Калі хто-небудзь у сьвеце меў патрэбу ў дапамозе, дык гэта жыхары ўсходніх раёнаў, куды АРА прыйшла ў 1919 і 1920 гадох, не пытаючыся, ці ахвочыя яны стаць грамадзянамі Польшчы, новай Беларусі ці яшчэ чагосьці. Несумненна, што ў адказ на пытаньне пра сваю нацыянальнасьць альбо прыналежнасьць да нацыянальнага руху яны адказалі б гэтак сама, як звычайна адказвалі ўкраінцы: праваслаўныя.
АРА неадкладна скарысталася замірэньнем на польска-расейскім фронце й пачала адчыняць кухні, пастаўляць мэдыкамэнты й аказваць дапамогу на тэрыторыі на захад ад лініі фронту.
У лютым 1919 году Кангрэс ЗША асыгнаваў 100 мільёнаў даляраў на дапамогу эўрапейскім краінам. Гувэр накіраваў у Варшаву спэцыяльную місію з мэтай вызначыць характар дапамогі й так арганізаваць яе раздачу, каб не закранаць унутраныя палітычныя праблемы. Прынцыпы Гувэра былі правераныя падчас працы ў Бэльгіі й іншых краінах:
1. Дапамагаць толькі тым, хто ня можа дапамагчы сабе.
2. Толькі наглядаць, не займаць пазыцыі ў палітычных ці іншых праблемах.
3. Захоўваць поўную роўнасьць у справах з усімі нацыянальнасьцямі й рэлігіямі.
4. Так арганізаваць адміністраваньне ўсёю дапамогаю й дарадчую дзейнасьць, каб мясцовае кіраўніцтва станавілася больш эфэктыўным і ўрэшце пераняло кіраваньне цалкам.
Праз год пасьля пачатку апэрацыяў АРА ў Польшчы ў справаздачах пазначалася, што штодзённы мільён рацыёнаў гарачай ежы атрымлівалі разам з польскімі дзецьмі нямецкія, габрэйскія, украінскія, а таксама беларускія[16].
Гэтаму выніку папярэднічалі драматычныя падзеі. У сакавіку палякі, якія кантралявалі Менск і значную частку Беларусі, дадаткова захапілі Мазыр, Калінкавічы й Рэчыцу, а ў канцы красавіка 1920 пачалася поўнамаштабная польска-савецкая вайна[17].
Яшчэ напачатку 1920 Гувэр пастанавіў павялічыць дапамогу менавіта на «Крэсах Усходніх»[18]. У траўні пачаліся рэгулярныя паставы прадуктаў у пункты харчаваньня АРА ў Заходняй Беларусі: мука, рыс, бабы, груца, сьвініна й ялавічына, сухое й згушчанае малако, какава, цукар, алей, рыбін тлушч, соль, галеты. Сотні кухняў АРА адчыніліся каля Наваградку, Баранавічаў, Кобрыню, Пружанаў, Нясьвіжу, Ліды, Ваўкавыску, Бераставіцы, Ашмянаў, Багданава, Пінску, Берасьця й Горадні[19].
У траўні кухні АРА ў Менску выдалі 59 тысяч 520 абедаў дзецям і іхным маці, у чэрвені — 45 тысяч 407. Адначасна ў Менск прыйшлі вагоны з адзеньнем: паліто, чаравікі, панчохі. Але далей дапамога АРА была спыненая — бальшавікі нанесьлі ўдар у адказ, і пачалося імклівае польскае адступленьне.
Кухні АРА апынуліся пад пагрозай: ніякага пагадненьня з саветамі не існавала, трэба было ратаваць складавыя запасы й абсталяваньне. Палякі борзда адступалі, і часам пагрузка маёмасьці АРА заканчвалася, калі бальшавіцкія часткі ўваходзілі ў горад.
