— Чаму сьлініцца? — запытаўся Джэк і нават выпрастаўся на сваім ложку, пачуўшы пра новыя жахі.
— Дык-жа жывое срэбра табе ў кроў пралезе, таму яно так і выходзіць. А дзясны ўсе апухнуць, нібы ў цябе цынга, толькі яшчэ горш, і зубы пачынаюць калыхацца. I на раны паб’е. Так і памрэш пакутнаю сьмерцю. Самы здаровы чалавек, і той доўга не пражыве ў капальнях па здабываньні жывога срэбра.
Усе замоўклі.
— Кепска спрафа, — горка паўтарыў немец. — Кепска спрафа! I чаму я не ў Іокогаме? Га? Гэта яшчэ што?
Судно раптам нахілілася, палуба ўзьнялася. Малая міска з грукатам і звонам скацілася па нахіленай дошцы. Зьверху пачуліся, як захлюпалі парусы і задрыжаў бакавы лік-трос[9]. Потым голас штурмана[10] закрычаў у люк:
— Усе на палубу, стаўце парусы!
Ніколі яшчэ так ня слухаліся такога загаду, як цяпер. Цішыня мінулася. Узьняўся вецер, які адгоніць іх на поўдзень у вольнае мора. З радаснымі крыкамі ўсе кінуліся на палубу. Працавалі скора і акуратна. Пакуль яны зьбіраліся з адпраўкай, туманная заслона разьвеялася і маракі ўбачылі чорны купал неба, усыпаны зоркамі. Калі ўсё было скончана, «Мэры Томас» борзда паімчалася на поўдзень.
— Агні параходу сьпераду, сэр! — крыкнуў вартавы.
Голас яго быў устрывожаны. Капітан паслаў Буба ўніз па начны бінокль. Усе скучыліся на падветраным баку і глядзелі на ня вельмі жаданае для іх, незнаёмае судно. Ужо сталі вылучыцца з цемені яго нявыразныя контуры. У гэтай частцы мора амаль ніхто ня бывае, і мог быць адзін выпадак з тысячы, што перад імі ня рускае патрульнае судно. Шкіпер усё яшчэ з трывогай глядзеў у бінокль, калі на барту незнаёмага судна ўспыхнула полымя, а потым загрымеў гарматны стрэл. Так, гэта было патрульнае судно, якое страляла, каб прымусіць «Мэры Томас» спыніцца.
— Спыніць! — крыкнуў шкіпер рулявому; голас яго зусім перамяніўся. Потым ён аддаў загады камандзе.
Неўзабаве «Мэры Томас» сьцішыла ход.
Крэйсэр падышоў бліжэй і спусьціў шлюпку. Паляўнічыя за цюленямі глядзелі на ўсё гэта з жудасным маўчаньнем. Яны маглі бачыць белыя контуры шлюпкі, што павольна спускалася на ваду. Убачылі і людзей у шлюпцы, а потым да іх вушэй даляцела каманда афіцэраў. Шлюпка рванулася наперад і накіраваліся да іх. Падплыўшы блізка, афіцэр і два матросы па спушчанай вяроўцы ўзьлезьлі на судно. Потым шлюпка адплылася далей, — туды, дзе вада была спакайнейшая; вёслы былі ўзьняты над вадою, а на карме, каля руля, застаўся малады мічман[11].
Афіцэр спусьціўся ўніз са шкіперам «Мэры Томас», каб праверыць дакуманты. Праз некалькі хвілін ён вышаў на палубу. Яго матросы ўжо зьнялі брэзэнт з люку, і ён з ліхтаром спусьціўся ў трум, каб паглядзець на засоленыя шкуры. Перад яго вачыма ляжаў някепскі запас: паўтары тысячы сьвежых шкур — здабыча гэтага плаваньня; і, прымаючы ўсё пад увагу, ён мог зрабіць толькі адно заключэньне.
Вярнуўшыся на палубу, ён загаварыў на сапсутай ангельскай мове да шкіпера шхуны.
— Я вельмі шкадую, але мой абавязак патрабуе, каб я арыштаваў, імем цара, ваша судно, як захопленае ў забароненай вадзе са сьвежымі шкурамі. Вам павінна быць вядома, што гэта вас чакае турма.
Капітан «Мэры Томас» паціснуў плячыма, прыкінуўшыся зусім спакойным. Хоць такія мужныя людзі і ўмеюць хаваць свае пачуцьці, але дарэмная напасьць іншы раз можа давесьці іх траха не да сьлёз. А цяпер перад яго вачыма ўсплыло: маленькі домік у Каліфорніі, жонка і два бялявыя хлапчукі; нейкі дзіўны клубок вырас у горле, і яму стала страшна. Калі-б толькі ён паспрабаваў загаварыць, дык расплакаўся-б.
А на ім-жа была адказнасьць за ўсю каманду. Ён ня мог, не павінен быў паказаць сябе слабым, бо яго абавязак — быць цьвёрдым і мужным да канца, каб падтрымаць іх у бядзе. Ён ужо растлумачыў пра ўсё афіцэру і ведаў, што паратунку няма. Як сказаў «Морскі Законьнік», усе факты былі супроць іх. Капітан адвярнуўся і пачаў хадзіць узад і ўперад гіа шхуне, якою ён ужо не камандаваў.
