У Мармулка перахапіла дых.
- Калі не пазначаныя, дык давай па абменнаму курсу.
- Глядзі, падзаляціш, сухар-ры насіць не буду, - пракартавіў нацыяналіст.
Такую колькасць наяўнай беларускай валюты Мармулак ніколі за свае дваццаць чатыры гады жыцця не трымаў у руках. Ён адразу памкнуў у краму, што знаходзілася тут жа на скрыжаванні вуліц знакамітых барацьбітоў за светлую будучыню чалавецтва. Тут ён расплаціўся за пакупку нацыянальнай валютай і, надзіва, ніхто не стаў правяраць яе сапраўднасць. Адно толькі, на што звярнулі ўвагу дзяўчаты за прылаўкам, што жабрацкага выгляду чалавек купляе такія дарагія каўбасы. Самы багаты ў дзяржаве чалавек паспешліва выскачыў на вуліцу. Там Мармулак быу свой. Працягні руку - і сустрэчныя адразу пачнуць класці туды скамечаных звяроў.
Яўгенія Максімаўна цярпліва чакала Пецечку. Парэзала знакамітую каўбаску. Падзяліла сухарык і нават памыла шклянку.
Пяць пляшак гарэлкі, некалькі кілаграмаў розных гатункаў каўбасы ды торт расхвалявалі жанчыну так, што яна схапілася за грудзі. Штосьці кальнула пад сэрцам ды перахапіла дых. Ёй адразу ўспомнілася маладосць, калі яны куплялі дзесятак тоўстых тлустых селядцоў магчыма, яшчэ болей пляшак гарэлкі ды "завальвалі" - якое цудоўнае вызначэнне спосабу хадзіць без запрашэння ў госці! - да каго-небудзь у інтэрнатаўскі пакой. I гулялі!..
Аб тым, што адвакат гаварыў праўду, Мармулак яшчэ раз упэўніўся на вуліцы. Грошы прыносяць клопат - як поўная іх адсутнасць, гэтак і неабмежаваная іх наяўнасць. Як знайсці залатую сярэдзіну, каб жыць без турбот ды клопату, шчаслівы ўладальнік "Банка Манхэтан" не ведаў. Патрэбны дарадца. Можна было звярнуцца да адваката, але, як апошні недвухсэнсоўна папярэджваў, давядзецца плаціць. Прызвычаены лічыць кожную капейку ды трэсціся за кожны рубель, Мармулак жадаў мець параду, за якую не ўзнікла б неабходнасці плаціць "зялёненькімі".
Было ад чаго засумаваць. Пасля першай чаркі сум узмацніўся. Пасля другой - пачало трэсці, быццам у ліхаманцы. Былая падпольшчыца заўважыла непакой госця ды распачала суцяшаць: "Што ты, дзіцятка маё, лупы надуў? Можа, лярва якая пакрыўдзіла цябе? Адмовіла такому волату?" Мармулак заплакаў, і чым болей яго суцяшала жанчына, тым больш ліліся слёзы. Не дапамагло і тое, што яго, як малое дзіцё, пачалі гладзіць па галаве. Баявой падпольшчыцы надакучыла бачыць слёзы мужчыны, і яна рашуча перайшла ў наступ. Наліла поўную шклянку гарэлкі, падала яе Пятру Іванавічу ды грозна загадала:
- Пі!
Ну хто адмовіць жанчыне, нават калі яна на пенсіі, выпіць прапанаванае ёю? Пецечка толькі з трыма перадыхамі асушыў посуд.
- Слабыя мужыкі цяпер пайшлі, - канстатавала Яўгенія Максімаўна. - А цяпер кажы, што ў цябе здарылася.
Мармулак, хлюпаючы носам, прамовіў:
- Што мне рабіць з гэтымі грашыма? Адбяруць.
- Хто?
- Тыя, хто ведае, як карыстацца імі. Яны ведаюць, а я — не. Вось адвакат так і сказаў: сам прынясеш мне грошы. А я не хачу проста так нікому іх аддаваць. Што мне рабіць, баба Жэня? Падкажыце.
- Знайшоў мне задачу, - старая адным глытком каўтнула шклянку "Пасольскай" беластоцка-лясной вытворчасці ды ляпнула далонню па плячы хлопца. - Грошы не даюць толькі дурні.
- Ну і што?
