Пеця няспешна ўстаў ды паспрабаваў падняць кейс. Толькі з трэцяй спробы ён змог зрабіць гэта.
- Сам не ведаю, - паціснуў плячыма хлопец. - У той момант ніякага цяжару не адчувалася.
- А гэта заўжды так, калі што-небудзь крадзеш, - пагадзілася старая. - Папера сапраўды цяжкая. Памятаю, як я разам з камісарам Паўлам Антанюком несла ў мястэчка лістоўкі. Во намучыліся. Колькі разоў спыняліся. Не толькі, каб адпачыць, вядома. Справа маладая, на потым адкладваць нельга.
Успаміны слаўнага мінулага баявой падпольшчыцы адлюстраваліся ў гэты момант на яе твары. Ён азарыўся полымем шчырай усмешкі.
- Адным словам, так, Пецечка. Слова я сваё стрымала. Тваё даручэнне выканала. Пакуль каўбаска яшчэ свежая, - пры слове "каўбаска" ранішняя турэмная баланда памкнула назад, але Пеця заціснуў рот рукамі, - гані ў краму. Літар. І памятай: крашанай не п’ю.
Мармулак паспешліва выцягнуў з кейса стодаляравую купюру і памкнуў з пакоя.
Ля абменнага пункта валюты па вуліцы імя Карла Маркса, які так шальмаваў атрыманую капіталістамі дабаўленую вартасць, стаялі два барадатыя і картавыя дзядзькі. Адзін з іх - рыжы і ў акулярах - запытаў у Пятра:
- Пр-радаеш?
- Прадаю.
- Колькі?
- Сто.
- Юзік, - паклікаў рыжы свайго барадатага калегу з бел- чырвона-белым значком. - Дуй сюды. Бабкі выгараюць.
Барадаты з належнаю пыхаю местачковага нацыяналіста, з былым гонарам тутэйшага шляхціца спаважна падышоў да іх.
- Колькі? - азіраючыся па баках, прыцішана запытаў нацыяналіст.
- Стольнік.
- Бяром, - не павышаючы голасу, пагадзіўся Юзік.
Мармулак падаў купюру ў сто даляраў.
- Віця, - звярнуўся Юзік да рыжага. - Глядзі, падробка... Пэўна, падр-робка.
Сівабароды нацыяналіст з недаверам стаў вывучаць знешняе аблічча Пятра.
- Віця, - незадаволена чмыхнуў ён. - Навошта... Нам хопіць.
Як толькі Матыль адышоў, Юзік пачаў махаць рукамі, круціць пальцам ля скроні ды штосьці выгаворваць свайму напарніку. Той моўчкі калупаўся пальцам у носе. Чуваць былі толькі асобныя словы:
- Пень!.. Выгляд... паглядзі... сметніку...
Не варта было мець настаўнікам Кашпіроўскага, каб зразумець сэнс гэтых выказванняў.
Дзяўчына ў пункце абмену валюты ўзяла купюру, прабеглася па ёй пальцамі, паклала на нейкую машыну, прасвяціла ды ўзялася лічыць беларускія рублі. Потым схамянулася і ўважліва паглядзела на кліента.
- Прашу прабачэння, - зашчабятала дзяўчына, - у нас брак наяўнай беларускай валюты.
Матыль, як толькі стаў падымацца па лесвіцы на выхад, пачуў перамовы дзяўчыны з ахоўнікам.
- Неабходна патэлефанаваць у міліцыю. Ён, пэўна, украў гэтыя сто баксаў. Надта ўжо выгляд у яго хіповы, быццам толькі-толькі выцягнулі са сметніцы.
- Не варта нам звязвацца з лягавымі. Можа, яны нам і падаслалі гэтага кента.
Матыль як апараны выскачыў на вуліцу імя знакамітага камуністычнага тэарэтыка ды подбягам паспяшаў на вуліцу імя не менш знакамітага камуністычнага практыка. Тут яго спыніў рыжабароды Віця:
- Крадзеныя.