Здалёк чуваць каровіна рыканне, і Канапельчыха са сполахам у голасе выдыхае:
— Авой-авой, статак гоняць! Штосьці рана сёння. Пайду пераймаць сваю карміцельку.
На падворку бразгае вядро ў калодзежы — гэта маці чэрпае ваду для каровы.
— Юрка, ты дзе?! Зноў на гары хаваешся? Злазь зараз жа! — задыхана гукае маці, бразгае вядром і йдзе ў хату — узяць акраец хлеба. Субоха не зойдзе ў хлеў, пакуль ёй не дасі пачастунку.
І вось ужо рагуля рыкае ля весніц, і маці здушана гукае з хаты:
— Бягу ўжо, бягу!
Ад цяжкой каровінай хады гарышча злёгку здрыганаецца, і да кіславатага паху аўчыны далучаецца саладкаваты пах сырадою. Карова доўга і прагавіта п’е ваду, зморана аддзімаецца, нарэшце бразгае вядром, каротка рыкае.
— Ну ідзі ўжо, ідзі, — падганяе маці Субоху, і тая па старой звычцы грукае капытам аб парог хлява.
— Вядро! — уголас шапчу, прыўзняўшыся на локці. Праз імгненне ўжо паўзу да паддашкавых дзверцаў, асцярожна, каб не пачула маці, злажу па драбінах, хапаю вядро, з якога кагадзе піла карова, і падаюся з двара.
Матчын вокліч даганяе мяне ўжо за весніцамі:
— Юрка… ашалеў? Куды ты пабег з вядром?
Вестка пра тое, што сябар параніў брыво, а не вока, зрабіла цела лёгкім, амаль бязважкім. Я то іду, то бягу подскакам, і адна думка не дае спакою: «Ці ляжыць пад ліпай круцёлка?» Удзень там часцяком таўчэцца малеча — хтосьці мог і падабраць Мішкаву цацку.
Цацка ляжыць там, дзе яе і кінулі: на лапіку жоўтага пяску. Прапелер таксама доўга шукаць не даводзіцца. Ён вісіць непадалёку, пачапіўшыся за куст вербалозу.
Дзяржальна старога сярпа пазначана брунатнай плямай крыві.
Я задзіраю галаву. Бусел стаіць на краі гнязда і глядзіць на мяне, ледзь чутна шчоўкаючы дзюбай.
— Зараз, боцька, да цябе верталёт прыляціць! — крычу буслу, і той пачынае клекатаць усё гучней і гучней.
Насоўваю на галаву вядро, уздрыгваю ад рэшткаў халоднай вады, што патрапілі за каршэнь. Тузануўшы лёску, ліхаманкава скідваю з галавы вядро. Круцёлка з ціхім гудам ляціць угору і на кароткае імгненне завісае ў паветры — якраз насупраць гнязда — і бусел, раскрыўшы дзюбу, уражана адводзіць назад галаву. Круцёлка ляціць долу, з гучным шорхатам занурваецца ў кусты.
Мне падалося, што таргануў лёску не на поўную сілу, таму другім разам насоўваю вядро, тузаю як мае быць, але тут надараецца неспадзяванка: дужка вядра чапляецца за падбародак і, пакуль вызваляю галаву, круцёлка бясследна растае ў вечаровым небе. Я наструньваю слых — мусіць жа яна шорхнуць у траве ці кустах, — і слых мой цвеліць далёкая зязюля.
Іду дахаты, прыстасоўваючы разгоністы крок да мернага рыпання вядра, якое раз за разам перакідваю з рукі ў руку. Круцёлку я так і не знайшоў. Дый як знойдзеш, калі сонца ўжо села і бляшанка, зашыўшыся кудысьці ў траву, ужо не блішчыць і нябачная для вока. Але нічога. Заўтра яе знайду. А не знайду, дык выражу новую.
Ля Мішкавай хаты сцішваю хаду і выцягваю шыю, выглядаючы сябра. Аднак замест забінтаванай Мішкавай галавы з-за агароджы вытыркаецца павязаная выцвілай хусцінкай рухавая Нюрчына галоўка.
— Нюр… — ціха гукаю, матлянуўшы ў паветры пустым вядром, і Нюрка спрытна выбягае з весніц.
— Маці дома?
— Дома… карову доіць, — адказвае Нюрка, свідруючы мяне дапытлівымі вачанятамі.
— А як братан? Вочы цэлыя?
— Цэлыя… толькі брыво рассек. Паслязаўтра да фельчаркі пойдзе, на перавязку.
Я дастаю з кішэні нататнік. Шкада, вядома, яго аддаваць, ды што зробіш…
— На во… перадай Мішку.
— А сам чаму не аддасі? — Нюрка прыкладае нататнік папераменку то да адной, то да другой шчакі.
— Чаму-чаму… таму… што за Зацэпы водзіць мама два прычэпы, — адказваю з усмешкай, і Нюрка, чмыхнуўшы носам, бяжыць, смешна раскідваючы ўбокі галянастыя ногі.
— Скажы Мішку: даляцела! — крычу наўздагон дзяўчыне.