— Я раскажу табе, — адказаў ён, — я вельмі змарыўся. Я бесьперапынна варушуся з таго часу, як радзіўся на сьвет. Я ад гэтага вельмі змарыўся і больш не хачу варушыцца. Успомні, як я працаваў у гуце. Я звычайна прывязваў 300 тузін коркаў за день, цяпер я вылічыў, што я рабіў на дзень па 36.000 розных рухаў. За дзесяць дзён — 360.000 рухаў. За месяц — 1.080.000, адкінь 80.000 — застанецца мільён рухаў за месяц — дванаццаць мільёнаў рухаў за год!
У ткацкай я рабіў удвая больш. Гэта складае 25 мільёнаў рухаў за год, і мне здаецца, што я знаходжуся ў рухавасьці траха ня мільён гадоў. — На гэтым тыдні я зусім не варушыўся. I мне было вельмі прыемна сядзець так цэлымі гадзінамі, нічога ня робячы. Я ніколі раней ня быў шчасьлівым. Я ніколі ня меў адпачынку. Праз увесь час я варушыўся. Ад такога жыцьця ня будзеш шчасьлівым. I я цяпер ня буду нічога рабіць. Я буду сядзець і сядзець, адпачываць і адпачываць, і потым зноў адпачываць.
— А што-ж будзе з Уілем і з дзецьмі? — запыталася заклапочаная маці.
— Але, Уіль і дзеці… — прагаварыў ён. — Я ведаю, маці, чаго ты спадзявалася Для Уіля. Ты хацела павучыць яго ў школе і зрабіць з яго бухгальтара. Але цяпер гэтага зрабіць нельга — я іду. Яму прыдзецца ісьці на работу.
— I гэта пасьля таго, як я вывела цябе на дарогу, — прагаварыла маці з плачам.
— Ты ніколі ня выводзіла мяне на дарогу, — адказаў Джоні з ласкаван журбою. — Я сам вывеў сябе, і я-ж вывеў і Уіля. Ён большы за мяне, таўсьцейшы і вышэйшы. Я думаю, што, калі я быў яшчэ малым, я кепска харчаваўся. Калі ён быў дзіцем, я ўжо працаваў і зарабляў таксама і на яго. Але гэта скончана. Я змарыўся. Цяпер я іду. Хіба ты ня скажаш мне: бывай?
Маці маўчала. Яна плакала. Джоні пастаяў крыху на парозе, потым вышаў з хаты і пашоў па вуліцы.
— Так, я ня буду нічога рабіць, — сказаў ён спакойным голасам, але рашучым тонам.
Джоні доўга гуляў па вуліцах, чаго ён раней ніколі не рабіў. Калі ён праходзіў міма джутавай фабрыкі, адтуль пачуўся слабы грукат і гул ткацкай, і ён усьміхнуўся. Гэта была спакойная, мірная ўсьмешка. У яго ня было цяпер ніякай злосьці. Ён спакойна адносіўся да ўсіх, нават да машын. У ім было толькі бязьмежнае жаданьне супакою.
Дамы і фабрыкі радзелі ўсё больш, чым бліжэй Джоні падыходзіў да акраіны гораду. Нарэшце, горад застаўся далёка ззаду, і ён пашоў па сьцежцы ўздоўж чыгункі.
Джоні падышоў да маленькай станцыі і лёг на траву пад дрэвам. Ён праляжаў там увесь дзень, наглядаючы за птушкамі і небам, якое прасьвечвалася праз густыя веткі дзерава.
Калі зьмерклася, да станцыі з грукатам падкаціўся таварны поезд. Паравоз пацягнуў вагоны па стрэлцы на другую каляю. Джоні папоўз за поездам. Ён адчыніў бакавыя дзьверы аднаго пустога вагону, сяк-так залез туды і замкнуў за сабою дзьверы. Паравоз сьвіснуў, і поезд крануўся з месца. Джоні ляжаў на падлозе ў цёмным вагоне і ўсьміхаўся.
