Разьмеркаваньне дапамогі для дзяцей і хворых будзе ажыцьцяўляцца не зважаючы на расу, рэлігію, сацыяльны альбо палітычны статус.
Гэтыя два пункты цалкам супярэчылі цэнтральным прынцыпам бальшавіцкай улады — поўнага дзяржаўнага кантролю й клясавага падыходу. Але пакуль Масква мусіла падпісаць амэрыканскія ўмовы. Ліцьвінаў выступіў з палымянаю прамоваю пра палітычную значнасьць пагадненьня. Браўн, у сваю чаргу, падкрэсьлена выразна заявіў, што пагадненьне ня мае ніякага палітычнага значэньня.
У гэты ж дзень пасьля тэлеграмы Браўна пачалася адгрузка харчаваньня для Расеі са складоў АРА ў Гамбургу, Данцыгу й Рызе. Яшчэ празь дзесяць дзён, 1 верасьня, амэрыканскі сухагруз «Фэнікс» прышвартаваўся ў петраградзкім порце з 700 тонамі мукі, рысу й цукру на борце.
У суботу 27 жніўня першы кантынгент АРА — сямёра амэрыканцаў — прыбыў у Маскву[27].
Іх сустракалі прадстаўнікі Наркамату замежных справаў і ўраду.
Амэрыканцы адразу атрымалі першы ўрок: улады краіны з насельніцтвам больш за 120 мільёнаў чалавек былі гатовыя разьмясьціць толькі тры чалавекі, астатнім месца не было. Амэрыканцы пагадзіліся начаваць у вагоне й пацікавіліся плянам заўтрашніх дзелавых сустрэчаў. Ім паведамілі, што ў нядзелю ўсе камісарыяты зачыненыя й ніхто зь імі сустрэцца ня зможа.
Такі быў другі ўрок.
5
Беларусь, Козырaвa: акно ў Эўропу на ўскрайку Менску
2 мільёны ўцекачоў. — Пакуты вяртаньня. — Цягнікі надзеі й сьмерці. — Бар'ер для тыфусу. — Поле бітвы пад Негарэлым. — Забытыя немцы. — Францускія вашабойкі. — Паратунак у канцлягеры
На архіўным фатаздымку — некалькі дзясяткаў людзей пад голым небам на фоне баракаў, апранутыя хто як, — старыя, дзеці, жанчыны, барадатыя мужыкі. Здымак зроблены ў найбольшым у сьвеце на той момант, як пісалі газэты, канцэнтрацыйным лягеры ўцекачоў Козырава[28] за пяць кілямэтраў ад цэнтру Менску.
Праз Козырава прайшлі тысячы людзей, якіх трэба было карміць, лячыць, мыць, апранаць.
Паводле ацэнак Рады БНР, каля 2 мільёнаў беларусаў, пераважна праваслаўных, на загад царскага ўраду былі вывезеныя ўглыб Расеі перад наступам нямецкіх войскаў[29].
Вярнуцца ў Польшчу маглі ўсе, хто меў паперы, якія сьведчылі пра іхнае жыцьцё на тэрыторыі, што стала ўваходзіла ў Рэч Паспалітую Польскую. Падпісанае пры пасярэдніцтве АРА польска-расейскае чыгуначнае пагадненьне адкрыла ім дарогу дадому.
Цэнтральны эвакуацыйны камітэт у Маскве вызначыў два пункты рэпатрыяцыі ўцекачоў: Жмерынка ва Ўкраіне й Негарэлае ў Беларусі. Гнаныя голадам, сотні тысяч сем'яў разам з набыткам рушылі на захад. Таварныя вагоны на некалькі месяцаў станавіліся домам для дзяцей і дарослых, жанчын і мужчынаў, здаровых і хворых.
Чыгунка не спраўлялася зь людзкой плыньню. У адной са справаздачаў падаецца тыповая вакзальная сцэна:
…Шчыльная маса бруднага рызьзя, у якой там і тут відаць схуднелыя голыя рукі, твары зь пячаткай сьмерці. У паветры атрутны смурод.
Прайсьці немагчыма. Заля чаканьня, калідоры, кожны сантымэтар густа занятыя людзьмі, якія ляжаць, сядзяць скурчаныя ў самых неверагодных позах. Калі прыглядзецца, дык відаць, што сьмярдзючыя лахманы кішаць вошамі. Хворыя на тыфус курчацца й трасуцца ў ліхаманцы разам зь дзецьмі. Немаўляты страцілі галасы й болей ня могуць плакаць… Жанчына спрабуе супакоіць малое дзіця, якое плача й просіць есьці. Яна люляе яго на руках. Затым раптам б’е. Малое крычыць. Жанчына вар’яцее. У шаленстве, зь перакошаным тварам яна пачынае зьбіваць дзіця. Удары кулаком градам сыплюцца на тварык, на галаву, потым яна кідае дзіця на падлогу й б’е нагой. Вакол у жаху крычаць. Малое падымаюць, лаянка абрынаецца на маці, якая пасьля шалёнага выбуху сьціхла й абсалютна не зважае навокал. Вочы расплюшчаныя, але нічога ня бачаць.
