўе коней, гавяды, сьвіней.
Напачатку 1922 году, калі польская эканоміка выразна пайшла ўгару, апошні кіраўнік АРА ў Польшчы Філіп Болдўін паведаміў польскаму ўраду пра закрыцьцё місіі ў чэрвені. Прэм’ерміністар Панікоўскі выказаў словы ўдзячнасьці:
Усё насельніцтва Польшчы ўслаўляе імя Гувэра й атачае ўдзячнасьцю й павагай усіх ягоных суайчыньнікаў, хто ўдзельнічаў у дапамозе Польшчы. Адчуваньне, што праца сп. Гувэра ня будзе спыненая, але будзе працягвацца нашым народам, стане найлепшай узнагародай у момант іхнага ад’езду з Польшчы.
Польскі ўрад пагадзіўся на бясплатны транзыт па тэрыторыі краіны гуманітарных грузаў АРА на мяжу зь Беларускай Савецкай Рэспублікай. 15 тысяч тон збожжа штомесяц дастаўлялася з Гданьскага порту ў Стоўпцы, дзе вузкія эўрапейскія колы мяняліся на шырэйшыя. Міністар замежных справаў Польшчы Канстанты Скірмунт так тлумачыў гэтае рашэньне ў лісьце да Гербэрта Гувэра:
Польскі народ зьведаў блаславеньне вялікамаштабнае дапамогі ў часы нацыянальнай пакуты й хоча ўнесьці свой уклад у палёгку для Расеі. Хаця Польшча шмат гадоў была пад прыгнётам расейскага ярма, польскі народ адчувае, што дрэннае абыходжаньне было выкліканае пераважна расейскімі ўладамі, а не расейскім народам…
У Варшаве Скірмунта абвінавачвалі ў наіўнасьці й крытыкавалі за такі жэст, але дзякуючы яму Польшча здолела вырашыць важныя пытаньні. Праз пасярэдніцтва АРА было нарэшце падпісанае польска-расейскае чыгуначнае пагадненьне.
Пагадненьне адкрывала дарогу рэпатрыяцыі й палягчала вяртаньне з Расеі дадому сотням тысяч уцекачоў Першай усясьветнай вайны[22].
4
Вашынгтон — Масква: хлеб для бальшавікоў
Першая спроба дапамогі. — Другая спроба. — Арышт араўцаў у Менску. — За хлебам з кулямётам. — Голад у Паволжы. — Зварот Горкага. — Умовы Гувэра. — Рыскае пагадненьне. — Першыя ўрокі
Гербэрт Гувэр бальшавікоў не любіў. Аднак лічыў сваім абавязкам дапамагаць усім галодным і хворым — што аказалася зусім ня проста.
Яшчэ ўвесну 1919 ягоны плян перанесьці працу дабрачынных арганізацыяў з заміранай Эўропы ў Расею, дзе шалела грамадзянская вайна, быў абмеркаваны і ўзгоднены з кіраўнікамі так званай Рады чацьвёркі — ЗША, Італіі, Францыі й Вялікабрытаніі. У адказ выбухнула бура крытыкі.
Францускі друк тлумачыў плян Гувэра пошукамі рынку збыту для амэрыканскіх фэрмэраў і жаданьнем захапіць важныя канцэсіі ў расейскай эканоміцы. Белая эміграцыя вінаваціла АРА ў маральнай і матэрыяльнай падтрымцы бальшавіцкага рэжыму, які вось-вось мусіў сканаць. Лёнданскія кансэрватары ацэньвалі плян як заахвочваньне крыміналу, здраду сябрам і пачатак усясьветнай анархіі. Нью-ёрская прэса выказвала здагадку, што насамрэч дапамога будзе скіраваная контрарэвалюцыянэрам і ёсьць часткаю таемнае антыбальшавіцкае апэрацыі. Адказваць на савецкую пагрозу мірам і хлебам, пісала іншая амэрыканская газэта, было ўсё роўна што «гладзіць шалёнага бальшавіцкага сабаку па галоўцы й спрабаваць пасябраваць зь ім».