11 ліпеня чырвонае войска ўзяло Менск, 18-га — Баранавічы, 19 ліпеня Горадню, 23-га — Пінск. Бальшавікі рухаліся так хутка, што паўстала пытаньне ўжо не ратаваньня маёмасьці, а больш істотнае: ці амэрыканскаму пэрсаналу ў Польшчы працягваць працу пасьля захопу краіны бальшавікамі. Некалькі амэрыканскіх пілётаў служылі ў польскай эскадрыльлі імя Касьцюшкі, і хадзілі чуткі, што бальшавіцкім дэкрэтам усе амэрыканцы абвешчаныя ворагамі.
У дзень падзеньня Пінску Гувэр паслаў каблаграму зь Нью-Ёрку ў Эўрапейскі офіс АРА:
На мой погляд, калі нашыя людзі мяркуюць, што гэта бясьпечна, яны мусяць працягваць працу пунктаў харчаваньня за лініяй, занятай бальшавікамі… Пасьля пачатковай сумятні яны, магчыма, змогуць ізноў распачаць працу ў акупаванай бальшавікамі Польшчы ў межах пэўнага пагадненьня.
Кіраўнік Эўрапейскай штаб-кватэры АРА ў Лёндане Ўолтэр Браўн паслаў тэлеграму ў Маскву, у якой пытаўся, ці зацікаўлены савецкі ўрад, каб АРА працягвала харчаваць дзяцей на занятых Чырвонай арміяй тэрыторыях. Адказ прыйшоў толькі праз адзінаццаць дзён. Саветы пагаджаліся, але пры ўмове, што амэрыканцы будуць дзейнічаць пад кантролем дзяржаўных органаў дапамогі. Гэтыя органы, аднак, вызнавалі клясавы падыход, што цалкам супярэчыла прынцыпу АРА дапамагаць «незалежна ад нацыянальнасьці, палітыкі ці рэлігіі».
Тымчасам падзеі імкліва разьвіваліся: у жніўні чырвонае войска наблізілася да Варшавы, амбасада ЗША, а пасьля беспасярэдне Дзярждэпартамэнт рэкамэндавалі ўсім амэрыканскім грамадзянам неадкладна пакінуць тэрыторыю, акупаваную бальшавікамі. Аднак АРА не давялося эвакуавацца з Варшавы. 15 жніўня пачаўся кантранаступ польскага войска, і чырвоныя часткі пакаціліся назад гэтаксама хутка, як наступалі.
Дзейнасьць АРА ў Заходняй Беларусі аднавілася ў лістападзе, калі была падпісана дамова аб перамір’і. Даставы харчу й адзеньня адразу вярнуліся на даваенны ўзровень, кухні працавалі на поўную моц. Толькі ў Берасьцейска-Пінскім рэгіёне штомесяц адпускалі 50–70 тысяч абедаў для дзяцей і дарослых, пераважна ўцекачоў[20].
Ад траўня 1920 па красавік 1922 польская АРА разьмеркавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 15 тысяч 300 тон харчовай дапамогі на суму каля 3 мільёнаў 670 тысяч даляраў. Таксама дастаўлялася мыла й асобна — адзеньне. Было выдадзена 150 тысяч 318 паліто, 133 тысячы 759 пар чаравікаў і 137 тысяч 522 пары панчохаў на суму каля 900 тысяч даляраў.
Унівэрсытэты Кракава, Варшавы, Львова генэравалі Гувэра званьнем доктара, гарадзкія ўлады называлі пляцы й прысвойвалі званьні ганаровага месьціча, скульптары ляпілі бюсты. Вуліца імя Гербэрта Гувэра зьявілася ў Горадні. Будучы амэрыканскі прэзыдэнт асабліва даражыў лістамі ад дзяцей.
У сьнежні 1920 году Гербэрт Гувэр адказаў на дзіцячую пошту:
Дзецям Польшчы:
Я глыбока ўдзячны за цудоўныя альбомы, скруткі й доўгія сьпісы аўтографаў, якія вы паслалі мне на знак вашага разуменьня дружбы, якую амэрыканскі народ сьведчыў вам у гады польскага змаганьня пасьля вайны.