Памылка
А-Чо не разумеў францускай мовы. Памяшканьне суда было перапоўнена народам. Чыноўнікі адзін за адным бесьперапынку і хутка гаварылі. Змораны А-Чо слухаў нехаця, няўважліва. Аб чым яны балбаталі? Страх якія дурныя гэтыя французы! Яны шукаюць таго, хто забіў Чанг-Га і ня могуць знансьці. Усе пяцьсот кулі[3] з плянтацыі ведалі, што забіў А-Сан, але яго да гэтага часу яшчэ не арыштавалі. Праўда, кітайцы ўмовіліся не выдаваць адзін аднаго на судзе, але ўсё-ж французы лёгка маглі здагадацца, што забіў А-Сан. Яны зусім дурныя гэтыя французы!
А-Чо не баяўся. Ён не памагаў забіваць. Праўда, ён быў там, і калі Шэмер, прыганяты з плянтацый, ускочыў у барак, ён застаў яго на месцы разам з чатырма ці пяцьма іншымі кітайцамі. Але што з таго? Чанг-Га меў дзьве кінжальныя раны. Кожнаму ясна, што пяць ці шэсьць чалавек не маглі ўкалоць толькі два разы. Калі-б нават кожны чалавек укалоў па разу, дык і то гэта маглі зрабіць толькі двое.
Так разважаў А-Чо. Ён разам са сваімі таварышамі хлусіў, блытаўся, калі апавядаў суду пра здарэньне. Яны, як і Шэмер, пачулі шум і прыбеглі. Яны прыбеглі туды раней за Шэмера — вось і ўсё. Праўда, Шэмер сказаў судзьдзям, што ён, перш чым увайсьці, пяць хвілін прастаяў на дварэ і ўжо потым, калі добра разабраўся, ускочыў у памяшканьне. І, галоўнае, што ўсе пяцёра арыштаваных былі ўжо ў бараку, і яны не маглі толькі што папасьці сюды, бо ён стаяў каля адзінага на ўвесь барак уваходу. Але што з гэтага? А-Чо і яго таварышы ў сваіх апошніх словах давялі, што Шэмер памыліўся. Нарэшце іх усё-ж выпусьцяць. Яны верылі ў гэта: ня могуць-жа адцяць галовы пяці чалавекам за дзьве кінжальныя раны? Апрача таго, ніхто з чужаземных чарцей ня бачыў забойства. Але якія гэтыя французы дурні! А-Чо добра ведаў, што ў Кітаі суд загадаў-бы ўчыніць допыт над усімі і так дабіўся-б праўды. Вельмі лёгка выведаць праўду пад прымусам. А гэтыя французы ня ўмелі як сьлед прымусіць, — вось якія яны дурні. Таму вось яны і не даведаюцца ніколі, хто забіў Чан-Га.
Але А-Чо разумеў ня ўсё. Ангельская кампанія многа патраціла грошай, калі прывезла на выспы Таіці пяцьсот кулі. Пайнікі патрабавалі прыбыткаў, а кампанія ня выплаціла пакуль што нічога. І таму кампанія зусім не хацела таго, каб яе рабочыя сварыліся і забівалі адзін аднаго. Апрача таго, тут былі і французы, якія з ахвотаю старалісявыпрабаваць на «кітаянках» усе тонкасьці францускіх законаў. Урэшце, для чаго-ж тады здалася Новая Каледонія як не для таго, каб высылаць туды людзей на пакуту за тое, што яны выявілі людзкую слабасьць — зрабілі які-небудзь учынак?
А-Чо ня ведаў усяго гэтага. Ён сядзеў у залі суда і чакаў, калі зьбітыя з толку судзьдзі выпусьцяць яго з таварышамі назад на плянтацыю, каб адрабіць свой час згодна контракту. Прысуд будзе скора. Справа канчалася. Ён гэта бачыў. Сьведак больш не выклікалі, чыноўнікі балбатаць перасталі. Францускія чэрці таксама змарыліся і, як відаць, таксама чакалі прысуду. І А-Чо, чакаючы, успомніў, як ён падпісаў контракт і паплыў на Таіцы. У яго прыморскай вёсцы жылося вельмі цяжка. І калі ён прадаў сябе на пяць гадоў для гэтай работы ў Паўднёвым моры за пяцьдзесят мэксыканскіх цэнтраў на дзень, дык ён адчуў сябе шчасьлівым. У яго вёсцы людзі працавалі год за дзесяць мэксыканскіх даляраў. Былі жанчыны, якія цэлы год плялі сеткі за пяць даляраў, а дзяўчаткі-наймічкі мелі за год службы ня больш чатырох даляраў. А ён будзе атрымліваць па пяцьдзесят цэнтаў на дзень; за адзін, адзін толькі дзень ён заробіць гэтулькі грошай. Праз пяць гадоў ён вернецца дахаты, — так напісана ў контракце, — і тады яму ня прыдзецца больш працаваць. Ён будзе багатым на ўсё жыцьцё. У яго будзе свая хата, жонка, дзеці, якія вырастуць і будуць паважаць яго. Так, а за хатаю ён разьвядзе невялікі садзік, — там ён будзе адпачываць і думаць аб чым-небудзь, — дзіўны, ціхі сад: залатыя рыбкі плёхаюцца ў маленькай сажалцы, званочкі зьвіняць на дрэвах ад подыху ветрыку, а кругом высокая сьцяна абараняе яго ціхі спакой і разважаньні.