Прапанова дапамогі тымчасам была адкінутая бальшавікамі. Наркам замежных справаў Чычэрын ад імя ўраду вітаў гуманітарную частку пляну. Але катэгарычна не прыняў умовы: спыненьне ўсіх ваенных дзеяньняў варожых бакоў, руху войска ды тэхнікі. Савецкі ўрад лічыў, што пералом у грамадзянскай вайне ўжо адбыўся, канчатковая перамога блізкая й замірэньне пойдзе на карысьць белай арміі й акупацыйным войскам. Саветы настойвалі на наўпроставых перамовах зь дзяржавамі Антанты.
Гувэр быў схільны далей шукаць спосабы дапамогі. З увагі на тагачасную грамадзкую й палітычную сытуацыю ў Расеі ён скептычна ацэньваў шанцы саюзьнікаў у змаганьні з бальшавікамі й прадказваў паразу контрарэвалюцыйных сілаў. Аднак міністар замежных справаў Францыі Стэфан Пішон катэгарычна не пагадзіўся з Гувэрам і заявіў, што падзеньне бальшавіцкага рэжыму непазьбежнае й гэта пытаньне толькі часу. Гэтак у траўні 1919 скончылася першая спроба дапамогі.
Наступнае кантактаваньне АРА й бальшавікоў адбылося праз год і мела больш практычны характар, чым хацелася б АРА. У канцы красавіка 1920 пачалася польска-савецкая вайна. Польскае войска хутка ўзяло Кіеў, але неўзабаве мусіла адступіць аж да Варшавы. Праца АРА на тэрыторыі баявых дзеяньняў была перарваная. Спробы дамовіцца з бальшавіцкім урадам аб працягу дзейнасьці АРА на занятай Чырвонай арміяй тэрыторыі плёну не прынесьлі. Аднак у сярэдзіне жніўня пачаўся кантранаступ польскага войска, і чырвоныя часткі імкліва адступілі.
17 жніўня ў Менску пачаліся польска-расейскія мірныя перамовы. Разам з афіцыйнай дэлегацыяй у Менск прыбылі два супрацоўнікі АРА — Морыс Пэйт і Гершэл Ўокер. Раней на адрас менскіх уладаў была адпраўленая тэлеграма, якая папярэджвала пра візыт араўцаў.
Аднак у Менску Пэйт і Ўокер былі арыштаваныя разам з чальцамі польскае дэлегацыі.
Пасьля трох дзён зьняволеньня амэрыканцам удалося адправіць тэлеграму пратэсту на імя наркама замежных справаў Чычэрына. Яшчэ праз тры дні араўцы былі вызваленыя й выехалі ў Маскву. Трэба было вырашыць два пытаньні: дамовіцца, як надалей харчаваць 200 тысяч дзяцей у Беларусі і Ўкраіне на ўсход ад лініі Керзана, і высьветліць патрэбы ў дапамозе дзецям у цэнтральнай Расеі.
Адказ быў ужо знаёмы: дапамога Расеі віталася, але вылучна пад кантролем савецкіх органаў. Апроч таго, ня АРА, а амэрыканскі ўрад павінен выступіць з такой прапановай. Абедзьве ўмовы былі непрымальныя для Гувэра.
Не прынесьлі плёну й пазьнейшыя намаганьні вырашыць лёс АРА ў Беларусі[23]. Каб аднавіць апэрацыі на яе тэрыторыі, як прапаноўвалі Пэйт і Ўокер, Масква зноў патрабавала афіцыйнага звароту ўраду ЗША. Аднак спадзевы бальшавіцкага ўраду такім чынам дамагчыся дыпляматычнага прызнаньня нічым ня скончыліся.
У Крамлі тымчасам вырашылі здабываць хлеб з дапамогай кулямётаў. Хлеб — гэта зброя, заяўлялі камісары. Карныя атрады жорстка душылі рэшткі антыбальшавіцкага супраціву, палітыка харчразьвёрсткі ўзаконьвала дзяржаўнае рабаўніцтва сялянаў, і арганізаваны голад быў такім самым сродкам утрыманьня ўлады, як расстрэлы й канфіскацыі[24].
