- Прадстаўнік неіснуючай кампаніі, у я кой школе вы атрымалі адукацыю? - з’едліва запытаў пракурор.
- Як у якой? У савецкай. А яшчэ філфак універсітэта закончыў.
- Тады зразумела, - супакоіўся пракурор. - Працягвайце далей.
- Я ўжо усе сказаў
- Дзякуй. Справаю Ахмедава і Мамедава займаецца следства, і яно, толькі яно, зможа сказаць нам сваё апошняе слова, - зазначыў суддзя.
- А я заўжды думаў, што гэта павінен рабіць суд, - іранічна заўважыў пракурор.
- Не вучыце мяне, пракурор. Я той самы юрыдычны факультэт скончыў што і вы, - агрызнуўся суддзя Законнікаў.
- На два гады пазней, - не сунімаўся пракурор Суровых.
Законнікаў не стаў працягваць гутарку з Суровых, а зачытаў абвінаваўчае заключэнне справы і звярнуўся да абвінавачваемага:
- Што вы можаце сказаць, падсудны, наконт абвінавачванняў?
- Грамадзянін суддзя! Я чысты перад законам і Богам, як сляза немаўляці, - Мармулак укрыжаваў на грудзях рукі і ўзняў вочы да столі.
- Падсудны! Вы маеце рацыю, - вочы суддзі засвяціліся надзеяю.
- Так, грамадзянін суддзя! Я маю рацыю, - Матыль напачатку хацеў пакласці руку на сэрца ў пацверджанне праўдзівасці сваіх слоў, але ў апошні момант перадумаў і паляпаў сябе па грудной кішэні, і тое не засталося па-за ўвагаю суддзі. - Вельмі вялікую рацыю.
Цверджанне было шчырае, і ў тое нельга было не паверыць. Адвакат адразу засумаваў, бо ўвідавочкі зразумеў, што справа можа быць выйграна без асаблівых яго намаганняў. Было несумненна, што суддзя будзе патрабаваць для сябе больш важкую частку ганарару.
Адвакат тут жа распачаў адстойваць большую частку ганарару на сваю карысць:
- Грамадзянін суддзя! Пры ўсёй павазе да вас мая рацыя значна большая, чым ваша. Мой кліент мае алібі.
Пракурор таксама адчуў хісткасць лініі абвінавачвання і пайшоў у наступ:
- Ведаю я тое алібі. Адна ліпа.
- Алібі грунтоўнае, - у адзін голас прыпынілі нахрапістыя памкненні пракурора суддзя і адвакат.
Міліцыянты спакойна назіралі за разборам судовай справы і пяшчотна паглядалі на падканвойнага. Той, прыкрыўшы далонню вочы, драмаў.
- Алібі - ліпа, - стаяў на сваім Суровых.
- Слова "ліпа", пэўна, са старога юрыдычнага лексікону. Пры навучанні на два гады пазней мы такім тэрмінам не карысталіся.
Пракурор аціх. Слова ўзяў адвакат:
- Грамадзянін суддзя! Грамадзянін пракурор! Шаноўныя народныя засядацелі! Вы, пэўна, ужо пазнаёміліся са справаю. I зразумелі, што ўчыніць такое страшнае злачынства мой падабаронны не мог.
- Доказы? - грозна запатрабаваў пракурор.
- Мае доказы самыя простыя і самыя надзейныя. Грошы. Хто мне скажа: дзе грошы? Калі чалавек украў тыя грошы, дык следству неабходна было іх знайсці. Схаваў? У інтэрнаце замянілі ўсю сантэхніку на новую. Не знайшлі. Прапіў? На час затрымання быў крыху выпіўшы. Пасля напружанага дня спадар Матыль ужыў пляшку піва. Як бачыце, не паспеў прапіць тыя грошы. А ўся справа ў тым, што проста не было самога факта крадзяжу. Проста не было чаго красці. Асобы каўказскай нацыянальнасці даўным-даўно на тыя грошы купілі зброю ды пераправілі на радзіму. Аб тым сведчыць і іх знікненне.
Мармулак прачнуўся. Расплюшчыў адно вока, пацёр другое ды звярнуўся з запытам да суда:
- Я не разумею аднаго: у чым справа?
- Падсудны, - лагодна зрабіў заўвагу суддзя. - Слова вам яшчэ не давалі.
- Дык дайце, - настойліва запатрабаваў Матыль.