І вось ён адбыў ужо тры гады з пяці. Ён ужо багаты чалавек (як для свае вёскі), ён хавае заробленыя грошы. I толькі два гады яму засталося працаваць на плянтацыі ў Таіці, а тады яго чакае лепшая будучыня, калі можна будзе спакойна жыць і разважаць. А цяпер яму прыходзіцца траціць грошы з прычыны гэтага няшчаснага выпадку і толькі таму, што пры ім забілі Чанг-Га. Тры тыдні ён прасядзеў у турме, і кожны дзень траціў па пяцьдзесят цэнтаў. Але цяпер суд скончыўся, і ён вернецца на работу.
А-Чо было дваццаць два гады. Ён быў вясёлым, добрымі спакойным кітайцам, часта ахвотна ўсьміхаўся. Цела ў яго было тонкае і гібкае, як наогул у жыхароў Азіі, а твар поўны і круглы, як месяц, і сьвяціўся пакорлівасьцю і ласкавай прыветнасьцю, што ня лёгка сустрэць сярод яго таварышоў. Такім-жа добрым быў А-Чо і па натуры. Ён нікога не чапаў, ні з кім не сварыўся. Гульнямі ня цікавіўся. Таму па натуры ён быў спакойным і далікатным. Ён весяліўся ад простай радасьці. Цішыня і спакой сьвежага, вільготнага вечара пасьля гарачага працоўнага дня прыносілі яму бязьмежную радасьць. Ён гэтым быў задаволены. Ён цэлымі гадзінамі глядзеў на якую-небудзь краску і марыў пра таемнасьць і загадкі жыцьця. Белая чапля на пясчаным беразе, плёскат рыбы, ружовы вячэрні захад, — усё гэта захапляла яго; ён зусім забываўся ў такія часы пра цяжкі мінулы дзень і балючы бізун Шэмера.
Шэмер, Карла Шэмер, быў зьвер, люты зьвер. Але ён зарабляў свае грошы. Ён да апошняй каплі высмоктваў сілу з пяцісот нявольнікаў, бо яны сапраўда былі нявольнікамі на ўвесь час контракту. Шэмер стараўся як мага, каб поўнасьцю выцягнуць рабочую сілу з гэтых пяцісот спацелых людзей і ператварыць яе ў пакункі пушністай бавоўны, зусім гатовай для вывазу. Яго першабытная, дзікая лютасьць дапамагала яму з посьпехам дабівацца гэтага ператварэньня. Для гэтай мэты ён меў тоўстую шырокую папружку. Ён езьдзіў конна сярод рабочых, і лупцаваў папругай па згорбленых голых сьпінах кулі. То тут, то там ляскала папруга, нібы пісталетныя стрэлы, калі Шэмер праяжджаў полем.
