2
АРА ў Менску: ня чулі, не чакалі, ня клікалі
Амэрыканцы ў горадзе. — Сала скралі. — Зьбянтэжаны Чарвякоў. — Беларуская памяркоўнасьць. — Зварот Рады БНР. — Рамантычнае тлумачэньне. — Нумары з пацукамі. — Від на Менск з «Парыжу»
Сьнежным ранкам 8 студзеня 1922 году на пэрон менскага вакзалу з прыступак салён-вагону ступіў Доналд Эгбэрт Гардзі — вэтэран АРА, які меў багаты досьвед гуманітарнае працы ў розных краінах Эўропы. Пазьней у сваёй кар’еры Гардзі будзе некалькі дзесяцігодзьдзяў працаваць у «General Motors», рэпрэзэнтаваць інтарэсы кампаніі ў Лёндане, Гамбургу, Залатым Беразе і ўсёй Цэнтральнай Афрыцы. Ніякія будучыя перашкоды не спалохаюць пасьля гарту, які першы кіраўнік акругі АРА атрымае ў Менску. І гаворка зусім не пра маразы й прастуды…
Першую навіну амэрыканцы (разам з Гардзі прыбыў лекар Ралф Герц) прывезьлі з сабой, дакладней — не прывезьлі. Недзе ў дарозе з Масквы з эшалёну зьніклі два вагоны з топленым салам. Ані паравозная брыгада, ані кандуктары нічога не маглі патлумачыць. Другая навіна была ня лепшая за першую: гасьцей ніхто не чакаў.
Толькі праз тыдзень пасьля прыезду Доналд Гардзі здолеў напісаць першую справаздачу ў штаб-кватэру АРА ў Маскве:
Мы прыбылі ў Менск на спэцыяльным цягніку з 12 вагонаў раніцай у аўторак. Наступнай раніцай мы выставілі свае паўнамоцтвы Прэзыдэнту Беларускай Рэспублікі сп. Чарвякову[7]. Сп. Чарвякову не паведамілі па савецкіх каналах пра місію АРА ў Беларусі. Ён паабяцаў зрабіць усё, што патрэбна, і афіцыйна дазволіў распачаць дзейнасьць і даставу харчовых пакетаў, але даў выразна зразумець, што ён ня можа нічога канкрэтнага зрабіць у справе складоў, офісаў, жытла й г. д., пакуль не атрымае афіцыйную інфармацыю пра місію АРА ў Беларусі.
На другі дзень былі разладаваныя адзінаццаць вагонаў з гуманітарнай дапамогай, мяхі з прадуктамі даставілі ў чыгуначны склад для часовага захоўваньня. З транспартам было лягчэй — у адным з вагонаў прыбыў свой грузавік. Араўцы адразу пачалі шукаць пастаянны склад.
Гардзі пісаў:
У Менску падчас розных нямецкіх і польскіх акупацыяў 30 % усіх будынкаў разбурана, у тым ліку 90 % складавых памяшканьняў. Пагодзімся на любое, што знойдзем. У Менску проста няма такога сучаснага прымальнага складу, які мы хацелі б мець. Праўда, мы знайшлі невялікі склад для даставаў у горадзе. Жыльлёвыя ўмовы наўрад ці могуць быць горшыя, чым маем у гатэлі «Парыж». Спадзяемся неўзабаве знайсьці нешта лепшае.
Мінула два тыдні пасьля прыезду, аднак Прэзыдэнт Беларусі так і не атрымаў ніякага тлумачэньня з Масквы.
Гардзі паведамляў у штаб-кватэру АРА:
Варта адзначыць, што прыняцьцё Чарвяковым умоваў Рыскага пагадненьня[8] тычыцца толькі яго асабіста, але Беларуская Рэспубліка як незалежная рэспубліка патрабуе, каб гэтае пагадненьне было прынятае народным камісарыятам Беларусі. Да прыняцьця пастановы народным камісарыятам Прэзыдэнт можа надаваць дапамогу толькі ў межах існых законаў і правілаў. Камісарыят мае паседжаньне 27 студзеня, і нас запэўніваюць, што пагадненьне будзе прынятае й ня будзе ніякіх цяжкасьцяў. Аднак сёньня Чарвякоў ад’яжджае ў Маскву, дзе абмяркуе гэтую справу ва ўрадзе, і тады зможа больш рашуча дапамагаць нам на месцы. Нашая прапанова — каб управа сп. Эйдука зьвязалася са сп. Чарвяковым у Маскве й скарыстала ўсе магчымыя сродкі ўплыву дзеля ўпарадкаваньня нашых дачыненьняў зь Беларускай Рэспублікай[9].
Паводле пагадненьня між АРА й савецкім урадам справамі амэрыканскай дапамогі апекаваўся паўнамоцны прадстаўнік ураду РСФСР пры ўсіх замежных арганізацыях дапамогі. У 1921 годзе на гэтую пасаду быў пастаўлены былы латыскі стралок, зацяты камуніст Аляксандар Эйдук (пазьней яго замяніў Карл Ландэр). Пры савецкім урадзе таксама дзейнічаў камітэт ліквідацыі наступстваў голаду (Последгол).