- Як што?! Здабудзь даведку, што ты дурань, і ўсе праблемы твае будуць вырашаны. Закон будзе на тваім баку, а не супраць цябе.
- Як гэта зрабіць? - шмаргануў носам бедалага.
- Як зрабіць? Вельмі проста. Даць "на лапу", - жанчына гаварыла цвёрда, самаўпэўнена. Па ўсім бачна, мела ў такіх справах багаты вопыт.
- Ідэя! - пагадзіўся п'яны госць, ды рука сама пацягнулася па пляшку.
- Быў і ў мяне такі выпадак. У свой час не хацелі мяне браць на адну працу. Сакратаром-машыністкай у райвыканкам. Мала партыйнага стажу. Я і так, я і сяк. Нічога не атрымліваецца. Я да Пашкі Антанюка: дапамажы. Ён патэлефанаваў куды трэба - прынялі. Потым выклікае мяне і кажа: "Каб у будучым ты не мела клопату, выдам я табе адну даведку". I выдаў паперку, што я былая падпольшчыца. Па праўдзе табе кажу, што я такой не была. Паўгода ў партызанскім атрадзе кашаварыла, а падпольшчыцай не была. Так што запомні: паперка - моц.
Потым яны зноў пілі, потым спявалі - кожны на свой лад, пакуль іх не супакоіў камендант ды не стаў трэцім у іх нялёгкай справе.
Праз колькі гадзін распачаліся расказы пра партызанскія баі.
Камендант і Мармулак мірна храплі ў ложку баявой падпольшчыцы.
НА ШЛЯХУ ДА СВЕТЛАЙ БУДУЧЫНІ
Натан Якаўлевіч Абрамовіч, як толькі падзьмуў вецер пераменаў у былым Савецкім Саюзе, адразу заняўся прыватнаю практыкаю. Не! Дзяржаўную службу ён таксама не пакінуў Быў у Натана Якаўлевіча кабінецік у гарадской паліклініцы. Былі гадзіны прыёму. Не міналі і хворыя. Тут жа, у гэтым будынку, толькі з другога боку, вісела яшчэ адна шыльда. На ёй красаваўся такі надпіс: "Гаспадарча-разліковае міжраённае тэрытарыяльнае медыцынскае прадпрыемства". На самым-самым нізе шыльды дробненькімі літарамі ў дужках стаяў допіс: "Прыватная паліклініка".
I тут Натан Якаўлевіч таксама меў кабінет. Ён, як і ўсе астатнія дактары, хворых прымаў у дзяржаўным кабінеце ў рабочы час. Ён аднолькава выслухваў ды выстукваў хворых, пісаў бюлетэні ды выпісваў лекі. Розніца паміж кабінетамі была ў тым, што ў першы кабінет заходзілі ўсе, а ў другі - тыя, хто хацеў вылечыцца. Пасля абеду яны туды звычайна неслі грошы ды атрымлівалі дэфіцытныя лекі, што меліся ў дзяржаўнай аптэцы, дзе працавала яго жонка Роза Ільінічна. Бізнес быў, вядома, невялікі, але хворым было прыемна, што Натан Якаўлевіч прыкладае ўсе намаганні (ён заўжды казаў так хворым і вымушаў іх звяртацца да сябе па некалькі разоў), каб здабыць патрэбныя парашкі ці мікстуру.
У той дзень псіхіятр Натан Якаўлевіч Абрамовіч быў у скрусе. На прыёме нікога не было. Людзі чамусьці не хварэлі. Доктар маліў Бога, каб той наслаў на жыхароў сталіцы нейкае ліха ды яны валам павалілі ў лякарню, і толькі ў яго кабінет. Бог яго не слухаў, людзі не хварэлі і абставіны складваліся так, што сёння зноў давядзецца апраўдвацца перад жонкай ды слёзна цвердзіць, што не займаўся блудам з медсястрой Алінаю і не аддаў ёй дзённы "гешэфт".
Дзверы адчыніліся якраз у той момант, калі Натан Якаўлевіч збіраўся патэлефанаваць жонцы ды паскардзіцца на адсутнасць пацыентаў, каб вечарам не мець непатрэбнай гутаркі са сваёю "Голдай Меір". На парозе з’явіўся нізкарослы малады чалавек. Выгляд ён меў даволі непрывабны.