Аднойчы ў пачатку першага году работы паводле контракту, Шэмер забіў кулі сваім кулаком. Кітайцы, аднак, ня скардзіліся францускім чэрцям. На гэта ў іх былі прычыны. Яны ведалі, што трэба як-небудзь паладзіць з Шэмерам. Яны стараліся не ўгнявіць яго, абыходзіцца як мага спакойней. Касавокія — гэтак звалі кітайцаў задаволеныя ўсім чорныя тубыльцы — добра разумелі, што ім няварта ўводзіць у злосьць Шэмера. А гэта значыла працаваць з апошняй сілы. Удар шэмерава кулака абышоўся кампаніі нятанна, але Шэмеру ўсе даравалі: французам, кепскім колёнізатарам, не ўдалося самім захапіць усіх багацьцяў краіны, і таму яны радаваліся посьпехам ангельскай кампаніі. Вялікая важнасьць «кітаяшка»! «Кітаяшка» памёр? Ну, гэта-ж быў толькі «кітаяшка». Апрача таго, ён памёр ад сонечнага ўдару, як было засьведчана доктарам. Праўда, на працягу ўсяе гісторыі Таіці ніхто не паміраў ад сонечнага ўдару. Але-ж сьмерць простага «кітаяшкі» зьяўляецца якраз выключэньнем з правіла. Так адзначыў доктар у сваёй справаздачы.
Нельга зразумець гэтых белых чарцей. Ад іх ніякага толку не даб’ешся. А-Чо разважаў аб гэтым, чакаючы свайго прысуду. Хіба можна ведаць, што яны думаюць. Ён бачыў раней сяго-таго з белых чарцей. Усе яны былі на адзін капыл пашытыя — афіцэры і матросы на караблі, францускія чьтоўнікі і некаторыя белыя на плянтацыі, у тым ліку і Шэмер. Іх думак ніяк нельга было разгадаць. Белыя чэрці раптам рабіліся гнеўнымі без аніякай на гэта прычьшы, і гнеў іх заўсёды быў страшны. У гэты час яны былі падобны на дзікіх зьвяроў. Яны займаліся глупствамі, і ня стрымлівалі сваіх жаданьняў, як кітайцы; яны нязвычайна многа елі, а пілі яшчэ больш. Кітайцы ніколі ня ведалі таго, які ўчынак будзе для белых чарцей прыемным, а які давядзе да шалёнства. Ніколі кітаец ня мог угадаць гэтага. Тое, што адзін раз падабалася, у другі рад даводзіла да дзікай лютасьці. Вочы белых чарцей заўседы былі закрыты нейкім туманам, што хаваў іх думкі ад кітайца. А больш за ўсё зьдзіўляла кітайца спрытнасьць белых чарцей. Яны выдумлялі і рабілі розныя дзівы і прымушалі іх бегаць, круціцца, поўзаць, і нават сілы прыроды знаходзіліся пад іх уладай. Так, белых людзей це зразумець: яны чэрці. Гэта відаць па Шэмеру.
А-Чо непакоіўся, чаму марудзяць судзьдзі? Ніхто з арыштаваных кітайцаў нават не крануў Чанг-Га… А-Сан адзін забіў яго. Ён схапіў Чан-Га за касу, адвярнуў яго галаву назад і два разы ўсадзіў яму ў цела нож. Тут, у залі суда, А-Чо заплюшчыў вочы і зноў убачыў гатую бойку і забойства: лаянка самымі брыдкімі словамі, абраза шаноўных продкаў, праклінаньні патомкаў, урэшце, напад А-Сана… Вось схапіў ён Чанг-Га за касу, нож два разы апусьціўся над целам; з грукам адчыніліся дзьверы, і ўскочыў Шэмер; усе кінуліся да дзьвярэй; А-Сан уцёк, засьвістаў бізун Шэмера; хто не пасьпеў уцячы, загнаны ў кут, і грукнуў рэвольвэрны стрэл: Шэмер выклікаў дапамогу. А-Чо дрыжэў, перажываючы ўсё гэта. Як на ліха, удар бізуна параніў яму шчаку, садраў скуру. Па гэтай ране Шэмер і пазнаў А-Чо, як удзельніка забойства. Толькі цяпер рубец пачаў гаіцца. А які гэта ўдар? На адзін сантымэтр бліжэй — і ня было-б вока. Але тут А-Чо забыўся на ўсё гэта: перад ім выплылі здані—сад развагі і супакою; там ён будзе, калі вернецца на бацькаўшчыну.