АРА спрабавала пачаць апэрацыі ў Беларусі яшчэ ў 1921 годзе. Цэнтральныя камуністычныя ўлады выступілі супраць. Масква адхіліла амэрыканскі плян неадкладна пачаць харчаваньне дзяцей, хворых і ўцекачоў у Беларусі.
Беларусь ад пачатку голаду ў Паволжы разглядалася выключна як рэспубліка-донар. На загад «цэнтру» мясцовае начальства хутка арганізавала абавязковы збор сродкаў: рабочыя мусілі адлічваць частку заробку, працаваць на суботніках і нядзельніках, з прыватнікаў зьбіралі грашовыя ахвяраваньні, збожжа, муку, гародніну, ад сьвятароў патрабавалі здачы царкоўных каштоўнасьцяў і праводзілі канфіскацыі[10]. Паводле афіцыйных справаздачаў, ад саўгасаў шасьці паветаў Беларусі ў 1921–1922 гадох адправілі ў Расею 960 тон харчу і 120 тон насеньня, а начальства Віцебскай і Гомельскай губэрняў рапартавала аб адпраўцы 25 тысяч тон насеннага збожжа. Адначасна ў Беларусь прыбыло каля 13 тысяч дзяцей з Паволжа.
Толькі празь некалькі месяцаў АРА здолела пашырыць свае апэрацыі на Беларусь, але мусіла напачатку абмежавацца выдачаю адрасных індывідуальных пасылак.
Беларусь, якая лічылася самастойнай рэспублікай, мела заключыць асобную дамову з АРА. Такую дамову заключыў урад Украіны. Але, як напіша пазьней гісторык АРА Гаралд Фішэр:
Як і ўкраінцы, афіцыйныя асобы Беларускай Савецкай Рэспублікі некалькі дзён настойвалі на сваім праве незалежнай рэспублікі, паведаміўшы амэрыканцам, што дамова з РСФСР не азначае таксама дамовы зь Беларусьсю. Аднак беларусы не адстойвалі гэтае пазыцыі так упарта, як украінцы, і таму не было патрэбы заключаць асобнае пагадненьне зь Беларусьсю.
Масква зь Менскам не цырымонілася: пасьля падзелаў і перадзелаў тэрыторыі ад 15 мільёнаў чалавек, што жылі ў этнічнай Беларусі, у складзе БССР у 1922 годзе налічвалася менш за два мільёны. Камісары ў Менску выконвалі ўсе дырэктывы цэнтру.
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, якая дамагалася незалежнасьці краіны, неаднойчы зьвярталася да ЗША й саюзьнікаў з тлумачэньнямі й нотамі, просьбамі аб дапамозе.
Яшчэ ў лістападзе 1918 Рада БНР пісала на імя прэзыдэнта Паўночна-Амэрыканскіх Злучаных Штатаў і ўрадаў цэнтральных дзяржаваў:
У імя культуры й чалавечнасьці, у імя пачатку гуманнасьці, задэкляраваных спадаром Прэзыдэнтам Паўночна-Амэрыканскіх Злучаных Штатаў Рада Беларускай Народнай Рэспублікі просіць уратаваць безабаронную Беларусь ад разгрому і дзеля гэтага цяпер жа, да адыходу акупацыйнай арміі, забясьпечыць Ёй зьнешнюю недатыкальнасьць прызнаньнем Яе самастойнасьці і Незалежнасьці і ўнутраную бясьпеку перадачай у рукі Рады цывільнага кіраваньня краем.
Не апраўдаліся спадзевы, што ЗША дапамогуць стварыць мірную выспу памерам у краіну пасярэдзіне эўрапейскага тэатру баявых дзеяньняў; прыярытэты краінаў Антанты, якія надалей ваявалі супраць нямецкай агрэсіі звонку й чырвонай пошасьці знутры, не супадалі з інтарэсамі БНР. У 1920 годзе, ужо з выгнаньня, Рада Народных Міністраў БНР падрыхтавала яшчэ адну ноту ўраду ЗША з пратэстам супраць палітыкі аднаўленьня былой Расеі:
Пакуль граніцы этнаграфічныя ня будуць пакрывацца граніцамі дзяржаўнымі, пакуль сталецьцямі няволеныя Расеяй народы не здабудуць сваёй даўняй свабоды, датуль немагчымы супакой на тэрыторыях былой Расеі, а гэта значэ немагчымы супакой на Усходзе Эўропы…
Амэрыканскія ўрады Ўілсана, а пасьля Куліджа, Гардынга й Гувэра не былі прыхільныя да бальшавіцкай Расеі. ЗША цьвёрда адмаўлялі РСФСР, а пасьля СССР у дыпляматычным прызнаньні, нягледзячы на крамлёўскія намаганьні[11].
