- Тут справа сур'ёзная. Каб габе спачувалі і падавалі, неабходна мець патрэбнае аблічча. Такое, каб, глянуўшы на цябе, у людзей на вачах з'яўляліся слёзы, а рука сама цягнулася да тоўстага партманэ і даставала больш важкую паперку. Простым "падайце" нашых людзей не расчуліш. Вось, скажам, каб у цябе быў апалены твар...
Мармулак жахнуўся і паспешна крануў пальцамі лоб, нос, вушы.
- ... не было рук ці ног...
Будучы жабрак з недаверам паглядзеў на свайго "старэйшага брата".
- ... усё тады было 6 значна прасцей. Павесіў на цябе пару лахманоў - i уперад. А так...
- Можа, ногі пакінем? — з недаверам у голасе выказаўся Мармулак.
Станіслаў Антонавіч на нейкую хвіліну задумаўся.
- Ногі, вядома, адразаць не будзем, але... Адным словам, у мяне будзе такая прапанова.
Тут жа было вырашана ператварыць Пятра Іванавіча Матыля ў бязвінную ахвяру міжэтнічнага канфлікту. Дзеля гэтага неабходна было падвязаць ці прывязаць адну нагу ды выставіць шнар на руцэ, які пакінула ў дзяцінстве каса пры няўдалай спробе навучыцца касіць.
Раніцай наступнага дня Станіслаў Антонавіч дастаў з кладоўкі нейкае прыстасаванне - дошку з прывязанымі да яе рамянямі ды, сагнуўшы у калене левую Мармулкаву нагу, увязаў яе, а сам пайшоў "на працу". Пятро Іванавіч згодна з парадамі старэйшага жабрака, быццам той ёга, сеў на дыване пасярод пакоя. Нага адразу зацерпла ды стала балець. Яму захацелася ўстаць, вызваліць ад путаў нагу ды выкінуць гэта ідыёцкае прыстасаванне.
Нечалавечыя пакуты ён цярпеў толькі паўгадзіны часу. Калі перад вачыма паплылі чорныя кругі, Мармулак паспешліва развязаў матузкі.
Жабрацкі хлеб стаў ужо не такі прывабны, як раней.
Настаўнік адразу, як толькі пераступіў парог кватэры, даведаўся пра справы вучня, пахваліў яго і адразу зазначыў, што неабходна паўтарыць. На гэты раз вучань сядзеў з працягнутаю рукою на дзесяць хвілінаў даўжэй і страціў прытомнасць. Толькі з пятага разу змог Матыль праседзець гадзіну часу.
I так пацягнуліся беспрасветныя дні навучання. Штодня Станіслаў Антонавіч прыдумваў усё новыя і новыя заданні. Мармулак то несупынна шаптаў: "Падайце інваліду", то намагаўся пусціць слязіну, то прымушаў дрыжэць руку. Кожны дзень ён павінен быў здзяйсняць нешта новае.
Толькі праз месяц закончыўся жабрацкі курс. Падчас іспытаў Матыль прасядзеў нерухома дзесяць гадзінаў, адначасова выконваючы па просьбе настаўніка тое ці іншае практыкаванне. Станіслаў Антонавіч застаўся задаволены сваім вучнем.
ПРАЦА ЯК ПРАЦА
На наступны дзень быў праведзены першы практычны іспыт. Іспыт сапраўдны, з выездам на аб'ект.
Аб'ектам быў абраны адзін гастраном на выездзе з горада. Тут звычайна рабілі пакупкі правінцыйныя аўтамабілісты ды іх пасажыры, што наведвалі сталіцу, каб набыць нейкія дэфіцыты, якія тутэйшыя камерсанты набылі на варшаўскім стадыёне. Асартымент у краме быў небагаты: некалькі гатункаў каўбас, хлеб ды багаты выбар гарэлкі. А што яшчэ больш патрэбна нашаму чалавеку, каб пачаставаць сваіх сваякоў ды абмыць удалыя пакупкі ў сталіцы? Хоць аб'ект не з лепшых, бо наведвальнікаў яго вельмі цяжка расчуліць (гэта не інтэлігенцыя з праспекта Скарыны), але для навукі вельмі прыдатны. Людзі тут прыезджыя, выпадковыя. Ніхто табе не заглядае ў твар, не вывучае тваю "калецкую" постаць. Калі мае намер падаць ды прыпыніцца на хвілінку - болей ты ніколі іх не пабачыш.
Мармулак меў належны жабрацкі выгляд. Акрамя калецкай нагі, ён кульгаў і на другую нагу. Кульгаць па-сапраўднаму яму дапамагалі цвікі, забітыя ў падэшву чаравіка сорак пятага памеру. Шнар на руцэ, папраўлены чырвонаю фарбаю, выглядаў як сапраўдны. Папярэдне ён два дні не галіўся, і рыжае шчацінне густа ўсеяла ніжнюю сківіцу ды надало твару звярыны выгляд. Скамечаны гарнітур як нельга лепей дапаўняў ягоны імідж. Такому можна і падаць.