Ён сядзеў спакойна, пакуль суд чытау сваю пастанову. Гэткімі-ж спакойнымі былі і яго таварышы. Спакойнымі яны засталіся і тады, калі перакладчык растлумачыў, што ўсе пяцёра прызнаны вінаватымі ў забойстве Чанг-Га і што А-Чоў адсякуць галаву, А-Чо адсядзіць дваццаць год у турме ў Новай Каледоніі, Чанг-Лі — дванаццаць і А-Танг — дзесяць. Спрачацца супроць такога прысуду было бескарысна. Нават А-Чоў усё так-жа сядзеў, як мумія, ціхі і спакойны.
Судзьдзя дадаў яшчэ некалькі слоў, і перакладчык растлумачыў, што самыя цяжкія раны ад удараў Шэмера былі на твары А-Чоў, значыцца, выходзіць, ён больш вінаваты, а з тае прычыны, што аднаму з кітайцаў трэба адцяць галаву, дык пакараюпь А-Чоў.
На твары А-Чо таксама была сур’ёзная рана: пэўны доказ, што ён знаходзіўся пры забойстве і дапамагаў у гэтан справе, а таму А-Чо заслужыў дваццаць гадоў суровага пакараньня. І кожны прысуд быў гэтак-жа дасканала растлумачаны справядлівым судзьдзёю. «Няхай кітайцы цьвёрда запомняць гэтую перасьцярогу, — сказаў у апошнім слове судзьдзя. — Яны павічны запомніць цьвёрда і назаўсёды, што закон на Таіці будзе выкананы, хоць-бы няхай правалілася зямля».
Пецярых кітайцаў завезьлі назад у турму. Яны не пярэчылі, не бядавалі. Хоць прысуд і быў для іх неспадзеўкай, але яны прывыклі да неспадзевак ад белых чарцей. Нічога іншага, апрача розных наспадзевак, кітайыы і не чакалі ад іх. Такая цяжкая кара за ўчынак, у якім яны зусім невінаваты, ня дзівіла іх; белыя чэрці вытваралі над імі ня гэткія дзівы.
У наступныя дні А-Чо глядзеў на А-Чоў з ціхай і мяккай цікавасьцю. Яму адсякуць галаву той гільётынай, што высіцца на іх плянтацыі. Ён ня ўбачыць свае старасьці, ня будзе мець уцехі ад саду развагі і супакою. А-Чо думаў пра жыцьцё і сьмерць. Аб сваёй долі ён не бедаваў. Дваццаць гадоў — гэта толькі дваццаць гадоў. На такі час адсунецца ад яго сад — вось і ўсё. Ён малады і цярплівасьць Азіі ў яго крыві і касьцях. Ён перачакае гэтыя дваццаць гадоў, а гэтым часам астыне, і яшчэ больш прыемнымі будуць для яго шчасьлівыя йні ў тым садзе. Ён думаў цяпер аб тым, як назваць свой сад. Ён дасьць яму імя «Сад ранішняга супакою». Гэтая думка прынесла яму шчасьлівую радасьць на ўвесь дзень і так абнадзеіла яго, што ён прыдумаў прыказку — перацярпі і ўсё будзе добра. Такая прыказка вельмі пацешыла ўсіх, асабліва Чанг-Лі і А-Танга. А-Чоў, аднак, выслухаў прыказку зусім спакойна, яна ня прынесла яму радасьці. Яго галава праз такі кароткі час адлучыцца ад яго цела, што на гэта не патрэбна вялікай цярплівасьці. Ён курыў колькі хацеў, добра еў, спакойна спаў і не турбаваўся ад таго, што марудна цягнецца час.
Крушо быў жандарам. Ён правалачыўся дваццаць гадоў на службе ў коленіях ад Нігера і Сэнэгаліі да Паўднёвых мораў, але гэтыя дваццаць год ані ня прынесьлі карысьці для яго тупых мазгоў. Крушо застаўся такім-жа бесталковым, нерастароплівым, якім быў некалі ў сваёй вёсцы ў Францыі. Ён ведаў дысцыпліну і страх перад начальствам. Ён быў нявольнікам і бога і жандарскага сэржанта. Уся розьніца была толькі ў тым, каго больш трэба баяцца. Па сутнасьці сэржант быў для яго страшнейшы за бога, за выключэньнем нядзелі, калі богавы служкі моцна крычалі аб розных карах. Але бог недзе далёка, а сэржант заўсёды на вачох.
[3] Кулі — кітайскі рабочы.