Польскі надзвычайны камісар у справе рэпатрыяцыі Ўладыслаў Грабскі падаў наступны пратакол пра ўмовы вяртаньня:
Транспарт з Казані быў у дарозе 90 дзён. Адлегласьць да польскае мяжы складае 1739 км. Цягнік праходзіў 19,33 км за 24 гадзіны, альбо з хуткасьцю 0,8 км у гадзіну. Калі б уцякач вяртаўся пешкі й ішоў толькі 6 гадзінаў у дзень з хуткасьцю 4 км у гадзіну, ён бы прайшоў увесь шлях на 17,5 дня хутчэй, чым на цягніку. У цягніку было 1948 чалавек, зь якіх толькі 649 дабраліся да мяжы. Астатнія 1299 памерлі ў дарозе. Сьмяротнасьць перавышала 14 чалавек у дзень, паміраў адзін чалавек кожныя 1 гадзіну 40 хвілінаў. Падчас падарожжа праз Расею ўцекачы атрымлівалі ў сярэднім 153 грамы хлеба штодня, яны таксама мусілі самі нарыхтоўваць паліва.
Да адкрыцьця лягеру людзі, якія мусілі чакаць на свае цягнікі, самі шукалі жытло, начавалі ля станцыі, у паўразбураных дамох. Празь месяц пасьля прыезду ў Менск, у лютым 1922, кіраўнік акругі АРА Доналд Гардзі наведаў такі дом:
Паветра затхлае, і празь некалькі хвілінаў цягне на ваніты й чалавек млее. У пакоі безь сьвятла й абагрэву месьціцца ад 30 да 40 чалавек, бязь ежы й вопраткі, тамсама хворыя на тыфус. Зімой не было часу хаваць памерлых, і трупы проста кідалі ў пустыя вагоны ці пустыя будынкі ля станцыі. Аднойчы я налічыў 150 трупаў, наваленых адзін на аднаго, як мяхі.
Беларускую эвакуацыйную камісію (Белэвак), якая займалася ўцекачамі, узначальваў будучы куратар АРА Мар’ян Стакоўскі. Ад студзеня 1921 па красавік 1922, паводле зьвестак камісіі, празь менскі вакзал прайшлі 251 тысяча 734 уцекачы. Амаль для кожнага трэцяга Менск быў канцавой станцыяй. Далей, да родных вёсак пад Лагойск ці Мар’іну Горку, яны дабіраліся самастойна. Рэшту ўцекачоў трэба было перапраўляць у Негарэлае й далей у Польшчу. Яны праводзілі ў Менску ў сярэднім каля дзесяці дзён.
Дапамогі ад цэнтральнага ўраду Беларусь не атрымала. Студэнты-мэдыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту сабралі больш за 2 тысячы кашуляў, сукенак, ручнікоў, прасьцінаў. Апроч збору ахвяраваньняў, было вырашана правесьці лятарэю на карысьць уцекачоў, на патрэбы галодных пералічвалася частка выручкі ад канцэртаў і спэктакляў, гарвыканкам пастанавіў аддаваць 2 % даходаў ад гарадзкой электрастанцыі. На сабраныя грошы была адкрытая сталоўка Чырвонага Крыжа на пяцьсот чалавек. Квакеры пастаўлялі рыс, шмалец, малако. У сакавіку 1922 прыйшла дапамога ад нямецкага Чырвонага Крыжа — хлеб і грошы. Два вагоны кукурузы прыслала місія Нансэна. Спачатку меркавалі карміць толькі дзяцей, але ўцекачы настолькі змарнелі ад голаду, што давялося карміць і дарослых. Аднак на чвэрць мільёну ўцекачоў сабраных сродкаў было яўна недастаткова.
У апошні тыдзень сакавіка 1922 лекар Менскай акругі Ралф Герц разам зь лекарам Белэваку Зітманам вывучалі рух уцекачоў. За той тыдзень на вакзал прыбыло 4 тысячы ўцекачоў зь Екацярынаслаўля, Смаленску, Саратава й Тулы.
