— А дзе ён вока выбіў? — навыперадкі пытаецца малеча, я даю аднаму з іх лёгкага выспятка, іду ўздоўж сцяны, папераменку зазіраючы ў вокны, але яны шчыльна зацягнутыя белымі фіранкамі.
Абышоўшы медпункт — фарбаваны блакітнай фарбай фінскі дамок — разоў дваццаць, сядаю на парозе, і ў гэты момант дзверы адчыняюцца і з іх вылятае ўсхваляваная фельчарка.
— Станьце на бальшаку і, як пойдзе якая машына, спыняйце. Трэба ў раённую бальніцу везці.
Доўга машыну чакаць не даводзіцца. Адразу ж з-за павароткі, уздымаючы страшэнную пылюку, выязджае малакавозка. Я стаю пасярод бальшака, махаю рукой, і машына, даўшы натужны сігнал, спыняецца.
— Што, Юрка, у раён сабраўся? — пытаецца вадзіла, наш сусед па вуліцы Пецька Ліхаманаў.
— Канапелька вока выбіў!
Вадзіла хацеў быў прыпаліць папяросіну, але так і застыў з запаленай сярнічкай.
— Як выбіў? Зусім?!
Я не паспеў адказаць, бо да машыны ўжо беглі фельчарка ў запэцканым крывёй халаце і Мішка з забінтаванай галавой. На белым бінце разлівалася чырвоная пляма.
— Вы куды, у Азярышча? — яшчэ здаля крычыць фельчарка, і вадзіла спалохана адчыняе дзверцы.
— У Азярышча, куды ж яшчэ.
— Завязіце хворага ў бальніцу. Трэба швы накладаць.
Фельчарка яшчэ штосьці кажа, але тут у канцы вуліцы гучна вохкаюць, тупаюць, і з нетраў не аселай пылюкі выкульваецца Мішкава маці. Валюхаста хістаючыся ўбокі, яна бяжыць у атачэнні малечы па бальшаку і роспачна галосіць:
— А сыночак жа ж ты мой, а што ж ты з сабою нарабі-іў?!
У мяне ад таго ляманту варушацца валасы на галаве. Усе глядзяць у канец вуліцы, а я крадком, незаўважна, сігаю ў кусты, што густым жываплотам буяюць ля дарогі.
Калі трэба прыхавацца ад маці, я лезу на гару і кладуся там у зацішку, за комінам, паклаўшы пад галаву аблезлы бацькаў кажух. Маці, калі мяне шукае, звычайна адчыняе паддашкавыя дзверцы, аглядае гарышча, але за комін ніколі не зазірае.
Бацькі ў мяне няма. Дакладней, ён ёсць, але з намі не жыве. Я яшчэ ў школу не хадзіў, як бацька выправіўся на цаліну. Збіраўся праз два месяцы вярнуцца, але так і не прыехаў. Маці кажа — зблытаўся там з нейкай сучкай. А ў Мішкі Канапелькі бацька патануў пазалетась, разам з мужам цёткі Сцепаніды. Рыбу з лодкі лавілі, а тая ўзяла ды перакулілася…
«Няўжо й сапраўды выбіла вока?» — віруе ў галаве неадчэпная думка, і я, паправіўшы кажух, тулюся патыліцай да цёплага коміна.
«А можа, нічога страшнага? Кажуць, як вока выб’еш, дык яно адразу выцякае. А ў Мішкі ж нічога не выцекла. Толькі кроў тачылася», — каторым разам супакойваю сам сябе і тужліва, са стогнам, уздыхаю.
І тут жа ўяўляю, як Элеанора Захараўна, даведаўшыся пра сённяшняе здарэнне, плясне тоўстымі рукамі і голасна заенчыць: «Ужас!.. Это просто ужас!»
У школе гэтую гаваруху ніхто не любіць. Мінулай зімы да нас у хату завітвала, на нейкія выбары запрашала. Пераступіла праз парог, агледзелася, спытала, дзе я ўрокі раблю. Я і паказаў на кухонны стол. Дык падвяла зекры і раз пяць выдыхнула свой «ужас». Маці яе таксама незалюбіла. Казала цётцы Сцепанідзе: фарсіць у мутонавым футры, а іх, калгасніц, так у ватоўках і пахаваюць.
Заўтра ў школе, пасля заняткаў, лінейка. Элеанора Захараўна стане гарлаць пра тое, што перад намі, вучнямі, адчынены ўсе дарогі. Потым «гарадскія» паедуць у свой гарадок і там ім зладзяць «салодкі стол». Будуць есці торт з хатнімі піражкамі ды запіваць ліманадам…
На гары задуха, а тут яшчэ патыліца добра-такі ўгрэлася, і я адсоўваюся ад коміна.
«Цікава, а ці даляцела б круцёлка да буслянкі?» — думаю я, закінуўшы рукі за ўгрэтую патыліцу. Пайсці да ліпы, знайсці «верталёт» ды шмаргануць за лёску. Але ж можна і без вачэй застацца. Цяпер толькі мне стала зразумела, чаму ў магазіннага прапелера, які пускае Лёшка Гнядых, лопасці абхоплены абадком. Гэта каб вочы не параніць.
Згадваю, што дзесьці на гарышчы валяюцца бацькавы камбайнерскія акуляры з трэснутым шклом. Парываюся зараз жа іх адшукаць, але тут жа асуджана кладуся на кажух. Ну добра, вочы закрыеш, а як па лобе лясне ці нос адсячэ? Я спалохана мацаю нос і, пераканаўшыся, што ён на месцы, пераводжу дых і зморана пазяхаю.
…Мяне абудзілі галасы знадворку.
— Во… толькі што Пецька Ліхаманаў з Азярышча прывёз. Брыво да косткі парэзаў, швы наклалі.
Я пазнаю па голасе Канапельчыху — Мішкаву маці — і шчасна пацягваюся. Вока ў сябрука цэлае, а гэта галоўнае.
— Нюрка кажа, нейкі верталёт рабілі, а потым пускалі каля ліпы…
— А я думаю — чаго гэта ён хаваецца цэлы дзень, — гэта ўжо азываецца мая маці. — Во я яму зараз усыплю!