Я тыцкаю пальцам у бок хаты, маўляў, няма калі, трэба выганяць карову, і Мішка махае рукой.
— Давай я прывяжу, — азываецца Нюрка; брат ускоквае на ногі, раз’юшана выдыхае:
— Ты яшчэ тут? — і мы з Нюркай выбягаем з двара. Дзеўчынёха бяжыць да сваіх сябровак, што таўкуцца непадалёку, а я дахаты — выганяць Субоху.
Карова цягне вільготную мысу, чакаючы заўсёднага кавалка хлеба, але мне не да таго. Ліхаманкава скідваю з каровінай шыі ланцуг, цягну Субоху за рог. Маўляў, выходзь хутчэй, няма калі з табой важдацца. Карова незадаволена выходзіць на двор, але да весніц не ідзе: пачынае лізаць шурпатым языком уздзеты на парканіну гарлач.
— Пайшла ў поле, каб на цябе ліха! — гарлаю штомоцы. Словы гэтыя я часцяком чую ад маці. Пхаю карову пяткай у сцягняк, і Субоха, каротка рыкнуўшы, ганарыстай хадою сунецца да весніц.
Я прыспеў у самую пару: сябар ужо стаяў на ганку і рыхтаваўся апрабоўваць круцёлку.
Лопасці выразанага з бляшанкі прапелера нагадвалі пялёсткі зайцавай капусты: па краях былі шырокія і звужаліся да цэнтра. Пры гэтым край кожнай лопасці быў загнуты ўгору, рыхтык як у магазінным прапелеры.
— Толькі ўважліва глядзі, куды паляціць, а то потым не знойдзем.
Мішка перавёў дых, тузануў лёску, прапелер крутнуўся, але нікуды не паляцеў.
— Заклінавала. Трэба большую адтуліну зрабіць, — з гэтымі словамі сябар рынуў у хату і неўзабаве ізноў з’явіўся на ганку, кухонным нажом калупаючы круцёлку.
Я глядзеў на такія завіханні з усмешкай на вуснах, пераканаўшыся, што круцёлка не тое што не даляціць да буслянкі, а наогул не зляціць са шпулі. Сябрук між тым прымацаваў прапелер, торгнуў лёску. І — вось дзіва! — круцёлка загула, размытай плямай мільганула ў паветры і захрасла ў кроне старой яблыні.
— Бачыў? — на Мішкаву чупрыну зваліўся ссечаны прапелерам лісток. — Дык гэта ж я толькі злёгку крутнуў, а як з усяе сілы рвануць?
Да ліпы шыбуем, не чуючы ўласных ног, сюды-туды пазіраючы на буслянку. Убачыўшы нас, бусел пачынае клекатаць, але нягучна, як бы з апаскаю.
— Хвалюецца, — мармыча Мішка, на хаду намотваючы лёску, — адчуў, што мы тут будзем нешта выпрабоўваць.
«Не даляціць, — думаю я, чарговым разам задзёршы галаву, — надта высока».
Мішка таксама глядзіць на бусла, усхвалявана пераводзіць дых:
— Ну што, нататнік прыхапіў? Быў твой — стаў мо-ой… — гукае сябар. — Я нават не заўважыў, як Мішка тузануў лёску. Убачыў толькі, як прапелер, шоргнуўшы па Мішкавых валасах, зашамацеў у кустах.
Сябар войкнуў, упаў на калені, прыціснуў далонь да левага вока. І ў той жа міг між пальцаў прабілася, як мне падалося, не чырвоная, а чорная юха.
«Вока! Круцёлка выбіла Мішку вока!» — сэрца маё абліла халадзёнка, а ногі наадварот, наліліся нечым гарачым.
— Міш… ты што-небудзь бачыш? — пытаюся сябра і ўпершыню ў жыцці не пазнаю ўласнага голасу: ён здаецца мне чужым і страшным.
Стоячы на карачках, сябар на момант прымае руку, глядзіць долу і буйныя кроплі крыві раз за разам падаюць на пясок.
Мы бяжым на фельчарскі пункт, і я раз-пораз пытаюся ў сябра:
— Ну як, Міша, баліць?
Але сябар не адказвае, цісне далонь да вока і ледзь чутна стогне.
Да фельчарскага пункта дарога не блізкая. Месціцца ён на ўскраіне вёскі, на бальшаку, што вядзе ў Азярышча. Па дарозе да нас далучаецца цэлы гурт падшыванцаў.
— Мішка вока выбіў! — гучыць у мяне за спінай разам з плясканнем босых ног, і ў мяне ад гэтых воклічаў абрываецца сэрца.
Маладая фельчарка, якая працуе тут толькі першы год, сустракае нас на парозе, спалохана сашчэплівае пальцы.
— Што з вокам?
Міша і сам не ведае. Мармыча штосьці, ужо не адной, а дзвюма далонямі прыкрываючы крывавую рану.
Падшыванцы пхаюць мяне ў спіну, я пнуся ўвайсці ў медпункт разам з Мішкам, ды фельчарка зачыняе дзверы перад самым носам.