У пяці цягнікох не было мёртвых, толькі 10 хворых былі зьнятыя з вагонаў. Гэта надзвычайна, і тлумачыцца тым, што толькі хворыя зь ліхаманкай лічацца хворымі, а інкубацыйны пэрыяд не рэгіструецца. Для параўнаньня, у апошні тыдзень сьнежня 1921 году з прыкладна такой жа колькасьці цягнікоў было зьнята каля 100 памерлых і 100 хворых.
У Наркамаце аховы здароўя Герцу паведамілі, што маюць адну восьмую частку патрэбных мэдыкамэнтаў. Не было сродкаў і вакцынаў для прышчэпак ад тыфусу, халеры й вятранкі. Далёка ад Менску хваробы разносілі гэтак званыя неарганізаваныя ўцекачы, якія спрабавалі выбрацца з зоны голаду паасобку ці сем’ямі. Тыфус выбухнуў нават сярод сялянаў у Бабруйскім і Слуцкім паветах. Герц неадкладна перадаў у Маскоўскую штаб-кватэру просьбу аб дапамозе й прапанаваў распачаць у Беларусі кампанію вакцынацыі.
У заяве кіраўніцтва АРА гаварылася:
Мы ня ў стане ўзяць на сябе адказнасьць за абарону Заходняй Эўропы. Але, беручы пад увагу важнасьць працы на заходняй мяжы, мы аказваем усялякую магчымую дапамогу. Нашыя штаб-кватэры месьцяцца ў Менску й Кіеве, а склады ў Гомелі й Віцебску, і адтуль мы робім даставы розных неабходных рэчаў ва ўсе раёны на заходняй мяжы й спадзяемся забясьпечыць іх у прымальна кароткі час.
Да сьнежня 1921 Белэвак збольшага спраўляўся з сытуацыяй, але ўзімку прыбыцьцё цягнікоў стала непрадказальным: часам тыдзень не было ніводнага эшалёну, часам цягам дня восем ці дзевяць прыбывалі без папярэджаньня. Лекар Менскай акругі Ралф Герц пісаў:
З прычыны геаграфічнага становішча Менск заўсёды быў галоўным заходнім пунктам выезду і ўезду ў Расею, апошнім вялікім чыгуначным цэнтрам перад польскай мяжой. Голад у Паволжы пагоршыў сытуацыю. Людзі выяжджаюць з зоны голаду, і шмат каму не шанцуе: калі іхныя дакумэнты не адпавядаюць патрабаваньням польскага эвакуацыйнага камітэту, іх адсылаюць назад, і звычайна яны застраюць у Менску. Дакладных лічбаў няма. Паводле апошніх ацэнак, у Менску стала жыве ад 10 000 да 11 000 уцекачоў, і, магчыма, 5000 месьцяцца ў навакольных вёсках. Ад адной да дзьвюх тысяч памерла ўзімку ад тыфусу. Апроч таго, у Менску знаходзіцца што-тыдня ад 8000 да 15 000 транзытнікаў, якія некалькі дзён чакаюць свайго цягніка. Транзытнае насельніцтва, верагодна, падвоіцца ці патроіцца, паколькі рух уцекачоў павялічыцца ў наступным месяцы і ўлетку.
[27] Першапачаткова меркавалася, што ў АРА будзе працаваць каля 100 амэрыканцаў. Аднак з прычыны пашырэньня апэрацыяў гэтая лічба вырасла да 381 чалавека (нехта працаваў цалкам увесь тэрмін, нехта толькі некалькі месяцаў). Кірункі дзейнасьці АРА былі адлюстраваныя ў структуры арганізацыі: у Маскоўскай штаб-кватэры існавалі ўправы разьмеркаваньня харчу й адзеньня, мэдычнай дапамогі, складаваньня й транспарту, фінансаў, а таксама інспэктарат, гістарычны аддзел, прэс-служба й паўафіцыйная консульская служба (АРА паспрыяла рэпатрыяцыі 798 амэрыканскіх грамадзянаў ці асобаў, якія мелі сваякоў у Амэрыцы).
[28] Козырава — пасёлак на паўднёвай ускраіне Менску. Цяпер гэта раён вул. Вільямса й Фізкультурнага завулка з аднаго боку чыгункі ды вул. Гогалеўскай (раней Козыраўская) з другога. Захаваліся старыя Козыраўскія могілкі.
[29] Паводле афіцыйнай расейскай статыстыкі, усяго было дэпартавана 3 300 000 чалавек, зь іх 800 000 палякаў, 200 000 габрэяў, астатнія 2 300 000 складалі беларусы і ўкраінцы. Паводле БелЭН, беларускіх уцекачоў было больш за 2 292 000.