«Па-першае, — разважаў ён, — каманда невінавата, а ўсё-ж яе бяз жалю цягнуць у Сібір, у турму, пахаваюць там жывымі, — ён чуў такія апавяданьні і верыў ім. Па-другое, дваццаць два чалавекі з „Мэры Томас“ можна выратаваць. Іх стрымлівае толькі гэтая вяроўка. Яны ня могуць яе перарэзаць там, на шхуне, бо рускія, напэўна, паставілі свайго вартаўніка, але гэты канец… ах, гэты канец…»
Буб пакінуў разважаць. Ён блізка падпоўз да вяроўкі, выняў з кішэні свой складаны ножык і пачаў пілаваць. Нож быў тупаваты: Буб пераразаў столку за столкай, і з кожным шэлестам нажа ўсё больш выразьней і страшней маляваўся перад ім жудасны малюнак: Сібір, адзіноцтва, высылка. Нават у кампаніі таварышоў такое жыцьцё было-б зусім незавідным, але апынуцца ў такой бядзе аднаму здавалася жудасным. А апрача таго, яго ўчынак будзе спрыяць таму, што ён канешне ня міне самай найцяжэйшай кары.
Яго сумныя думкі былі спынены — нехта падыходзіў. Ён адпоўз у цень. Нейкі афіцэр спыніўся на тым самым месцы, дзе ён пілаваў, нагнуўся быў, каб агледзець вяроўку, потым перадумаў і выпрастаўся. Ён прастаяў тут некалькі хвілін, гледзячы на агні захопленай шхуны, а потым пашоў на нос крэйсэра.
Цяпер пара! Буб выпаўз і канчаў пілаваць. Ён перарэзаў дзьве столкі вяроўкі, потым яшчэ адну. Заставалася апошняя, але яна была так моцна нацягнута, што лопнула скора. Аясь! Адрэзаны канец паляцеў за борт параходу. Буб ляжаў ціха і прыслухоўваўся. Сэрца ў яго зайшло ў пяткі. Але на крэйсэры ніхто нічога ня чуў. Ён бачыў, як памутнелі чырвоны і зялёны агні «Мэры Томас». Потым над вадою празьвінеў слабы крык рускіх матросаў, што засталіся на шхуне, але і гэтага ніхто ня чуў. Дым, як і раней, валіў з труб крэйсэра, а машыны працавалі спраўна.
Што тварылася на «Мэры Томас»? Буб мог толькі здагадвацца, але адно было для яго ясным: яго таварышы дадуць рады справіцца з чатырма матросамі і мічманам. Праз некалькі хвілін ён пачуў слабы стрэл з рэвольвэра. А пасьля — о, радасьць! — і чырвоны агонь і зялёны зьніклі. «Мэры Томас» зноў была вольнаю.
На карме паказаўся афіцэр. Буб пралез наперад і схаваўся ў аднэй шлюпцы. Яшчэ хвіліна, і было-б позна. Далі трывогу. Зашавялілася каманда. Крэйсэр павярнуўся назад. Белыя праменьні электрычнага прожэктара забегалі па моры, але шхуны «Мэры Томас» ня відаць было.
Пасьля гэтага Буб неўзабаве заснуў і прачнуўся толькі на досьвітку. Аднастайна стукалі машыны, а па тым, як плюхала вада, ён здагадваўся, што мыюць палубу. Зірнуўшы навокал, ён убачыў, што крэйсэр адзін. «Мэры Томас» уцякла; калі ён высунуў галаву, матросы шчыра разрагаталіся. Нават у афіцэра, што загадаў паслаць яго ўніз і заперці, сьмяяліся вочы. Потым, седзячы арыштаваным, Буб часта думаў, што яны ня так ужо і ўзлаваліся на яго.
Ён быў блізка да праўды. У сэрцах людзей ёсьць некаторая далікатнасьць, якая прымушае іх дзівіцца са сьмелага ўчынку, хоць гэты ўчынак зроблены і ворагам. І рускія былі такімі-ж людзьмі, як і ўсе. Праўда, хлапчук іх перахітрыў; але караць яго яны не маглі, і ня ведалі, што з ім зрабіць. Зусім не да твару было цягнуць з сабою такога хлапчука, як адзінага прадстаўніка шхуны, якая ўцякла.
І праз два тыдні ваеннае судно Злучаных Штатаў, што выходзіла з Уладзівастоку, было спьшена сыгналамі з рускага крэйсэра. Шлюпка адплылася ад крэйсэра, і маленькі хлопчык пералез на амэрыканскае судно. Праз тыдзень яго выпусьцілі на бераг у Хакодаце. Тут яму выдалі дазвол на праезд да Іокогамы.
Проста са станцыі ён пабег па дзіўных японскіх вуліцах да гавані. Там ён наняў японца і загадаў завезьці яго на адно з суднаў, якое яму па знадворных адзнаках здалося знаёмым. Парусы гэтага судна былі ўзьняты; яно зьбіралася адплысьці назад у Злучаныя Штаты. Калі ён падплыўся бліжэй, некалькі матросаў выскачыла на борт, і якар пачаў узьнімацца.
— «Судно янкі ўніз па рэчцы!» — пачуўся голас «Морскага Законьніка», які запеў якарную песьню.
— «Цягнеце, хлопцы-малойцы!» — загрымелі ў адказ знаёмыя галасы, а постаці мужчын узьнімаліся і апускаліся пад рытм песьні.
Буб Русэль заплаціў японцу і ўзьлез на палубу. Пра якар забыліся. Матросы віталі яго радаснымі крыкамі; ён не пасьпеў і дыхнуць, як ужо стаяў на плячох капітана, акружаны таварышамі, і спрабаваў адначасна адказаць на дваццаць пытаньняў.
