Крушо атрымаў загад ад галоўнага судзьдзі начальніку турмы, каб той выдаў Крушо арыштаванага А-Чоў. Здарылася так, што галоўны судзьдзя напярэдадні наладжваў вечар у гонар капітана і афіцэраў францускага вайсковага карабля. Рука яго калацілася, калі ён падпісваў загад, а вочы так моцна балелі, што ён нават не праверыў свайго загаду. Ды ці варта было яму лішне турбавацца, калі справа закранала толькі жыцьцё нейкага «кітаяшкі». Вось чаму ён і не заўважыў, што недапісаў апошняй літары ў слове А-Чоў. У загадзе было «А-Чо», і калі Крушо падаў яго наглядніку, той выдаў яму арыштаванага А-Чо. Кручо пасадзіў яго поплеч з сабою на возе, і выехаў у дарогу на пары мулаў.
А-Чо радаваўся цёпламу сьветламу сонцу. Ён сядзеў каля жандара і ўсьміхаўся ад шчасьця. Ён зарадаваўся яшчэ больш, калі мулы павярнулі на поўдзень у Ацімаоно. Значыцца, Шэмер выклікаў яго. Шэмеру патрэбна была яго работа. Вельмі добра. Ён будзе працаваць старэнна. Шэмеру ня прыдзецца на яго скардзіцца.
Быў гарачы дзень. Вецер заціх. Абліваліся потам мулы, абліваўся потам Крушо, пацеў і А-Чо. Але А-Чо прывычны да гарачыні, яму гэта ня страшна.
Тры гады працаваў ён пад гэтым сонцам на плянтацыях. Ён усьміхаўся ад радасьці, і такая дабрата сьвяцілася ў яго вачох, што нават у тупой галаве Крушо зашавялілася зьдзіўленьне.
— Сьмешны ты, — сказаў ён нарэшце.
А-Чо паківаў галавою і ўсьміхнуўся яшчэ сьвятлей. Крушо гутарыў з ім на канакскай гаворцы, гэтую мову А-Чо разумеў, як усе кітайцы і чужаземныя чэрці.
— Вельмі многа ты сьмяешся, — прамармытаў Крушо. — У другога сэрца аблівалася-б сьлязьмі ў такі дзень.
— Я рад, што вырабіўся з турмы.
— Толькі ад гэтага? — Жандар паціснуў плячыма.
— Хіба-ж гэтага мала? — пярэчыў А-Чо.
— Значыцца, ты радуешся не таму, што табе адсякуць галаву?
А-Чо паглядзеў на яго ашаломлены і сказаў:
— Ды я-ж варочаюся ў Ацімаоно, каб працаваць на плянтацыі ў Шэмера? Хіба-ж вы вязіце мяне не ў Ацімаоно?
Крушо задумаўся і пакруціў свае доўгія вусы.
— Так, так, — сказаў ён нарэшце, сьцябаючы бізуном па сьпіне мула. — Дык ты, значыцца, ня ведаеш?
— Чаго? — А-Чо адчуў блізкую трывогу. — Хіба Шэмер не дазволіць мне больш працаваць у яго?
— Заўтра — не.
Тут Крушо рассыпаўся шчырым сьмехам. Атрымаўся ўдалы жарт.
— Заўтра ты ўжо ня будзеш магчы працаваць. Хіба-ж можа працаваць чалавек з адцятай галавою, га? — Ён штурхнуў кітайца ў бок і хіхікнуў.
А-Чо маўчаў, пакуль мулы не адмералі добрых сем кілёмэтраў. Потым ён запытаўся:
— А хіба Шэмер хоча адцяць мне галаву?
Крушо зірнуў яму ў твар і кіўнуў.
— Гэта памылка, — сказаў А-Чо сур’ёзна. — Я — А-Чо. Шаноўны судзьдзя пастанавіў, каб я прабыў дваццаць год у Новай Каледоніі.
Жандар засьмяяўся. Пацешная штука, ён, гэты кітаяшка, спрабуе выкруціцца ад шыбеніцы. Мулы прабеглі неахвотным трушком праз какосавы лясок і тры кілёмэтры каля блішчастага мора, калі А-Чо зноў загаварыў.
— Кажу вам, што я не А-Чоў. Шаноўны судзьдзя загадаў адцяць ня мне галаву.
— Не палохайся, — сказаў Крушо, — пацяшаючы кітайца. — Такім спосабам памерці лёгка. — Ён пстрыкнуў пальцамі. — Гэта скора: хлоп! — і гатова. Зусім ня тое, што целяпацца на вяроўцы, курчыцца і пяць хвілін грымасьнічаць. Тут усяроўна як кураня сякераю: адсячэш галаву і канцы. Таксама з чалавекам. Раз — і гатова. Нават не баліць. Ты і падумаць не пасьпееш, што баліць. Галава адскочыць, і табе няма чым думаць. Вельмі спрытна прыдумалі. Хацеў-бы я гэтак памерці — скора, вельмі скора. Табе пашанцавала: ты добра памрэш. Ты мог-бы захварэць на чуму і пачаў-бы марудна развальвацца па кавалачках: сьпярша палец за пальцам на руцэ, ад малога да вялікага, потым пальцы на назе. Я ведаў яшчэ чалавека, якога апарылі кіпнем. Ён паміраў два дні. Пакутныя крыкі яго чуваць былі за кілёмэтр. А то — ах, як гэта лёгка! Чык! Нож перарэжа табе горла, — гатова. Можа нож і паказлыча крыху, так сабе, прыемна. Хто яго ведае? Ніхто не варочаўся пасьля сьмерці, не казаў…
Апошнія словы здаліся яму вельмі сьмешнымі, і твар яго расплыўся ад рогату. Вясёласьць яго была ня зусім шчырай, але ён лічыў за свой людзкі абавязак разьвесяліць кітаяшку.
— Кажу-ж вам, што я А-Чо, — упіраўся той. — Я не хачу, каб мне адсякалі галаву.
Крушо нахмурыўся. Кітаяшка ўжо вельмі пачаў набіраць сабе ў галаву.
— Я-ж не А-Чоў… — пачаў А-Чо.