3 вялікі патугамі дакульгаў да ўваходу ў краму. Сеў. Паклаў на зямлю скамечаную шапку. У яе апусціу ваверачку - пяцьдзесят капеек Нацыянальнага банка незалежнай ды самастойнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, папярэдне "на шчасце" папляваўшы на яе. Яшчэ пяцьдзесят капеек узяў у руку, выставіўшы на паказ пісяг. Паставіў перад сабою картонку з надпісам: "Падайце ахвяры прыднястроўскай вайны", надаў твару жаласлівы выгляд і стаў чакаць, калі ў шапку штосьці ўпадзе. Першай на яго звярнула ўвагу прыбіральшчыца крамы. Запыт яе быў катэгарычны: "Адкуль гэты абарванец тут узяўся?" Матыль вымушаны быў распавесці гісторыю пра тое, як дзетдомаўскі сірата трапіў у савецкае войска ў дывізію слаўнага камандарма Лебедзя, што месцілася ў Прыднястроўі. Калі распаўся Савецкі Саюз, ён і надалей працягваў служыць там, бо вяртацца не было куды. Калі паранілі, звольнілі, а паколькі грамадзянін Беларусі, то стаў нікому не патрэбны. А мясцовыя чыноўнікі ўвогуле ім грэбуюць. Дзе цябе скалечылі, там і пенсію атрымлівай, кажуць.
Легенда падзейнічала на жанчыну. Яна хутка вярнулася, паклала ў шапку два рублі ды падала канапку. Тут жа прыпынілася некалькі вясковых маладзіц, што выйшлі з іржавага мерсэдэса, і падтрымалі прыбіральшчыцу. Настрой узняўся, душа павесялела. Як кажуць людзі, жыць можна! Але хутка абставіны змяніліся. Неўзабаве да Мармулка падышла жанчына ў адзенні, якое нічым не адрознівалася ад ягонага, - ірванае і скамечанае. Твар колеру ўзыходзячага сонца. Нос - пераспелая ажына. У дзвюх торбах - нейкія парэшткі ежы са сметніцы. 3 торбаў і ад самой жанчыны ішоў нясцерпна едкі пах. Гэтая кабета была катэгарычна-непрымірымая да яго, бо бачыла ў ім свайго канкурэнта, а значыць першага ворага.
- Пайшоў прэч, абарванец, - з гэтымі словамі яна замахнулася торбаю на Пятра.
Няведама, як пайшлі б справы далей, але ў гэты момант побач апынуўся Станіслаў Антонавіч, які адштурхнуў жанчыну. На лямант выбеглі прыбіральшчыца і загадчыца крамы. Словамі і кулакамі яны пагналі жабрачку прэч.
У той першы дзень працы Матыль здабыў грошай на дзве пляшкі гарэлкі.
Яшчэ тры дні запар знаходзіўся побач з Мармулкам яго надзейны сябра, а калі ўпэўніўся, што вучань прыжыўся там, пайшоў займацца сваёю справаю.
Жабрацтва - праца, як усе іншыя: патрабуе пэўных высілкаў. Неабходна выходзіць і ў дождж, і ў снег, у мароз і спёку. Адно, чым цешыў сябе Пятро, ён быў нечым падобны на камерсанта: свае грошы здабываў сам. У такіх жа ўмовах даводзілася працаваць калгаснікам, будаўнікам, але заробак свой у большасці атрымлівалі праз два, а то і тры месяцы. Каб хоць неяк змагацца з інфляцыяй, стаў абменьваць зайчыкі на даляры. Шмат каштоўных парадаў атрымаў ад Станіслава Антонавіча. "Настаўнік" не гнаў яго з кватэры, але ўжо пад весну, калі бабулькі распачалі прадаваць маленькія букецікі пралесак, а птушкі, абуджаныя спрадвечным інстынктам, распачалі віць гнёзды, стаў раз за разам распавядаць сексуальныя анекдоты.
Увідавочкі было зразумела, што неабходна шукаць новае месца жыхарства.
Усё вырашылася само сабою. Аднаго разу Мармулак выбраўся ў горад (так тыя, хто жыве на ўскрайку, называюць цэнтр Мінска), купіў у кіёску "Свабоду" ды прысеў за столікам ля кафэ "Вясна" папіць піва. Насупраць яго сеў мужчына сярэдняга веку і, як у старога добрага знаёмага, запытаў:
- Ты ўжо не працуеш?
- Працую, - незадаволена прабурчэў у адказ Пятро.