Міліцыянская радыёстанцыя не працавала. Таму давялося весці затрыманых у бліжэйшае аддзяленне пехам. Яны напачатку ўзбунтаваліся, запатрабавалі выклікаць ім таксі, але пасля сціплай просьбы радавога адразу пагадзіліся, што лепш прайсціся. Наперадзе ішоў Садык Мамедаў, за ім - яго дзесяць ахоўнікаў. Пенсіянер і Мармулак неслі зброю. Міліцыянеры ў той момант падбіралі сабе ўзбраенне.
- Коля! Глядзі, якая цацка.
- Клас! Вазьмі сабе. А я вазьму дзве гранаты.
- I я хачу гранату.
- Не плач. Тут іх многа. На ўсё аддзяленне наша хопіць.
- Дурань ты, ці што, дзяліцца такім дабром? Слухай, Коля, у мяне прапанова. Давай здамо нажы, кастэты ды адзін пісталет, а астатняе занясем на "Дынама". Усё роўна нам за гэтыя цацкі, акрамя лычкаў, болей нічога не дадуць. А так хоць нейкая капейка з’явіцца ў хаце.
- Яшчэ якая! Канечне, згодзен.
- А ну, стары, - хутка звярнуўся да пенсіянера адзін з міліцыянераў. - Хутка кажы, дзе жывеш?
Чалавек назваў свой адрас.
- Цягні дабро гэтае дамоў. Потым прыйдзем ды забяром.
- Я не адолею усяго, - узмаліуся дзед.
- Жыць захочаш - адолееш, - спакойна адказаў яму сяржант,
І надалей стаў гаварыць з таварышам па працы:
- А ты казаў яшчэ: не хадзі туды да ветру, сорамна гадзіць у прыстойным месцы. Вось табе прыстойнае месца. Маліна. А гэтую банду мы ўзялі голымі рукамі. Вось паглядзі. Няма ў маім пісталеце патронаў. Памятаеш, начальнік нам сказаў так: "Зброю і боепрыпасы здабывайце самі. Што здабудзеце, тое ваша". Мы, як казаў Фелікс Эдмундавіч, дзейнічалі голымі рукамі.
- А мне заужды здавалася, што ен казау пра чыстыя рукі. Ад пачутых слоў Садык Мамедаў упаў. Міліцыянеры нагамі хуценька прывялі яго да прытомнасці.
- Таварышы міліцыянеры, адпусціце беднага, ні ў чым не павіннага Мамеда - азалачу.
- Коля! Бач, бедны, а плаціць будзе золатам. Ідзі-ідзі, злодзей. Купіць хочаш... Распладзілася вас тут на нашай зямлі... Запомні, мы танна не прадаёмся... Мы чэсныя людзі, але ўсё ж цікава: колькі ты адваліш?
- "Мерсэдэс" даю. Зараз.
- Мала. Падзяка ад начальства нам даражэйшая за ўсялякі мерс, - горда адказау міліцыянер.
- Збыткуеш, падла, - зароў адзін з Садыкавых ахоўнікаў.
- Бачыш, Коля, каго мы хацелі на волю адпусціць. Хамы. Звычайныя нявыхаваныя людзі, напэўна, як і ты, да ветру ў пад’ездзе ходзяць. Яшчэ набраліся нахабства прапаноўваць нам нейкага задрыпанага "мерса".
- Маўчаць! - грозна звёў чорныя бровы Садык і астудзіў жар свайго падначаленага. - Даруй яму, начальнік: малады, дурны, гарачы. Сам не ведае, што кажа.
- А што нам твае даруй? - уступіў у размову другі міліцыянер. - За "даруй" нават закурыць не купіш.
- Другі "мерсэдэс" даю...
- Пайшоў ты са сваімі "мерсамі" ведаеш куды?
- Даю дыпламат. Поўны дыпламат "баксаў".
- Чуеш, Коля! Кент калоцца пачаў. 3 гэтага і гутарку пачынаў бы.
- Даўно б так...
Міліцыянеры ўзрадаваліся. Узрадаваліся і падканвойныя. Адзін толькі Мармулак паводзіў сябе спакойна, і ў той момант, калі мелася адбыцца нейкае дзеянне, звярнуўся да міліцыянтаў:
- А ён вам хлусіць. Грошай у яго няма.