Павіталіся. Доктар запрасіў пацыента сесці. Было такое адчуванне, што з гэтым жабрацкага выгляду чалавекам яму даводзілася сутыкацца.
- Натан Якаўлевіч, - сказаў пацыент. — я хачу мець пенсію.
Іншага пажадання прыдумаць было нельга. Мармулак сам не разумеў, чаму так распачаў размову. Сказаць: "Доктар! Дайце мне даведку, што я дурань" - мог толькі сапраўды хворы на галаву чалавек.
- Атрымаць пенсію вельмі проста. Гадоў, так сказаць, праз трыццаць вы яе будзеце мець. На жаль, не ведаю дакладна вашага ўзросту.
- Хачу зараз, - стаў настойліва патрабаваць кліент.
- Хіба толькі па інваліднасці.
- Як гэта?
- А вельмі проста. Адрэжце нагу ці руку, скруціце шыю - і пенсія вам гарантавана.
- Э-э! У такім выпадку я пайшоў бы на прыём да хірурга. Такі варыянт мяне не задавальняе.
- Мае спачуванні, - уздыхнуў доктар. - Увогуле я вас разумею: адсутнасць працы, неўладкаванасць у жыцці. Пенсія - хоць нейкая крыніца грашовых паступленняў...
- Ды не патрэбныя мне вашы грошы! - ускрыкнуў у адчаі будучы кліент аддзела сацыяльнага забеспячэння. - У мяне сваіх няма куды падзець.
3 гэтымі словамі Мармулак кінуў на стол перад доктарам пяць стодаляравых купюр.
- Ну выдайце мне даведку; што я хворы на галаву.
- Вы, выпадкам, не з КДБ? - прыцішана запытаў Натан Якаўлевіч.
- Ды не ж! Мне параіла звярнуцца да вас баба Жэня, даруйце, Яўгенія Максімаўна.
- А! - усмешка была шчыраю. - Старая падпольшчыца. Хлопчыкі яе яшчэ не забываюць. Веру, што вы не з органаў. Распавядайце сутнасць вашай справы...
- А можна без падрабязнасцяў?
- Можна, - неяк своеасабліва ўсміхнуўся доктар. - Але...
Яшчэ адна купюра легла побач.
- Адчуваю, што мы знойдзем паразуменне... Тут справа вось у чым. Скажам, партрэт Машэ Даяна вам не падыходзіць, - Натан Якаўлевіч добра ведаў гісторыю сваёй спрадвечнай Айчыны. - Інваліднасць, як вы сказалі, таксама не падыходзіць. Сапраўды, самы прымальны варыянт: даведка аб тым, што вы дурань. Кім вам даспадобы быць: буйным, ціхім? Параноікам, шызафрэнікам?
- На ваша меркаванне. Але толькі не надта страшнае. Людзі і сапраўды могуць падумаць, што я дурань. Што-небудзь простае на лацінскай мове, каб ніхто не зразумеў.
- Вам яшчэ неабходна будзе прайсці тэсты, здаць аналізы. Самі разумееце - цэлая медыцынская бюракратыя...
Мармулак палез у кішэню па грошы. Дзверы прачыніліся. Доктар неўпрыкмет задрыгаў пальцамі, паказваючы, каб кліент зараз жа прыбраў усё непатрэбнае са стала. Мармулак згроб даляры ў кулак і паспешна прыклаў яго да сэрца ды скрывіў твар, каб наведвальнік прыняў тое за боль... Увайшла медсястра Аліна. Цырк, які паказваў абарванец, не ўвёў яе ў зман. Не такое даводзілася бачыць. Дзяўчына ўзрадавалася: сёння можна выдурыць у гэтага куркуля сабе на добрыя зімовыя боты.
- Натан Якаўлевіч! Я сёння вам патрэбная?
- Ды не, золатца маё! Як бачыш, на прыёме нікога няма.
- Я тут буду, у суседнім кабінеце. Як будзеце вольныя - паклічаце.
Натан Якаўлевіч агледзеў ладны стан медсястры ды ад задавальнення закруціў галавою.
- Жыццё, жыццё, - як толькі Аліна зачыніла за сабою дзверы, развёў рукамі Абрамовіч. - Давайце цяпер вернемся да нашай справы... Даруйце, вашай. Вы гэта, калі ласка, схавайце, бо да мяне ў любы момант могуць зайсці хворыя. Я вам веру. Бачу, вы чалавек сур’ёзны.
- Я вам, доктар, адразу аб гэтым сказаў, - адказаў Пётр Матыль і тут жа, на вачах у Натана Якаўлевіча, дастаў з кішэні пук грошай, даклаў да іх той прэзент, што меўся даць.
Абрамовіч з усіх колераў і адценняў больш за ўсё на свеце паважаў шэра-зялёны.