Гербэрт Гувэр, які, перад тым як стаць прэзыдэнтам, займаў міністэрскія пасады ў папярэдніх адміністрацыях, выступаў рашучым праціўнікам прызнаньня саветаў, але адначасова рабіў усё, каб дапамагчы ахвярам голаду ў Эўропе незалежна ад палітыкі, нацыянальнасьці, клясавага падзелу.
Пастанова Гувэра пашырыць дапамогу на Беларусь была выкліканая ня засухай, паморкам ці неўраджаем — у параўнаньні з катастрофай у Расеі мясцовае насельніцтва не галадала. Але Беларусь станавілася месцам вяртаньня й небывалай канцэнтрацыі ўцекачоў.
Сярод дакумэнтаў АРА сустракаецца рамантычнае тлумачэньне амэрыканскай дапамогі Беларусі:
Беларусь — самае крывавае поле бітваў, празь якое цягам сямі гадоў прайшлі сем арміяў, — была ня ў стане вытрымаць націску хворых уцекачоў, якім, каб выжыць, патрабаваўся дагляд як за малымі дзецьмі.
Магчымасьці Беларусі былі вычарпаныя. Наступіў момант, калі рэспубліка ня вытрымала ціску, і орды польскіх, нямецкіх, габрэйскіх, татарскіх, башкірскіх, кіргіскіх і расейскіх уцекачоў апынуліся ў такім самым стане, як амаль два мільёны мясцовых жыхароў.
[7] Так у амэрыканскім ліставаньні тытулявалі старшыню Цэнтральнага выканаўчага камітэту й Савету народных камісараў (1920–1924) Аляксандра Чарвякова. (Тут і далей усе цытаты з архіўных і іншых дакумэнтаў і публікацыяў падаюцца бязь зьменаў, адпаведна арыгіналам.)
[8] Рыскае пагадненьне паміж савецкім урадам і АРА было падпісанае 20 жніўня 1921 у Рызе.
[9] У 1921 была падпісаная дамова аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж БССР і РСФСР. У тэксьце адзначалася, што два ўрады цалкам прызнаюць «незалежнасьць і сувэрэннасьць кожнага з бакоў». Лічылася, што рэспублікі пагадзіліся аб’яднаць наркаматы ваенных і марскіх справаў, замежнага гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносінаў, поштаў і тэлеграфу, народнай гаспадаркі. Замест права самастойна вырашаць свае справы Беларусь атрымлівала ўпаўнаважаных аб’яднаных камісарыятаў.
[10] 23 лютага 1922 у Маскве быў выдадзены дэкрэт «Аб парадку канфіскацыі царкоўных каштоўнасьцяў», якія, паводле афіцыйнай вэрсіі, ішлі на барацьбу з голадам. 1 сакавіка адмысловая камісія канфіскацыі на чале з А. Чарвяковым была ўтвораная ў Менску. У красавіку пачалася татальная канфіскацыя ў храмах Беларусі (у т. л. былі раскрытыя мошчы Эўфрасіньні Полацкай у Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры). Як сьведчыць гісторык У. Навіцкі (зборнік «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.)», было канфіскавана каштоўнасьцяў на 4 000 000 залатых рублёў. Сакрэтны цыркуляр савецкага ўраду, аднак, накіроўваў грошы не на дапамогу ахвярам голаду: «Каштоўнасьці, адабраныя ў закрытых цэркваў, павінны ўлічвацца й накіроўвацца ў асобнай графе, таму што яны паступаюць не ў ЦК Последгола, а павінны накіроўвацца ў дзяржаўны фонд».
[11] У архівах АРА захоўваецца нататка «Незалежнасьць Беларусі» з амэрыканскае газэты ад 12 чэрвеня 1922: «Два беларускія дэлегаты, міністар Рэспублікі сп. Жытлоўскі й ягоны сакратар сп. Анэкштэйн, цяпер знаходзяцца ў Лёндане са спэцыяльнай місіяй. У заяве для друку яны гавораць: “Нягледзячы на тое, што Рыская дамова між Польшчай і Расеяй быццам бы прызнае незалежнасьць Беларусі, у сапраўднасьці краіна анэксаваная Расеяй і Польшчай. Афіцыйныя пратэсты супраць гэтага парушэньня міжнароднага права былі заяўленыя Антанце й Лізе Нацыяў. Насельніцтва галадае пад камуністычным кіраваньнем; ня лепшы лёс тых, хто застаўся пад Польшчай. Калі б аднавіліся нармальныя ўмовы, нацыянальная эканоміка хутка б разьвілася дзякуючы спрыяльнаму геаграфічнаму становішчу. Як толькі Беларусь здабудзе незалежнасьць, яна безумоўна ўступіць у фэдэрацыю зь Літвой і такім чынам далучыцца да Балтыйскага зьвязу, куды яна належыць паводле гісторыі й геаграфіі”».