Рускі афіцэр часова ўзяўся камандваць сам. Ён выклікаў на шхуну яшчэ некалькі сваіх матросаў і загадаў зьняць усе парусы. Калі гэта было зроблена, шлюпка падплыла да крэйсэра і вярнулася назад з цяжкою вяроўкаю; канец гэтай вяроўкі быў прывязаны за шхуну «Мэры Томас». Пакуль гэта рабілася, сумныя матросы стаялі групамі навокал. Нельга было і думаць пра вызваленьне, калі жаралы гарматаў былі так блізка, што ў іх можна было папасьці сухаром. Але памагаць яны адмаўляліся, а стаялі і маўчалі, як анямелыя. Скончыўшы з гэтаю работаю, афіцэр адаслаў сваіх матросаў назад у шлюпку, пакінуўшы толькі чацьвярых. Потым мічман — хлопчык гадоў шаснаццаці, — які выглядаў залішне дарослым і пажным у сваім мундзіры з корцікам, узьлез на борт, каб узяць каманду над захопленаю шхунаю. Перад самым адходам афіцэр выпадкова зірнуў на Буба. Ня кажучы ні слова, ён схапіў яго за руку і спусьціў цераз борт у лодку; потым махнуўшы на разьвітаньне рукою, накіраваўся і сам у лодку.
Зусім ясна, што гэта неспадзяванае здарэньне павінна было напалохаць Буба. Усе страшныяапавяданьні, якія ён чуў пра рускіх, цяпер здаваліся яму яшчэ страшнейшымі. Вельмі кепска, што яны захапілі шхуну, але забіраць яго ад таварышоў — такое здарэньне яму і ня сьнілася.
— Трымаў сябе добра, Буб! — крыкнуў яму шкіпер, калі лодка адплылася ад шхуны «Мэры Томас», — і кажы праўду!
— Так, так, сэр! — крыкнуў ён сьмела ў адказ.
У ім зашавяліўся нацыянальны гонар, ён саромеўся паказаць сябе баязьліўцам перад гэтымі невядомымі ворагамі, — гэтымі дзікімі рускімі мядзьведзямі.
— І будзь далікатным! — дадаў немец-рулявы.
Буб замахаў на разьвітаньне рукою і прысеў на баку лодкі, а’дкуль пачаў сачыць за афіцэрам.
Калі Буб добра прыгледзеўся, ён прышоў да думкі, што афіцэр па выгляду не такі ўжо дзікі, — ён вельмі падобны да іншых людзей, і матросы зусім такія ж, як і ўсе матросы з ваенных караблёў, якіх ён бачыў раней. Аднак, калі ён ступіў нагою на сталёвую палубу крэйсэра, яму здалося, што зайшоў за турэмныя вароты.
Спачатку яго ніхто не чапаў. Потым, крыху пачакаўшы, густыя клубкі чорнага дыму пакаціліся з трубаў і карабель рушыўся ў дарогу, — у Сібір, міжвольна падумаў Буб. Ён бачыў, як «Мэры Томас» пацягнулася за імі на нацягнутай вяроўцы, а яе бакавыя агні, чырвоны і зялёны, то ўзьнімаліся, то апускаліся, калі яна імчалася па хвалях мора.
Гледзячы на такі малюнак, вочы Буба затуманіліся і на іх паказаліся кроплі сьлёз. Але якраз у гэты час да яго падышоў афіцэр, каб завесьці ўніз да капітана. І Буб выпрастаўся, моцна сьціснуўшы губы, нібы ўсё гэта было для яго прывычнаю справаю і яго амаль ня кожны дзень высылалі ў Сібір. Каюта[12], дзе сядзеў капітан, здавалася, пасьля каютаў «Мэры Томас», цэлым палацам, а сам капітан важны, з залатымі нашыўкамі, здаваўся паважнаю асобаю. Ён ані ня быў падобны на просьценькага шкіпера шхуны «Мэры Томас».
Тут Буб скеміў, для чаго яго сюды забралі, і на ўсе пытаньні адказваў чыстую праўду. Праўда шкоды не рабіла; толькі хлусьня магла пашкодзіць яго справе. Ёе ведаў мала; ведаў, што лавілі яны цюленяй далёка на поўдні, у адкрытай вадзе, а потым, калі пачаўся штыль[13] і туман спусьціўся на іх каля забароненай мяжы, яны былі міжвольна занесены морам сюды, за мяжу. Ён горача даводзіў, што праз увесь тыдзень плаваньня ў забароненым моры яны ні разу ня спускалі лодкі і не забілі ніводнага цюленя. Але капітан ня верыў Бубу і абыходзіўся з ім груба, каб напалохаць яго.
Ён то гразіўся Бубу, то спрабаваў гаварыць ласкаю, але яму так і не ўдалося парушыць цьвёрдасьці Буба; нарэшце, ён выгнаў Буба. Па недагляду Буба пакінулі аднаго і дазволілі бадзяцца па палубе. Сяды-тады матросы з цікавасьцю ўзіраліся на яго, але ўсё-ж ён быў гут вольным. На яго не маглі асабліва заглядацца, бо ён быў малы, ноч стаяла цёмная, а варта на палубе рабіла сваю работу. Памалу пацягнуўся ён па незнаёмай палубе ў той бок, адкуль відаць былі бакавыя агні «Мэры Томас», што неадступна плыла сьледам за крэйсэрам.
Доўга сачыў ён за шхунай, а потым схарцаваўся ў цемені, там, дзе была прывязана вяроўка, што цягнула на буксіры шхуны «Мэры Томас». Толькі адзін раз падышоў афіцэр і паглядзеў, ці не перацерлася нацягнутая вяроўка. Буб адпоўз у цень і яго не заўважылі. I тут ён надумаўся, каб вызваліць шхуну і пазбавіць ад страшнай бяды дваццаць два чалавекі і іх сем’і.
[9] Вяроўкі, якімі абшываюць канцы парусаў.
[10] Штурман — праваднік судна, які наглядае за работай рулявых матросаў і загадвае сыгнальнай часткаю.
[11] Мічман — ніжэйшы афіцэрскі чын.
[12] Каюта — памяшканьне для пасажыраў.
[13] Штыль — зацішша.