Петр сеў на першую трапіўшую яму лаўку, цяжка ўздыхнуў і абхапіў галаву рукамі. Невядома, колькі часу працягвалася б самакатаванне, каб не пяшчотны галасок, што прагучаў побач.
- Не разумею, навошта піць, каб потым пакутаваць. Вядома, піць ці не піць - справа выключна вашая, але іншы раз усё ж варта прыслухацца да парады. Можа, будзе карыснаю, - дзяўчына гаварыла, не павышаючы голасу, і ў словах яе не было ані кроплі дакору.
Мармулак узняў галаву. Незнаёмка сядзела амаль што побач. У яе руках быў нейкі часопіс. Прывабны тварык, на якім адсутнічала парфума. Магчыма, яна была, але была нанесена з розумам і густам. Пятро адразу адзначыў, што дзяўчына дзесьці ягоных росту і ўзросту.
- Што чытаеце? - запытаў ён.
- Каталог выставы імпрэсіяністаў.
- Сіяністаў?
- Ды не! - рассмяялася дзяўчына. - Ім-прэ-сі-я-ні-стаў.
- Чуў, чуў пра такіх, - зачырванеўся Мармулак. - Манэ адзін, Манэ другі...
- Абавязкова раю наведаць.
- Хадзем, - прапанаваў хлопец. - Прашу вас быць маім гідам. Згодны?
Дзяўчына рассмяялася яшчэ гучней:
- Зірніце на гадзіннік!.. А вось калі вы сапраўды жадаеце там пабываць, то заўтра наведайце Палац мастацтваў.
Мармулак яшчэ раз уважліва паглядзеў на дзяўчыну. Сцягнутыя на патыліцы гумкаю валасы нагадвалі аб даўно забытым ды такім утульным хатнім побыце.
Адчыніліся дзверы рэстарана, і на парозе з’явілася Аксана. Яе хрыплы бас агалосіў вуліцу:
- Пеця! Дзе ты падзеўся?
- Вас, пэўна, шукаюць? - паказала на Аксану дзяўчына.
- Не! Гэта не мяне, - схлусіў Пятро.
- А вы няпросты... Паклікалі дзяўчыну ў рэстаран, а самі ўцяклі. Хіба так можна?!
- Нікуды я не ўцякаў, - пакрыўджана адказаў хлопец. - Прыйшоў паабедаць, а яны падселі.
- I часта вы ходзіце ў рэстараны абедаць?
- Кожны дзень.
- Дык вы "новы беларус"? I які ў вас бізнес, калі не сакрэт? Смешная нейкая. "Які ў вас бізнес?" Ніякі. А сапраўды, праз колькі гадоў, калі не заняцца сапраўднаю справай, грошы скончацца. I што далей? Зноў жабраваць?
Дзяўчына ўстала:
- Мне пара ісці дамоў.
- Пазней мама гуляць не дазваляе? - пажартаваў Мармулак і тут жа прапанаваў: - Можна, я вас правяду?
- Калі ласка, калі вы зможаце ўстаяць на нагах,
- Дзе вы жывяце? - праважаты падняўся і са здзіўленнем адзначыў, што хмель з яго выветрыўся.
- Жыву ля Юбілейнай плошчы. Не прапаноўвайце метро. Люблю гуляць. Тым болей - нікуды не спяшаюся.
Яны няспешна перайшлі мост цераз Нямігу. Тут Пеця падумаў, што не ведае, як зваць дзяўчыну.
- Вось мяне клічуць Пятром. Вы гэта ведаеце. А вас?