Як старшыня АРА, я дзякую вам ад імя ўсёй арганізацыі й асабліва ад імя тых адданых амэрыканцаў, сябраў АРА, якія накіраваліся ў вашую краіну й сумленна выконвалі абавязак, каб дапамагчы вам вырасьці здаровымі й шчасьлівымі грамадзянамі. Спадзяюся, што праца, якую мы здолелі зрабіць, дапаможа выпрацаваць у вас ідэалы свабоды й цывілізацыі, за якія Амэрыка ўступіла ў Вялікую вайну.
У гэтым адказе не выпадковы зварот: ня польскім дзецям, а дзецям Польшчы.
Неаднаразовыя напаміны й патрабаваньні амэрыканцаў захоўваць роўнасьць, не ператвараць гуманітарную дапамогу ў інструмэнт палітыкі сьведчылі аб праблеме, якая непакоіла Гувэра. Польская эліта адраджала нацыянальную дзяржаву пасьля двух стагодзьдзяў у складзе Расейскай імпэрыі з імпэтам і апантанасьцю, не зважаючы на інтарэсы нацыянальных мяншыняў. Польскія ўлады скарыстоўвалі дзеля сваіх мэтаў дыпляматычныя, вайсковыя, паліцэйскія, сацыяльныя й рэлігійныя вагары, у тым ліку й дапамогу АРА.
Яшчэ ў лютым 1920 на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы з адмысловай дэклярацыяй выступіла Рада БНР:
Атрымліваючы велізарныя запасы прадуктаў і адзежы ад Дзяржаў Антанты дзеля помачы дзецям у Польшчы, разумеючы ў гэтым і занятыя палякамі на Ўсходзе землі, акупанты ў Беларусі (асабліва ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях) надзяляюць бадай выключна польскія прытулкі, у каторых дзяцей беларускай беднаты за цану хлеба перарабляюць на «палякаў». Калі ж беларускія прытулкі просяць аб выдзяленьні і ім адпаведнае дапамогі для іх дзяцей, ім у гэтым адмаўляюць і прапануюць перадаць усіх дзяцей у польскія рукі дзеля спольшчаньня. І беларускія дзеці, рэзка адчуваючы крыўду і гвалт чужынцаў, са сьлязьмі адмаўляюцца ад «сытага жыцьця» ў польскіх прытулках, дзе павінны былі бы адрачыся сваёй мовы і нацыянальнасьці, ды астаюцца на паўгалоднае бытаваньне паміж сваімі!
Гувэр ведаў пра шматнацыянальны й шматканфэсійны склад Рэчы Паспалітай і праблемы дачыненьняў палякаў з габрэямі, беларусамі, украінцамі, літоўцамі.
Ужо ў першыя месяцы аднаўленьня Польшчы пачалі прыходзіць зьвесткі пра габрэйскія пагромы зь Пінску, Менску, Вільні, Львова. У пагромах абвінавачвалі перш за ўсё польскіх жаўнераў. Габрэйская дыяспара ў ЗША разьмясьціла ў амэрыканскім друку абвестку, дзе сьцьвярджалася, што ў Польшчы забіваюць габрэяў:
[16] У 1919–1922 АРА даставіла ў Польшчу 9500 таварных вагонаў харчу, было разьмеркавана 95 000 тон ежы, выдадзены 1 000 000 адзінак адзеньня, абутку й бялізны. Агульны кошт дапамогі склаў 65 841 716 даляраў.
[17] Урад маршала Пілсудзкага распрацаваў «дактрыну фэдэралізму» — вызваленьня суседніх «малых» народаў. У Варшаве меркавалі, што дзяржавы-сатэліты санітарнага кардону будуць «круціцца вакол Польскага сонца». Вялікабрытанія папярэджвала пра небясьпеку такіх амбіцыяў, але Парыж ставіўся да гэтае дактрыны прыхільна.
[18] Kresy Wschodnie — назва, якую ўжывалі афіцыйныя польскія ўлады ў дачыненьні да Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны, калі яны ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы (1921–1939).
[19] У 1919–1922 на тэрыторыі Польшчы (з улікам беларускіх і ўкраінскіх земляў) агулам дзейнічала 7650 пунктаў харчаваньня АРА, зь іх больш за 1000 — на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
[20] Ад траўня 1920 да траўня 1922 тут было выдадзена больш за 1 432 000 абедаў.