Аднак калі ўвесну 1921 абяскроўленая краіна апынулася на мяжы каляпсу й стала відавочна, што галоўная пагроза бальшавіцкай уладзе зыходзіць ад яе ўласнай палітыкі, Ленін абвясьціў НЭП. Новая эканамічная палітыка яшчэ не пасьпела даць плёну, як на вялікія збожжавыя раёны на поўдні і ўсходзе Расеі абрынулася засуха. Улетку пагроза масавага голаду стала відавочнай. Напрыканцы чэрвеня газэта «Правда» прызнала, што ад голаду церпяць 25 мільёнаў чалавек.
Савецкі ўрад не зьвярнуўся афіцыйна па міжнародную дапамогу, але дазволіў выступіць з такімі зваротамі патрыярху Ціхану й пісьменьніку Максіму Горкаму. 23 ліпеня быў надрукаваны ліст Горкага «Да ўсіх сумленных людзей», які сканчаўся заклікам:
Я прашу ўсіх сумленных людзей Эўропы й Амэрыкі аб хуткай дапамозе расейскаму народу. Дайце хлеб і лекі[25].
[21] У справаздачы ня ўлічаныя падзеі падчас акупацыі Беларусі ад жніўня 1919 да ліпеня 1920. Аўтары кнігі «Джойнт в Беларуси» Э. Іофэ й Б. Мельцэр прыводзяць афіцыйны дакумэнт ураду Беларусі ад 3 траўня 1922, паводле якога на часова акупаванай палякамі тэрыторыі было забіта 1100 габрэяў, паранена 150, 1250 жанчын згвалтавана, тысячы сталі ахвярамі рабаваньня. Пры гэтым аўтары ацэньваюць прыведзеныя лічбы як «яўна заніжаныя».
[22] Сярод тых, хто тады змог вярнуцца на радзіму пасьля эвакуацыі ў Сібір, была й мая бабуля Ярына з бацькамі, сёстрамі й братам. У родную вёску Рагозна тады ж вярнуўся з заробкаў у Амэрыцы Васіль Лукашук, і неўзабаве яны пабраліся. У 1929 нарадзіўся мой бацька. Калі яму пайшоў дванаццаты год, сям’і вызначылі маршрут у Сібір другі раз — першыя саветы пачалі ў Заходняй Беларусі калектывізацыю й раскулачваньне. Пасьля паўторнага падарожжа хіба ўжо ніхто з ГУЛАГу не вярнуўся б — але Сталін не пасьпеў.
[23] У 1919–1921 тэрыторыя этнічнай Беларусі некалькі разоў пераразьмяркоўвалася паміж Польшчай, Літвой і Расеяй. У сакавіку 1921 Рыская мірная дамова паміж РСФСР, Украінай і Польшчай падзяліла Беларусь на дзьве часткі. Заходняя частка была аддадзена пад кіраўніцтва Варшавы.
[24] Некалькі тагачасных указаньняў Леніна ў справе канфіскацыі: «Выдатны плян масавага руху з кулямётамі за хлебам…», «Ачысьціць цалкам усе лішкі хлеба…», «Складзіце павятовыя сьпісы найбагацейшых сялян, якія адказваюць жыцьцём за правільную хаду працы забесьпячэньня хлебам…», «Павесіць завадатараў з кулакоў…» (паводле «Ленинского сборника», т. 18, 1931).
[25] Падчас голаду савецкі ўрад пад кіраўніцтвам Леніна працягваў фінансаваць у цьвёрдай валюце замежныя кампартыі: 20 красавіка 1922 было вылучана 3 150 600 рублёў золатам Камінтэрну. Праз тыдзень сума была павялічана яшчэ на 400 000, у т. л. «на агітацыю сярод японскіх салдат». Паводле падлікаў гісторыка Д. Валкагонава («Ленин. Политический портрет»), у 1922 замежным кампартыям было перапраўлена золата, каштоўнасьцяў і грошай на суму больш за 19 000 000 залатых рублёў.