На другі дзень шхуна падплыла да японскай рыбацкай вёскі і высадзіла на бераг чатырох матросаў і маленькага мічмана і паплыла далей. Гэтыя людзі ня ведалі ангельскай мовы, але ў іх былі грошы і яны скора заехалі да Іокогамы. З таго дня японская вёска так нічога больш пра іх і ня чула, і аб гэтых людзях дагэтуль яшчэ ходзяць розныя байкі ды гутаркі.
Крыс Фэрынгтон, матрос
— Калі-п ты пыў на суднах Старога Сьвету, дык, маленькі юнак, як ты, пыў-пы толькі юнга, хлапшўк, і пыў-пы слушкаю ў матросаў. І калі матрос закрышыць: «хлапшук, купак вады!», ты-п ускакіфаў борзда, як куля, і прыносіў пы купак вады. І калі матрос закрышыць: «хлапшук, боты!» — ты дафаў-пы боты. I ты пыў-пы далікатны і казаў-пы: «Так, сэр», і «не, сэр». Але ты на амэрыканскім судно і думаеш, што ты ня горш, чым матрос. Крыс, мой хлопшык, я пыў мараком дваццаць дфа гады, і ты думаеш, што ты ня горш мяне? — Я пыў марак раней, чым ты радзіўся, і я вязаў вузлы і браў рыфы і круціў вяроўкі, калі ты забаўляўся цацкамі.
— Вы гэтым крыўдзіце мяне, Эміль! — закрычаў Крыс Фэрынгтон; яго твар пачырванеў, і сапраўды меў пакрыўджаны выгляд. Гэта быў стройны, статны юнак гадоў семнаццаці.
— Фось ты зноў пачынаеш! — загарэўся матрос-швэд, — мяне зафуць Іогансэн, а шчанюк-хлапшук, як ты, зафе мяне Эміль! Гэта абраза і дапускаецца толькі таму, што гэта амэрыканскі судно!
— Але-ж вы мяне завіцё «Крыс», — заўважыў з дакорам хлопчык.
— Бо ты-ж яшчэ хлапшук!
— …Які робіць, як сталы мужчына, — не здаваўся Крыс. — І таму, што я раблю мужчынскую работу, то маю такое-ж права зваць вас па імені, як і вы мяне. Мы ўсе роўныя тут, і вы гэта ведаеце. Калі мы наймаліся ў гэтую дарогу ў Сан-Францыско, мы наймаліся, як матросы на «Софі Сузэрлэнд», і паміж намі на рабілі ніякай розьніцы. Хіба я не рабіў свае работы? Хіба я калі-небудзь ленаваўся? А ці прыходзілася вам, ці каму іншаму стаяць за мяне каля руля? Ці быць наглядальнікам? Ці ўзьнімацца за мяне наверх?
— Крыс кажа праўду, — перапыніў яго матрос-ангелец. — Нікому яшчэ ня прыходзілася дакрануцца да яго работы. Ён наймаўся таксама, як і кожны з нас, і выявіў сябе такім-жа, як…
— Лепшым! — падказаў матрос з Новай Шотляндыі, — лепшым, чым некаторыя з нас! Калі мы натрапілі на цюленяй, ён быў другім рулявым на лодцы з усіх нас, што знаходзіліся на барту судна. Толькі француз Люі, які займаецца гэтаю работаю ўжо колькі год, мог выперадзіць яго. Я толькі вясьляр, і ты таксама толькі вясьляр, Эміль Іогансэн, ня гледзячы на тое, што ты дваццаць два гады на моры. Чаму ты ня станеш рулявым?
— Залішне непаваротлівы, — засьмяяўся ангелец, — і залішне марудны ў рабоце.
— Гэта ня так важна, — загаварыў датчанін Юргенсэн у дапамогу свайму скандынаўскаму земляку. — Эміль мужчына і матрос, а хлапчук ні тое, ні другое.
І матросы, такім чынам, падзяліліся на два лягеры. Швэды, норвэжцы і датчане, як блізкія па племені, абаранялі Іогансэна, а канадцы, амэрыканцы і ангельцы — Крыса.
«Софі Сузэрлэнд» была цюленябойнай шхунай з Сан-Францыско і лавіла цюленяй уздоўж японскага берагу да Бярынгавага мора. Судно было моцнае і вялікае.
Хаця Крыс ведаў, што праўда на яго баку і ён робіць работу добра, але ня раз жадаў якога-небудзь нязвычайнага здарэньня, дзе-б ён мог паказаць скандзінаўцам, што ён таксама сапраўдны матрос.
Але ў адну навальнічную ноч ён, разматваючы запасны якарны ланцуг, выпадкова пакалечыў сабе пальцы на левай руцэ. I ўсе яго надзеі цяпер прапалі. Выяжджаць у шлюпках на паляваньне ён цяпер ня мог і мусіў заставацца на судне, пакуль не загояцца пальцы. Аднак выпадак, якога так чакаў Крыс, здарыўся якраз вось у такі час і пры такіх абставінах.
Аднаго разу ўдзень, у канцы мая, «Софі Сузэрлэнд», лянуючыся, ледзь калыхалася на хвалях мора. Было зусім ціха. У гэтай вадзе цюленяй было мноства, здабыча мелася быць някепская, і ўсе шлюпкі вышлі ў мора. Амаль ня ўся каманда выехала з імі. Апрача Крыса на шхуне засталіся толькі капітан, боцман і кітаец-кок[14].
[14] Кок — кухар на караблі.