- Ах вось яно як! - начальнік міліцыі схапіў ручку і дапісаў на паперцы яшчэ адзін нуль. - Каліся, інакш горай будзе.
- Дык я і кажу. Адпачываю я дома, а тут да мяне ўрываюцца бандыты ды пачынаюць біць. Дзякуй Богу, што міліцыянты прыйшлі на дапамогу.
Чатыры гадзіны следчы і начальнік міліцыі вялі няроўнае змаганне з Мармулкам. Паверыўшы ў сваю перавагу, падследны стаў паводзіць сябе больш нахабна: зняў абутак і стаў церці адна аб адну ногі.
Начальніку міліцыі ў гэты момант падалося, што сапраўды гэты паўдурак не мог скрасці тыя грошы, і ён са злосці загадаў следчаму:
- Рыхтуй справу ў суд.
- А што рыхтаваць? - узмаліўся падначалены. - Сведкаў няма. Грошай няма. Пацярпелы некуды знік, і наўрад ці яго можна адшукаць. I заява ад яго паступіла толькі вусна. А можа гэта сапраўды самы чэсны чалавек на свеце?
- Знайшоў мне праблему. У трыццаць сёмым годзе нават крыштальна чыстым ленінцам "вышку" давалі. А гэты... Няхай пасядзіць пару гадоў.
У камеры Мармулак атрымаў запіску: "У цябе будзе самы лепшы адвакат". Разам з запіскаю быў перададзены кошык з дзвюма пляшкамі каньяку ды гарачаю страваю проста з рэстарана.
СУД
Гэтаю незвычайнаю справаю былі зацікаўлены ўсе судовыя. Чужыя грошы вабілі як пракурора, гэтак і суддзю.
Абвінавачаны Пётр Іванавіч Матыль быў дастаўлены ў залу паседжання суда ў суправаджэнні ўсё тых жа міліцыянтаў: сяржанта Піцькіна і радавога Мышкаловіча. Ахова мелася быць надзейнай. Ад пацярпелага ў якасці прадстаўніка ўжо неіснуючай фірмы "Будбумінтэрнэшнл" прысутнічаў Генадзь Патоніч.
- Устаць! Суд ідзе!
Позіркі ўсіх прысутных былі скіраваны на падсуднага. Нягледзячы на тое, што касцюм на ім быў не проста памяты, а выглядаў так, быццам яго пажавала карова, потым выплявала сабе пад ногі, а пасля яшчэ патапталася, Мармулак з вялікім пачуццём уласнай годнасці паволі ўстаў. Toe не прамінулі заўважыць людзі ды адзначыць для сябе, што так могуць паводзіць сябе толькі крутыя бізнесмены, тыя, у каго ў швейцарскіх банках не хапае месца для захоўвання наяўнай беларускай валюты, а акрамя таго, ёсць яшчэ добры дзесятак валютных рахункаў.Перад самым пачаткам разгляду справы, як у тым парламенце, слова папрасіў прадстаўнік пакрыўджаных, Генадзь Патоніч. У згодзе з дэмакратычнымі пачынаннямі ў нашым грамадстве суддзя даў яму слова.- Грамадзяне суддзі! Грамадзянін пракурор! I ўсе астатнія грамадзяне ды грамадзянкі, а таксама таварышы. Ад імя кіраўніцтва нашай кампаніі...
- Неіснуючай кампаніі, - апярэдзіў адваката і зрабіў слушнае ўдакладненне пракурор.
Патоніч нервова павёў плячыма, дрыготкімі рукамі паправіў гальштук і працягваў далей:
- ...неіснуючай ужо кампаніі даводжу да вашага ведама, што падсудны Пятро Іванавіч Матыль ні ў чым не вінаваты і ніколі не меў ніякага дачынення да фінансавых спраў нашай кампаніі...
- Неіснуючай ужо, - больш рашуча на гэты раз зрабіў удакладненне пракурор і звярнуўся да суддзі: - Пазначце, калі ласка, гэта.
- Так, грамадзянін суддзя, прабачце, ужо неіснуючай кампаніі. Уся справа ў тым, што былы генеральны дырэктар кампаніі...
- Неіснуючай кампаніі... - грозна прарычаў пракурор.
- Грамадзянін суддзя! Пракурор замінае мне рабіць заяву, - змахнуў пот з ілба былы віцэ-прэзідэнт.
- Гена! - абапёршыся локцем на бар’ер, млява ды абыякава сказаў падсудны. - Не звяртай на яго ўвагі. Кажы.
Пракурор адразу аціх і хутка стаў перабіраць на стале нейкія паперкі.
- Грамадзянін пракурор, - суддзя зразумеў значнасць слова падсуднага, і ў яго голасе з’явілася цвёрдасць правасуддзя. - Давайце выслухаем заяву, якая, на маю думку, дапаможа больш аб’ектыўна разабрацца ў сутнасці справы. Магчыма, высветліць некаторыя акалічнасці здарэння. Кажыце, сведка...
- Я не сведка. Я - прадстаўнік...
- ...неіснуючай кампаніі...
- ...пацярпелага боку і вымушаны сказаць наступнае: былы генеральны дырэктар неіснуючай ужо кампаніі ва ўсім вінаваты сам і таму з Пецькі Матылёнка хоча зрабіць казла адпушчэння...
Пракурор затуліў вушы рукамі.
Суддзя цярпліва выслухаў шчырыя выказванні прадстаўніка і дзеля таго, каб даказаць, што ён тут гаспадар, з-за адсутнасці малатка стукнуў кулаком па стале.
- Грамадзянін прадстаўнік! Вы на сходзе дырэктароў ці ў судзе? Перастаньце карыстацца мянушкамі і выбірайце выразы.
- Прашу прабачэння. Мы лічым, што Садык Мамедаў у змове з Садыкам Ахмедавым растранжырыў гэтыя грошы і падставіў бязвіннага жабрака...