Іван кіўнуў, а Лёва, зусім як Мішка Гармозін, раскінуўся ў крэсле і таргануў галавой, паказваючы на кніжную шафу:
— Вазьмі там… другі том.
Дрыготкая рука падхапіла другі том Поўнага збору твораў, і Лёва незадаволена перакрывіўся:
— Ды не Леніна… энцыклапедыю цягні.
Дагэтуль Іван разумеў Лёву з паўслова, а тут ніяк не мог уцяміць — на якую халеру таму спатрэбілася энцыклапедыя.
— Адгарні чатырыста шаснаццатую старонку…
Пальцы таропка перагарнулі старонкі.
— Ну, чытай…
— «Брыялогія», «Брэгман», «Брэднік»… — нясмела прачытаў Іван, і Лёва роблена змучаным голасам прастагнаў: — Брэжнеў Леанід Ільіч.
— «Брэжнеў Леанід Ільіч…— прачытаў Іван і, як той двоечнік ля дошкі, шморгнуў носам, — выдатны дзеяч Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, міжнароднага камуністычнага і рабочага руху…»
— Гэта прапусці. Далей чытай.
— «З сям’і рабочага-металурга… Працоўнае жыццё пачаў з пятнаццаці гадоў. Пасля сканчэння ў 1927 годзе Курскага землеўпарадкавальна-меліярацыйнага тэхнікума працаваў землеўпарадчыкам у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі…»
Яны з Лёвам пераглянуліся, і другі сакратар, са словам «Усёк?», выцягнуў з сейфа пачатую пляшку каньяку.
— Пяцьдзясят гадоў мінула — каго цяпер знойдзеш? — прамармытаў Іван, і Лёва, перакрывіўшыся, прыклаў палец да вуснаў.
Яны кульнулі па паўшклянкі, заелі шакаладнымі цукеркамі — у Лёвы ў стале быў цэлы харчовы склад — і падаліся з кабінета.
— Па-першае — нікому ні слова, — дыхнуў каньячным духам другі сакратар, — а па-другое…— Лёва на хвілю сумеўся, — цябе ў Талачынскім райкаме ў твар ведаюць?
— Здаецца, не, — мовіў Іван, і яны, плячо ў плячо, пабеглі па сходах.
«Камандзіроўка… у Талачын… гэта ж чорт ведае дзе… — мільгалі ў галаве адрывістыя думкі, — хочуць, як той Бацька, “Коханаўскай праўдай” патрэсці… ці ўспаміны якога старога ёлупня запісаць… пра каморніка Брэжнева…» — Іван спрабаваў ісці ў нагу з Аўдошкам, ды ўвесь час збіваўся, і лядыш непакою непрыемным халадком казытаў селязёнку.
— Пайшлі, пройдземся, а то ў кабінеце не пагамоніш…— захінаючыся ад ветру, Лёва прыпаліў цыгарэту, прыхаваў яе ў жменю і разам з дымам выдыхнуў: — Паедзеш у якасці карэспандэнта радыёстанцыі «Юность». Журналісцкі рэйд па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. Агледзішся, прынюхаешся, вызначыш перспектыўных кандыдатаў, якія маглі б штосьці распавесці пра маладога Брэжнева. Пажадана, жанчын ад сямідзесяці да сямідзесяці пяці гадоў…
— Дык што… містыфікацыя? — Іван прыкусіў язык. Лядзяк непакою, слізгануўшы па селязёнцы, закаціўся на дно пустога страўніка.
Пабачыўшы спахмурнелы Іванаў твар, суразмоўнік крутнуў галавой, зацягнуўся пякучым дымам:
— А ты думаеш газетка тая сапраўдная? Ды я нават ведаю, хто яе згламэздаў. Ёсць там у Бацькі два памагатыя — з блыхі вала зробяць… — Аўдошка кінуў размяклы на дажджы недапалак, расціснуў падэшвай. — Мы, у адрозненне ад Бацькі, будзем дзейнічаць чыстымі рукамі. Ніякіх містыфікацый. Ну ты сам памяркуй: знаходзім кабету, якая памятае, што ў іхнай хаце, яшчэ да калектывізацыі, жыў нейкі пастаялец. Паказваем фотку. Той? Кабета прыглядаецца, мружыцца, а мы ў гэты момант перахопліваем ініцыятыву. Пераконваем старую, што гэта і ёсць той пастаялец: вунь і кепка тая самая, і бровы густыя…
Яны спусціліся да Ульянаўскай, і Іван убачыў на ўзбочыне шэрую цэкоўскую «Волгу».
— Што ж… так і паеду… з пустымі рукамі? Трэба ж мець хоць нейкія дакументы, мапу Коханаўскага раёна, нарэшце, — прамармытаў Іван, і Аўдошка з камсамольскім імпэтам ляпнуў яго па плячы.
— За гэта не хвалюйся. Атрымаеш не толькі архіўныя дакументы, але і дакументальную прозу, — Аўдошка сунуўся ва ўнутраную кішэнь, выцягнуў пашэрханы нататнік. — Ягонае прозвішча-а…— старонкі нататніка ніяк не жадалі перагортвацца, — Алесь Эвенкаў… аўтар дзесяці гісторыка-дакументальных аповесцяў. Чуў пра такога?
Іван страсянуў галавой.
— Мы яму неяк кнігу замаўлялі — пра камсамольскае падполле. Ну, і панадзіўся хадзіць са сваімі творамі. Летась прыйшоў з таўсценнай тэчкай. Аповесць, кажа, напісаў, пра маладога Брэжнева. Як той у Коханаве каморнікам працаваў… Назву вось толькі забыў. «Чалавек зз…»— Аўдошка прымружыўся, увабраў праз сцятыя зубы паветра, на нос яму ўпала яршыстая сняжынка. — Ну, з чым гэта каморнікі ходзяць? — запытаўся Лёва, выціраючы мокрую нюхаўку.
— З «казой»? — выгукнуў Іван, і другі сакратар зірнуў на яго смяшлівым і разам з тым дакорлівым вокам.
— Брэжнеў… з казой… — Аўдошка мелькам азірнуўся. — Ну, карацей, паглядзелі мы тую пісаніну… — Аўдошка ізноў прымружыўся, згадваючы, як мянуецца «каза» па-навуковаму, плюнуў і прыпаліў новую цыгарэту. — Паглядзелі, пачыталі — і вярнулі аўтару. Такія рэчы без узгаднення з Масквой не надрукуеш, — Лёва выпусціў дым, суцішна дадаў: — Пёрнуць ва ўласнай хаце, і то трэба дазволу прасіць…
Яны падышлі да «Волгі», Аўдошка абабіў мокры плашч, узяўся за ручку дзверцаў.